Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пасля Жыццё

Быкаў Васіль

Шрифт:

Яшчэ праз хвіліну нейкая розга гучна лязгнула па Тарасікавай скрынцы, Жаркоў прыпыніўся, каб сказаць: «Цішай!» - і ў гэты момант цемра над балотам раптам прарвалася, ноч знікла, здалося, загарэлася неба, незразумела і суладна ў светавым жаху крутнуўся і шаснуў убок хмызняк; доўгая цень Тарасікава матлянулася між кустоў і смыкнула да хлопца. Імгненна адчуўшы бяду, Жаркоў распластаўся на лёдзе і закінуў угору голаў - у небе, губляючы вогненныя кроплі, імчала на іх ракета. Наўздагон ёй данёсся глухаваты кароткі стрэл.

Жаркоў сцяўся ад неспадзяванасці, прыціснуўся к долу, адчуўшы, як нешта абарвалася ў яго грудзях. Пакуль яшчэ ракета імчала ў небе, хлопец зірнуў убок, але ў кустоўі адно толькі ззялі на лёдзе агністыя плямы-водбліскі, перарэзаныя чорнаю блытанінай

ценяў. Нікога з яго байцоў нідзе не было відаць.

Ракета патухла, сяржант пачакаў крыху, аслеплены цемрай, і толькі памкнуўся ўстаць, як у неба ад вёскі скокнулі адразу дзве новых, недзе збоч і зводдаль яшчэ адна, і адразу ж захлібнуўся, загрукацеў, разбурыў цішыню кулямёт. Як і надвячоркам, мільготкія апантаныя пісягі-трасы пранізалі хмызняк.

«Заўважылі… заўважылі… заўважылі… - стукала ў грудзях сэрца.
– Эх ты!.. Эх!..»

– Бягом!
– гукнуў Жаркоў на Тарасікава, які знік недзе побач, і раптам выразна адчуў, што ўсё задуманае, спадзяванае паляцела ў нябыт. Іх убачылі, асвяцілі, асляпілі, далей не было ўжо чаго таіцца, трэба было як мага хутчэй прарвацца з балота пад укрыццё маленькага ўзмежка пад плотам на краі гародаў.

– Наперад бягом!
– другі раз праз грукат чэрг крыкнуў ён у кусты. Ракеты пагаслі ў паветры над лазняком, адно толькі секлі, снавалі, сыхозіліся і разміналіся імклівыя струмені трас. Балацявіна загрукала рэхам ад стрэлаў, трасы стрыглі, секлі хмызнякі і ганялі ў лёдзе агніста-мільготкія водсветы.

Спатыкаючыся і абдзіраючы твары, яны праскочылі праз апошні на краі балота лазняк і выбеглі на зіхатлівы ад трасоў прастор. Трасы імпэтна мільгалі на вышыні чалавечага росту і па-над самай зямлёй, але ўсё ж узмежак ля гародаў затуляў невялікі, метраў у дваццаць, беражок балота. Жаркоў упаў і, штурхаючы перад сабой кулямёт, папоўз па лёдзе туды, на рубеж атакі.

«Скарэй!.. Толькі скарэй!.. Ну скарэй жа! Скарэй», - роспачным унутраным крыкам-воклічам падганяў ён самога сябе, стараючыся як мага хутчэй дапаўзці да ўзмежка, дзе можна было затуліцца ад кулямётаў. Некалькі куль дзёўбнуліся каля яго, у хлопцаў твар пырснула крошкамі лёду, але ён не спыніўся, не захінуўся за кулямётны шчыт - ён толькі азірнуўся. Тарасікаў, лязгаючы скрынкамі, поўз следам. Вялізная зялёная каска напаўзла хлопцу на самыя вочы, і ён, відаць, не мог яе паправіць. Гушчына нешта не відаць было, але воддаль пад узмежак поўз яшчэ нехта. І раптам сяржант убачыў, што нехта ўжо апярэдзіў усіх і ўжо туліцца, варушыцца пад самым плотам, нібы прыладжваецца, каб распачаць страляць. «Малайчына!
– падумаў Жаркоў.
– Хто ж гэта?» Той чалавек сваім прыкладам умомант надаў сілы і рухавасці, Жаркоў, напяўшыся, штурхнуў наперад сцежалелы кулямёт, потым яшчэ і яшчэ. Трасы штораз усё вышэй адрываліся ад зямлі, ужо можна было прыўзняцца на лакцях, і неўзабаве сяржант, абліваючыся потам, спыніўся перад узмежкам.

Ракеты адна за адной палілі начное неба, шыпелі, падалі, гарэлі ў марозным паветры, і камандзіру не трэба было дужа ўглядацца, каб убачыць усё, што рабілася ў яго ланцугу. Пад узмежак прыпоўз Тарасікаў, зводдаль пад плотам ляжалі яшчэ тры невядома чые постаці, двое распласталіся ззаду на лёдзе - можа, паўзлі, а можа, былі ўжо забітыя. Астатніх пакуль не было нідзе. Кулямёты ўсё білі цераз іх галовы, начны прастор гудзеў і калаціўся ад дзесятка грукатлівых чэрг.

6

«Але дзе ж той сігнал?» - трывожна схамянуўся Жаркоў, лежачы пад узмежкам. Хлопцу здалося, што ён завельмі прамарудзіў у балоце, што сігнал ужо быў, а ён не згледзеў яго, што рота спазнілася выйсці на рубеж атакі. Яшчэ ён не мог даўмецца, чаму немцы адбівалі атаку аднымі кулямётамі, а мінамёты іх, прыстрэленыя па балацявіне, чамусьці маўчалі.

Горача часта дыхаючы і шчыльна прыціснуўшыся да калючага ад марозу долу, Жаркоў прыслухаўся, стараючыся вызначыць што-небудзь у стагалосым грымоцці бою. І тады ён учуў, што мінамёты білі. Калі зацяць дыханне, дык выразна чутна было іх таропкае, глухаватае ў далечы «ках-ках… ках… ках…». Крыху збоч за вёскай ірваліся іх міны, - здаецца,

немцы білі па суседніх чацвёртай і пятай ротах. Дык вось чаму нейкім чынам хоць трошкі пашанцавала гэтай іх маленькай жменьцы людзей, якая называлася шостай ротай. Жаркоў яшчэ ўслухаўся - начная далеча за ўзгоркам збоч вёскі таксама гула і стагнала ад кулямётнага стукату і грукату мін.

У небе над самай галавой засвяцілі ракеты, адна, апісаўшы крутую высачэзную дугу, рэзкім белым святлом заліла шырокі прасцяг ваколіцы і шпарка падала, якраз над Жарковым. «Згарыць», - падумаў абыякавы да таго сяржант і зірнуў убок - байцоў пад узмежкам, здаецца, прыбавілася, на лёдзе ззаду ляжаў толькі адзін, другога ўжо не было. «Калі ж атака?
– дапякала-трывожыла думка.
– Дзе ж ракета, няўжо была?.. Няўжо ён не ўбачыў яе?..»

Немцы, відаць, згледзелі, што атакуючыя сабраліся пад плотам, і па два ці тры іх кулямёты пачалі біць па ўзмежку. Некалькі разрыўных куль ляснулі па жэрдцы над кулямётчыкамі, жэрдка здрыганулася і разламілася, сыпнуўшы на галовы хлопцаў струхлелым друзам. На двух пахілых калках таксама гучна лопнуў разрыў і з маленькага сіняватага агеньчыка востра зыўкнулі ў бок асколкі. Тарасікаў прыцяўся ўсім целам пад самы ўзмежак і ціхенька трэсся, утоўпіўшы ў дзірван кароценькі казырок каскі.

«Што ж ляжаць!
– зноў штурхнула сяржанта трывожная думка.
– Агню, агню трэба! Трэба падавіць, прыціснуць, увагнаць у зямлю ворагаў і рынуцца на іх. Іншага адсюль ходу няма, назад ім ужо не адысці». І Жаркоў, увабраўшы ў грудзі як мага болей паветра, крыкнуў у мігатлівую цемру:

– Агонь! Агонь! Давайце агонь!

Пакуль над галавой дагарала чарговая ракета, ён убачыў, што яго байцы ў рэдкім ланцужку нерухома ляжалі, утоўпіўшы галовы ва ўзмежак. І толькі адзін баец, відаць, той, што раней за іншых дапоўз да ўзмежка, - раз-пораз бліскаў з-пад плоту стрэлам.

– Агонь!
– зноў закрычаў сяржант.
– Па кулямётах агонь!

У яго не было каскі, сяржанту вельмі нязручна стала вытыркацца пад кулі з-за ўзмежка, галава здавалася зусім не прыкрытай, безабаронна-голай, здавалася, кожным валаском адчувала яна злое, імклівае і вельмі блізкае фырканне куль. Але трэба было варушыцца, нарыхтаваць кулямёт і спрабаваць падавіць варожыя агнявыя крокі. І сяржант трохі прыўстаў, пакуль было цёмна, ухапіўся за кола кулямёта, натужыўшыся, узапхнуў яго на невысокі ўзмежак. Кулямёт аднабока перакасіўся, і тут узляцелі ў неба ракеты. Жаркоў схіліўся і, пакуль яны яшчэ не набралі вышыні і святла, выпхнуў упярод і другое кола. Але, мусіць, ён занадта вытыркся, прамарудзіў, толькі адчуў гэта позна, і тут здарылася няшчасце, паправіць якое было ўжо нельга.

Спачатку ён нават не зразумеў - здалося, бы нехта ззаду ляснуў яго якім дубцом па плячы, шынель коратка лопнуў, але затым нейкі мускул у перадплеччы балюча і раптоўна заныў. Жаркоў прытупіў за кулямётам голаў і зразумеў, што паранены. У рукаве да лакця хуценька збег цёплы струменьчык, рука налілася цяжарам і ўвачавідкі дранцвела. Пальцы разняліся на коле, і, раптоўна аслабшы, хлопец тыцнуўся плячом пад узмежак.

Ракета разгарэлася, і ў яе святле ён перш за ўсё іншае ўбачыў побач вялікія, поўныя агністага жаху вочы Тарасікава пад яго збітай набок каскай. У гэты раз баязлівасць байца ўпершыню за ўвесь час іх суседства злосцю ўзарвала Жаркова, і, забываючыся аб сваім болі, ён, як ніколі раней, апантана крыкнуў у самыя тыя нечалавечыя ад жудасці вочы:

– Стужку! Якога чорта? Стужку!

Тарасікаў дрыготкімі пальцамі паспешна абмацаў ля сябе дол, натрапіў на скрынку. Тут зноў засвяціла ракета, але хлопец круціў усё ў руках каробку, мацаў і сяк, і так і не мог ніяк яе адчыніць, каб падаць камандзіру стужку. А Жаркоў, кожнаю часцінкай напружанага да немагчымага цела адчуваючы, як марнее, губляецца дарагі ў такі момант час, не мог ужо саўладаць з сабою, стрымаць свае нервовае лютасці:

– Ты!.. Эх!.. Чортавай матары!..
– недарэчна закрычаў ён на Тарасікава і хуценька выхапіў у яго каробку. Крутнуўшы зашчэпку, сяржант вырваў канец бразготкае стужкі і, слаба дапамагаючы абяссіленай левай рукой, зарадзіў кулямёт.

Поделиться с друзьями: