Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Быкаў Васіль

Шрифт:

З кабіны выйшаў тоўсты лятун у футравай камізэльцы, — штось гыркнуўшы, насцеж расчыніў самалётныя дзверы. Студзёнае начное паветра шырока шыбанула ў самалёт, парашутысты адразу паўскоквалі, канцы ад іх парашутаў ужо былі ўдзетыя на агульную вяроўку ўгары. I па камандзе «Пашол!» адзін за адным пачалі знікаць у чорным прадонні начы.

Праз хвіліну ў самалёце засталіся толькі яны ўтрох, іхні палёт доўжыўся яшчэ хвілінаў дваццаць. Нарэшце настала іхняя чарга, зноў расчыніліся страшныя дзверы, праз аглушальны роў матораў Гусакоў штось гукнуў да яго і, торкнуўшы кулаком у бок, выскачыў у ветраную цемру. За ім трэба было скакаць Тумашу. Але ён спалохаўся. Так спалохаўся, што яго бы спаралізавала, ён не мог ступіць кроку да прорвы-дзвярэй

і сцяўся ля лаўкі. «Ну!» — вызверыўся тоўсты лятун. «Дык я не ўмею», — бязгучна прашаптаў Тумаш, і, мабыць, лятун пачуў тое, бо не паспеў ён яшчэ што падумаць, як атрымаў такога магутнага выспятка ў зад, што ў наступнае імгненне ўжо захлынуўся ў віхуры начнога паветра.

Усё далейшае, што з ім адбывалася, ён кепска памятаў, адчуў толькі, як паваліўся ў нейкую калючую траву — трава, мабыць, яго і ўратавала. Парашут яшчэ трохі пацягнуў яго па зямлі і паволі абвяў у зацішным прыцемку. Гусакоў з Агрызкавым, што прызямліліся раней, адшукалі яго на лузе, памаглі сабраць слізкія пухіры парашута. «Хутчэй, хутчэй, не адставай, матаем адсюль», — шэптам камандаваў Гусакоў.

I яны адматалі па начы, можа, кіламетры чатыры ці болей. Напаткаўшы балацявіну, хуценька патапілі ў ёй свае парашуты і шыбанулі далей за камандзірам, які ж, пэўна, ведаў, куды іх вёў. Аказалася, вёў не туды.

Лясная сцяжына неўпрыкмет вывела іх на гэткую ж лясную дарожку — крывулястую, з гразёй у нізкіх мясцінах, аброслую крапівой, лазняком і алешнікам. Хвойнік застаўся ззаду, пачыналася забалаць. Нікога паблізу не было, ніхто ім не спаткаўся. Косця асцярожна і моўчкі вёў камандзіра, які не пераставаў турбавацца: а ці туды яны ідуць?

Сапраўды, турбавацца была прычына. Гусакоў у думках усё лаяўся — трэба ж, каб гэтак не пашанцавала на самым пачатку. Перад палётам яго тузаў непакой — як давядзецца ляцець? Усё ж, хоць і ноч, а могуць спаткаць нямецкія знішчальнікі ці зенітны агонь над лініяй фронту. Ды і — само дэсантаванне. Гусакоў не прызнаваўся нікому, што і сам скочыў уначы першы раз, набраўся нямала страху, але страх давялося зацяць у сабе — іншага ў ягоным становішчы не выпадала. Якраз самае страшнае мінулася нечакана ўдала. Гэта пасля началося іншае — завязаўся вузел нейкіх недарэчнасцяў, якія дасюль невядома як развязаць.

Галоўнае, аднак, — пільнасць і пільнасць. Як ужо ведаў капітан Гусакоў з свайго вайсковага і давайсковага вопыту, пільнасць — аснова поспеху. Страта пільнасці ёсць пагібель. Ды яшчэ тут, у тыле ворага.

Хлопец вёў іх рухава і ўпэўнена, відаць, тутэйшыя сцежкі ведаў няблага. Гусакоў трымаў яго на дыстанцыі пісталетнага стрэлу, каб у выпадку чаго… Ці мала што магло здарыдца, і камандзір мкнуўся быць гатовым да ўсяго. Яны абышлі гразкай узбочынай застаялую лужыну пад лазовым кустом і тады з-за хмызняковай павароткі ўбачылі будынкі. Падобна, то была вёска — платы, за якімі зелянеў бульбоўнік, стажок свежага сена ля хлеўчука. Гусакоў ціха гукнуў да хлопца:

— Гэй! Што гэта?

— Барсукі, — бяспечна азірнуўся Косця. — Тут нічога. Нікога няма…

«Як гэта — нікога няма?» — незадаволена падумаў камандзір, адчуўшы міжвольны пратэст супраць з’яўленьня гэтае вёскі, да якой іх бяспечна прывёў хлопец. Але ўжо, мабыць, было позна што-небудзь мяняць — іх убачыла нейкая кабета з крайняга ад лесу падворка. Убачыла і знерухомела, усё ўзіраючыся, узіраючыся ў іх, бы ў лясных звяроў. Гусакоў ужо ведаў гэткую звычку сялянскага люду, ад якой заўжды адчуваў сябе прыкра. Цяпер тым болей.

Невядома, ці вялікая была то вёска, гэтыя Барсукі, але Гусакоў не знайшоў іншага варыянта і пакорліва пайшоў за падлеткам. Той спакойна брыў сабе сярэдзінай вуліцы, а камандзір збочыў да плоту; тое ж загадаў заднім, выразна махнуўшы рукой. Вуліца пакуль што была пустая, толькі пад плотам у дзядоўніку ён спудзіў колькі курыц, якія з кудахтаннем пабеглі да свайго падворка. Тады з суседняга двара па другі бок вуліцы забрахаў сабака,

відаць было — малы ды звяглівы, ягоны брэх яшчэ пабольшыў камандзіраў неспакой. Здалося, зараз выбегуць… I ён пашкадаваў ужо, што пайшоў за хлопцам, трэба было вёску абысці.

Але сабачка пабрахаў і сціх, а наперадзе, відаць было, вуліца ўжо канчалася, толькі на адным баку стаялі дзве хаты, а насупраць, за плотам, каласавала ладнае жыта. У перадапошнім двары, аднак, хтось варушыўся — раз-пораз з-за паркана вытыркалася жаночая галава ў белай хустцы і яшчэ хтось. Падышоўшы бліжэй, Гусакоў зразумеў — там парадкавалі сена. Пасярод падворка стаяла брыка з сенам, і баба з сівабародым дзядком, упорваючы ў сена вілы, насілі яго кудысь за вугал — у пуню або паветку. Калі ён падышоў бліжэй, дзед апусціў вілы і зняў з потнай галавы картуз.

— Здраствуйце вам, — ціха мовіў да Гусакова, які, аднак, толькі здзівіўся — што гэта значыць? За каго ён прымае іх? За партызанаў ці, можа, за паліцаяў? Аднак жа ён стрымана кіўнуў у адказ — на ўсялякі выпадак. Косця наперадзе, здалося, без аніякай увагі на тое мінуў падворак і тады азірнуўся — супакоена і адкрыта. Мабыць, таму, што ўсё абышлося, і яны перайшлі вёску.

Тая супакоенасць, што, на думку Гусакова, межавала з бяспечнасцю, не спадабалася камандзіру. Пакуль, аднак, даводзілася мірыцца з тым, што адбывалася. Ягоная камандзірская воля нібы пераходзіла да гэтага хлопца, а той, мабыць, і не адчуваў таго. З вясковае вуліцы Косця выйшаў на палявую дарожку і спакойна сабе ішоў, па грудзі затулены рослым жытам. Жыта шапацела калоссем пад лёгкім ранішнім ветрам і здалося б нават прыгожым, калі б не клопат, які не пакідаў камандзіра.

— Косця, а што гэта ў вас скрозь палоскі? — запытаў Гусакоў, азіраючы раздзелены межамі палявы прастор. — Ці немцы зямлю аддалі?

— Самі пабралі, — сказаў хлопец. — Дзе чыя ў каго была.

— Зноў аднаасобнікамі сталі? Ну.

«Гэта дрэнна, — падумаў камандзір. — Займеўшы зямлю, ці яны пойдуць да партызанаў у лес? Будуць у зямлі калупацца. Але хто ж тады разгорне масавую барацьбу з акупантамі?» Пагранічнік Гусакоў памятаў нядаўнія даваенныя гады ў Беларусі, як неахвотна расставаліся сяляне з зямлёй у калектывізацыю. Колькі тады было гора і слёз! Урэшце загналі-такі ў калгасы. I цяпер усё насмарку. Хітрыя, аднак, гэтыя акупанты, ведаюць, што мужыку трэба. За слова супраць — расстрэл, а за зямлю — нічога.

Непадалёк наперадзе цямнеўся новы лес, і Гусакоў думаў: хутчэй бы туды, да лесу. Усё ж у полі, нават сярод жыта, ён не адчуваў патрэбнай бяспекі. Ці мала што… Тым болей, калі ў вёсцы іх бачылі і напэўна распазналі. Хоць ні пагонаў, ні зорак на іх не было, а паліцаі і партызаны, як ён ведаў, апраналіся хто ў што. Тым не менш — беражонага і Бог беражэ, падумаў камандзір і ўсміхнуўся. Вядома, ён быў бальшавік і бязбожнік, але ведаў, што як прыпячэ, дык успомніш не толькі Бога. Хаця менавіта Бога, можа, і не варта было яму прыпамінаць. Перад Богам капітан Гусакоў быў грэшпы яшчэ з даваенных часоў, як яны, пагранічнікі, мацавалі савецкую ўладу ў мястэчку, дзе была іх пагранкамендатура.

Мястэчка тое было несамавітае паселішча пры возеры — некалькі брукаваных вуліцаў, аблепленых габрэйскімі халупамі, тры ці чатыры нарыхтоўчыя сельпоўскія крамкі, кузня і два вялікія дамы — школа ды пагранкамендатура, дзе другі год служыў Гусакоў. Мяжа праходзіла адразу ж за мястэчкам у лесе, для яе аховы там была збудавана новая пагранзастава на адзін пагранузвод. Але самым прыкметным збудаваннем у мястэчку была старадаўняя царква, купалы якой былі бачны здалёк — ці не з усяе акругі. Можа, нават і з таго боку, з-за мяжы, што ўжо было недапушчальна з меркаваньняў дзяржаўнай бяспекі. Царкву, канешне, у свой час зачынілі, папа арыштавалі, — тое было проста, за адну летнюю ноч. З царкоўнымі ж купаламі сталася горш — як было іх пабурыць? Тая справа дасталася лейтэнанту Гусакову з дзесяткам яго пагранічнікаў.

Поделиться с друзьями: