Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Подыхі продкаў

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Ад базедавай хваробы ў яго былі дзікія і лютыя вочы, ад ураджонай акасцянеласці шыйных пазванкоў — ганарлівая пасадка галавы. Ён не мог яе апусціць, а калі трэба было — ён нахіляў яе разам з тулавам, як воўк.

Таму яго з дзяцінства лічылі ганарлівым, і ён сам звык лічыць сябе такім, і жорсткасць яго стала пачэ меры цярпення чалавечага.

Ад маці-палаўчанкі яго дзікія вочы мелі касы разрэз, і ён сумаваў па стэпах, дзе імчаць шалёным намётам гарбаносыя дзікія коні.

Але ён сціскаў сэрца, бо ён быў уладаром. Толькі ханская жорсткасць прыжывалася паўсюль, і таму нават тут пачалі ламаць хрыбтавіны. І ён не прыдбаў сабе сяброў вялікім і мудрым жыццём.

Кусцік

палыну пад маімі нагамі, нашчадак таго, які нюхаў ён. Трава — емшан, што серабрыцца ў стэпах палавецкіх.

Сарві яе.

А потым трапяткі агонь паходні і чалавек з барвяным тварам, з папярочнай, успухлай жылай на лобе, нечалавечай сілай адбіваецца ад шасцёх змоўшчыкаў з мячамі і дзідамі, раскідвае іх і рыкае, як паранены леў, а яны зноў і зноў кідаюцца на яго, шматуюць, цягнуцца за ім па падлозе.

Вырваўся, бяжыць, мітусяцца па скляпеннях, размаляваных травамі, калматыя цені. Сплываючы крывёй, ён бяжыць, і ногі заносяць яго ў бакі, як п'янага. Наперадзе паратунак, але ён страціў сілы і розум, свісцячае дыханне вырываецца з вуснаў, ногі яго ведаюць толькі, што ўніз бяжаць лягчэй, і ён збочвае, бяжыць па вінтавых каменных сходах. Праз вузкія вокны ў шырокіх нішах, перамяжаючыся з пыльнай цемрай, склізгоча па яго твары святло зорак. З інстынктам зайца, які хоча схаваць галаву, чалавек шукае нары.

Многа стагоддзяў пасля другі ўладар, кірпаты, хаваецца ад крылатага жаху ў камін.

Гэты забіваецца ў нішу акна.

Чуюцца крокі, якія… вось-вось, здаецца, пайшлі далей. Не — бліжэй.

— Тут ён!

Страшны крык абуджае мяне.

Я іду яго шляхам, бачу на сценах роспіс, што перадае яго апошні бег, спускаюся па сцёртых прыступках і бачу ў пыльнай нішы, дзе яго дабілі, два цёплых, ружаватых галубіных яйкі.

Калі мы зноў выходзім на траву, я амаль хістаюся. Нервы цэлы дзень так напружаны, што не вытрымліваюць яшчэ і гэтага, здаюцца.

Я адчуваю сябе няздольным нешта ўспрымаць, аб нечым думаць, штосьці любіць. Адбылося нешта падобнае таму, калі б ты пабачыў чалавека, задаўленага аўтамабілем, тое, што медыкі-псіхолагі называюць заразай смерці.

У такім стане нельга жыць: пад скурай самага лепшага твару ясна бачыцца чэрап, дасканалыя формы чалавечага цела, гладкія мускулы, складанейшыя нервы, прыгожая, цёплых колераў скура — усё толькі дзеля таго, каб прыкрыць шкілет.

Нешта шчыміць і варочаецца ў горле. Адразу ўспамінаецца, што Хранос жэр уласных дзяцей, што дзевяць дзесятых чалавецтва за ўсю яго гісторыю знішчана братамі, што на месцы Кіева пасля татар трыста год раслі дрэвы, што заўсёды з зайздроснай настойлівасцю людзі знішчалі лепшых сваіх сяброў і працягваюць паспяхова рабіць гэта.

Ці варта жыць, калі паходзіш ад такіх?

Усё жыццё чалавек рабіў глупствы. Замест таго каб аддаваць жэмчуг жывым, ён апраўляў ім вокладкі цяжкіх мудрых кніг, якіх не чыталі простыя. І жэмчуг выглядаў на іх рыбінай луской і кукурузным зернем. А жэмчуг прыгожы толькі на чалавечай скуры, напоены яе цеплынёй. Адзіная з каштоўнасцяў, ён тады і толькі тады ззяе ружовым і серабрыста-гарачым.

Таму, што імя яму — чалавечнасць.

Мы ледзь цягнем ногі, цягнем толькі таму, што трэба яшчэ пабачыць царкву Пакрава на Нерлі [2] . І нам зусім не хочацца гэтага, але ногі ідуць аўтаматычна. Трэба ж ім кудысьці ісці.

2

Царква Пакрава на рацэ Нерлі — шэдэўр старажытнарускага зодчаства часоў Уладзімірскага княства.

Іржавыя

цыстэрны ля чыгуначнага палатна, бруд на схіле, бетонныя трубы, матляецца на ветры бялізна — неарэалістычны пейзаж.

Хто ж ты ёсць, чалавек?

Цьмянае сонца выплывае з-за хмар. З маста над галавою падаюць іржавыя кроплі. Мінаем яго, і ўздых, як у дзіцёнка пасля слёз, шырыць лёгкія.

Бязмежныя-бязмежныя лугі з лесам на краі вакаёма ляжаць перад намі. Іх нявечыць высакавольтная лінія, іх нявечыць нейкая слабада ўдалечыні, справа, але гусцее іхняя трава як і ў тыя часы, калі выязджалі сюды на паляванне з празрыстым гукам рагоў і сакаліным палётам.

Трава зялёная, як у "Паўночнай ідыліі", кураслеп рассыпаў па ёй сваё тлустае золата, і маленькія браткі падміргваюць нам сінімі вачыма. Але не гэта галоўнае. Там, на краі лугоў, зліўшыся з гэтым, молада-зялёным і залатым, уросшы ў гэты просты пейзаж, бачны стройны-стройны белы прамакутнічак са сціплым зялёным купалком.

Мы мімаволі паскорылі крокі. Яна плыве да нас, адрываючыся ад зямлі, як кветка, раскрытая небу, як неапалімая купіна, палаючая белым агнём.

Там-сям купы ліп падступаюць да яе. І вось бліжэй, і вось бачная ўжо сухая бяроза, што схіляецца над старыцай.

Пэўна, нехта заўважыў нас маленькімі мурашкамі ў лугах і проста, як у свой дом, адчыніў нам дзверы. Быццам сама яна даверліва адчынілася нам.

Два вузкія перашыйкі паміж Нерлю і старыцаю вядуць да яе, і ў яснай, бы сляза, вадзе старыцы напалову плаваюць спарахнелыя, цалкам падобныя на старажытныя, чаўны.

Простая, стройная, дасканалая на дасканалай зямлі, яна чакае нас, і вакол ні душы, быццам яна сама вырасла з гэтых лугоў і зажурылася, стаіць над княжычам, што загінуў тут на паляванні восем стагоддзяў таму.

О, пяшчотная мая!

Я, чэрствы і грубы, не верыў, што можна плакаць, гледзячы на каменні. Я веру ў гэта цяпер. Птушкай узаўюся перад табою, Сірынам заспяваю, закрыўшы вочы, між маладых, гусіна-пушыстых дрэў, Феніксам згару і ўваскрэсну з попелу.

Нічога няма ўнутры: чыстыя белыя сцены, цішыня, святло, якое падае невядома адкуль, квадратны алтарны камень. Ніякіх упрыгожванняў, толькі львы з чалавечымі тварамі глядзяць з верхавін чатырох квадратных калон, і на вуснах іхніх застыла таямніча-сумная, лукавая і сонная, усеразумеючая ўсмешка. Я шукаў яе на перуанскіх масках і на егіпецкіх статуях, а адшукаў тут.

Пра што сняць яны?

Строгі халадок даходзіць да самага сэрца, снежнае святло выціскае вільгаць з вачэй.

Стану на пальчыкі, адарвуся ад зямлі, павольна палячу туды, пад купал, купаючыся ў слупах белага святла.

Куды знікла зараза смерці? Не, чалавек не звер на зямлі, калі можа ствараць такое. Стакрат варта паходзіць ад такіх продкаў і ўсім жыццём сваім імкнуцца стварыць нешта падобнае, наблізіцца да вечнай дасканаласці.

Усё паўторна на свеце, і толькі ты адна непаўторная. Тысячы разоў яшчэ будуць ліць кроў і крыўдзіць, але хто, хто наважыцца пырснуць барвянай чалавечай крывёй на гэтыя белыя каменні, запэцкаць тваю белую нявіннасць і чысціню?!

Я малюся невядома каму, і зноў мы пераходзім парог і бачым бязмежныя залатыя лугі. І я доўга-доўга стаю і гляджу на яе здалёк.

Песня, песня з лугоў.

І здарылася дзіва. Быццам нябачны град явіў позіркам адзінае, самае дасканалае сваё стварэнне, схаваўшы ўсё астатняе.

І ззялі вакол лугі, і вясёлка абаперлася пятою ў ваду ля царквы, запрашаючы цуда ўзысці на аблокі і явіць сябе ўсім людзям.

Не, продкі не адышлі. Яны тут і заўсёды прабудуць тут: як песня, якую мы атрымалі ад іх, як іхнія радасць і боль.

123
Поделиться с друзьями: