Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Шрифт:
— А гэта што такое?
Яны павярнулі галовы ў той бок, дзе недалёка канчаўся гэты пагорак-мысок з маладым хвойнікам — там, відаць было, тырчэў у неба драўляны знак трыгапункта, падобныя на які дзе-нідзе ўжо трапляліся ім на тутэйшых палях. Згледзеўшы яго, камандзір адразу схапіўся за карту, дрыготкімі рукамі разгарнуў на траве яе падмочаны аркуш.
— Так, так, так!! Дык гэта ж трыгапункт семдзесят пяць нуль. Точна! Старшына, а ну зірні, што па той бок сасняку.
Агрызкаў, як заўжды, неахвотна падняўся, узяў аўтамат і палез у хвойнік. Седзячы трошкі ўбаку ад астатніх, фельчар заклапочана поркаўся ў сваім рэчмяшку, мармычучы, што ўсё намокла, прапалі лякарствы. Да яўнае радасці камандзіра, здаецца, ён быў абыякавы. А той, паспешна накручваў анучы, каб сунуць ногі ў мокрыя кірзачы. Аднак
— Ну што?
— Зноў балота.
— А за балотам што?
— За балотам нейкі барок. Лясок нейкі.
— Лясок! То ж — наш Востраў Барок! Мы ж прыйшлі нарэшце!.. — узнёсла абвясціў Гусакоў.
Ён падхапіў карту і, пакінуўшы на траве рэчмяшок, таксама кінуўся ў хвойнік. На нейкі час яны там зніклі. Косця і Тумаш засталіся чакаць на беразе. Тым часам хутка зьмяркалася, насоўвалася ноч — ці не апошняя на іхнім бязладным шляху…
Гусакоў не памыліўся: на самым мыску хвойнай пясчанай касы, што адкульсці выцягнулася ў балота, тырчэлі ўгару тры трухляватыя бервяны трыгапункта. На карце ён быў пазначаны лічбай 75,0. Зноў жа на карце ад яго цераз балота з выразнаю назваю ўрочышча Багавізна значыўся хвойны гаёк, падпісаны дробненькім курсівам Востраў Барок, — якраз тое, куды ім было трэба. Куды яны накіроўваліся, скакалі на парашутах, паўзлі па балоце. Да жаданае мэты заставалася не болей як кіламетр ці два па карце. Але таксама цераз балота.
Тое, што зноў давядзецца ісці цераз балота, Гусакова не надта палохала, ён ужо ведаў, як яго перайсці. Была б мэта. Мэта цяпер паўстала перад ім блізка, здавалася, хоць ты вазьмі і дакраніся да яе рукой.
— Дык што — пойдзем? — будзённым голасам мовіў старшына, які ўсё зразумеў без словаў.
Гусакоў чамусьці не адказаў нічога, яго трэсла — ад сцюжы ці ад нярвовага напружання, якое, падобна, раптам апала, пакінуўшы пустку ў душы. Цяпер, калі Востраў Барок ён ужо бачыць і зараз яны рушаць туды, узнік новы клопат — што рабіць з хлопцам? Раней, як ішлі, прабіраліся цераз балота, ён неяк не думаў пра тое. Хлопец памагаў, вёў, быў ім патрэбны — і добра. Але цяпер… Камандзір выразна адчуў, што яго нельга весці на базу і нельга адправіць дадому… Што ж з ім рабіць?
— Дык ідзём? — павярнуўся да хвойніку старшына.
— Пастой! Ты гэта хлопца прывёў?
— Ну я. А што?
Старшына спыніўся — ён ужо адчуў штосьці кепскае, але яшчэ не разумеў, што.
— Не разумееш?
— Не разумею.
Ён чакаў адказу, але камандзір хвіліну марудзіў. Відаць, яму не хацелася штосьці тлумачыць падрабязна.
— Хлопца нельга весці на сакрэтную базу.
Старшына маўчаў. Але, бачна было, аж захваляваўся і няўцямна сеў на пясчаны дол.
— Да-а, — збянтэжана вымавіў ён.
— Вот табе і да-а!
Гусакоў адчуў, што той усё зразумеў, — не маленькі! I нічога болей яму тлумачыць не трэба.
— Адвядзеш у старонку і застрэліш, — ціха сказаў Гусакоў і зацяў дыханне. Старшына азваўся не адразу.
— А чаму я?
— А хто ж? Ты прывёў?
— Я не буду! — падумаўшы, рашуча сказаў старшына і ўстаў з долу.
— Катэгарычна?
— Катэгарычна.
Заклапочана павярнуўшыся на месцы, Гусакоў паўзіраўся цераз балота, якое ўсё болей змрачнела. Яшчэ трошкі часу — і высокія дрэвы Барка за балотам засцеле змрочны туман. Трэба запомніць накірунак, бо давядзецца ісці паначы. Трошкі не хапіла відна.
— Ідзі пакліч фельчара, — загадаў камандзір. Старшына ўстаў і моўчкі палез у гушчар.
Гусакоў застаўся адзін, ён нервова лаяўся ў думках: вось жа халера! Не падумаў, што так можа ўсё стацца. Усё ішло ладна, яны без стратаў і сутычак дабраліся да мэты і — на табе; невялічкая балючая праблема. Даволі паскудны сюрпрыз! Але, можа, гэта толькі здаецца — праблема? Увогуле, — якая праблема? На акупаванай тэрыторыі. Аднаго чалавека. Хоць бы і хлопчыка. Немцы іх вунь колькі нішчаць кожнага дня — і хлопчыкаў, і дзяўчынак. Шкада, канешне, але ж бяспека партызанскага злучэньня важней. Адпусціш, а калі перахопяць немцы? Ужо ў гестапа ўмеюць выцягваць сакрэты. Не толькі ў падлеткаў-хлопчыкаў. А гэты старшына — не буду. Шкада. Быццам яму не шкада. Ці генералам, камандуючым на фронце не шкада гэткіх во ці трохі старэйшых хлопцаў, што тысячамі
кідаюць у бой, і тыя не вяртаюцца, застаюцца ўгнойваць рускую зямлю? Мабыць, шкада. Але будзеш усіх шкадаваць, не дачакаешся перамогі. Сам ляжаш у зямлю.Мусіць, што ляжаш сам — тое галоўнае. Для кожнага. I для яго таксама. Бо і ён у пастцы — хлопца ні пусціць, ні ўзяць з сабой нельга. Адразу ж прычэпіцца асобы аддзел: скуль? Хто дазволіў? А то і — хто ўнядрыў. Не, лепей за ўсё, калі хлопцу — хана. Можа, і для яго лепей таксама.
З хвойніку вылез Тумаш, маўкліва спыніўся воддаль.
— Тумаш, ты — бальшавік?
— Беспартыйны.
— Дзеці ёсць?
— Не-а. Не жанаты. Не паспеў…
Камандзір памарудзіў.
— Бяры хлопца, адвядзі ў кусты і стрэльні.
Тумаш моўчкі стаяў, бы глухі.
— Ну што маўчыш?
— Думаю, ці вы здурнелі?
— Здурнееш! — амаль закрычаў Гусакоў. — З вамі здурнееш! Што ж вы не разумееце, што я не маю права весці яго на базу? Там жа штаб усяго злучэння, што яны нам скажуць. Яны ж нас паставяць пад сценку, ты разумееш? Ці ты не ведаеш, што такое органы!
— А, органы…! I тут органы! — прабурчэў Тумаш. — Ну што ж… Маё дзела маленькае. Загадваеце — выканаю. Але я не адказваю. Вы…
Усё мармычучы нешта, ён палез у хвойнік, Гусакоў застаўся адзін. Яго ўжо здорава трэсла — ад мокрай апраткі, вечаровай золкасці, нервовага ўзбуджэньня ці ад усяго разам. Нядоўга пастаяўшы, ён таксама палез праз хвойнік на тое месца, куды яны вылезлі з балота і дзе заставалася яго ношка. Тумаша з хлопцам там ужо не было. Абапёршыся локцямі аб калені, на беразе сядзеў старшына; падобна, ён таксама калаціўся ад балотнае золі.
— Пайшоў?
— Павёў, — адчужаным тонам мовіў старшына. Побач ляжаў рэчмяшок камандзіра, а таксама санітарная сумка і валізка Тумаша. Вінтоўкі яго не было. Камандзір надзеў на плечы свой рэчмяшок, схаваў у сумку карту.
Яны пачалі чакаць — чакаць стрэлу. Ды стрэлу чамусьці не было. Уздоўж берагу, трывожна залопаўшы крыллем, паляцела кудысьці качка, за ёй неўзабаве другая. Ужо ці не павёў ён хлопца куды далёка, думаў Гусакоў. Усё ж фельчар франтавік вопытны і не павінен упусціць падлетка, калі той кінецца наўцёкі. Ды і не павінен пабегчы. Калі з ім ласкава, абыходліва, каб лішне не нерваваць перад стрэлам. Аднак жа трохі падазрона, што фельчар лёгка пагадзіўся. Усё ж, каб забіць чалавека, мабыць, трэба мець адмысловую рашучасць, якое вось Гусакоў не меў. Ён на вайне не забіў яшчэ ніводнага фрыца — не было нагоды. У гэтым сэнсе ягонае сумленьне чыстае. Хоць тое яго суцяшала.
Стрэлу яны чакалі, здалося, нясцерпна доўга — аж здрыжэліся абодва ад перанапругі. I стрэл нарэшце грымнуў — ня так і далёка, у хвойнічку. Глухаватае ў тумане рэха перакацілася цераз балота і заглухла. Мабыць, дасягла і ў іхні жаданы Барок. Ужо можна было б ісці па той бок хвойніку, але спярша трэба было дачакацца Тумаша.
Тумаш, аднак, усё не ішоў. Можа, заблудзіўся і павярнуў не ў той бок? А можа, куды падаўся? Калі наўцёкі?
Ужо і сцямнелася. Хвойны мысок зачарнеўся пакатым гарбом сярод дымнага туману над балотам. Страхавітае нецярпенне ўсё болей агортвала абодвух.
Яшчэ прадзіраючыся праз гушчар да Косці, Тумаш толькі дзівіўся, як у гэтых партызанаў усё хутка і проста.
Увогуле ў сваім жыцці ён пабачыў нямала агіднага і страшнага, на вайне таксама. Бачыў, як танкісты душылі на дарозе двух звязаных эсэсаўцаў, паволі наязджаючы на іх гусеніцамі. Рабілі тое прылюдна, напаказ пехацінцам-дэсантнікам, шмат якіх сабралася наўкола паглядзець цікавае відовішча. П’яны лейтэнант сядзеў на крыле трыццацьчацвёркі і ўзіраўся ў вочы звар’яцелых ад болю ахвяраў, голасна каментуючы, як у тых вылазяць вочы з арбітаў. Шмат якія вакол захапляліся, крычалі: давай астатніх! Астатнія, чалавек восем палонных з паабдзіранымі пагонамі, чакалі свае чаргі. Але то былі эсэсаўцы, зацятыя гітлераўцы, якія ўпарта ваявалі і нават перад смерцю раз-пораз кідалі ўгору рукі — хайль Гітлер! А другі раз нашыя самаходчыкі каралі ўласаўца. Пасадзілі на тоўсты, бы бервяно, ствольны тормаз свае 152-міліметровай гарматы, звязалі ўнізе ногі і стрэлілі. Толькі ашмоцце паляцела ў паветра ды крывавымі пляцкамі заляпіла твары тых, што сабраліся наўкола. Добра, фельчар стаяў убаку. А цяпер во ўбок не адыдзешся.