Планета малпаў (на белорусском языке)
Шрифт:
Клетка пустая...
Уладным тонам, ад якога ўздрыгваюць усе палонныя, я клiчу вартаўнiкоў. Прыбягае Занам. Яму не надта даспадобы быць маiм падначаленым, але Зiра строга загадала выконваць усе мае ўказаннi.
– Дзе Нова?
– пытаюся я.
Ён змрочна адказвае, што не ведае. Аднойчы яе павялi адсюль, нiчога яму не растлумачыўшы. Я настойваю - марна. На шчасце, нарэшце ўваходзiць Зiра. Яна робiць чарговы абход. Заўважыўшы мяне перад пустой клеткаю, яна адразу ж здагадваецца, што так расхвалявала мяне. Але нешта замiнае ёй пачаць гаворку з Новы, i яна паведамляе мне:
– Толькi што вярнуўся Карнэлiй. Ён
У гэты момант мне напляваць на Карнэлiя, на ўсiх шымпанзэ, гарыл i iншых пачвар, якiя толькi могуць быць на зямлi i ў небе. Я паказваю пальцам на клетку i пытаюся:
– Дзе Нова?
– Яна нездаровая, - адказвае Зiра.
– Яе перавялi ў спецыяльнае аддзяленне.
Яна робiць мне знак i вядзе за сабою, далей ад вартаўнiка.
– Дырэкцыя ўзяла з мяне слова, што я захаваю гэта ў тайне, - кажа Зiра. Але я думаю, што ты павiнен гэта ведаць.
– Яна хворая?
– Нiчога страшнага. Але сама па сабе гэтая падзея досыць значная, каб занепакоiць нашыя ўлады. Нова загрубела.
– Яна... што?
– Я ж сказала: зацяжарала.
Зiра з цiкавасцю назiрае за мною.
Раздзел VI
Ад такой навiны я ажно здранцвеў. Я яшчэ быў няздольны ўсвядомiць, да чаго можа прывесцi гэтая падзея. Спачатку мяне захлiснула хваля розных не дужа рацыянальных пачуццяў, а больш за ўсё ўстрывожыла пытанне: чаму мне дагэтуль нiчога не паведамiлi? Але Зiра i слова не дала мне сказаць.
– Я сама заўважыла гэта ўсяго два месяцы назад, калi вярнулася з падарожжа. Гарылы нiчога не зразумелi. Я патэлефанавала Карнэлiю, а ён у сваю чаргу меў доўгую размову з дырэктарам. Яны сышлiся на тым, што лепей захаваць усё ў тайне. У курсе справы толькi я ды яны двое. Нову памясцiлi ў iзаляваную клетку, i я сама яе даглядаю.
Я ўспрыняў скрытнасць Карнэлiя як здраду i адчуў, што Зiры таксама няёмка. Мне здалося, што за маёй спiнаю пачынаюць рабiць нешта нядобрае.
– Не хвалюйся, - паспрабавала супакоiць мяне Зiра, - яе добра даглядаюць, яна ўсё мае - я за гэтым сачу. Яшчэ нiхто нiколi так не аберагаў цяжарную самку чалавека.
Пад яе насмешлiвым позiркам я апусцiў вочы, усё роўна як вiнаваты шкаляр. Зiра старалася захаваць iранiчны тон, але я адчуваў, што яна ўсхваляваная. Вядома, я ведаў, што мая фiзiчная блiзкасць з Новаю стала непрыемная Зiры з таго самага моманту, калi яна зразумела, што я разумная iстота, але цяпер убачыў у яе позiрку не грэблiвасць, а нешта iншае. Ну вядома, яна была занепакоеная! Таямнiчасць, з якою гаварыла цяпер Зiра пра Нову, наўрад цi была добраю прыкметаю. Я здагадваўся, што Зiра не сказала мне ўсёй праўды: напэўна, Вялiкi Савет таксама быў у курсе справы, i з гэтай нагоды ўжо не раз склiкалiся нарады на сама высокiм узроўнi.
– Калi Нова павiнна раджаць?
– спытаўся я.
– Праз тры-чатыры месяцы.
I тут я раптам уцямiў нарэшце ўсю трагiкамiчнасць майго становiшча: я стану бацькам у сiстэме Бетэльгейзе! У мяне будзе дзiця на планеце Сарора, народжанае жанчынаю, да якой я адчуваю неадольнае фiзiчнае iмкненне, iншы раз жаль, але ў жанчыны гэтай - мазгi жывёлiны. Напэўна, нiводная разумная iстота ва ўсiм сусвеце яшчэ не зведвала такога! Мне хацелася адначасова i плакаць i смяяцца.
– Зiра, я хачу яе бачыць!
Яна адказала мне прыкрай грымаскаю.
– Я ведала, што ты гэтага захочаш. Я ўжо гаварыла з Карнэлiем, i, думаю, ён не будзе пярэчыць.
Ён чакае цябе ў сваiм кабiнеце.– Карнэлiй - здраднiк!
– Ты не маеш права гаварыць так. Ён разрываецца памiж любоўю да навукi i сваiм малпавым абавязкам. Натуральна, што цяжарнасць Новы вельмi яго палохае...
Пакуль я iшоў услед за Зiраю па калiдорах iнстытута, трывога мая ўсё ўзрастала. Я здагадваўся, пра што думалi вучоныя-малпы: яны баялiся, што можа ўзнiкнуць новая раса, якая... Чорт!.. I тут да мяне дайшло, якiм чынам я змагу здзейснiць ускладзеную на мяне лёсам мiсiю!
Карнэлiй сустрэў мяне досыць цёпла, але ў нашых адносiнах ужо з'явiлася напружанасць. Раз-пораз ён употайкi пазiраў на мяне цi не з жахам. Я стрымаў сябе, каб не прыступiць адразу да тэмы, якая хвалявала мяне больш за ўсё. Спачатку спытаўся, як ён даляцеў i як скончылiся раскопкi.
– Вынiкi фенаменальныя!
– загарэлiся ў яго вочы.
– У мяне ў руках неабвержныя доказы!
Карнэлiй не мог не пахвалiцца сваiм поспехам. Зiра сказала праўду: Карнэлiй i праўда разрываўся памiж любоўю да навукi i малпавым абавязкам. Але цяпер са мною гаварыў вучоны, апантаны даследнiк, якi вышэй за ўсё цанiў перамогу сваёй гiпотэзы.
– Мы знайшлi шкiлеты, - расказваў ён.
– Не адзiн шкiлет, а мноства, i размешчаны яны такiм чынам, што гэта, несумненна, могiлкi. Ёсць чым пераканаць сама тупагаловых. Але нашы арангутаны, вядома, бачаць у гэтым толькi дзiўнае спалучэнне акалiчнасцей.
– I што гэта за шкiлеты?
– Шкiлеты не малпаў.
– Зразумела.
Мы паглядзелi адзiн аднаму ў вочы. Энтузiязм Карнэлiя адразу апаў, i ён гаварыў ужо больш павольна:
– Не буду ўтойваць: вы ўгадалi - гэта чалавечыя шкiлеты...
Зiра, пэўна, ужо была ў курсе справы, бо не здзiвiлася анi кроплi. Мы зноў сустрэлiся з Карнэлiем позiркамi. Я чакаў. Нарэшце ён рашыўся.
– Цяпер я ўпэўнены, - сказаў Карнэлiй, - што некалi на нашай планеце iснавала чалавечая раса, надзеленая здольнасцю мыслiць, раса людзей, падобных вам i iншым людзям Зямлi. Пасля яна дэградавала, i нашыя людзi ператварылiся ў жывёлiн... Да таго ж, вярнуўшыся, я знайшоў тут новыя доказы сваёй гiпотэзы.
– Новыя?
– Але. Iх адкрыў загадчык энцэфалiчнага аддзялення, малады шымпанзэ з вялiкай будучыняй. Гэта нават генiй... Не варта думаць, - з горкай iронiяй усмiхнуўся Карнэлiй, - што малпы заўсёды былi толькi пераймальнiкамi. У некаторых навуках мы зрабiлi багата адмысловых адкрыццяў i асаблiва вялiкiх поспехаў дасягнулi ў вывучэннi мазгавой дзейнасцi. Калi змагу, пазнаёмлю вас неяк з вынiкамi. Упэўнены, вы будзеце здзiўлены.
У мяне стварылася такое ўражанне, што ён сам стараўся запэўнiць сябе ў генiяльнасцi малпаў, а таму гаварыў з залiшняй гарачнасцю. Але ж я нiколi i не спрабаваў спрачацца з iм на гэтую тэму. Карнэлiй сам паскардзiўся якiя-небудзь два месяцы назад на адсутнасць у малпаў стваральных здольнасцей. А цяпер з гонарам дакляраваў:
– Паверце, настане дзень, калi мы пераўзыдзем людзей ва ўсiх сферах. Мы невыпадкова сталi нашчадкамi чалавечай культуры, як вы можаце гэта ўяўляць сабе. Гэта здарылася ў вынiку нармальнага ходу эвалюцыi. Эра разумнага чалавека прайшла, i на змену яму з'явiлася больш дасканалая iстота, якой было наканавана захоўваць асноўныя дасягненнi людзей доўгi перыяд адноснага застою, каб пасля ўзляцець да новых вяршынь.