Планета малпаў (на белорусском языке)
Шрифт:
Гэты горад, сталiцу адной з буйнейшых абласцей малпавай дзяржавы, я бачыў толькi з клеткi ў дзень прыбыцця, i цяпер мне даводзiлася нанова прывыкаць да таго, што ён населены малпамi-мiнакамi, малпамi- кiроўцамi, малпамi-гандлярамi, малпамi-дзялкамi, малпамi-палiцэйскiмi, аднымi малпамi! Калi б не гэта, горад не ўяўляў бы сабою нiчога асаблiвага. Дамы былi падобныя на нашыя дамы, вулiцы такiя ж бруднаватыя, як i ў нас... Рух быў менш напружлiвы за наш. Што ўразiла мяне найболей, дык гэта спосаб, якiм мiнакi пераходзiлi вулiцы. Замест пешаходных дарожак тут былi паветраныя пераходы з металiчнай, з буйнымi ячэйкамi,
Павазiўшы мяне трохi па горадзе, каб я мог скласцi сабе пра яго агульнае ўяўленне, Зiра спынiла машыну перад высокiмi кратамi, скрозь якiя вiднелiся вялiкiя паляны ў кветках.
– Гэта парк, - растлумачыла яна.
– Тут мы зможам прагуляцца. Я хацела б паказаць табе што-небудзь iншае, напрыклад, нашы выдатныя музеi, але пакуль што гэта немагчыма.
Я запэўнiў яе, што буду рады размяць ногi.
– Да таго ж, - дадала яна, - у парку нас не будуць непакоiць. Народу тут мала, а нам час ужо пагаварыць сур'ёзна.
Раздзел IV
– Ты, мне здаецца, не ўяўляеш, якiя небяспекi пагражаюць табе ў нас? спыталася Зiра.
– Пра некаторыя я ўжо маю ўяўленне. Але мне здаецца, што, калi я адкрыюся - а я магу зрабiць гэта цяпер, прывёўшы неабходныя доказы, - малпы павiнны будуць мяне прызнаць, як свайго брата па розуме.
– Тут ты i памыляешся. Слухай мяне...
Мы прагульвалiся па парку. Прысады ў iм былi пустынныя, толькi зрэдку сустракалiся закаханыя парачкi, якiя амаль не звярталi на мяне ўвагi. Я ж, наадварот, уважлiва назiраў за iмi, вырашыўшы не ўпускаць нiводнай магчымасцi пазнаёмiцца са звычаямi малпаў.
Закаханыя гулялi дробнымi крокамi, абняўшы адно аднаго за талiю так, што iх доўгiя рукi, цесна i мудрагелiста перапляталiся. На паваротках прысадаў яны часта спынялiся, каб пацалавацца. Iншы раз, азiрнуўшыся па баках, яны хапалiся за нiжнiя галiны i ўзбiралiся на дрэвы. Рабiлi яны гэта не раздымаючы абдымкаў - кожны дзейнiчаў адной рукою i адной нагою з зайздросным спрытам, - i ўжо праз якое iмгненне знiкалi ў лiстоце.
– Твой касмiчны катэр знойдзены, - гаварыла Зiра (я ўжо досыць падрабязна растлумачыў ёй, як мы высадзiлiся на планету), - ва ўсякiм разе тое, што ад яго засталося пасля пагрому. Рэшткi вывучаюцца цяпер нашымi вучонымi. Яны прызналi, што ён не мог быць пабудаваны на Сароры.
– У вас ёсць аналагiчныя апараты?
– Не такiя дасканалыя. Мяркуючы па тваiх расказах, мы яшчэ дужа адстаём ад вас. Аднак мы ўжо запусцiлi некалькi штучных спадарожнiкаў, i апошнi з iх быў нават з жывой iстотаю на борце - з чалавекам. На жаль, нам прыйшлося ўзарваць спадарожнiк у палёце: мы не маглi павярнуць яго назад.
– Разумею, - сказаў я задуменна.
– Значыцца, вы выкарыстоўваеце людзей i ў такiх эксперыментах...
– Прыходзiцца... Так што, твой катэр знойдзены.
– А наш карабель, якi кружляе вакол Сароры вось ужо два месяцы?
– Пра гэта я нiчога не чула. Напэўна, нашыя астраномы яго не засеклi. Толькi не перапыняй мяне на кожным слове! Некаторыя вучоныя сцвярджаюць, што твая ракета прыляцела з другой планеты нашай зорнай сiстэмы i што ў ёй былi пасажыры. Далей гэтага яны не пайшлi. Нiкому i ў галаву не прыходзiць, што гэтыя
разумныя iстоты могуць мець аблiчча людзей!– Але ж, Зiра, трэба iм гэта сказаць!
– ускрыкнуў я.
– Мне абрыдла быць палонным нават у найзручнейшай клетцы, якая толькi ёсць на Сароры, абрыдла, нягледзячы на твой клопат. Чаму ты мяне хаваеш? Чаму не сказаць праўду ўсiм?
Зiра спынiлася, азiрнулася па баках i паклала руку мне на плячо.
– Чаму? Толькi дзеля цябе самога. Ты ведаеш Заюса?
– Пытаешся яшчэ! Нават хацеў з iм пагаварыць. Ну i што?
– Ты заўважыў, як ён успрыняў твае першыя спробы давесцi, што ты разумная iстота? Ты ж не ведаеш, я ўжо сто разоў спрабавала праверыць яго ў гэтым цi хаця б намякнуць, - i з якой асцярожнасцю!
– што, нягледзячы на знешнi выгляд, ты ўсё-такi, магчыма, не жывёлiна?
– Я бачыў, што вы часта спрачалiся i, здаецца, так i не прыйшлi да згоды.
– Ён упарты, як баран, i дурны, як чалавек!
– выбухнула Зiра.
– Але што рабiць? Такiя амаль што ўсе арангутаны. Ён аб'явiў раз i назаўжды, што ўсе твае здольнасцi тлумачацца высокаразвiтым чалавечым iнстынктам, i цяпер нiшто не прымусiць яго змянiць сваю думку. Да таго ж, ён ужо нават напiсаў пра цябе цэлую дысертацыю, у якой даводзiць, што ты - вучоны чалавек, гэта значыць чалавек, якi пабываў у палоне, быў выдрэсiраваны i здольны цяпер выконваць бессвядома пэўныя трукi.
– Тупая жывёлiна!
– Я згодная. Але ўся бяда ў тым, што ён прадстаўляе афiцыйную навуку i вельмi ўплывовы. У iнстытуце ён займае адну з сама высокiх пасадаў, таму ўсе мае прапановы праходзяць праз яго. Я ўпэўнена, што калi я паспрабую расказаць пра цябе праўду, як ты хочаш, то Заюс проста абвiнавацiць мяне ў навуковай ерасi. Мяне звольняць. Хоць нiчога б тут асаблiва страшнага не было, але ты...
– А што можа быць больш жахлiвага за жыццё ў клетцы?
– Няўдзячны! Ты нават не падазраеш, на якiя хiтрыкi прыйшлося мне пайсцi, каб цябе не перасялiлi ў энцэфалiчную лабараторыю! Заюс не спынiўся б нi перад чым, калi б ты працягваў даказваць яму, што з'яўляешся разумнаю iстотай.
– А што такое энцэфалiчная лабараторыя?
– спытаўся я ўстрывожана.
– Лабараторыя, дзе мы робiм некаторыя тонкiя аперацыi на жывым мозгу: перасадкi тканак, пошукi i раздражненне нервовых цэнтраў, частковае i нават поўнае выдаленне мазгавых доляў.
– I вы робiце такiя вопыты на людзях?
– Натуральна. Мозг чалавека, як i ўся яго анатомiя, найблiжэйшы паводле сваёй пабудовы да нашага. Нам проста пашанцавала, што прырода стварыла жывёлiну, на якой мы можам вывучаць сябе. Людзi служаць нам i ў багата якiх iншых вопытах, але пра гэта ты даведаешся пазней. Якраз цяпер мы выконваем надзвычай важныя даследаваннi.
– Якiя патрабуюць значных папаўненняў чалавечага матэрыялу?
– Але, значных. Гэтым i тлумачацца аблавы, дзякуючы якiм мы аднаўляем нашыя запасы. На жаль, аблавы арганiзуюць гарылы, i мы не можам позбавiць iх любiмай забавы - палявання. Навука страчвае праз гэта велiзарную колькасць матэрыялу.
– Сапраўды, вельмi шкада, - працэдзiў я, сцiснуўшы вусны.
– Вернемся, аднак, да маёй сцiплай асобы...
– Цяпер ты разумееш, чаму я вырашыла захаваць усё ў тайне?
– Дык, значыцца, я асуджаны сядзець да канца сваiх дзён у клетцы?