Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке)
Шрифт:
Боб быў прапашчы чалавек. Ён з нейкiм шаленствам скочваўся ўсё нiжэй i нiжэй. Чаму б ёй было не паспрабаваць паставiць яго на правiльны шлях?
Гэта думка маёй жонкi, а яна добра ведае характар Элiз.
Але не ў гэтым справа. Цi не быў ён п'яны той ноччу, як гэта часта з iм здаралася? Цi не паводзiў ён сябе абуральна?
Луi даволi скупы на падрабязнасцi. Ён прыбег на крыкi. Калi ўбег у пакой, Боб i Рышар Жандро бiлiся, i яму здалося, што ў руцэ графа блiснуў нож.
– Нож знайшлi?
– цiха запытаў Мэгрэ, не ўзнiмаючы вачэй ад стала.
Здавалася, ён упарта разглядвае нейкую плямку на
– Не ведаю. Расследаванне вёў Барадэ. Пацверджана, што на начным столiку ляжаў рэвальвер i што Луi, баючыся за жыццё свайго гаспадара, схапiў рэвальвер i стрэлiў.
Цяпер самi памяркуйце, мой юны сябар, каму быў выгадны скандал? Натоўп не прыняў бы праўды. Мы жывём у такi час, калi пэўныя класы грамадства ўзяты на мушку. На карту быў пастаўлены гонар мадэмуазель Жандро. Таму што менавiта яе гонар аказаўся б на языках.
Як бы там нi было, перад намi тыповы выпадак самаабароны.
– Вы верыце, што стрэлiў дварэцкi?
– У справе маецца яго прызнанне. Паразважайце над гэтым, Мэгрэ. Падумайце, якою была б рэакцыя пэўнай прэсы i якiя былi б вынiкi гэтай справы для дзяўчыны, абвiнавачваць якую нiшто не дае нам права. Нi ў чым, хiба толькi ў пэўнай... гм... экспансiўнасцi.
– Разумею.
– Мадэмуазель Жандро паехала ў Швейцарыю, у яе зусiм развiнчаны нервы, i яна, вiдаць, прабудзе за мяжой некалькi месяцаў. Луi пакуль на волi i, верагодна, адсвяткуе спыненне следства. Яго адзiная вiна ў тым, што, будучы ў замяшаннi, ён, замест таго каб неадкладна прызнацца ва ўсiм, закапаў труп у садзе.
– Ён сам закапаў яго?
– Пастаўце сябе на месца Рышара Жандро. Я бачу, вы ўсё яшчэ нiяк не можаце зразумець, але некалi вам усё стане ясна. Ёсць выпадкi, калi мы не маем права...
Ён замяўся, падбiраючы словы, i тады Мэгрэ падняў галаву i роўна, абыякава, амаль наiўна закончыў:
– ...паступаць так, як загадвае нам наша сумленне?
Голас Лё Брэ адразу ж загучаў суха i высакамерна, высакамерна, як нiколi.
– Маё сумленне не мае ў чым папракнуць мяне, - абрэзаў камiсар, - i я лiчу, што яно ў мяне гэткае ж далiкатнае, як i ў любога iншага. Вы юнак, Мэгрэ, i толькi пагэтаму я не магу крыўдзiцца на вас.
Роўна апоўднi ў службовым памяшканнi зазванiў тэлефон. Iнспектар Бесан зняў слухаўку i аклiкнуў Мэгрэ:
– Гэта вас. Усё той жа тып. Трэцi дзень ужо звонiць, i заўсёды ў адзiн i той жа час.
Мэгрэ схапiў слухаўку.
– Алё! Жуль?
Ён пазнаў голас Дэдэ.
– Як у вас - парадак? Вы ўжо зноў упрэглiся? Скажыце, вы збiраецеся снедаць?
– А што?
– Ды мне тут цюкнула ў галаву адна iдэя. Я даўно - з пэўнага часу - прагну выцягнуць вас снедаць за горад. Не бойцеся. Я прыеду за вамi на сваёй таратайцы. Не да камiсарыята, разумеецца, я не дужа люблю падобныя мясцiнкi. Буду чакаць вас на рагу вулiцы Фантэн. Згода?
Небарака-флейтыст, зноў яму не пашанцавала!
– Перадайце яму, што я вымушаны быў адлучыцца па важнай справе i абавязкова пабачуся з iм сёння ўвечары цi заўтра ранiцай.
Праз чвэрць гадзiны ён ужо сядаў у шэры "дыён-бутон". Дэдэ быў адзiн.
– Як вам - усё роўна куды? Вы любiце смажаных печкуроў? Толькi найперш трэба забегчы да Маё, прамачыць горла.
Яны сапраўды спынiлiся каля бара, зайшлi туды, i Дэдэ ўладна заказаў дзве чаркi
густога абсенту.Настрой у яго быў вясёлы, але ўглыбiнi вочы прытойвалi сур'ёзнасць. На iм быў усё той жа клятчасты гарнiтур, туфлi колеру гусiнага памёту i крыклiва яркi, пунсовы гальштук.
– Кульнём яшчэ па адной? Не? Воля ваша. Сёння ў мяне няма прычын спойваць вас.
Выехалi з горада, потым дарога пайшла берагамi Сены, на якой пагойдвалiся рыбацкiя лодачкi, i, нарэшце, спынiлiся ля невялiкага шынка ля самай ракi, з садам з альтанкамi.
– Ану, Густаў, скумекай нам абед на славу! Пачнём са смажаных печкуроў.
I растлумачыў Мэгрэ:
– Ён зараз закiне сетку, i мы атрымаем iх проста жывенечкiмi.
Затым зноў да гаспадара:
– А што падасi нам потым?
– Як наконт пеўня ў вiне, у ружовым бажале?
– Давай пеўня!
Дэдэ пачуваўся тут, як дома - пайшоў на кухню, потым спусцiўся ў склеп i вярнуўся адтуль з пляшкай белага луарскага вiна.
– Гэта зацьмiць усё пiтво свету. А цяпер, пакуль прычакаем смажанку, можаце набiваць люльку. Можна i пабалаболiць.
Ён, вiдаць, адчуў, што трэба растлумачыць свае паводзiны:
– Ведаеце, чаму мне захацелася пабачыцца з вамi? Таму што ў глыбiнi душы вы мне дужа даспадобы. Вы яшчэ не струхлi, як большасць вашых калег.
Ён таксама будзе трошкi падмалёўваць праўду - Мэгрэ выдатна разумеў гэта. Людзi такога гатунку, як Дэдэ, - страшэнныя балбатуны, i гэта часта губiць iх. Яны настолькi ганарацца сваёй персонай, што амаль заўсёды адчуваюць патрэбу расказаць пра свае ўчынкi.
– Дзе Люсiль?
– запытаў Мэгрэ, якi чакаў, што ўбачыць тут i яе.
– Хочаце верце, хочаце не, але яна сапраўды захварэла. Цi ведаеце, гэтае дзяўчо па вушы ўлiпла ў Боба. Дзеля яго яна разбiлася б на друзачкi. Уся гэта гiсторыя проста даканала яе. Спачатку яна i слухаць не хацела пра тое, каб пакiнуць вулiцу Брэй: там, цi бачыце, усё нагадвае ёй пра яго. Учора я нарэшце ўгаварыў яе паехаць у вёску. I адвёз яе туды. Потым я паеду да яе. Але досыць! Можа, яшчэ калi-небудзь вернемся да гэтага.
Ён запалiў цыгарэту, павольна выпусцiў дым праз нос. Вiно iскрылася ў чарках, пад свежым ветрыкам трымцела маладая лiстота альтанак, было вiдно, як гаспадар, стоячы ў ялiку, пiльна ўзiраўся ў ваду, гатовы закiнуць сець.
– Думаю, вы з цiкаўнасцi кiнулi вокам у заведзенае на мяне дасье i змаглi пераканацца, што я нiколi не ўлiпаў у сур'ёзную справу. Усё па дробязях. Мне двойчы давялося адседзець па паўгода, i я пакляўся, што ўсё, завяжу, з мяне досыць!
Ён выпiў i працягваў:
– Газеты чыталi?
Мэгрэ сцвярджальна кiўнуў галавой.
– Для ўсемагутных i яны ўсёмагутныя. Калi б вы толькi бачылi Люсiль. Яна збялела як палатно. Памкнулася ляцець туды i выдаць хаўруснiкаў. Я ледзь супакоiў яе.
"Што гэта дасць?" - даводзiў я.
Трэба было загадзiць яго, вось яны i загадзiлi, цi ж не так? Калi б мне давялося сустрэць дзе-небудзь у цёмным кутку гэтага крываносага Рышара, цi як яго там, ох, з якой асалодай я натоўк бы яму лыч!
Гэта ж трэба, харкнуў мне пяцьдзесят тысяч канцоў - i не лыс. Ну што ж! Мiж намi, хоць гэта i ваш хлеб, запомнiце, нашы дарожкi з iм яшчэ сыдуцца. Рана цi позна. Падла ёсць падла. А гэтакiх асабiста я за вярсту нюхам пазнаю.