Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пасля Жыццё

Быкаў Васіль

Шрифт:

– Малакасосы! Спалохаліся дзясятка вшывых фрыцаў! Аўтаматчык[і] мне называецца! Куча дрэні вы пасля гэтага. Вы… - далёкім злым голасам шархацела трубка.

Клімаў апусціў на калені трубку і, безуважны да яе шорхату, пацягнуў бычок. Але ў гэты раз над ровам зноў аглу-

шальна трэснула, і вецер хутка пагнаў прэч новае воблачка. «Прыстрэльваюць, - падумаў Клімаў.
– Цяпер будзе». Прыўзняўшы ў паветра трубку, ён спачатку не зразумеў, чаго гэта маўклівы тэлефаніст бокам ссунуўся на яго, прываліўся да пляча, галава яго ўпала на руку з трубкай, і лейтэнант схамянуўся толькі, калі струмені крыві пабеглі па яго штанах. Аднае рукой Клімаў згроб сувязіста, адхінуў назад і тут жа адхіснуўся сам -

уся скроня байца была разварочана асколкам, з страшнае раны на твар, плечы зашмальцаванай ватоўкі і на лейтэнантаў паўшубак лілася кроў. Клімаў вылаяўся і з усяе сілы ляпнуў на лёд недакурак.

– Дабяруся!..
– крычала трубка, калі Клімаў зноў прыклаў яе да вуха пад ссунутай набок шапкай. Гнеўныя, злыя, несправядлівыя словы, якія за хвіліну да гэтага выклікалі ў ім толькі прыкрасць, цяпер узарвалі яго.

– А што вы крычыце! Я не палахлівы! І не для вас ваюю! Вось! А вышыню - не горш за вас ведаю, што трэба ўзяць. Але вунь шпокаўка не дае.

– Во-во, так і ведаў! Дрэннаму танцору, ведаеш, што заўжды перашкаджае? Якая гэта яшчэ ў цябе шпокаўка?

– У немцаў, не ў мяне. Дваццацімілімятровая аўтаматычная гармата, вось! З фланга, ад Сахно. Ды кулямётаў няма ўжо, адзін ручнік застаўся. А ў іх шэсць на вышыні. Ды яшчэ шрапнеллю лупяць, - скарыстаўшы нечаканую паўзу ў камандзіравай лаянцы, скардзіўся Клімаў.
– А ў маіх па тры абоймы на вінтоўку ды па дыску на аўтамат. Чым браць, скажыце?

– Расплакаўся! Чым браць? Чым вунь Сахно бярэ? Чым Кузняцоў наступае? Храбрасцю! Гераізмам! Адвагай! Чуеш, які бой ідзе? Пад самай вёскай ужо. А ў іх па адной абойме на ствол. Сам правяраў. Затое ўмеюць. І не пушчаюць у штаны, як вы!

– Няма каму пушчаць, - гэткім жа сварлівым тонам адказваў лейтэнант.
– Трыццаць чалавек засталося. Ад усёй роты.

– От здзівіў: трыццаць чалавек! Вунь у Сахно па дваццаць у роце, і то не скардзіцца.

– Ну, у мяне яшчэ да гэтага не дайшло!

– Мяккацеласць праяўляеш, таварыш камандзір роты. У жаласць іграеш. Вайна ідзе, лейтэнант! Нечага шкадаваць для перамогі! Дывізіі гінуць!
– перайшоў ужо на крык маёр і раптам закашляўся. Адкашляўшыся ж пасля паўзы, ужо мякчэй аб’явіў:

– Ладна, Клімаў. Карандашоў падкіну. Сёння зноў атрымаем. Прама з марша. Семак не прасі. Няма. А карандашы будуць. Ну, але і я з цябе скуру здзяру, калі ты мне да дванаццаці нуль-нуль не возмеш вышыню.

– Немцы скарэй здзяруць. Яны бліжай, - сказаў лейтэнант, але трубка ўжо змоўкла, і ён паклаў яе ў апарат.

Нейкі час ён сядзеў, утаропіўшы вочы і не бачачы нічога, апроч дробных пыльных струменьчыкаў крыві, якія з-пад цела забітага хутка паўзлікаціліся на затаптаную плаху лёду ў дне варонкі. Хутка астываючы, кроў слаба парыла рэшткамі апошняга цяпла, побач сінім дымком струменіў у паветры недакураны «бычок». Лейтэнант дзеўбануў яго наском бота і выскачыў з варонкі ў роў.

Назад да свайго ланцуга Клімаў ішоў, не разбіраючы ўжо, дзе сцежка, дзе ручай, а дзе адкрыта і прастрэльваюць немцы. Адносіны да сябе з нейкага часу зноў сталі абыякавыя.

Паўгадзіны назад ён бег з вышыні ў гэты роў, падаў, выкручваўся між разрываў, з усяе мочы стараючыся, як і ўсе, уберагчы сябе ад кулі або асколка, бо ў гэтым была найбліжэйшая небяспека і найбольшы клопат. Цяпер жа, раззлаваны і расстроены сваркай з начальствам, ён ураз згубіў усю ашчаднасць да сябе. Гэта было незразумела і дзіўна, каб задумацца аб тым, але думаць не было калі.

Агнявы бой на ўчастку суседняга батальёна Сахно ішоў без асаблівай сілы: тузалі паветра мінныя выбухі, гудзела зямля, кулямётная траскатня перамежвалася таропкім нязладным буханнем вінтовак. «Не падобна, каб Сахно дужа прасунуўся, - услухаўшыся, падумаў Клімаў.

Топчацца перад самай вёскай». Вядома, у такім становішчы яму нямала пасобіла, каб рота аўтаматчыкаў узяла гэтую праклятую вышыню. Але зноў жа, калі Сахно возьме вёску, тады лягчэй будзе ўзяць і вышыню. Вось табе і зачараванае кола, і разарваць яго якой хітрасцю наўрад ці магчыма.

Насустрач яму ўздоўж ручаіны бег нізенькі, як здалося Клімаву, дужа шустры баец. Каска сядзела на яго галаве неяк бокам, каўнер шынялка быў пастаўлены, і зашмальцаваныя палявыя ромбікі пятліц, бы рожкі, тырчэлі ад падбародка. У абодвух руках падмышкамі баец трымаў распоратыя цынкі ад патронаў.

– З якога ўзвода?
– запытаў Клімаў. Баец паслухмяна спыніўся.

– З першага, таварыш лейтэнант.

– Дзе Смірноў?

Баец прастадушна паціснуў плячмі.

– Хто яго ведае. Мусіць, там, - кіўнуў ён на вышыню.
– Не прыбег.

Клімаў прамаўчаў, пасля кіўнуў на цынкі.

– Многа далі?

– Дзе там! Мала, - ахвотна, як пра балючае, загаварыў баец.
– Паўсотню на ўсіх. Ды во яшчэ пяць фенек, - ён трасянуў цынку - і ў ёй важка грукнулі жалезам гранаты.

– Запалы не забыўся?

– Не. Во, - нязручна штурхнуў ён нагой абвіслую кішэню.

– Адразу ж зарадзіць. Магазіны таксама. Рыхтуйцеся да атакі.

Баец насцярожана ўскінуў голаў, з твару яго адразу знікла кароценькая бадзёрасць ад гэтай сустрэчы і камандзіравай увагі да яго спраў, дзве дробненькія зморшчыны скранулі яго абсіверанае пераноссе.

– Ёсць, - вяла прагаварыў ён і, чагосьці яшчэ чакаючы ад лейтэнанта, не ішоў, а глядзеў яму ўслед. Клімаў адчуваў гэтае замяшанне і гэты позірк, але не азірнуўся, каб не размякчаць свае халоднай суровасці, і на хаду кінуў:

– Сам павяду ўзвод.

Баец нявесела падабраў цынкі і пабрыў далей, а Клімаў, прыпыніўшыся, выцягнуў за цэпку з-пад палы гадзіннік: было без чвэрці дзесяць.

Ён пайшоў далей у трэці ўзвод, якім камандаваў малодшы лейтэнант Грэчка. Гэта быў цяпер адзіны камандзір узвода ва ўсёй роце. Што ён жывы, Клімаў ведаў пэўна, бо, бегучы з вышыні, бачыў, як трэці ўзвод раней за іншых паспеў схавацца ў рове і такім чынам найменш пацярпеў у той няўдалай атацы. Грэчка тады на беразе рова ўсё размахваў сваім ППД, аж покуль апошні баец яго не ўкрыўся ад агню.

Гэта было крыху на водшыбе ў тым канцы рова, які сама бліжай падступаў пад вёску з тае ўедлівай, такой ашалела-бязлітаснай гарматай. Роў тут рабіўся вузейшы і, мабыць, глыбейшы - голыя гліністыя абрывы зусім сціснулі замерзлую ручаіну, якая брала адсюль свой пачатак. Грэчкаўцы, відаць, акапваліся - з берага ўніз сыпалася зямля, і відаць было, як раз-пораз выляталі адтуль рассыпістыя лапаткі глею. «Ужо акапваюцца! Якія спрытныя», - злосна падумаў Клімаў. Ён ускарабкаўся па жорсткай калючай, бы наждак, кручы, крыху прайшоў і запытаўся ў байца ў ямцы, што назіраў за вышынёй, дзе камандзір. Баец паказаў у акоп за вымаінай, адкуль у паветра часта выляталі камякі зямлі.

Клімаў добра ўгрэўся, пакуль пералез тую вымаіну і дабраўся да ўзводнага. Грэчка так улёг у сваю працу, што не заўважыў ротнага і ўжо на самым брустверы ўссыпаў яму на шапку поўную лапату зямлі. Бокам прысеўшы на глей, Клімаў страхнуў яе ў акоп.

– А ну, вылазь сюды.

З акопчыка паказаўся разагрэты працай, белабрысы, з крутаватым падбародкам твар, на якім адзначыліся незадаволенасць і запытанне. Убачыўшы, аднак, Клімава, узводны адкінуў лапатку і лёгка выскачыў наверх. Гэта быў камлюкаваты, тугаплечы крапак, распрануты да гімнасцёркі з расшпіленым адкладным каўняром, на чырвонаармейскіх пятліцах якой нечая няўмелая рука белаю ніткай насцягала па кубіку. На грудзях хлопца бліскаў ордэн Чырвонага Сцяга.

Поделиться с друзьями: