Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пасля Жыццё

Быкаў Васіль

Шрифт:

– Нічога, Гушчын, - сказаў ён услых.
– Можа, як-небудзь управімся. Патроны ёсць?

– Ды патронаў хопіць. О, паўторбы, - салдат варухнуў плячамі, і ў рэчмяшку коратка і важка лязгнула.
– Я не дужа таго… бэхаю. Ашчаджаю.

– Ну добра. Тарасікаў, давай хутчэй, браце, набіваць стужкі. Колькі ў нас, тры пустых?

– Тры, - ціха пацвердзіў Тарасікаў і закашляўся сухім адрывістым, бясконцым кашлем. Сяржант і салдат заклапочана паглядзелі на яго.

– Прыкіпеў ты недзе, хлопча, - заўважыў Гушчын.
– Як тая нямецкая зянітка: цяў ды цяў.

Жаркоў занепакоіўся:

– Як жа ты гэта з такім кашлем да атакі дацерпіш? Ты ж нас дэмаскіруеш. Га? Можа, цябе ў санчасць адправіць?

– Не ведаю, - перацяўшы кашаль, сказаў Тарасікаў.

Можа, патрываю як-небудзь.

– Ну глядзі.

Яны падышлі да «гарунова», які, прыладжаны ўжо да агню, стаяў на раллі. За ім чарнеў неглыбокі яшчэ акопчык для дваіх. Тарасікаў узяў з долу рэчмяшок з патронамі і пачаў паціху лязгаць скрынкамі, вымаючы пустыя стужкі. Жаркоў прысеў побач.

– Ну як ты, пасмялеў хоць трохі?
– запытаўся ён у свайго памагатага.

– Дзе там!
– адказаў Тарасікаў.
– Аж дагэтуль дрыготка. Хоць ты што…

– Нічога, пройдзе, вядома, спярша.

– Не праходзіць нешта, - журботна азваўся Тарасікаў і ўздыхнуў. Ён пачаў напіхваць у брызентавую стужку патроны, і было відаць, як дробненька дрыжэлі ў змроку яго белыя пальцы.

Толькі тыдзень назад, перад самым наступленнем Тарасікаў са шпіталю прыйшоў у гэтую роту. Здарылася так, што яшчэ не даехаўшы з тылу да фронту, ён трапіў дзесь пад бамбёжку, быў паранены, а галоўнае, напалоханы і цяпер баяўся кожнага стрэлу і кожнага выбуху. Па натуры ж ён быў хлопец шчыры і не таіў сваёй страхавітасці. Гэта спадабалася Жаркову, і сяржант займеў у сабе ўпэўненасць, што страх урэшце мінецца, а шчырасць і добрасумленнасць, з якою той ставіўся да свайго франтавога абавязку, калі-нікалі зробяць Тарасікава добрым байцом. Таму ён і ўзяў хлопца да сябе другім нумарам пасля таго, як ранейшы пайшоў у шпіталь.

Жаркоў напіхваў патронамі канец стужкі, а сам увесь час азіраўся і прыслухоўваўся. «Калі ж тыя сувязісты прыйдуць!» - думаў ён і ўсё згадваў, як найлепш і цішэй падабрацца да немцаў. Самае галоўнае - не выявіць бы сябе раней часу, падкрасціся б да ўзмежка і не трапіць пад міны… Хлопец сам таго не разумеў, якая непамерна цяжкая была тая задача, што ўзвалілі на яго плечы, толькі ён з усяе сілы імкнуўся выканаць яе як найлепш. Пра сябе ён ужо не думаў, не было калі, адно толькі квёлая нотка адчування сваёй слабасці і звычайнай чалавечай уязвімасці ціхенька трымцела недзе на сподзе душы, нібы якая былінка на ветры. Удумацца, аднак, у яе, адчуць не давала мноства іншага клопату.

– Нічога, возьмем як-небудзь, - сказаў ён ні то Тарасікаву, які торапка з страхам у шырокіх вачах варушыўся побач, ні то самому сабе.

– Але дзе ж тое падмацаванне? Можа, зблудзілі? Ты паглядзі тут, а я пабягу. Спаткаю, можа.

5

Сувязісты прыйшлі. Жаркоў сустрэў іх на раллі, пачуўшы здаля, прысеў, пачакаў - на зорным небе маўкліва сунулася шэсць постацей. У некага раз-пораз брэнькала, пэўна, лапатка на дзязе.

– Стой!
– сказаў з цемры сяржант.
– У каго там што барабаніць? Захіні. І за мной шагам марш.

На хаду ён растлумачыў задачу, сувязісты маўчалі, не адчуваючы нічога добрага наперадзе, і сцішана ішлі за сяржантам. Збоч вёскі за хмызняком узляцела ўгору ракета, яе святло цьмяна паматлялася па абшары, і сувязісты ўраз кінуліся на зямлю.

– Не бойцеся: далёка. Чаго вы?
– здзівіўся Жаркоў. Калі зноў сцямнела, хлопцы паўставалі і, недаверліва пазіраючы на камандзіра і спатыкаючыся, яшчэ з меншай ахвотай пайшлі далей. Жаркоў вывеў іх на бугор і паклаў на фланзе за сваімі стралкамі.

– Пакуль чакаць. Хутка пойдзем. Толькі каб ціха, як цені!
– сказаў ён і пабег па ланцугу на правы фланг, дзе быў яго кулямёт.

Жаркоў вельмі спяшаўся, каб не спазніцца. Гадзінніка ў яго не было, але сяржант адчуваў, што трэба ўжо рушыць. Зноў жа, папаўненне было дужа невялікае, абознікі, даць якіх абяцаў капітан Сахно, нешта не ішлі, і ў роце пакуль што набралося ўсяго адзінаццаць чалавек.

– Ну як, управіўся?
– запытаў ён у Тарасікава, які ціхенька ляжаў на баку за кулямётам і насцярожана

ўзіраўся ў балота, пэўна, адчуваючы там сваё новае гора і сваю вялікую бяду.

– Ага, - коратка адказаў ён. Жаркоў падбег да суседняга Гушчына і гукнуў:

– Перадай па ланцугу: упярод!

Затым ён з хвіліну пачакаў, каб каманда дайшла да сувязістаў, і ўзяўся за хобат «гарунова». Тарасікаў падабраў з долу чатыры скрынкі - па дзве на руку, побач заварушыўся ў змроку Гушчын, і яны паціху пайшлі па раллі туды, адкуль з такім страхам вырваліся гадзіны са дзве назад.

У вёсцы пакуль было ціха; бойка і ноч, відаць, замарылі і немцаў, і яны, пэўна, павячэраўшы кавай і выставіўшы вартавых, драмалі цяпер на саломе ў сваіх бліндажах. Але Жаркоў адчуваў, што кожную хвіліну можа ўспырхнуць у неба ракета, асвяціць іх, - і хлопец, не адрываючы позірку ад варожага паднябесся і прыгнуўшыся, шпарка сігаў усё далей і далей уніз, пад ахоў хмызняку. Аднойчы ён зірнуў убок - у цемры чутны былі крокі Гушчына, які, таксама схіліўшы вялікую ў касцы голаў, тупаў уніз; далей у чорным на раллі змроку адчувалася прысутнасць людзей - іх рухі і ціхі тупат; убачыць жа нельга было нікога.

Так яны дайшлі да самага нізу з паскаю снегу па-над балотам. Сяржант прыпыніўся, апусціў хобат, побач чуйна прысеў Тарасікаў. Жаркоў паглядзеў уздоўж свайго ланцуга - зводдаль цераз снег мільганула некалькі цьмяных постацей, снег зарыпеў пад нагамі, і ў сяржанта здрыганулася сэрца: цішэй! Хоць бы на лёдзе не грукалі, хоць бы ціха як-небудзь! Яму хацелася скамандаваць, прыкрыкнуць на неасцярожных, але абстаноўка не давала таго зрабіць, заставалася адно толькі трываць і чакаць. Затым ён сам, шорхаючы ботамі, перайшоў умерзлы калючы снег і ступіў на лёд між кустоў. Тарасікаў, схіліўшыся, тупаў следам.

Жаркоў стараўся ступаць як мага цішэй, падмерзлы шурпаты лёд быў уначы слізкі, як шкло, і гумовыя падэшвы бясшумна слізгалі па ім. Адны только кулямётныя колы ніяк не хацелі суцішыцца, глуха, настойліва стукалі на кожнай самай маленькай няроўнасці, і сяржант ад напружання моцна сціскаў сківіцы. У кустах адразу стала цямней, усякая сувязь з яго ланцугом абарвалася; аднойчы пачулася толькі, як шаснула непадалёк дрэўца, пэўна, Гушчын неасцярожна закрануў яго. І ўсё сціхла, прапала, да часу стаілася. «Толькі б ціха… толькі б ціха», - бязгучна шапталі ў цемры сяржантавы вусны, і ён крадком, як начны злодзей, не адрываючы ад лёду падэшваў, сунуўся ў змрок, абмінаючы кусты, купіны, хамлакі скрапанай леташняй травы.

Але зусім ціха перайсці балацявіну ім не ўдалося. Раптоўна і таму жахліва пачулася ў цішыні, як непадалёк затрашчэў, зашастаў лёд, пляснула вада, - відаць, нехта сунуўся ў ледзьве падмерзлую палонку, прабітую мінай. Жаркоў прысеў ад нечаканасці, страхавіта стаіўся побач Тарасікаў. Сяржант вылаяў у думках неасцярожнага байца, але неўзабаве зноў маўклівая цемра запанавала над балацявінай, і ён рушыў далей.

Праз якую хвіліну ён вылаяўся ў другі раз ужо сам на сябе - пад нагамі раптоўна і, як здалося яму, страшэнна гучна затрашчэў, зашастаў, увагнуўся лёд, сяржант кінуўся ўбок, толькі намачыўшы падэшвы. Разам з Тарасікавым яны збоч абышлі гэтае разбітае мінамі месца, прыгнуўшыся, прадраліся праз лазовы гушчар, які сцябаў па тварах намерзлымі розгамі і чапляўся за кулямёт, выглянулі на невялічкую прагаліну. Тут яны насцярожана і страхавіта на момант прыселі. На прагаліне ля купіны, прыпаўшы шчакой да лёду і выкінуўшы наперад руку, ляжаў забіты. Здавалася, ён лёг толькі нядаўна, нібы прыслухаўся да чагосьці пад лёдам. Жаркоў перавярнуў яго нягнуткае, ужо скалянелае цела - то быў маладзенькі, як і Тарасікаў, баец па прозвішчы Верацённы, які прыйшоў у іх роту з апошнім папаўненнем. Жаркоў прыпамятаў, як калісь за дзень да наступлення ў горача натопленай камандзірскай зямлянцы гэты Верацённы дапамагаў парторгу выпусціць «баявы лісток» і хімічным алоўкам, бы на якім экзамене, старанна выводзіў: «Уваб’ём асінавы кол у магілу фашысцкіх захопнікаў!» «Невядома, ці ўдалося хлопцу забіць хоць аднаго фашыста, а сам ужо… гатоў», - падумаў Жаркоў і, спахапіўшыся, рушыў далей.

Поделиться с друзьями: