Пасля Жыццё
Шрифт:
Упершыню за ранак Памазок перавёў дух i ўжо стаў забывацца на прыкрае здарэньне. Пакуль побач гаманілі, ён засяродзіў увагу на дзьвюх бутэльках, адна з якіх здалася яму знаёмай. Як лакеі з-за плячэй пачалі наліваць бакалы, Памазок паказаў свайму - во гэту, i той зважліва наліў яму, - праўда, ня ў самы вялікі фужэр. Памазок на тое паморшчыўся, але змоўчаў - хай! Можа, не апошняя, мабыць жа прэзідэнцкі тэрмін не на адзін год. А калі што, дык можна i падоўжыць…
З таго адмысловага крэсла з фужэрам жоўтага соку ў руцэ ўстаў сівавусы - мабыць, каб мовіць тост. Памазок з гатоўнасьцю працягнуў руку да свае чаркі, як перуновы выбух абрушыў усё - i стол, i гасьцей, i ўсю гэтую залу. Засыпаны друзам Памазок апынуўся далёка ў куце, побач цяжка пляцнулася долу ўзьнятае выбухам грузнае цела сівавусага тамады. Адусюль сыпалася тынкоўка, трэскі ды кавалкі мэблі, бітае шкло бутэлек, енчылі людзі.
Зрэшты, ён мог бы i не турбавацца пра дзьверы, - як трохі асеў пыл, дык убачыў, што канца палацу як не было - скрозь грувасьціліся кавалкі сьценаў, каменьня, знадворку тырчэў абломак калоны. Уцалелі хіба нейкія прыступкі з парэнчынамі, да якіх i падаўся Памазок. Абы прэч з гэтага жахлівага палацу…
Ён мкнуў прэч, а прыступкі вялі, куды самі хацелі - унутр i ўгару. I ён бег па іх, пасьля задыхана плёўся, бо блізка ўнізе ўсчалася страляніна i чуліся крыкі. У нейкім сьцішаным закутку скінуў з сябе свой цяжкі панцыр, які ўжо не было сілы трываць на плячах. Ён прагнуў выбавіцца з гэтага муру, кідаўся па ягоных заблытаных пераходах, пакуль незнарок не апынуўся на даху. Але, можа, i добра, што на даху, тут нікога не было i можна было аддыхацца. Дах быў вялізны i плоскі, з рознымі папярэчынамі i надбудоўкамі ў доле. Зьнізу Памазок ня быў бачны, i тое абнадзейвала. Можа, яму пашэньціць перахавацца да ночы, а ноччу ён бы як-небудзь уцёк. Памазок ужо набыўся ў гэтай краіне, болей яму не хацелася. Ён ужо амаль пераканаўся, што зрабіў памылку, калі паквапіўся на тое прэзідэнцтва.
Унізе між тым усчалося штось неверагоднае - падобна, ішоў бой, як на вайне. Чуліся выбухі, стрэлы i гучныя каманды вайскоўцаў. Але хто - на каго, хто - за каго, зразумець было немагчыма. Трохі ачомаўшыся, Памазок памкнуўся зірнуць з даху, падкраўся да карнізу, ды зараз жа кулямётная чарга ледзьве ня зьнесла яму галаву. Памазок порстка пляснуўся долу - значыць, за ім сачылі. Ляжаў, думаў, што, пэўна, гэта маркоўныя, якім ён не дагадзіў. Тады ён на кукішках падаўся да іншага боку даху, дзе, можа, былі малінавыя, - ужо гэтым ён паспрыяў, падпісаўшы іхняга пеўня. Можа, яны яго ўратуюць? Але толькі ён глянуў зза нейкага коміну ўніз, як адтуль зноў грымнула пара чэргаў, якія дашчэнту зьнесьлі цагляны верх коміну. Здаецца, ягоны шлях уніз быў адрэзаны з абодвух бакоў. Што было рабіць прэзідэнту гэтай дурной краіны?
Унізе тым часам доўжылася гамана, крыкі, час ад часу гахалі выбухі гранатаў. Па карнізах паддашша лапаталі кулі - яго намагаліся выбіць адсюль. Але ён не такі дурны, каб пакідаць сваё месца, сваю Брэсцкую крэпасьць. Ён будзе сядзець тут да апошняга i загіне героем. Хай ведаюць, якія прэзідэнты растуць у партызанскай рэспубліцы.
Але пакуль ён быў жывы, і, нямала стаміўшыся, прысеў каля нейкае бетоннай папярэчыны. Горш за ўсё, што на гэтым даху не было засені, а з паўдзённага неба неверагодна горача паліла сонца. Памазок даўно быў мокры ад поту i незнарок прыгадаў, колькі на тым стале было настаўлена рознага пітва. Ды нікому нічога не дасталося, - во чортава краіна! Каб жа хоць не было, як на ягонай радзіме, а то… То не даюць, то страляюць, а ты бегай з раніцы галодны i дашчэнту цьвярозы. У такі момант тужлівай скрухі побач штось шлёпнулася долу - ён азірнуўся: то была гронка бананаў. Але адкуль? Памазок паўзіраўся ў недалёкае гольле дрэваў, што месцамі былі вышэй даху, i ўбачыў там малпу. Тая сядзела на тоўстым суку i сьмешна крывіла свой рухавы зморшчаны тварык, - бы насьміхалася над чалавекам. «Во, дзіва, - падумаў Памазок, - тут яшчэ i малпы. Трэ будзе не забыцца расказаць пра тое дома…»
Але да дому, мабыць, было далёка, - нешта дужа застралялі ў дальнім, разбураным канцы палацу. З бананам у руцэ Памазок падаўся туды i хутка сьцяміў - з таго боку лезьлі. Пераскокваючы папярэчыны, ён кінуўся ў другі канец даху, ды й там не было спакою. Там таксама спрабавалі ўскараскацца да яго - да сьцяны падагналі вялізны аўтамабільны кран. Адзіны бясьпечны бок быў пад дрэвамі, дзе разьлягаў парк. Не марудзячы, Памазок разьбегся, як колісь у маладосьці, i скокнуў на бліжні сук. Ён удала ўчапіўся, напружыўся i апынуўся на суку зьверху. Тут была прыемная засень, зводдаль на суках расьсеўся з паўтузін мал-
паў, якія адразу ж усчалі абураны вэрхал. «Ну, чаго злуецеся?
– падумаў Памазок.
– Самі ўладкаваліся, а мне не да-юць…»
Не зважаючы на іхняе якатаньне, ён падаўся па суку далей ад даху, захінуўся за тоўсты шурпаты ствол. Але што рабіць далей, як ратавацца? Во ўлез, дык улез, паквапіўся на прэзідэнцтва, дурань… I яму нясьцерпна захацелася тады ў сваю дымную, сьмярдзючую ад торфу качагарку…
Аднак
доўга сумаваць па качагарцы не давялося, - падобна, яго заўважылі, i першая чарга зьнізу прашыла кулямі лістоту дрэва. Малпы спуджана загаласілі, заверашчэлі на ўсе свае дзікунскія галасы i сыпанулі па гольлі на суседняе дрэва. Намагаючыся з ycix сваіх ня надта багатых сіл, Памазок таксама падаўся за малпамі. З сука на сук, з дрэва на дрэва. Аднаго разу ледзь не зваліўся, няспрытна ўхапіўшыся за крывы сук, але ўтрымаўся. Абы прэч ад тае прэзідэнцкае згубы, дзе яго хацелі забіць.Але на яго няшчасьце, дрэвы гэтага парку скончыліся, далей разьлеглася пустая лугавіна, дзе звычайна гулялі ў гольф. Зьнізу ўсё стралялі, у лістоце шчоўкалі разрыўныя - гэткія, як у тую вайну пад Познаньню, дзе яго параніла дробным асколкам у зад. Цяпер пакуль што Бог сьцярог, куля не зачапіла. Але ж як ратавацца? Хіба што вышэй? I Памазок палез па суках угару, прадраўся амаль да вяршыні. Далей ужо не было куды. Мабыць, з долу яго ўжо было нялёгка згледзець, хоць адтуль усё стралялі - ці не па ўcix дрэвах. Дзесь прарэзьліва верашчэлі малпы, а ён прытуліўся да таўставатай крывулякі дрэва i ня дыхаў. Думаў: можа, пабягуць за малпамі, а яго ня ўбачаць?
Ды дзе там - згледзелі. Праз гольле бачна было, як два вайскоўцы, утаропіўшыся ў яго, ужо паднімалі ўгару свае
аўтаматы. Адчуваючы, як яны вось-вось джагнуць чаргой, Памазок роспачна закрычаў, бы малпа на дрэве…
– Ну, якога д’ябла ўзьлез i крычыш?
– пачуў ён на роднай мове.
– Катлы халодныя, ці хочаш сістэму размарозіць? Чаго сядзіш там? Зусім здурнеў ці што?
Памазок недаўменна зацепаў вачыма - унізе ля топкі стаяў раззлаваны старшыня i мацюкаўся на качагара, які немаведама чаго сядзеў пад стольлю, учапіўшыся за трубы. У доле ляніва варушыліся-уставалі Юрка Дзядзенка i Ладуцька - церлі заспаныя вочы. Але як яны трапілі ў Памазонію, - таго Памазок ня ведаў.
Усё яшчэ нічога не разумеючы з таго, што адбывалася, Памазок асьцярожна зьлез з трубаў.
– Ці што засталося ў бутэльцы?
– прамармытаў ён, ні да кога не зьвяртаючыся. I зразумеў, што марна: парожняя бутэлька валялася ў доле акурат каля старшынёвых ботаў.
1999
Жалезны камандзір
Атака сарвалася.
«Як жа так?. Як жа так?. От, праклятая шпокаўка! Адкуль яна ўзялася?» - праз горыч, боль і адчай стукала ў яго галаве неадчэпная думка ўвесь гэты час неспадзяваных ганебных уцёкаў ад вышыні ўніз, туды, у выратоўчыя рытвіны аўражыны, з якой гадзіну назад ён павёў людзей у атаку.
Ён ужо не спрабаваў падганяць байцоў, перастаў падаваць каманды - яго сарваны прастуджаны голас толькі сіпеў, без следу патанаючы ў грымотнай ліхаманцы бою. І Клімаў бег перад усімі, ведаючы, што толькі так можна не даць роце легчы, і раз за разам пазіраючы то ў адзін, то ў другі бок, дзе лупцавалі мерзлую, голую ад снегу зямлю злыя чорныя чэргі гэтай праклятай аўтаматычнай тарахцелкі.
Распырскаўшы абцасамі лёд у вымерзлай да дна лужыне, ён пераскочыў дарогу, пераскочыў канаву з пыльнай ссохлай травой.
Траншэя была ўжо зусім блізка, праз якіх дваццаць крокаў, калі агністыя калючыя клубкі разрываў падкаціліся амаль пад самыя ногі камандзіра роты. Асколкі ірванулі перапэцканыя полы паўшубка, бы дубцом сцебанулі па кірзавых халявах ягоных ботаў. Клімаў упаў ужо каторы раз за гэты сакавіцкі ранак - з усяго маху, як бег, і збітыя да крыві калені адразу апёк боль. Але ён адразу зразумеў[: ] гэта не рана, гэта аб зямлю. Лейтэнант ускінуў галаву - у траншэі, прыгнуўшыся, беглі кудысьці зялёныя каскі, на брустверы, калюча бліскаючы агеньчыкам, сек аўтамат, яго кулі пырскалі ў вочы лейтэнанта пяском[;] ротны ўскінуў пісталет і торапка стрэліў туды тры разы. Побач торапка ўдарыў з аўтамата Косця. Заскарузлым рукавом лейтэнант выцер потны, запырсканы зямлёй твар. Чарга тым часам з гулкім трэскатам па ўмерзлым у зямлю леташнім іржэўніку кацілася далей, можна было ўскочыць. Яшчэ дваццаць шалёных імпэтных крокаў-скачкоў па адхоне - і ён узляцеў на бруствер, стрэліў перад сабой у чорную шчыліну траншэі і кульнуўся туды. Адразу перад ім, здаецца, іншыя, хто мог, ужо ўсе паўбягалі ў гэтае глыбока і шырока разварочанае прыродай сховішча і туліліся да яго голага, падзёўбанага напярэдадні мінамі берага, хаваючы ад куль і асколкаў галовы. Тарахцелка збавіла імпэт і, нібы задумваючыся, з перапынкамі біла па самым краі, часам з пералётамі, і тады траскотныя яе дваццацімілімятровыя снарады ірваліся ззаду, на другім баку аўражыны, між глеістых прамоін і гразкіх шэрых плям апошняга снегу.