Перуновага племені дзеці
Шрифт:
Людзі лічаць, што Пярун апякуецца бусламі. Яны дагэтуль вераць: там, дзе пасе¬ліцца бусел, запануе згода і шчасце, а ў той дом, каля якога буслінае гняздо, не б’е Пярун з маланкай. Калі ж, крый Божа, буслы не вярталіся з выраю, трэба было чакаць вялікай бяды.
Пераемнікам Перуна пасля прыняцця хрысціянства стаў прарок Ілля. На ўсё, што ўмеў рабіць Пярун, здатны і Ілля. У вогненнай калясніцы ўзнёсся ён на неба і адтуль кіруе громам. Іллёў дзень прыпадае на 2 жніўня. У гэты час бывае шмат шумных навальніц з гулкімі грымотамі і бляскам маланак. Каб не гнявіць нябеснага жыхара, людзі ў гэты дзень не працавалі на полі. Ілля так прыйшоўся даспадобы, што ягоныя дзеянні часам не адрознівалі ад Перуновых.
ВЯЛЕС
Далёка
Хто ж быў шанаваны і спагадлівы Вялес, якога называлі яшчэ Воласам? Гэта адзін з самых старажытных дахрысціянскіх багоў. Нароўні са Сварогам і Перуном належаў да вярхоўных багоў дахрысціянскага пантэона. Свята Вялеса адзначалі 5 ліпеня па старым стылі. Вялесавым нябесным палацам было сузор’е Вялікай Мядзведзіцы, што на Млечным Шляху. Калі галоўны бог багоў Пярун лічыўся богам князя і ягонай дружыны, дык Вялес — усяго іншага люду.
Вялеса называлі вялікім падземным богам, апекуном багацця, валадаром мудрасці, знаўцам чараў. Як уладар падземнага гаспадарства і трыдзесятага царства, ён загадваў таемным светам памерлых, дзе горы і дрэвы былі з чысцюткага золата. Меў статус вышэйшага суддзі, пераносіў душы памерлых з рэальнага свету ў небыццё, узважваў іх на шалях і абвяшчаў свой прысуд: накіроўвацца ім у рай ці ў пекла.
Волас — значыць, валахаты, касматы. Як магутны мядзведзь альбо чалавек у мядз¬веджай скуры. Высокага росту, плячысты, як сапраўдны волат, меў доўгія валасы і бараду. Часам, аднак, яго ўяўлялі старым згорбленым дзядком, кудлатым і трохвокім. У загадках называлі лысым валом, ягоныя выявы часам былі з бычынымі рагамі і місай малака ў руцэ. Паляўнічыя, калі збіраліся на мядзведзя, пераапраналіся ў скуру гэтага звера. Верагодна, спачатку Вялес быў боствам паляўнічай здабычы — «богам мёртвага звера». Але ўжо ў бронзавым веку, калі пачаліся перасяленні пастухоў, Вялес-мядзведзь стаў апекуном і свойскай жывёлы. Ці не за гэта ў «Аповесці мінулых гадоў» Вялеса назвалі «скоцій бог»?
Галоўным багаццем тады і нават грашыма лічылася свойская жывёла. Людзі з яе дапамогай апрацоўвалі зямлю. З яе атрымлівалі воўну, скуру і футра для адзення. Дзякуючы ёй сяляне мелі малако, сыр, масла, а майстры ды ўмельцы — рогі і косці. Лічыцца, што першапачаткова нават слова «багаты» азначала «мае бога», «карыстаецца заступніцтвам бога». А вось «убогі» значыла «пазбаўлены бога». З усіх усходніх славян найбольш шанавалі Вялеса беларусы. Дрэнных гаспадароў ён караў бедным ураджаем, а дбайных заахвочваў багатым. Сяляне ахвяравалі яму апошнюю жменю нязжатых каласоў. Іх завязвалі вузлом і пакідалі на ржышчы — Вялесу «на бародку». Часам побач ставілі апошні сноп — «дзедаву бараду», пазней ён цэлы год захоўваўся на покуці ў сялянскіх хатах. Мо менавіта адтуль пайшла традыцыя спраўляць дажынкі?
Вялесавымі дрэвамі лічыліся арэх і елка. У іншых месцах свяшчэнным быў і ясень, з якога рабілі абярэгі. А яшчэ імя Вялеса звязана з культам камянёў. Яму належалі камяні-краўцы і камяні-шаўцы, вужыныя і змеевы камяні, камяні, якія называліся Вол, Валы, Быкі. Днём Вялеса лічыўся чацвер масленічнага тыдня. На Масленіцу пяклі аладкі і частавалі імі свайго апекуна.
Вялес быў для людзей такім «свойскім» богам, што ягонае апекаванне ўвесь час пашыралася. Неўзабаве ён стаў богам магіі, чараўніцтва і мудрасці. Пасля — апекуном музы2каў і паэтаў, спевакоў і ўсіх творчых людзей. Вядомы
даследчык беларускай даўніны Адам Кіркор зазначае, што хадзіў Вялес з дудкай і жалейкай. У гэтым сэнсе ён адпавядае грэчаскаму богу Апалону, які таксама апекаваўся мастацтвамі. Паслугоў¬валі Вялесу чарадзейныя птушкі Гамаюн і Воран. Яго даручэнні выконваў кот Баюн. Нездарма, відаць, у «Слове пра паход Ігаравы» вешчы Баян называецца ўнукам Вялеса, які атрымаў свой талент з неба.Аднак і гэта не ўсе іпастасі Вялеса. Лічылі, што Вялес апякуецца таксама вытокамі рэк, крыніцамі і вадой наогул, але толькі той, што ў зямлі. У гэтым наш Вялес нагадвае старажытнаіндыйскага Варуна, які панаваў над морамі і рэкамі. Мо за гэта ў яго гонар назвалі азёры, якія знаходзяцца на Браслаўшчыне, — Волас Паўднёвы і Волас Паўночны? Ля аднаго з іх у старадаўнасці было капішча Вялеса.
Вялеса называлі богам закаханых, яму адводзілі ролю спрыяльніка ў прыбаўленні сям’і. У дзень Вялеса можна было ўкрасці будучую жонку, праўда, з яе згоды. Калі праз тры дні «злодзей» вяртаўся да цешчы, каб забраць падушкі, яму дараваўся гэты грэх. Маладая сям’я атрымлівала блаславенне бацькоў і пачынала жыць у згодзе ды ладзе, пад зычлівай апекай Вялеса нараджаючы дзетак.
З тых далёкіх часоў захавалася традыцыя адзначаць свята Аўласа, альбо Уласа, Валоссе. У некаторых месцах удзельнічалі ў ім толькі жанчыны, за што і назвалі свята «бабскім Уласам». Над мужчынамі пацяшаліся, жартавалі, іх бралі ў палон. Каб вызваліцца, трэба было адкупіцца. А жанчыны ўсю ноч навылёт забаўляліся півам. Піць яго трэба было цэлымі даёнкамі — каб каровы давалі шмат малака. Дык мо гэта быў наш своеасаблівы беларускі дзень Святога Валянціна?
У гэты ж дзень жанчыны прымалі ў сваё грона нядаўніх замужніц. У іх гонар спявалі песні, частавалі прысмакамі, выказвалі спадзяванне, што неўзабаве яны стануць добрымі іхнімі супольніцамі. Жанчыны пакеплівалі з непаважлівых ды няздатных кавалераў. Халасцяку, які доўга не мог ажаніцца, завальвалі дзверы вялізнай калодай, якая лічылася сімвалам бясплоддзя.
З прыняццем хрысціянства беларусы пачалі шанаваць святога Мікалая, які лічыўся апекуном жывёлы і працягваў традыцыі Вялеса.
ЖЫЖАЛЬ
— Не чапай, сынок, там Жы-жа, — просіць мама сваё дзіцятка.
Малое няўцямна пазірае на агонь і не разумее, дзе Жыжа і хто гэта? Там жа адно вясёлыя вугалькі свецяцца, звабліва падміргваюць трапяткім полымем, дакрануцца да іх запрашаюць. Але акурат гэтыя светлячкі і пагражаюць небяспекай: апячы могуць. Такім чынам нядрэмны Жыжаль ахоўвае сваё жытло.
Не ведае хлапчаня, што Жыжа, Жыж, Жыжаль — гэта даўні бог агню, якога шанавалі нашы далёкія продкі. Акрамя таго, Жыжаль быў богам кавальскай справы — ці бачылі вы, якія снапы іскраў шугаюць, калі за працу бярэцца майстравіты волат-каваль? Іменна Жыжаль выкаваў для Сонца залатую калясніцу, а для Месяца — сярэбраную. І гуляюць Месяц з Сонцам на небе ў даганялкі — сабе на забаву, людзям на пацеху. Гэта Жыжаль пастаянна куе богу грому Перуну вогненныя стрэлы. Калі ж натоміць Жыжаль рукі і захоча адпачыць, то нябесны грамавержац не мае чым палохаць людзей, аціхае Перуноў запал. А над Жыжалевай кузняй заўсёды непагасны агонь свеціцца. Днём — гэта Сонца, ноччу — Месяц, а іскры зоркамі мігцяць.
З даўняга-прадаўняга часу ад пакалення да пакалення перадаюцца легенды пра «цёплага» бога Жыжаля. Жыве ён у глыбокіх глыбінях зямлі, куды ніводнае чалавечае вока не зазірала. Калі ціхенька ходзіць ён па сваім падземным царстве, тады проста сагравае зямлю. А калі пачне спяшацца ды бегаць, выбухаюць сапраўдныя пажары. Ажно на паверхню вырываецца полымя. Гараць тады лясы і нівы, загараюцца нават тарфяныя балоты, дзе чэрці з нячысцікамі ад людзей пахаваліся. Гэткім чынам бог агню Жыжаль дапамагае Перуну змагацца са злымі памочнікамі Чарнабога.