Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке)
Шрифт:
– Граф д'Ансеваль мёртвы.
– Вы ўпэўнены?
– спахмурнеўшы, спытаў ён.
– Я не маю доказаў, але гатовы паклясцiся...
– Мёртвы... па якой прычыне?
– Гэта ў яго стралялi з рэвальвера.
– На вулiцы Шапталь?
Мэгрэ сцвярджальна кiўнуў галавой.
– Вы думаеце, што Рышар Жандро...
Пытанне зададзена ў лоб. Мэгрэ яшчэ не мог адказаць з усёй пэўнасцю. Элiз Жандро праз акно крыкнула ратаваць. Потым яе нехта адцягнуў назад. I толькi потым раздаўся стрэл.
– А пры чым Дэдэ ва ўсёй гэтай гiсторыi?
– Ён чакаў на вулiцы за рулём "дыён-бутона".
–
– А няма нiякай патрэбы ў яго прызнаннi.
– А жанчына?
– Гэта палюбоўнiца графа, якога завуць проста Бобам. Мiж iншым, вы ведаеце гэта не горш за мяне.
Мэгрэ з радасцю садраў бы з галавы гэты недарэчны цюрбан павязкi, якi толькi перацiскае скронi i лоб.
– Дзе яны цяпер?
– запытаўся ён у сваю чаргу.
– Пакуль што пад следствам.
– Пакуль што?
– Зараз iх вiнавацяць у вулiчным узброеным замаху на жыццё. Вiдаць, iм можна было б iнкрымiнаваць i крадзеж.
– Чаму?
– У кiшэнях памянёнага Дэдэ аказалася сорак дзевяць банкнотаў па тысячы франкаў кожная.
– Ён iх не ўкраў.
Камiсар, вiдаць, зразумеў, што Мэгрэ меў на ўвазе, таму што азмрочыўся яшчэ болей.
– Вы хочаце сказаць, яму iх далi?
– Далi.
– Каб маўчаў?
– Так. Дэдэ быў няўлоўны ўвесь учарашнi дзень да самага вечара. А калi зноў усплыў на паверхню, то, калi можна так сказаць, увесь ажно ззяў, яму не цярпелася прамантачыць хоць часцiну гэтых грошай, што распiралi яго кiшэнi. У той жа час як Люсiль аплаквала смерць свайго палюбоўнiка, Дэдэ святкаваў неспадзяванае ўзбагачэнне. Я быў з iмi.
Бедны Лё Брэ! Ён нiяк не мог асвойтацца з пераменай, якая адбылася з Мэгрэ. Ён аказаўся падобны да тых бацькоў, якiя прывыклi абыходзiцца са сваiм дзiцем як з немаўляткам, i раптам выяўляюць, што перад iмi даўно дарослы ўжо хлопец, якi ўмее разважаць не горш за iх.
А можа?.. Мэгрэ паглядзеў на камiсара, i нечакана ў душы яго варухнулася цьмянае падазрэнне. Мала-памалу гэтае падазрэнне перайшло ва ўпэўненасць.
Лё Брэ таму даверыў яму расследаванне, што разлiчваў на няўдачу: дасць бог, яго сакратарык не знойдзе нiякiх канцоў.
I адбывалася ўсё такiм чынам. Месье Лё Брэ-Курсэль, свецкi чалавек, не меў нiякага жадання, каб непакоiлi другога свецкага чалавека, яго прыяцеля па клубу, тым больш - блiзкую сяброўку яго жонкi, наследнiцу ўсёй "Кавы Бальтазараў".
Пракляты флейтыст! Трэба ж было яму соваць нос у чужое проса!
Дзiвосы, дый годзе, як усё, што мае адносiны да асабняка на вулiцы Шапталь, становiцца прадметам самай гарачай зацiкаўленасцi з боку прэсы, шырокай публiкi, судовых засядацеляў - усiх гэтых дробных крамнiкаў i банкаўскiх чыноўнiкаў!
На жаль, камiсар Лё Брэ не можа проста ўзяць i знiшчыць рапарт на вачах свайго сакратара.
"Разумееце, дружа Мэгрэ..."
Трэба захоўваць карэктнасць. Гранiчную асцярожнасць. Нiякiх скандалаў. Самае лепшае, калi б Мэгрэ ўвогуле нiчога не высветлiў. Тады, праз дзён колькi, калi ён з'явiцца ў камiсарыяце, яго можна будзе сустрэць i паблажлiвай усмешкай.
"Ну, вось бачыце, нiчога страшнага. Не трэба падаць духам. Вы зрабiлi ўсё, што маглi. Не ваша вiна, што гэты флейтыст аказаўся пусты фантазёр i прыняў уяўнае за яву. А цяпер - за працу, старына! Абяцаю вам, што першая ж чарговая сур'ёзная справа будзе даручана вам".
А цяпер
камiсар занепакоены, вядома. Хто ведае, цi не шкадуе ён, што Мэгрэ тады прыгнуўся i гэтым змякчыў сiлу таго ўдара? У такiм разе ён бы залёг не на дзень i не на тыдзень...Д'ябал! Якiм толькi чынам гэты прайдзiсвет i дазнаўся пра ўсё?!
Лё Брэ кашлянуў, нягучна, як толькi мог, абыякава перапытаў:
– Адным словам, вы абвiнавачваеце ў забойстве Рышара Жандро?
– Не абавязкова яго. Магчыма, страляла яго сястра. А магчыма, Луi. Не забывайце, што флейтыст мусiў званiць, а потым доўга стукаць у дзверы, перш чым яму нарэшце адчынiлi, i што дварэцкi быў пры поўным парадзе.
Прамень надзеi! Як цудоўна было б, калi б высветлiлася, што стрэлiў дварэцкi!
– А цi не здаецца вам найболей верагоднай гэта апошняя гiпотэза?
I ён пачырванеў, таму што Мэгрэ мiжволi дапытлiва паглядзеў на яго. I скорагаворкай прадоўжыў:
– Што да мяне, дык я ахвотна ўявiў бы сабе такую сiтуацыю...
Ён са смакам вымавiў слова "ахвотна" - Мэгрэ мiмаходзь адзначыў гэта.
– Бачыце, я сапраўды не разумею, што там трэба было графу...
– Ён бываў там i раней, як вам вядома.
– Так, вы мне ўжо казалi пра гэта. Я быў вельмi здзiўлены. Граф прапашчы чалавек. Яго бацька хоць i быў даведзены да галечы, але ўсё ж захоўваў яшчэ сякую-такую годнасць. Жыў ён у невялiкай кватэры ў Лацiнскiм квартале i старанна пазбягаў людзей, з якiмi сустракаўся ў юнацтве.
– Ён працаваў?
– Вiдаць, не. Дакладна не ведаю.
– А жыў з чаго?
– Прадаваў па меры магчымасцi рэчы, якiя засталiся: карцiны, якую-небудзь старасвецкую табакерку, сямейныя рэлiквii. Мажлiва, сёй-той з ягоных сяброў з лiку тых, што прыязджалi некалi ў замак на паляванне, час ад часу ананiмна пасылалi яму грошы? Што ж да Боба, то ён махнуў рукой на ўсё, чым так даражыў яго бацька. Ён дэманстратыўна паяўляецца ў самых гнюсных прытонах. Неяк наняўся пасыльным у рэстарацыю "Вуазен" толькi дзеля таго, каб ставiць у няёмкае становiшча сяброў сваёй сям'i, ад якiх браў гасцiнцы. I ў рэшце рэшт дакацiўся да нейкай Люсiль i нейкага Дэдэ. Да чаго ўсё гэта я?
Мэгрэ не пажадаў працягнуць яму выратавальны круг.
– А! Ну гэтак. Вiдаць, той ноччу ён прыходзiў да Жандро з малапрыстойнай мэтай.
– Чаму?
– Той факт, што яго суправаджаў Дэдэ, якi чакаў яго на вулiцы i нават не выключыў матор, даволi паказальны.
– Аднак у доме яго чакалi.
– Адкуль вы ведаеце?
– Вы мяркуеце, што ў процiлеглым выпадку яму дазволiлi б падняцца ў пакой да дзяўчыны? I чаму Луi а гадзiне ночы быў пры поўным парадзе?
– Дапусцiм, яго чакалi, але ж гэта яшчэ не даказвае, што ён быў там жаданы госць. Магчыма, ён сапраўды папярэдзiў iх пра свой вiзiт.
– Не забывайце, што ўсё адбылося ў спальнi.
– Хай! Я нават гатовы дапусцiць, што Элiз вяла сябе неасцярожна з iмi. Мы не маем права судзiць яе.
– Ага! Вось як!
– Магчыма, мiж iмi нешта i было. Нягледзячы на ўсё, ён - граф д'Ансеваль, яго продкi былi саўладальнiкамi замка, купленага старым Бальтазарам, адным з iх сялян.
– Гэта, канешне, магло зрабiць уражанне на ўнучку карабейнiка.
– А чаму не? Але ж магло быць i другое: даведаўшыся, якое жыццё ён вядзе, ёй захацелася ўратаваць яго. Хiба гэта не верагодна?