Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Перуновага племені дзеці

Бутэвіч Анатоль

Шрифт:

Хто ж гэта так пастараўся? Хто надаў небывалую святочнасць выстуджанаму Зюзяй і пачарнеламу ад холаду лесу? Дык гэта ж прыгажуня Ля2ля парупілася — юная багіня вясны і дзявоцтва, зіхоткая, бліскучая, светлая. Таму і кажуць людзі, што лес стаў прыгожым, як Ляля. А сама яна нябачна ходзіць між дрэў, мякка ступае па пазелянелых імхах, па востранькіх піках маладзенькай травы і радуецца таму, што зрабіла прыемнасць людзям.

Такі ўжо характар у прыгажуні Лялі — добры, памяркоўны, шчыры і адкрыты. За гэта любяць і паважаюць яе людзі. Бо, кажуць, што яна дачка багіні прыгажосці і кахання, апякункі шлюбаў і сямейнага жыцця Лады. Маці і дачку называлі багінямі прыроды, якая ажывае і якая нараджае. Шматлікія фальклорныя матэрыялы рускіх, беларусаў, палякаў і іншых даюць падставы лічыць Ладу і Лялю славянскімі парадзіхамі.

Калі вясна добра ўбярэцца ў

сілу, калі мінецца першае з вясновых свят — дзень прылёту жаваранкаў (22 сакавіка), тады Ляля вырашае адкрыцца людзям. Яна з’яўляецца перад імі маладзенькай дзяўчынай. Прыгожая, прыветная, высокая і стройная, апранутая ў доўгі белы ўбор. Вочы — колеру яснага нябеснага блакіту. Радасна сустракалі самую добрую багіню зямляне. У яе гонар 5 мая спраўлялі вясёлае дзявочае свята Ляльнік. Святкаванне адбывалася за пяць дзён да свята Ярылы і напярэдадні святога Юр’я — вельмі важнага для славян дня, калі ўрачыста адзначаўся прыход вясны і ўпершыню выганялі ў поле хатнюю жывёлу. Усе вясковыя дзяўчаты збіраліся на зялёным і расквечаным рознымі краскамі лузе. Хлопцам з’яўляцца на Ляльніку, гэтым свяце першай зеляніны, забаранялася.

Удзельніцы свята выбіралі са свайго асяроддзя самую найвабную і найпрыгожую дзяўчыну. Мо гэта з’яўлялася народным папярэднікам сённяшніх шоу, звязаных з выбарам прыгажунь: розных міс горада, краіны, рэгіёна, свету? Вядома ж, абранніца павінна быць прыгожай, як Ляля. Апраналі яе ў доўгую белую кашулю. Упрыгожвалі стройны стан і рукі зялёнымі галінкамі. На галаву ўскладалі разнаколерны вянок з першых вясновых кветак. Калі дзяўчына гэткім чынам ператваралася ў сапраўдную багіню Лялю, саджалі яе на ўзвышэнне з дзірвану, каб усім была відна. З аднаго боку на гэтую своеасаблівую лаўку ставілі збанок з малаком, смятану, клалі сыр, масла, яйкі, тварог, а з другога — хлеб. Каля ног узвышалася гурбачка вянкоў.

Затым дзяўчаты браліся за рукі і вадзілі вакол Лялі карагод, славілі яе як кармі¬ліцу і даравальніцу ўраджаю, спявалі песні ў гонар вясны, ладзілі скокі. Ляля за гэта шчодра частавала іх. Дзяўчаты садзіліся каля яе і смакавалі Ляліны прыпасы. Пасля зноў уставалі і працягвалі карагод. А Ляля кідала танцоркам вянкі — хай ловяць, каб шчаслівымі быць. Вянкі захоўваліся ў хаце да наступнага свята, а ў некаторых і пасля шлюбу — як напамінак пра незваротныя гады маладосці.

І сапраўды: усе дзяўчаткі, што паспелі злавіць чароўны вянок, станавіліся яшчэ прыгажэйшымі. Ну проста Лялечкі — вачэй не адарваць. Так і казалі пра іх мамы, калі бачылі сваіх дачушак. А яшчэ гэтак жа — Лялямі, Лялечкамі — называлі мамы сваіх маленькіх дзетак, калі забаўлялі іх і цешыліся імі.

Напрыканцы свята дзяўчаты бралі Лялю пад рукі, падымалі з яе пасада і адводзілі дамоў. Пазней гэтае свята было спалучана з Тройцай — Сёмухай. Да гэтай пары захаваўся звычай упрыгожваць цэрквы, хаты, сялібы, нават вуліцы маем — так называлі даўней бярозу. Ноччу перад Тройцай упершыню вялі коней на папас. Начлежнікі палілі кастры, пяклі яечню, ладзілі скокі.

Ляля, альбо Лёля, бо і так яе называлі, — самы светлы міфічны вобраз у пантэоне дахрысціянскіх багоў. Яна не мае ніякіх цёмных іпастасяў, нікому не робіць зла, не аддаецца разгулу, характар у яе спакойны і зычлівы. Ляля не шкадуе для людзей ні багацця, ні дастатку, яна падтрымлівае ўрадлівасць, ухваляе прыгажосць.

Згодна з паданнямі і міфамі, культ Лялі звязаны з вясеннім адраджэннем прыроды, абнаўленнем свету, пачаткам работ на полі. Нездарма, відаць, Ляля з’яўлялася на зямлі амаль адначасова з Ярылам у сярэдзіне вясны і сыходзіла разам з ім у канцы вяс¬ны. На змену багіні вясны прыходзіла Цёця — багіня лета. У адрозненне ад мала¬дзенькай прыгажуні-Лялі была яна мажнай, паўнацелай кабетай, убранай у спелыя каласы. У руках трымала розныя спелыя плады.

Ды і само імя Ляля, Лёля мела шырокі сэнс, ад гэтага слова паходзіла шмат іншых. Давайце згадаем некаторыя. Ляля — немаўля, дзіця, лялька, цацка. Рускае слова «лелеять» — беражліва адносіцца, мілаваць, песціць, лашчыць. Люляць — калыхаць. Люлька — калыска.

Шмат дзе бусла, пра якога кажуць, што ён прыносіць малых дзетак, называюць лялекай. Мо таму птушкай Лялі лічыўся белы бусел. А дрэва Лялі — гэта бяроза альбо рабіна, метал — серабро.

ЯРЫЛА

Ці ведаеце вы, калі ў беларусаў пачынаўся даўней новы год? А калі веснавы дзень раўняецца ночы? А з якога часу можна было араць зямлю? Аказваецца, усе гэтыя па¬дзеі звязаны між

сабой. Да ўсіх іх мае непасрэднае дачыненне адзін з багоў дахрысціянскага пантэона беларусаў — бог Сонца, урадлівасці і пачуццёвага кахання Яры-ла. Ягонай спадарожніцай па жыцці была багіня вясны прыгажуня Ляля.

Трапяткім і нецярплівым было чаканне прыходу Ярылы. Пасля веснавога сонцавароту — 21 сакавіка — пачынала выходзіць з зімовай спячкі прырода, усё жывое прачыналася, набіралася сілы, дужэла. Штораз даўжэйшы дзень перамагаў цёмную ноч, светлавокая вясна пазбаўлялася чараў халоднай і панурай зімы. Усё гэта яшчэ раз мусіла пераканаць людзей, што жыццё нязводнае і бясконцае, што яно заўсёды пануе і панаваць будзе над смерцю.

І ён прыходзіў. Напорыста і імкліва. Па-маладому радасна і весела. Сваімі чароўнымі ключамі рашуча адмыкаў да жыцця зямлю, выпускаў на волю расу і клікаў лю¬дзей на поле. Журавы трубілі ў свае гучнагалосыя трубы — абвяшчалі з’яўленне Ярылы. Гэтую радасную вестку па ўсіх палях і паселішчах разносілі няўтомныя на спевы жаўрукі. Нездарма яны лічыліся Ярылавымі пасланцамі. Набрынялая зямля толькі цяпер станавілася плоднай. Пачынала расці трава, з’яўляліся першыя кветкі. Дружна апраналіся ў цнатлівыя лісцікі дрэвы. У іхніх галінах ладзілі гнёзды і спявалі песні кахання птушкі. Лес агучвала куванне зязюлі. У кустах заліваліся недасяжныя па майстэрству салаўі. Сагрэтае ласкавым сонейкам, усё на свеце адраджалася, станавілася маладым і дужым. Такім быў спрадвечны кругаварот жыцця.

Неўзабаве з выраю прыляталі ластаўкі, якія разам з голубам лічыліся божымі птушкамі. Нельга было разбураць ластаўчыныя гнёзды, бо хто зробіць гэта, у таго стане рабаціністым твар — на ім пасеюцца вяснушкі.

У гонар вясёлага бога беларусы ладзілі незабыўнае свята Ярылкі. Яго называлі яшчэ святам засевак. Адбывалася яно 27 красавіка па старым стылі. Маглі святкаваць і ў маі, чэрвені — на Сёмуху, на Купалле. Весела і займальна. Гэткі ж апантаны маладой неўтаймоўнасцю і юрлівасцю, захоплены каханнем, падвяселены хмельнымі напоямі быў і сам Ярыла. Ягоная стыхія — забавы, гульні, скокі, заляцанні, бязмежная весялосць. Таму і стаў ён апекуном пачуццёвага кахання і пладавітасці, шчаслівага шлюбу і сямейнага дабрабыту. Толькі на гэтым свяце юнакам і дзяўчатам дазвалялася пакаштаваць віна, якое здаўна лічылася напоем багоў. У гэты момант моладзь нібыта раўнялася з самім Ярылам. Аднак піць трэба было толькі крышку, адно каб узбудзіць пачуцці кахання і маладой захопленасці.

Вечарам на высокіх пагорках палілі вогнішы — каб убачыў іх сам Ярыла і завітаў у госці. Тут заканчваліся забавы і карагоды моладзі. На адыход людзі прасілі ў сонечнага бога цёплага лета, багатага ўраджаю, моцнага кахання, шчаслівага сямейнага жыцця ды здаровых дзетак.

А які ж ён быў — гэты гарэза і неўтаймоўны весялун бог Сонца Ярыла? Вядомы даследчык жыцця беларусаў Адам Кіркор зазначаў, што несмяротны сын Лады і Дажбога нагадваў маладога прыгожага юнака. Кучаравы. Светлавалосы. У белым плашчы і на белым кані басанож ездзіць гэты малойца па свеце. На галаве — вянок з першых палявых кветак. У левай руцэ — жменька жыта, у правай — па2ліца. Махне Ярыла жытам — ніва коласам багацее, па2ліцай махне — гром грыміць, дождж сыплецца. Конь у Ярылы таксама малады і нястрымны. Ён такі гарачы, што на адным месцы і хвіліны не пастаіць, «капытамі камяні разбівае, хвастом зямлю падмятае, вушамі далёка ваўка чуе, вачамі зоры лічыць», пісаў вучоны У.М. Дабравольскі. Куды конь нагу паставіць — шаўковая трава сцелецца, кветкі дзівосныя расцвітаюць, растаюць ад ягонага дыхання снежныя сляды бога холаду Зюзі.

А там, дзе малады прыгажун Ярыла ступаў сваімі босымі нагамі, густа каласілася жыта, прагна пілі жыццядайную сілу яравыя пасевы. Аднак простым людзям у гэты дзень забаранялася хадзіць босымі, бо інакш можна было зблытаць іх з божымі па¬сланнікамі. Калі ж нейкая жанчына адважвалася выгнаць кароў басанож і прайсціся па некранутай расе, яе маглі абазваць ведзьмай. Каб зняць чары, пастух павінен быў адлупцаваць кабету пугай.

У гонар Ярылы называлі паселішчы, урочышчы, іншыя мясціны. Напрыклад, у Ваўкавыскім раёне дагэтуль захавалася вёска Ярылаўка. Вобраз Ярылы ў паэтычнай творчасці беларусаў быў звязаны з казой. Мо за тое, што гэтая жывёліна мела неспакойны характар і юрлівыя паводзіны, была сімвалам пладавітасці і ўрадлівасці? Восенню ладзілася свята ўраджаю. Людзі добрымі словамі згадвалі шчодрага Ярылу, дзякавалі яму за спрыянне. Пасля гэтага ён спускаўся пад зямлю, дзе ўсю зіму змагаўся з богам цемры Чарнабогам. А ранняй вясной зноў з’яўляўся на зямлі пераможцам.

Поделиться с друзьями: