Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Планета малпаў (на белорусском языке)
Шрифт:

Прыгадаўшы свае школьныя веды, я начарцiў трохкутнiк з тэарэмы Пiфагора. Выбар мой быў невыпадковы. У юнацтве я чытаў адну навукова-фантастычную аповесць, у якой стары вучоны выкарыстоўваў геаметрычныя фiгуры, каб усталяваць кантакт з разумнымi iстотамi iншага свету. У час пералёту я неяк загаварыў пра гэта з прафесарам Антэлем, i ён нават адобрыў такi метад. Згадваю, ён яшчэ дадаў, што геаметрыя Эўклiда - суцэльная памылка, i менавiта таму яна павiнна быць агульнапрынятаю ва ўсiх сусветах.

Так цi iнакш, Зiра, убачыўшы мой чарцёж, мала не закалацiлася. Яна дзiка ўскрыкнула, пысачка ў яе зрабiлася зусiм пурпуровая. Толькi калi ўстрывожаныя Зарам i Занам кiнулiся

ёй на дапамогу, шымпанзэ здолела авалодаць сабою. I тут Зiра павяла сябе, як мне здалося, дзiўна: кiнуўшы на мяне ўпотайкi кароткi позiрк, хутка i спрытна схавала мой малюнак i чарцёж, потым сказала нешта гарылам, i тыя выйшлi з памяшкання. Я зразумеў, што яна загадала iм выйсцi пад нейкiм зручным прэтэкстам. Пасля шымпанзэ пацiснула мне руку, i жэст гэты меў зусiм iншае значэнне, чым раней, калi яна проста ласкала мяне, як сiмпатычнага звера за тое, што ён дагадзiў ёй сваёй кемлiвасцю. Нарэшце яна з умольным выглядам працягнула мне блакнот i ручку. Цяпер ужо ёй самой не цярпелася наладзiць са мною кантакт.

Я падзякаваў у глыбiнi душы Пiфагору i паглыбiўся ў геаметрыю. На адной старонцы я як мага больш старанна начарцiў тры канiчныя вытворныя з iх вяршынямi i накiравальнымi: элiпс, парабалу i гiпербалу. На другой начарцiў конус. Тут я хачу нагадаць, што перасячэнне конуса плоскасцямi ўтварае ў плане менавiта адну з гэтых вытворных, у залежнасцi ад вугла перасячэння. Таму я дамаляваў да конуса перасякаючую плоскасць пад пэўным вуглом i, звярнуўшыся да першага чарцяжа, паказаў уражанай шымпанзэ на элiпс, якому адпавядала гэтае сячэнне.

Зiра вырвала блакнот у мяне з рук, начарцiла ў сваю чаргу конус, перасечаны плоскасцю пад iншым вуглом, i ўказала мне сваiм доўгiм пальцам на гiпербалу. Я так расхваляваўся, што на вачах у мяне выступiлi слёзы. Я сутаргава сцiснуў шымпанзэ руку. Нова, якая адступiла ў глыбiню клеткi, люта заенчыла. Iнстынктыўна дзiкунка ўлоўлiвала сэнс таго, што цяпер адбывалася. Яна не памылялася. Праз пасрэднiцтва геаметрыi памiж мною i Зiраю ўсталяваўся духоўны кантакт. Я меў ад гэтага амаль фiзiчную асалоду i адчуваў, што шымпанзэ таксама ўзрадаваная.

Раптам яна вырвала ў мяне сваю лапку i выскачыла з аддзялення. Адсутнiчала яна нядоўга, але ўвесь гэты час я правёў бы ў сне, не смеючы ўзняць вачэй на Нову, якая з бурчаннем кружляла вакол мяне: я ўсё-такi адчуваў сябе вiнаватым перад ёю.

Калi Зiра вярнулася, я ўбачыў, што яна прынесла мне малявальную дошку з замацаваным на ёй вялiкiм аркушам паперы. Падумаўшы трохi, я вырашыўся адкрыць Зiры ўсю праўду.

У адным куце аркуша я намаляваў сiстэму Бетэльгейзе - такой, як яна ўяўлялася нам з зоркалёта: гiганцкае сонца ў цэнтры, а вакол яго - чатыры планеты. Асаблiва старанна намаляваў я Сарору з яе маленькiм спадарожнiкам, дакладна вызначыўшы месцазнаходжанне планеты ў прасторы. Ткнуўшы пальцам у яе выяву, я паказаў на Зiру. Тая зрабiла знак, што цудоўна ўсё зразумела. Тады ў другiм куце аркуша я намаляваў нашую старую добрую Сонечную сiстэму з яе асноўнымi планетамi. Пасля паказаў на Зямлю i прыставiў палец да сваiх грудзей.

Тут Зiра завагалася. Паказаўшы ў сваю чаргу на Зямлю, яна ўзняла палец уверх, да неба. Я кiўнуў галавою. Шымпанзэ была ў недаўменнi, нiяк не магла паверыць. Тады я з'яднаў Зямлю з Сарораю пункцiрнай лiнiяй i намаляваў на ёй у другiм маштабе наш зоркалёт. Гэта быў для шымпанзэ нiбыта прамень святла ў цемры! Цяпер ужо Зiра ведала, хто я такi i адкуль. Яна рванулася да мяне, але тут у канцы калiдора з'явiўся Заюс: ён iшоў на чарговы агляд падвопытных. Ад страху вочы ў шымпанзэ сталi круглыя. Зiра iмгненна згарнула аркуш паперы, сунула ў кiшэню блакнот i,

пакуль арангутан яшчэ не наблiзiўся, паспела ўмольна прыкласцi палец да вуснаў: яна раiла мне не адкрывацца перад Заюсам. I я падпарадкаваўся ёй, хоць i не разумеў, навошта ўся гэтая таямнiчасць. Але я быў упэўнены, што з гэтага дня Зiра - мая саюзнiца, i зноў прыкiнуўся разумнай жывёлiнай.

Раздзел II

З таго часу дзякуючы Зiры я пачаў рабiць вялiкiя поспехi ў вывучэннi малпавай мовы i культуры. Пад выглядам новых, асобых тэстаў Зiра амаль штодня заставалася са мною сам-насам. Яна ўзялася вучыць мяне сваёй мове i ў той самы час засвойвала французскую з дзiўнай лёгкасцю. Менш чым праз два месяцы мы ўжо маглi свабодна размаўляць на сама розныя тэмы. Патроху перада мною адкрываўся духоўны свет Сароры, яе дзiўная цывiлiзацыя, якую я паспрабую абмаляваць тут у агульных рысах.

Толькi мы з Зiраю пачалi разумець адно аднаго, як я адразу ж паспяшаўся задаць галоўнае пытанне, што цiкавiла мяне:

– Няўжо малпы - адзiныя разумныя iстоты, цары прыроды на гэтай планеце?

– Цябе гэта здзiўляе?
– сумелася яна.
– Вядома, малпа - адзiная iстота, якая ўмее думаць, надзелена не толькi целам, але i душою. Сама зацятыя матэрыялiсты з нашых вучоных i тыя прызнаюць асобую сутнасць малпавай душы.

Кожнага разу я ледзь не падскокваў ад падобных выказванняў, хоць, здавалася, можна было б ужо i прывыкнуць.

– Але скажы, Зiра, хто ж тады людзi?

Я ўжо згадваў, што яна хутчэй засвойвала маю мову, чым я iхнюю, таму ў першыя днi мы гаварылi толькi па-французску i адразу ж перайшлi iнстынктыўна на "ты". Спачатку было цяжка прызвычаiцца да таго, што словы "чалавек" i "малпа" маюць для нас розны сэнс, але гэта хутка перастала нам замiнаць. Кожны раз, калi Зiра казала "малпа", я перакладаў сам сабе: вышэйшая iстота, вяршыня эвалюцыi. Калi ж яна гаварыла пра людзей, я ведаў, што гаворка iдзе пра жывёл, якiя, праўда, надзелены iмiтацыйным iнстынктам i маюць пэўнае анатамiчнае падабенства да малпаў, аднак менавiта ўсё ж пра жывёл з прымiтыўнай псiхiкай i свядомасцю.

– За апошнiя сто гадоў, - апавядала мне прафесарскiм тонам Зiра, - мы дамаглiся адмысловых поспехаў у даследаваннi паходжання вiдаў. Раней лiчылася, што вiды - нязменныя, што ўсе iстоты застаюцца такiя, якiмi выпусцiў iх у свет усемагутны творца. Але цэлая плеяда вялiкiх вучоных - усе яны былi шымпанзэ прымусiла нас поўнасцю перагледзець свае погляды на гэты конт. Цяпер мы ведаем, што ў блiзкiх вiдаў быў, напэўна, агульны продак.

– Значыцца, малпа паходзiць ад чалавека?

– Некаторыя так i лiчаць, але на справе ўсё шмат больш складана. Малпа i чалавек на пэўным этапе эвалюцыi стварылi дзве розныя галiны: адна працягвала развiвацца i паступова дасягнула вяршынь розуму, другая ж застыла на ўзроўнi чалавечага свету. Зрэшты, многiя арангутаны ўсё яшчэ адмаўляюць гэтую вiдавочную iсцiну.

– Ты сказала, Зiра... цэлая плеяда вялiкiх вучоных - i ўсе шымпанзэ?..

Я перадаю нашыя гутаркi такiмi ж спантаннымi, якiмi яны i былi: iмкнучыся даведацца як найхутчэй пра ўсё, я задаваў сама розныя пытаннi, на якiя Зiра падоўгу адказвала.

– Амаль усе вялiкiя адкрыццi зроблены шымпанзэ, - з запалам пацвердзiла яна.

– У малпаў ёсць касты?

– Iснуюць тры групы - ты ўжо гэта, пэўна, заўважыў, - кожная са сваiмi ўласцiвасцямi: шымпанзэ, гарылы i арангутаны. Расавыя бар'еры, якiя былi памiж iмi раней, i ўзаемная варожасць, якую яны ўзбуджалi, знiшчаны дзякуючы пераважна намаганням шымпанзэ. Сёння ўсе тры расы ў прынцыпе роўныя.

Поделиться с друзьями: