Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Усё Гітлер пракляты.

— Гітлер, канечне. Але й другія ня лепшыя, — ціха сказала Франя і змоўкла.

Ну, вядома, ня лепшыя, усе гэтыя гаўляйтары і генэралы, Герынгі і Гебэльсы. Пагубілі столькі людзей, разбурылі Эўропу. Але цяпер хутка ўжо ім канец, нарэшце Эўропа вызваліцца ад гэтага крывапіўца, ці ж гэта ня радасьць? Так, прыкладна, я запярэчыў на Франін пэсымізм, і яна, памаўчаўшы, сьціпла зазначыла:

— Радасьць. Аднак не безаглядная, — сказала яна і неяк прабачліва ўсьміхнулася, бурачы невялічкую нязгоду між намі. Дзіва, аднак, што можа міжвольная жаночая ўсьмешка, ды яшчэ дзяўчыны, якая табе падабаецца. Але на зьмену прыемнай лагодзе ў мяне мільганула дзікаватая думка.

— А ў тваіх гаспадароў сын ёсьць?

— Быў, — проста сказала яна.

— I?..

— I

сплыў, — напаўжартам скончыла Франя, здаецца, адразу адчуўшы маю падазронасьць. — Летась загінуў у Прусіі.

Тое яна гаварыла лёгка, бяз клопату, але мне пачулася некаторая фальшывінка тае яе лёгкасьці, і я маўчаў.

— Прыслалі паведамленьне, ягоныя дакумэнты, лісты. I нумар магілы. А што вас тое зацікавіла?

— Ды так.

— Старыя дужа перажывалі. Фраў Сабіну было аж паралізавала — інсульт. Ледзьве адыйшла. Цяпер ходзіць з кіёчкам. Радню, якая была, разбамбілі ў Гамбургу. Нікога не засталося. Пляменьніца памерла во ў гэтым горадзе, дык ад яе катэдж дастаўся. Думалі дасядзець тут да канца вайны. Аж вайна і сюды дакацілася.

Яна сканчала зашываць маё добра-такі расшкуматанае рукаво, на якое не хапіла адной ніткі, і Франя ўзялася сучыць другую. Усё тое рабіла з дакладным спрытам, і я зь любасьцю назіраў за даўно ня бачаным жаночым клопатам. Яе нядаўняе страхавітае напружаньне таксама, здаецца, мінулася. Ці можа, мне толькі здавалася тое.

— Вайна скончылася, але… Замест немцаў тут жа заваладараць рускія. Старыя дужа перажываюць…

— Во як! Гэта чаму ж?

Схіліўшы галоўку над шытвом, Франя коратка цепнула плечуком, нібы кажучы тым: хто іх ведае? Я таксама ня ведаў. Усё сказанае ёю было для мяне нязвыклае і нечаканае, унутрана я не пагаджаўся, але і ня ведаў, як запярэчыць. Мусіць, тое адчувала і Франя і, каб зьняць мой невыразны клопат, сказала:

— Ай, ня будзем пра тое.

Хай ня будзем, я не пярэчыў. Тое цяпер мяне меней за ўсё цікавіла, мяне вабіла гэта дзяўчо, і я міжволі імкнуўся толькі да гарэзьлівай вольнасьці нашых адносінаў. Хацелася жартаваць, але ўсё не выпадала здатнага для таго моманту ці настрою. Усё ж над намі вісела вайна.

Не пасьпела, аднак, Франя дашыць маё рукаво, як прачынілася палавінка дзьвярэй, і ў вэстыбюль зазірнуў белабрысы твар Кананка.

— Таварыш лейтэнант…

Па ягоным устрывожаным голасе я зразумеў, што там нешта здарылася, і ў адной сподняй сарочцы выскачыў на падворак. На агнявой быццам усё было як заўжды, але насупраць на дарозе стаяў незнаёмы, бяз тэнту «додж», і ад яго наўпрасткі цераз пустку кіравала сюды група вайскоўцаў. Наперадзе крочыў рослы, плячысты чалавек быццам бяз зброі (ці, можа, зь пісталетам на баку), за ім яшчэ трое — два, відаць было, з кароценькімі аўтаматамі ППС. Яны ўразброд, неяк з маўкліваю пільнасьцю набліжаліся да мастка. Я насьцярожана падаўся да брамкі насустрач.

— Ты хто? — запытаў пярэдні, спыняючыся перад зачыненай брамкай. На ягоных плячах былі ўсяго толькі пагоны старшыны, і ў мяне трохі апала трывога.

— А ты сам хто? — як мага спакайней запытаўся я. Замест адказу старшына вызьверыўся мэталічным голасам:

— Хто займае асабняк?

— Ну, я займаю.

— Асвабадзіць нямедленна! — голас яго стаў зусім свалачны. — Я з разьведроты гвардзейскай арміі.

— Другі пашукайце! — з раптоўнай рашучасьцю выпаліў я. — Тут процітанкавы полк.

— Які яшчэ полк! — старшына лёгка пераскочыў цераз брамку.

— Стой! — крыкнуў я, раптам пашкадаваўшы, што пакінуў свой пісталет у вэстыбюлі. Тады я выхапіў аўтамат у Кананка, які сьцішана стаяў ззаду. — Стой!!!

Старшына, і праўда спыніўся, утаропіўшы ў мяне зласьлівы позірк. Пасьля азірнуўся назад, дзе за брамкай напагатоў стаялі яго памагатыя. Тыя, здаецца, таксама браліся за зброю.

— Ты што! Пад трыбунал захацеў? — пагрозьліва прарычэў ён, варухнуўшы жаўлакамі на цьвёрдым, сьвежа паголеным твары. Але за свой «парабэлум», што вісеў на ягоным сьцягне, пакуль не хапаўся.

Хвіліну мы стаялі так, адзін супраць аднаго, — я з нарыхтаваным для стральбы аўтаматам, а ён, мабыць, набіраючыся рашучасьці для апошняга кроку. Але ўсё ж штосьці замінала яму ў той ягонай рашучасьці. Пасьля ён азірнуўся, але не на сваіх прымоўклых сяброў за брамкай, а на

прасьцяг за рачулкай, і згледзеў там маіх артылерыстаў.

— Твае?

— Мае.

Так, мае артылерысты, мабыць, мала што разумеючы з таго, што тут адбывалася, аднак, з прыкметнай увагай узіраліся сюды з агнявой, і тое, здаецца, пахіснула набрынялую рашучасьць старшыны.

— Ладна, — вымавіў ён болей спакойна і, перш чым пераскочыць назад цераз брамку, прыгразіў: — Горка пашкадуеш, мудак!

Не вяртаючыся назад цераз масток, яны хуткім крокам скіравалі кудысь па гэтым беразе, — мабыць, да іншых ускраінных будовак. Я аддаў аўтамат Кананку і вярнуўся ў катэдж.

Не сказаць, што гэтая сутычка далася мне лёгка, без хваляваньня. Ведаў, тое мне, мабыць, проста не абыдзецца, яшчэ можа быць ліха. Адчуваў, што гэта ня так сабе, не выпадкова, штосьці тут усунулася тайнае і малапрыемнае. Ці не пашчыраваў тут наш санінструктар, іначай чаму б яны скіравалі адразу да гэтага катэджа? Ужо пэўна не таму, што ён тут самы прыгожы? Што ў іх там, у тыле, мала здатных, прыгожых будовак для разьведроты гвардзейскай арміі? Ды і ці для разьведроты яны рупіліся?

З дрыготкіх рук прымоўклае Франі я ўзяў сваю гімнасьцёрку, моўчкі надзеў цераз галаву. Франя чамусь ні пра што не пыталася, — мабыць, і бяз роспыту адчувала, што здарылася на падворку, і на яе азмрочаным тварыку прадаўжаў трымцець спалох.

— Ня бойся, — сказаў я, падпярэзваючыся. — Мы абаронім.

— Дзякуй вам, — ціхенька адказала дзяўчына.

— I гэта… Заві мяне на ты. Добра?

— Добра, Міця.

Усё ж я задоўжыўся на гасьцях, нельга было так доўга адсутнічаць на агнявой. Хоць навакол было ціха, але трывога магла ўзьнікнуць кожнай хвіліны. Зноў жа камбат там, мабыць, ужо неаднойчы тэлефанаваў Муху, патрабаваў узводнага. Мядзьведзеў, канечне, выручыць, як звычайна, скажа, што лейтэнант пайшоў у другі разьлік, дзе не было тэлефону. Але ўсё ж не на паўдня ён пайшоў у той разьлік.

— Я вярнуся, — сказаў я Франі, якая, не выходзячы на ганак, стаяла ў расчыненых дзьвярах. — Нікога не пушчайце!

На агнявой, аднак, усё было як заўжды, калі не было абстрэлу. Наводчык Сьцяпанаў дыміў сваёй махоркай; гультаяваты Атрошчанка ляжаў дагары на бруствэры, зьвесіўшы на пляцоўку даўгія ногі ў шырокіх трафэйных ботах. Малады Скібаў дзёўбаў пад сашніком рыдлёўкай — каб павялічыць радыюс абстрэлу гарматы. Ягонай лянівай працай прыдзірліва кіраваў камандзір Мядзьведзеў, што сядзеў насупраць на станіне.

— Глыбей, глыбей вазьмі. А то як дасьць на адкаце — наводчыку сіняк і пасадзіць. Абед вам, лейтэнант, у кацялку на скрынцы, — сказаў ён да мяне. — На двух з Кананком.

— Еш, Кананок, я ня буду.

Мне было не да абеду. Адчуваў, каньячны хмель яшчэ не мінуўся, як не мінулася ўзрушэньне ад нядаўняй малапрыемнай сутычкі. Адкрыты «додж» кудысь зьнік з дарогі, і я не заўважыў, куды. Ці яны, можа, зьехалі зусім, ці шарылі дзе паблізу. Маглі зноў налезьці на той асабняк. I я ўвесь час пазіраў туды, хаця й ня ведаў, што зрабіў бы, калі б убачыў іх там. Я сказаў Франі не пушчаць, але разумеў, што магчымасьці яе ў тым надта абмежаваныя. Калі гэтыя захочуць, іх не спыніць і танку. Што ім гэты катэдж! У мяне ўжо была падобная сустрэча, праўда, ня тут — ва Ўгоршчыне, ля Балатону, у адным графскім маёнтку, які мы занялі надвячоркам. Толькі ўлезьлі з-пад дажджу пагрэцца на ноч, як на падворак укацілася некалькі «студэбэкераў», і такія во хлопчыкі з аўтаматамі пачалі нас выкурваць. Маўляў, вымятайцеся, тут будзе ўправа гвардыі палкоўніка Маляванага. Хоць на самой справе таму палкоўніку спатрэбіліся зусім не халодныя графскія пакоі з партрэтамі продкаў на сьценах, а хутчэй сутарэньні пад імі, дзе было што-нішто зь пітнога. I закусі. Як яны нас вытурылі ў поле, дык пасьля да раніцы гаспадарылі там, а на золаку, пакуль не пачаўся бой, тыя «студэбэкеры», цяжка валюхаючы па калдобінах, павезьлі іхныя трафэі. А мы толькі ляскалі зубамі, седзячы ў мокрай пасадцы пры дарозе. Ну але там быў камбат, ён прымаў рашэньне застацца ці ўступіць. Вырашыў уступіць, можа, і правільна — таньней абыйшлося. Бо што б мы зрабілі з тою п’яною хэўрай, надзеленай уладай высокага начальства? Тут жа камбат далёка, рашэньне належала прымаць мне. Во я і прыняў. Цяпер буду чакаць наступства.

Поделиться с друзьями: