Планета малпаў (на белорусском языке)
Шрифт:
– Гэта пачынаецца з ранняга дзяцiнства. Усё нашае выхаванне заснавана на перайманнi.
– Гэта ж арангутаны...
– Натуральна, iх роля велiзарная: яны выхоўваюць моладзь сваiмi кнiгамi. Яны прымушаюць дзiцёнка паўтараць усе памылкi нашых продкаў. Гэтым i тлумачыцца замаруджанасць нашага прагрэсу. Вось ужо дзесяць тысяч гадоў, як мы топчамся на месцы!
Тут варта сказаць некалькi слоў пра запаволенае развiццё малпаў. Мяне гэта дужа ўразiла, калi я вывучыў iх гiсторыю, i ў гэтым я ўбачыў галоўнае адрозненне нашых цывiлiзацый. Вядома, i ў нас былi перыяды амаль што поўнага застою. У нас таксама былi свае арангутаны, якiя складалi iдыёцкiя праграмы, было хлуслiвае выхаванне - досыць доўга.
Аднак
– Ёсць жа малпы, здольныя да стваральнай працы, - запярэчыла Зiра.
– Вядома, - згадзiўся Карнэлiй, - яны з'явiлiся, асаблiва ў апошнiя гады. З часам думка можа ператварыцца ў дзеянне. Так i павiнна быць: натуральны ход эвалюцыi... Але тое, чаго хачу я, Зiра, тое, чаго апантана дамагаюся, - гэта даведацца, як усё пачалося... Сёння мне ўжо не здаецца неверагоднай думка, што ў аснове ўсёй нашай цывiлiзацыi закладзена простае перайманне.
– Перайманне чаго? Цi каго?
Тут Карнэлiй апусцiў вочы, быццам шкадаваў, што сказаў залiшне шмат.
– Я яшчэ не зрабiў канчатковых высноў, - вымавiў ён нарэшце.
– Мне патрэбныя доказы. Можа, мы знойдзем iх у рэштках пахаванага горада. Згодна са справаздачамi ён iснаваў не дзесяць тысяч гадоў назад, а шмат-шмат раней, у эпоху, пра якую мы анiчога не ведаем.
Раздзел III
Карнэлiй змоўк - здавалася, яму было цяжка гаварыць на гэтую тэму, але i тое нямногае, што я паспеў зразумець з яго разважанняў, усхвалявала мяне надзвычайна.
Археолагi адкрылi ў пустэльнi цэлы горад, пахаваны пад пяском. На жаль, ад горада засталiся адны развалiны, але гэтыя рэшткi - я адчуваў - захоўвалi вялiкую тайну, i я пакляўся разгадаць яе.
У гэтым не было нiчога немагчымага для таго, хто ўмее назiраць i думаць, але арангутан, якi кiраваў раскопкамi, на гэта быў няздольны. Ён прыняў Карнэлiя з пачцiвасцю, адпаведнай высокаму рангу акадэмiка-шымпанзэ, але з ледзь прыхаванай пагардаю да яго маладосцi i незвычайных iдэй, якiя той iншы раз выказваў.
Трэба мець цярпенне мнiха, каб весцi раскопкi, гразнучы на кожным кроку ў пяску, сярод камення, якое рассыпалася ўшчэнт ад аднаго толькi дотыку. Але мы займаемся гэтым вось ужо месяц. Зiра даўно ўжо пакiнула нас, а Карнэлiй усё затрымлiваецца на гэтых раскопках. Ён такi ж усхваляваны, як i я, i ўпэўнены, што сярод гэтых рэштак даўняй мiнуўшчыны знаходзiцца рашэнне вялiкiх загадак, якiя не даюць яму спакою.
Мяне не перастае здзiўляць дыяпазон яго ведаў. Спярша ён захацеў сам выявiць узрост горада. У такiх выпадках малпы карыстаюцца метадамi, падобнымi на нашыя, параўноўваючы геалагiчныя дадзеныя з вынiкамi хiмiчных i структурных аналiзаў. Зрабiўшы гэта, Карнэлiй згадзiўся з артадоксамi: горад вельмi, вельмi старажытны. Яму шмат больш, чым дзесяць тысяч гадоў, iнакш кажучы, гэта ўнiкальны помнiк - важкi доказ
таго, што сучасная малпавая цывiлiзацыя не ўзнiкла з нiчога, якiмсьцi звышнатуральным чынам.Штосьцi ўжо iснавала на Сароры да цяперашняй гiстарычнай эпохi. Але што? Прайшоў месяц лiхаманкавых пошукаў, якi прынёс нам адно расчараванне. Выдавала на тое, што нават гэты дагiстарычны горад мала чым адрознiваўся ад гарадоў сённяшнiх. Мы знайшлi рэшткi дамоў, прамысловых збудаванняў, якiя сведчылi пра тое, што ў старажытных жыхароў горада таксама былi аўтамашыны i самалёты. Значыцца, разумнае жыццё зарадзiлася раней, чым дзесяць тысяч гадоў назад. Але гэта зусiм не тое, чаго чакае Карнэлiй, - я ведаю, - гэта не тое, на што спадзяюся я.
У тую ранiцу Карнэлiй выправiўся на раскопкi раней за мяне. Рабочыя адкапалi будынак з асаблiва тоўстымi жалезабетоннымi сценамi, якi, здаецца, захаваўся лепш за астатнiя. Праўда, i ён забiты смеццем i пяском, i археолагi лiтаральна прасейвалi гэтае смецце скрозь сiта. Учора яны не знайшлi нiчога асаблiвага: як i ў астатнiх дамах, зрэдку траплялiся абломкi труб, хатнiх рэчаў, разбiты посуд. Сеўшы ля палаткi, у якой мы размясцiлiся разам з Карнэлiем, я назiраў са свайго месца, як арангутан даваў указаннi кiраўнiку групы, маладому шымпанзэ с насмешлiвым позiркам. Карнэлiя не вiдаць: ён у раскопе разам з рабочымi. Ён сам часта бярэцца за iх справу, баючыся, што рабочыя могуць прапусцiць або не ўберагчы каштоўную знаходку.
Нарэшце ён выбiраецца з траншэi, i я адразу ж разумею, што Карнэлiй зрабiў нейкае фенаменальнае адкрыццё! У руках у яго якiсьцi невялiчкi прадмет, мне яго з такой адлегласцi не вiдаць. Без залiшнiх цырымонiй адштурхнуўшы старога арангутана, якi спрабаваў завалодаць знаходкаю, Карнэлiй з вялiкай асцярожнасцю апускае яе на пясок. Ён глядзiць у мой бок i энергiчна махае рукамi. Падышоўшы, я бачу на твары ў яго неверагоднае хваляванне.
– Улiс, Улiс!
– ледзь выцiскае ён з сябе.
У такiм стане я яго яшчэ нiколi не бачыў. Рабочыя, якiя выбралiся за iм з траншэi, збiраюцца вакол знаходкi, i я ўсё яшчэ не магу яе разгледзець. Яны паказваюць на яе пальцамi - вiдаць, яна ўсяго толькi забаўляе iх. Некаторыя рагочуць. Амаль усе яны - здаравенныя гарылы. Карнэлiй загадвае iм адысцi.
– Улiс!
– Што там?
Цяпер я таксама бачу нарэшце на пяску знаходку i чую здушаны голас Карнэлiя:
– Лялька, Улiс, лялька!
Але, гэта лялька, звычайная фарфоравая лялька. Яна проста цудам гэтак захавалася: вiдаць нават рэшткi валасоў i лускавiнкi каляровай палiвы на вачах. Спачатку я нiяк не магу зразумець хвалявання Карнэлiя: ну што тут такога?.. I толькi праз некалькi секунд да мяне даходзiць,.. Я зразумеў! I адразу ж неверагоднасць таго, што здарылася, працiнае мяне i пераварочвае душу. Гэта ж чалавечая лялька - дзяўчынка! Але я не магу паверыць у гэтую хiмеру. Перш чым дакляраваць цуд, трэба праверыць усе магчымыя трывiяльныя варыянты. А такi вучоны, як Карнэлiй, павiнен гэта зрабiць.
У малпiнай дзятвы таксама ёсць цацкi, i сярод iх хоць i нячаста, але трапляюцца ўсё-такi фiгуркi жывёлiн i нават людзей. Значыцца, лялька-дзяўчынка сама па сабе не магла так усхваляваць яго. Але па-першае, у малпаў такiх фiгурак не робяць з фарфору, а па-другое, яны нiколi не бываюць адзетыя, ва ўсякiм разе, адзетыя, як разумныя iстоты. А гэтая лялька, зразумеў нарэшце i я, была адзетая ў такiя ж самыя строi, як лялькi ў нас на Зямлi: на целе ў яе захавалiся рэшткi сукеначкi, гарсэцiка, нiжняй спаднiчкi i штонiкаў. Лялька была адзетая з густам, з якiм магла ўпрыгожыць дзяўчынка сваю любiмую ляльку, з любоўю, з якой магла адзець ляльку-малпачку маленькая малпа, але нiколi, нiколi нi тая i нi другая не сталi б гэтак руплiва адзяваць у паменшаныя копii сваiх строяў жывёлiну! Цяпер я ўсё лепш i лепш разумеў хваляванне майго сябра-шымпанзэ.