Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Шрифт:
Згледзеўшы тое, Хведар крута павярнуўся і пабег назад у лес. Усё ж, мусіць, ён яшчэ меў нейкую магчымасць, тыя толькі пераходзілі лагчынку. Пакуль яны паднімуцца па адхоне, увойдуць у лес… Не, ён адарвецца, ён не дасць ім дагнаць сябе. Толькі куды яму бегчы — во ў чым загвоздка. Злева Нядолішча і землякі-калгаснікі, ззаду гэтыя, што прыхалі, мабыць, з раёна. Усе апранутыя ў чорнае, не вясковае — значыць, з раёна. Кіраўніцтва і актыў. Яны ззаду. Справа ў яго ельнік і далей багністая Багавізна, там не пройдзеш. Няўжо спераду яму пакінулі выйсце? Там, дзе бульбянішча, дзе ён учора сустрэў дзеда з каровай. Няўжо там нікога няма? Гэта была б удача, толькі б паспець дабегчы туды. Добра, што яго яшчэ не ўбачылі, раней убачыў ён сам. Тое давала шанец. Толькі б не здрадзілі ногі. Усё ж бегчы яму было трудна, сіпата зацінала грудзі, у роце набралася гаркоты, якую ён не мог выплюнуць. Плечы і грудзі
Ужо з’явілася спадзяванне, што ён як-небудзь выкруціцца. Усё ж яго ніхто з іх не бачыў. Ад задніх ён, мабыць, адарваўся, а тыя збоку, ад вёскі, мабыць яшчэ толькі ступілі ў лес. А можа, яны яшчэ чакаюць на ўзмежку. Яму б толькі дабегчы да бульбянішча, а там бы ён вырваўся з гэтага лесу.
Але бегчы ўжо не ставала сілы, і ён, спатыкаючыся, марудліва тупаў па травяным доле. Увесь час азіраўся — ці не пагналіся? Здаецца, яшчэ не гналіся. Але ў тым кірунку, ад гасцінца, пачуліся галасы — мабыць, там ужо пайшлі па ягоных слядах. Галасы, галёканне рабілася мацнейшымі, во забрахаў і сабака. Але не ўчарашні вясковы — гэта быў рык дужага, пароднага пса. Хведар пабег зноў — цяжка, знясілена, страхавіта, штораз азіраючыся. Пільнасць яго і ўвага цяпер былі да таго, што адбываецца ззаду. Ён празяваў нейкі момант, калі трэба было зірнуць наперад, і за кустом ядлоўцу ледзь не сутыкнуўся з зайцам. Чымсь спуджаны, той сігануў насустрач, а як згледзеў яго, шырока скочыў убок і праз хмызняк падросту спалохана кінуўся назад, адкуль бег. Таксама няма спакою, коратка падумаў Хведар і тут жа спыніўся. Там, куды паскакаў заяц, зблізку пачулася:
— Стой! Стрелять буду!
— Куды ты — стрелять! Это же заяц…
І там засмяяліся — бесклапотным хлапечым смехам.
Хведар насцярожана выцяг з каўняра шыю, наперадзе, куды ён імкнуўся, у жаўтлявым лісці падросту мільганулі дзве зялёныя шапкі, нехта ціха гукнуў да іх зводдаль, і яны стаіліся. Хведар зразумеў: хлях яму і туды адрэзаны. Відаць, з гэтага боку, ад бульбянішча, загон рабілі чырвонаармейцы-пагранічнікі. Іхняя застава была недалёка, пад суседнім лесам. Але ж чаму — і пагаранічнікі? Што ён, які шпіён ці шкоднік? Ці ён уцёк з турмы, дзе сядзеў за якое злачынства? Ён прыйшоў у свой родны кут, дзе нарадзіўся, жыў. Дзе нарадзіліся і аджылі ўсе яго продкі. Чаму — пагранічнікі?
Мусіць, аднак, ён горшы за шпіёна. Бо таго ловяць адны пагранічнікі, а яго апроч тых яшчэ і два загоны — з вёскі і з раёна. А божа ж мой, во дык воўк. Во дык дзікун…
Усё ж шчасце яго было ў тым, што ні з аднаго з трох загонаў яго пакуль што не заўважылі — ён іх заўважыў першы. Але ці доўга яму будзе так шэнціць? Мабыць жа, згледзяць і яго. Што ж ён, які невідзімка? Праўда, ён ведаў гэты Казённы лес і цяміў, у які бок сунуцца. Але ж і яны, мабыць, таксама ведалі лес, ужо яго аднавяскоўцы напэўна, думаў Хведар. Цяпер ён бег невядома куды, мабыць у чацвёрты бок, дзе не было выйсця. У чацвёртым баку быў тупік, лясны край — Багавізна. Там дрыгва, багна, віры, улетку туды не сунешся. Туды і звер не ходзіць, не тое што чалавек. Да самых маразоў там патоп і пагібель.
Але куды ж яму дзецца?
Ён ужо не бег — ён плёўся між змрочнага ельніку, па мяккім, набрынялым вільгаццю доле. І ўсё слухаў, што робіцца ззаду. Ззаду ваўсю гучалі галасы, хтось там галёкаў, адкрыта і загадна, гучна брахаў сабака. Мабыць, загоны сышліся, а яго ўпусцілі. А можа, яны вернуцца назад, на гасцінец і ў вёску, абнадзеена падумаў Хведар і стаіўся за елкай. Хоць бы далі аддыхацца, а то знямоглая гаркота раздзірала грудзі…
Аддыхацца, аднак, не далі.
Яны ўжо былі недзе блізка, убачыць іх яму заміналі дрэвы. Зрэшты, як і ім яго, мабыць, таксама. Але ён пачуў ажывелыя вокрыкі зводдаль: «Глядзі, след!» — і зразумеў, што яны пайшлі наўздагон. І што яму ад іх не ўцячы. Іх некалькі дзесяткаў, жыхароў і чырвонаармейцаў, яны абклалі лес з трох бакоў. А ён перад імі адзін. І ён ушчэнт змораны. І ўжо не ведае, куды бегчы і дзе хавацца. Ён толькі бяжыць. Мабыць, апошнія свае крокі. І тут ён убачыў перад сабой у ельніку хуткае мільганне ў доле — то ўцякаў-ратаваўся заяц. Спярша
бег ад чырвонаармейцаў, а цяпер, мабыць, ад яго, Хведара. Але нашто ад яго? Ён сам цяпер быў у становішчы зайца. Мо нават горшым, бо заяц, напэўна, яшчэ ўратуецца…«Людцы, завошта вы так? — гучала ў ім нутраным роспачным шэптам. — Што я зрабіў кепскае вам? Што — малатарню?.. Дык тады ж дзякавалі па шчырасці, здаецца. Ці ж я хацеў каму кепскага? Ці сабе многа ўзяў? Я ж аддаў ўсё вам — бярыце. Толькі завошта ж мяне так люта? Людцы, адумайцеся!..»
Аднак ніхто не адумваўся — яго гналі, як гоняць воўка на адмысловым паляванні. А ён усё чакаў, што нехта там стане і скажа: «Пастойце, братцы! Што ж гэта мы…»
Не стаў, не сказаў, і яго гналі далей.
— Роўба, стой!!!
Ну вось, нарэшце…
За ўвесь час недарэчных сваіх уцёкаў Хведар чакаў гэтага вокрыку ўдзень і ўначы, і ўсё роўна цяпер ён прагучаў знянацку і страшна. Хведар не адразу азірнуўся — там ззаду, між елак, ужо мільгалі цёмныя постаці, сваіх ці чырвонаармейцаў — ён не разглядзеў нават. Галоўнае ён сцяміў: яго ўбачылі. Але ўжо і бегчы рабілася неяк, мабыць, ягоны маршрут канчаўся. Неверагодна дзівосны маршрут — праз тысячу вёрст да роднай зямлі. Аднак жа няласкава яна сустрэла яго, родная яго зямелька. Не ды бог з ёй, чаго было чакаць лепшага. Такі яго лёс! Пракляты лёс, які наканаваў яму ў такі час нарадзіцца селянінам.
Скончыўся змрочны ельнік, і за кустоўем лазняку ўсчыналася дрыгвяністая імшарына. Не спыняючыся, бегма ён сунуўся туды. Мяккі таўшчэзны пласт моху зазыбаўся пад нагамі, пасля ногі правальваліся да каленяў у чорную хлюпкую гразь. Далей ісці, мабыць, было вар’яцтвам. Але што для яго не было вар’яцтвам? Наперадзе трымцела на ветры клочча асакі, аеру, буялі ад берага лазняковыя купіны, і між імі блішчэлі чорныя вокны прадонняў; там усчыналася Багавізна. Ён, аднак, не спыняўся — з роспачным намаганнем выдзіраючы з твані свае пасталы, дабрыў да лазняку і пралез між кустоўя. Тут ужо брыў да пояса ў багне, рассоўваючы целам раску, упарта лез усё далей, пакуль ногі мелі нейкае апірышча ў тваністым, перавітым карэннем доле. Хутка, аднак, дол знік пад нагамі, знянацку Хведар шуснуў з галавою ў густую багністую прорву, аднак усё ж вынырнуў, згубіўшы з галавы шапку. Каб не захлынуцца канчаткова, ухапіўся аднаруч за нейкі слізкі корань з суседняй купіны. Увесь ён быў у багне, толькі галава яшчэ вытыркалася на паверхню. Смярдзючая вада цякла з носа, сцюдзёныя яе абдымкі скавалі ягонае цела, ногі скруцянелі ад сутаргаў, і ён дробненька, з перапынкамі дыхаў.
Ззаду на цвёрдым беразе за імшарынай гучала галасістая гамана, брахаў сабака, мабыць, там сышліся загоншчыкі. Ці яны згубілі яго, ці баяліся лезці ў сцюдзёную, смярдзючую твань? Ён добра чуў тут іх устрывожаныя галасы: «Во, туды пабег…» — «У твані ён!» — «Глядзі, куды сунуўся! Ах ты маць часная!» — «Вылезе, нідзе не дзенецца кулацкая морда!»…
«Не, ужо не вылезу!» — з панылай злосцю сказаў ён сабе ў думках, гойдаючы целам застаялую раску на твані. Яго тут трохі хавалі ад берага купіны і лазняк. А галоўнае — тыя, на беразе, мабыць, не надта імкнуліся ў багну, мабыць жа, ведалі, што дна ў ёй няма. І ён гэта ведаў. Колькі разоў, бывала, са страхам глядзеў здаля на лазняковы прасцяг бяздоннае багны, якую заўжды акуратна абыходзіла жывёла. Цяпер ён сядзеў у ёй. І, мусіць, шляху назад не было.
Ад сцюжы ў вадзе дубянелі рукі і асабліва ногі, усё ўнутры ў яго сцялося ў тугі, хваравіты вузел — каб толькі стрываць. Але, мабыць, доўга трываць тут не прыйдзецца, усё ўжо канчалася. Трошкі, аднак, не хапала рашучасці. Варта было выпусціць з рук той корань ад купіны, як ён бы адразу пайшоў у бездань. Цяжкая суконная паддзёўка ўладна цягнула ўніз, пасталы зрабіліся, мабыць, пудовымі і таксама цягнулі за ногі. Але ён трымаўся, немаведама на што спадзеючыся, і часта дробненька дыхаў, бы рыбіна, выкінутая на пясок.
— Роўба, вылазь!
— Вылазь па-добраму. А то…
— Грамадзянін Роўба, ад ліца Савецкай улады папярэджваю…
Яны там крычалі, а ён ужо мала і слухаў. Усё роўна вылезці адсюль ён не мог. Ды не надта і хацеў. Ён толькі марудзіў. Дарма, аднак, марудзіў. Недзе зблізку, за лазняком, пачулася:
— Штось не відаць тут…
— Ды там. След во ў дрыгве…
«О, людзі, людзі! За што ж вы так?.. Людзі…»
Аднак яны ўжо лезуць. Хведар трохі пасунуўся ў твані, гайдануўшы раску, павярнуў за купінай галаву. Дзве постаці ў асацэ, высока ставячы ногі, памалу прабіраліся да яго прадоння. У руках аднаго матлянуўся даўгі шост-палка — ці не збіраліся яны выганяць яго з твані? Ён бачыў іхнія галовы ў кепках, іх саміх да пояса. Гэта былі незнаёмыя хлопцы, мабыць, камсамольцы з раёна. Недзе за кустамі паблізу басавіта брахаў сабака, але ў ваду, здаецца, не лез.