Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пошукi будучынi
Шрифт:

– Ну, адзiн любiць родную зямлю грызцi, а другi на чужой старане пiрагi есцi.

– Чужая старана пiрагамi не накормiць, калi ёй свае душы не аддасi. А я сваю душу магу аддаць толькi таму, хто мяне на свет пусцiў. Я гэта ведаю, бо даволi перахварэў па ўсiм тым, чаго ад сэрца не адарвеш... Калi я жыць буду ў родным месцы, дык я не дапушчу, каб на iм было гола i пуста... А Божа мой...

Карчмар даўно ўжо драмаў седзячы, пасля выйшаў у бакоўку, а Нявада ўсё яшчэ гаварыў пра родны кут, пра Волечку, пра шыпшыну. Гаворка яго скончылася шэптам i дрымотай, пасля яго паклiкалi есцi, а пасля ён спаў на ляжанцы i мусiць вельмi доўга, бо калi ён прахапiўся ад вялiкага смутку па малой Волечцы, было цёмна i цiха, толькi роўна шумеў за вокнамi на гасцiнцы вецер. Праз вокны вiдны былi на небе рэдкiя зоры.

– Божа мой... Волечка...
– прагаварыў сам сабе гэты змучаны i душой i целам чалавек, азiраючыся па карчомнай хаце, - i зоры свецяць, i вецер на гасцiнцы спявае... i мусiць сярпок месяца яшчэ ёсць... А каб не вецер - на гасцiнцы цiхата была б. Ну, у дарогу!

Ох, як даўно ўжо гэты чалавек не глядзеў на зоры над сваёй роднай зямлёй! Сэрца яго бiлася моцна, калi ён усцягваў на сябе сваю сабраную з усяго свету адзежу, пасля хадзiў у кухню мыцца, пасля выцiраўся тым, што было ўчора павязана ў яго на галаве пад шапкай. Ён у цiхiм парыве рухава збiраўся ў дарогу. I сапраўды серп месяца паднiмаўся над бярозай, за гасцiнцам. У бакоўцы Нявада сунуў руку пад коўдру соннаму карчмару i пайшоў да дзвярэй.

– Ацапеў ты, чалавеча, - абазваўся карчмар.
– Куды ты? Яшчэ ноч на дварэ. Удзень iсцi смялей. Тут каля гранiцы кожны пытацца будзе, а куды, а адкуль, а чаго. Ды яшчэ ўночы!

– Няхай пытае. Чаго мне баяцца. Я iду з чужыны дадому. Па роднай зямлi iду.

– Ты думаеш, што родная зямля козыр на ўвесь свет... Дык вазьмi хоць хлеба за пазуху

са стала.

Нявада хiстануўся да стала, адламаў хлеба i выйшаў з карчмы на гасцiнец. Якiя вялiкiя прасторы былi перад iм! Удзень усё было як бы сцiснута то познiм усходам сонца, то раннiм лiстападаўскiм змярканнем, то нежывым бляскам халоднага сонца. Нявада iшоў абочынай гасцiнца, адкуль увесь снег змяло ў прыдарожныя лагчыны. Вецер дзьмуў яму ў твар. Цёмныя iстужкi лясоў заўважалi яго вочы на даляглядах. Выйшаў ён з карчмы роўнай i шпаркай хадою, але ўжо можа праз кiламетр хада яго спавольнiлася, i ён пакiнуў разглядаць далягляды. Вочы глядзелi на сцежку пад ногi, i зноў ён ужо iшоў так, як i ўсе днi, пакуль не дайшоў да карчмы. Кожны крок наблiжаў яго да роднага кута, але - а цi не згубiўся гэты кут у гэтым, няхай сабе хоць i родным, прасторы? Можа яго стапталi чужынцы, якiя так многа тут хадзiлi? А можа трэба будзе пачынаць жыць спачатку? А можа малое Волечкi жывое няма? А можа ўжо тут няма нiчога, за што так трымалася душа? Якое тады гора будзе чалавеку на ўсё жыццё! Зашарэла неба, i сонца ўзышло. Дарога паўзла вельмi марудна. Але крок зменьваўся крокам. Прайшоў i скончыўся дзень, прайшла i яшчэ ноч у прыдарожнай хаце. I зноў iшоў дзень, i паўзла дарога. Другiя гэта былi цi трэцiя суткi пасля карчмы? Надвор'е змякчэла, схмурнела, i вецер ужо дзьмуў Няваду не ў твар, а ў плечы. Раптам вецер сцiх. Смутак ужо даўно перарабiўся ў роўнае забыццё. Нiводнай успышкi вострага пачуцця ўжо не з'яўлялася на твары. Але ў адным месцы дарогi чалавек стаў i пачаў углядацца ў прастору. Ледзь пратаптаная сцежка вяла з дарогi ўбок. Чалавек узышоў на яе, i твар яго адразу ажывiўся. Сцежка прывяла яго да палявой дарогi, i ён пайшоў па ёй. Неўзабаве ён дайшоў да густога зараснiку шыпшыны i стаў перад iм. У моманты вялiкiх душэўных зрухаў або напружанай змены падзей цi жыццёвых акалiчнасцей людзi i старыя робяцца як дзецi. Гэты чалавек цяпер, з дзiцячым выразам на твары, убачыў, што адзiн-адзiнюткi лiсток, скручаны ад холаду, аставаўся на шыпшыннiку. Ён не страцiў яшчэ жоўтага колеру. Чалавек сарваў лiсток, прыклаў яго да губ, i твар яго адразу пасуравеў, i ўвесь ён цвёрда выпрастаўся. Цвёрдай i роўнай хадой ён пайшоў далей. Адчувалася першае змярканне, калi перад iм вырысавалiся абрысы першых сумлiцкiх будынкаў. Хада яго зрабiлася вельмi шпаркай, i пячаць вялiкай напружанасцi думак лягла на твар. Углядаючыся перад сабой, як быццам баючыся ўбачыць штосьцi ўжо вядомае яму i да жудасцi страшнае, ён сцiшанай хадой падышоў да так вядомага яму ясеня на вулiцы. А крокаў за дзесяць ад ясеня родная хата. Цяпер яна ўжо струхлела яшчэ больш, як была. Не паспеў ён калiсьцi, iдучы на вайну, i брамы паднавiць. Дарэшты згнiла ўжо! Добра, на хату ён гляне пасля. Ён спачатку толькi заўважыць яе сiлуэт i будзе глядзець на браму. А пасля Божа! А можа i суджана яму такое шчасце: можа i Волечка жыва i здарова i, малая, адразу кiнецца да яго. З маўклiвым тварам ён стаў, як аслупянелы, перад брамаю. Яна была не толькi не гнiлая, але i не тая самая. На чэсаных слупох i з габляваных брускоў. I новая. Ну можа год як пастаўлена. Трывога кальнула яго: тут пахадзiла чужая рука. А можа гэта чыя лiтасць да малое Волечкi, i на дабро ўсё гэта? Сiлуэт хаты мiльгануўся збоку, але толькi цяпер ён глянуў на яе. Тая самая, i сапраўды больш патрухлела. Але як ён дагэтуль не заўважыў: сцiрта дошчак, чэсанае бярвенне - усё складзена паўз сцены. Тут нехта чужы гаспадарыць! Унь ля ганка i каменьчыкi тыя, якiмi ён вылажыў - як даўно ўжо!
– сцежку цераз двор, каб посуху хадзiць у дажджы. Але ўздоўж сцяны i тратуарчык з аполкаў. Ён стаяў i не смеў як бы рушыць далей. Ужо ён быў упэўнен, што Волечкi няма жывое. Дзiця не перажыла ўсяго, што адбывалася тут гэтымi гадамi. Ён стаяў i чакаў цуду. А можа яшчэ Волечка малая i выйдзе i кiнецца да яго. I цуд адбыўся. Цiха адчынiлiся сенечныя дзверы, i Волечка выйшла i стала на ганку, пiльна ўглядаючыся на чалавека, адзетага на здзiўленне ўсяму свету. Гэта Волечка! Тая самая. Як дзве кроплi вады падобная да нябожчыцы мацi. Тыя самыя рысы на твары, з якiм калiсьцi яна сядзела ў яго на руках. Але чаму яна не бяжыць подскакам яму насустрач, а стаiць, як анямелая, i не адрывае ад яго вачэй?! Яна высокая ростам, з пышнымi бландзiнiстымi валасамi, густа прычэсанымi пад хусцiнку. I сукенка на ёй стракатая, лёгенькая, i яна мерзне ў ёй, так стоячы. I пазнае i не пазнае яго. Твар яе так пiльна напружаны, i лоб моршчыцца. Карцiны пражытага маленства ўстаюць перад ёю.

– Татачка! Галубчык мой!

Як гэта ён так адчуваў, што яна якраз скажа так: сталая, паважная i павольная ў рухах. Дужымi сваiмi рукамi яна пацягнула яго да сябе:

"Я ўсё думала, думала... Ты жывы, родны мой!.. Не стой так, хадзем, хадзем..." Вялiкае, як навальнiца, шчасце ахапiла яго, i востры боль разануў яму сэрца: гэта ўжо не тая малая Волечка. Гэта моцны чалавек, апiрышча яму самому, а ён ужо не будзе трымаць на руках свае Волечкi, яна вырасла без яго. Хтосьцi злы адабраў ад яго яе маленства. Ён задушыў у сабе боль i разам з ёю ўвайшоў у хату.

– Бацька, бацька... прыйшоў!..
– крычала яна яшчэ з сянец камусьцi ў хату. I Нявада ўбачыў, як яму насустрач нясмела i спешна падняўся той, аб кiм ён i сам ужо здагадаўся, што ён ёсць, што ён iснуе. З гэтага моманту пачала ўцiхамiрвацца душа гэтага чалавека. Ён зноў пачаў цешыцца i з ясноты неба на захадзе сонца, i з таго, як вецер гнаў па двары саломiну. Змрокам таго дня ён пачаў абыходзiць увесь той родны кут, па якiм гэтулькi бедаваў: i сумлiцкiя вулiцы, i ўсе куткi свае сялiбы. Ужо ўночы ён з гораччу ўспамiн пайшоў глянуць у куфар: там ляжаў матузок ад плацця, у якiм ён, ужо многа год таму, пахаваў сваю нябожчыцу. У тым жа плаццi яна ў сваёй маладосцi францiла. Ён адчуваў сябе так, быццам перахварэў цяжкую хваробу. Паставiў лямпу ў клецi на палiцу i падняў цяжкае куфарнае века. Адчынiў прыскрынак i зазiрнуў у яго. Спачатку ён стаяў з шырока расплюшчанымi вачыма, зусiм забыўшыся, чаго ён увайшоў сюды. Пасля, як адважыўшыся на рашучы ўчынак, ён згарнуў разам пярсцёнкi, гадзiннiкi, крыж i адхапiў назад руку, як ад агню. Не магло быць iншых думак, гэта чыстае золата. Гэта цуд нейкi! А каменнi на крыжы i на пярсцёнках - ён анiчога не разумеў у iх, каб яшчэ аддаваць iм увагу. Ён нават i не заўважыў, што на золаце яшчэ ёсць штосьцi. Асмелiўшыся, ён узяў першы гадзiннiк i адчынiў у iм вечка. Пакручваючы ў руках гэтую рэч, ён раптам заўважыў на ёй з сярэдзiны нейкi надпiс. Прыгнуўшыся, ён прачытаў выгравiраваныя лiтары: "Граф Палiводскi". Мiстычны жах агарнуў яго. Ён шпарка зачынiў куфар i яшчэ шпарчэй увайшоў у хату. Як бы з рашучым допытам ён падышоў да Волечкi:

– Дзе вы ўзялi гадзiннiкi i пярсцёнкi графа Палiводскага?!

– Гэта мне даў палонны немец Густаў Шрэдэр. Ён у нас у хаце хварэў, i я яго кармiла i даглядала. А калi ён ачуняў, ён так быў рад, што абнiмаў мяне i пацалаваў у галаву i паклаў на стол тыя гадзiннiкi. Мы з Кастусём не ведалi, што з iмi рабiць. Так яны i ляжаць нечапаныя.

Яму стала лягчэй на душы, i зусiм свядома ён з гэтага моманту стараўся забыцца на гэты дзiўны выпадак. Цяжка было, але яму ўдалося гэта як мае быць. Перш за ўсё - тут у яго не было прывычкi калi-небудзь думаць аб золаце i чапляцца душой за якое б там нi было багацце. Пасля - ужо з тых жа самых дзён, ён паглыбiўся ў шчасце жыць тут, дзе жыў з малых i маладых год, i займацца тым, да чаго праз усе апошнiя цяжкiя гады iмкнулася яго душа. Здавалася, што ён не заўважаў хады часу. Усё былое аддалялася ў вечнасць i ўжо здавалася сном. За кароткi час сышла з яго твару тая змучанасць, якую ён нёс сюды з свайго вандравання па чужой зямлi. I тыя чужацкiя неданоскi - i нямецкiя нагавiцы, i польская канфедэратка - ужо з'ядалiся моллю ў глухiм застрэшшы. За кароткi час ён ажыў. Выслухоўваючы ад Кастуся i Волькi сумнае апавяданне аб тым, як яны жылi тут, ён успрымаў яго як прошласць, якая ўжо больш не iснуе i iснаваць не будзе. I думкамi сваiмi не быў у мiнулым. Ён жыў тым, што было i iшлося. Так незаўважна прыйшла пара, калi з Кастусём яны скончылi новы дом, а калiсьцi пасаджаны Кастусём клянок даваў улетку ўжо вялiкi цень. I гэтак усё адно за адным, цiха i роўна. I толькi раз ён як бы страсянуўся ад нечаканай думкi: як бязлiтасна iмчыцца час! I колькi ён ужо адкiнуў назад усяго, што было i цяжкiм, i страшным! У тую хвiлiну ён больш як калi ўглядаўся ў сваю Волечку: рослая, мажная, шчырая сяброўка Кастуся Лукашэвiча, мала падобнага ўжо да таго выгнанскага хлопца, што хаваў тут свайго бацьку i вазiў хворага немца, яна стаяла раз пасярод двара ў задуме. Прыйшла пара i ёй аддаць жыццю самае вялiкае i важнае: яна была цяжарная. Нявада пачаў наглядаць за ёю i ўсё чакаў.

Хоць i даўно ўжо жылi ў новым доме, але ён меў прывычку часамi начаваць у старой хаце, пакуль яна яшчэ стаяла. У гэты час свайго жыцця, калi ён, як нiколi раней, не мучыўся вялiкiм клопатам i думкамi аб будучынi свае Волечкi, ён любiў адзiн у той хаце, у якой прайшло яго маленства, сустракаць дзень i праз акно бачыць, як папялеюць на небе зоры. У адну з такiх часiн ён адчуў усей сваей iстотай, што адбылася вялiкая падзея.

Быццам нейкая сiла адабрала ад яго спакой. Была восень, бадай-што такая самая пара, калi ён, тады, даўно iшоў па роднай зямлi, гасцiнцам, з чужацкага палону. Цiхая стаяла ранiца. Ледзь толькi развiднелася. Першая драбнюткая сняжынка ўпала яму на руку, калi ён падыходзiў да новага дома. I ў трывожным, i ў нецярплiвым чаканнi ён стаў на ганку i прыслухоўваўся да цiшынi, што панавала навокал дома i ў iм. Настаў момант, дзеля якога можа ён так сумаваў калiсьцi па сваёй Волечцы i аддаваў ёй сваю душу. Ён вельмi выразна пачуў з ганка, як у доме закрычала дзiця. Ён уздрыгануўся i стукаючы ботамi ўвайшоў у дом.

III

У тыя гады, а можа i пазней на якi год цi паўтара, у мясцовасцi далёкай ад Сумлiч, ад iх кiламетраў за сто, кiрункам памiж поўднем i ўсходам, з'явiўся нейкi невядомы нiкому Сымон Ракуцька, чалавек не першай маладосцi i з выгляду вельмi здаровы. А ўрэшце, у яго быў такi няпэўны выгляд, што цяжка было ўгадаць, колькi яму год. Магло быць i дваццаць шэсць, а можа i трыццаць пяць, калi не ўсе трыццаць сем. Ёсць сярод людзей такiя твары. Хада яго была цвёрдая, i на кожным кроку ён накiўваўся наперад, быццам на секунду ўгiнаўся. Той куток, куды ён явiўся, быў вельмi глухi. Ад чыгункi далёка, хоць, праўда, кiламетраў за дваццаць убок праходзiла старая Маскоўска-Варшаўская шаша. Але, як вядома, гэтая калiсьцi вельмi жывая дарога ў тыя часы ўжо даўно была ў глухiм заняпадзе. Расказвалi, што гэты Сымон Ракуцька, пакуль выбраць сабе для аселасцi месца, доўга выглядаў, дзе каб цiшэй i глушэй. Нарэшце ён асеў. Гэта быда мясцовасць, дзе павявала першымi адзнакамi Палесся. Нiхто не сказаў бы, што тут было палескага, але яно такi было - цi можа тое, што многа расло параскiданых усюды дубоў, цi неба мела густыя, як над Палессем, колеры, цi роўных нiзiн больш было, як крутых узгоркаў. Праз колькi першых год Сымон Ракуцька жыў ужо ў сваёй сялiбе. Тут цякла невялiкая рэчачка, поўная дробнай i сярэдняй рыбы. З таго боку за рэчкай было поле. Праз рэчку бярвенчатая кладка, як прайсцi двум адразу. Проста з кладкi праз вузкую палосу сухога тарфянага балота вiлася памiж куп'я сцежка, чорная i калючая. Яна выходзiла па палявую дарогу памiж гэтым тарфянiкам i зноў полем, роўным i з рэдкiм асiннiкам. Уласна кажучы, гэтая дарога, як праехаць з калясьмi, служыла вулiцай двум дзесяткам хат, пастаўленым у адзiн рад, вокнамi на тарфянiк цераз дарогу. Зусiм блiзка, па той бок рэчкi i поля, быў кiламетраў на дзесяць хвойны лес, i паўднёвы вецер гнаў сюды пах смалы. Паветра было, як лагодныя лекi, а краявiд - увасабленне цiхага хараства. Заход сонца быў тут нейкi незвычайны. Можа таму, што былi i лясы, але яны нейк не абмяжоўвалi даляглядаў, i "лясны прастор" увесь зiхацеў сонцам. I цiшыня. Самае важнае - глуш i цiшыня! Можна было падумаць, што гэты Ракуцька, явiўшыся сюды аднекуль вельмi здалёку, шукаў не зямлi i не хлеба, а толькi цiшынi. Колькi разоў чулi ад яго, калi ён гаварыў не тое, што каму, а сам сабе: "От жа цiхата, дзякуй Богу". Чалавек гэты быў дзiўны. Так, як нiхто, ён пiльнаваўся свайго гнязда, якое стала, хоць i марудна, складаў, саломiна за саломiнай. Падазравалi, што з iм нешта здарылася ў жыццi непрыемнае i, можа, нават цяжкае. Можа на яго ўпала была якая цяжкая навала, i ён ратаваўся, баранiўся, як мог, i, напэўна, усiмi спосабамi даводзiў, што ён справядлiвы чалавек i што пакутаваць не павiнен. Можа тут у яго i рэфлекс пэўны выпрацаваўся, бо казалi, што, як толькi ён прыйшоў сюды, адразу абышоў усе тутэйшыя i меншыя i большыя ўстановы i ўсё мясцовае начальства, пры гэтым не разбiраўся, хто з iх большы, а хто меншы, а з усiмi аднолькава гаварыў як самы вялiкi просьбiт. Вiдаць, навучан быў жыццём чалавек! А тым часам усяго i было таго, што ён хацеў выказаць: я чалавек i хачу жыць. Можа хто з яго i пасмяецца, можа хто i асудзiць. Але наўрад цi гэты "суддзя" сам здолее так рабiць з клёпак пасуду, паставiць хату, часаць гонту, змайстраваць колы, вырабiць зямлю, выгадаваць каня, угадаць за тыдзень наперад надвор'е, памагчы чалавеку ў бядзе i стрымаць слова, як гэта ўмеў Сымон Ракуцька. Кожнаму начальнiку цi таму, каго ён лiчыў за начальнiка, i ў райвыканкоме, i ў сельсавеце, i нават раз у канторы сельскай кааперацыi, Сымон Ракуцька перш за ўсё паказваў паперку, у якой было сказана, што гэты чалавек быў затрыман органамi ГПУ i выпушчан на волю i мае права жыць усюды, дзе толькi захоча, па ўсiм СССР, але толькi не ў пагранiчных з Польшчаю раёнах. Пасля гэтай свае паперкi ён з вялiкай адкрытасцю душы выказваў сваё жаданне ў форме просьбы: "Я хачу, каб дзе тут асесцi жыць". "Падай заяву ў сельсавет", - сказалi яму.

– Дзiва што падам! Адразу! Мне здаецца, што лепшага месца i на свеце няма, як тут. От жа мясцiна! А цiхата якая! Будзеш сабе жыць...

Колькi было таго клопату з той заявай! Можна сказаць з упэўненасцю, што ён у тысячу разоў лепш бы згадзiўся адзiн, сваiмi рукамi, паставiць вялiкi дом, як падаваць тую заяву. Ён раiўся з незнаёмымi людзьмi (знаёмых тут у яго не было). Некалькi разоў тую заяву яму прачытвалi, а ён слухаў i меркаваў - а цi ўсё хаця ўпiсана, што трэба. I вось нарэшце яму сказалi, каб ён сам сабе выбраў месца, з якога каб узяць сабе кавалак зямлi. Тут таксама без клопату не абышлося. Жартачкi? Гэта ж мо не парсюка прадаць або купiць! Гэта ж зямля! На ёй жа калi i не век векаваць, дык доўгiмi гадамi жыць! Ён пайшоў па людзях распытваць, дзе тут што i як расце. Дзе родзiць жыта, а дзе ячмень, а дзе бульба. I так выбраў сабе месца. Але тут гладкасцi адразу не было. Зямлi надзялялi на душы. А сям'i ў яго i было, што ён сам, адзiн. Ён бажыўся i кляўся, што ў яго ёсць жонка i двое дзяцей - сын i дачка, i нават казаў, што жонка завецца Ўльяна, сын Тамаш, а дачка Лiзавета, але яму на гэта адказвалi:

– То дзе ж яны? Ты ж адзiн.

– Мала што адзiн! Яны сюды явяцца да мяне! Яны мяне знойдуць!

Апошнiмi словамi ён якраз i прагаварыўся. Выходзiла, што каб прыйшла да яго сям'я, то яшчэ трэба, каб яна знайшла яго, значыцца, нi жонка, нi дзецi не ведаюць, дзе ён. А гэта не так сабе. Нешта ў гэтага чалавека ёсць такое, што ён адразу не выказвае.

– Дык як жа табе даваць зямлю на чатыры душы, калi ты адзiн i нават сказаць не хочаш, дзе твая сям'я i чаму яна не з табою разам. Можа, хiба ты што дрэннае зрабiў, ды казаць не хочаш?

Рад-няволя, а трэба было або сказаць праўду, або што добрае выдумаць. Але выдумляць не хацелася, i цяжка было, каб гладка ўсё iшлося. "А чаго ж мне праўды баяцца, ды яшчэ i добрае".
– Так думаў ён, i пакуль яму вымяралi i рэзалi зямлю на чатыры душы, разоў з дзесяць расказаў сваю гiсторыю. I раптам ён стаў цiкавым чалавекам усiм тутэйшым людзям. Вось гэтая гiсторыя, як яе чулi i як ведалi ўсе.

Сымон Ракуцька быў родам з Дзiсненшчыны i астаўся адзiн без блiзкiх i родных з той прычыны, што ў тысяча дзевяцьсот пятнаццатым годзе, калi абозы i натоўпы выгнанцаў плылi з захаду на ўсход, той натоўп, у якiм ён iшоў з бацькам i з дзвюма сёстрамi, на самым выхадзе з роднага сяла трапiў пад абстрэл дальнабойных нямецкiх батарэй. Людзi бягом вярнулiся назад, пакiнуўшы на дарозе забiтых. Дарога на ўсход была адрэзана. Цяпер ужо кожны сам сабою, як мог, браўся на ўсход i кiраваўся сам. Сымон Ракуцька пакiнуў на дарозе забiтага бацьку i сястру, а сам, з другою сястрою, ледзьве паспеўшы пахаваць сваiх нябожчыкаў, вярнуўся да свае хаты. Але што ён там убачыў? Хаты не было. Палавiна сяла выгарала, а зямля дрыжэла ад кананады. Ён i сястра адразу рушылi як найдалей адсюль. Яшчэ раз яны паспрабавалi выбiцца на дарогу, але там ужо акопвалiся немцы. Яны пайшлi куды вочы глядзяць, абы дзе цiшэй i зацiшней. Цэлую ноч яны iшлi, i iм здавалася, што гэта ўсё на ўсход. А ў першую ранiцу яны апынулiся на краi нейкага ляска, дзе трухлявая хацiна адна-адзiнюткая стаяла з забiтымi дошкамi вокнамi i дзвярыма. Усё было так спустошана, што - хто не ўбачыў бы, што гаспадары рушылi на выгнанне, тым больш, што паблiзу валялiся салдацкiя рэчы. Тут ужо адбыўся вайсковы рух. Але тут цяпер так было цiха i мiрна, нiякае знадворнае ўтрапенне не мучыла чалавечай душы, а гром вайны чуўся, хоць ужо i зводдалеку, але i на ўсходзе, i на поўднi, што страх было нават падумаць не пабыць тут хоць дзень. Не закiдаючы думкамi далёка наперад, абое яны ўвайшлi ў хату i знайшлi там цiхi спачын. I дзень прайшоў, i ноч, пасля зноў пачаўся дзень, а яны ўсё былi тут. Ужо i восень як мае быць усталёўвацца пачынала. Ужо i вайна спынiлася недзе тут, ужо i расейскiя салдаты пачалi заходзiць сюды. Брат i сястра знайшлi пры хаце пусты пограб i да самых маразоў запасiлi сабе на зiму бульбу з залеснага поля. Сымону Ракуцьку было тады год можа васемнаццаць. Першы пух на барадзе i губе ўжо здорава высядаў у яго. Баявыя сутычкi вялiкiх i невялiкiх груп адбывацца пачалi ўжо часта. Але месца ўжо тут стала наседжаным. Ракуцька хадзiў босы, аж пакуль зямля не прыпякла яму холадам ногi. Тады ён пачаў мудраваць, як бы гэта абуцца. Ён дапаў да думкi пашукаць сабе ботаў там, дзе яны нiкому не патрэбны. З ботамi ён iшоў з месца нядаўняга бою i натрапiўся па дарозе на Палiводскага, якi ў яго i вярнуўся да жыцця i здароўя i пражыў на яго галетнiцкiм хлебе больш як год, спачатку лечачыся, а пасля чакаючы - а цi не задушаць царскiя генералы рэвалюцыю i цi не можна будзе тады зноў стаць графам i ўласнiкам маёнткаў. Яго гаспадар Сымон Ракуцька здорава-такi яму апрацiвеў сваёю хатняю гаворкаю заўсёды аб хлебе i вопратцы. Графа брала на ванiты ад гэтага Ракуцькавага мужыцтва. Што ж да далейшага, то да пэўнай верагоднасцi тут дайсцi цяжка. Як казаў сам Ракуцька, пасля таго, калi Палiводскi наставiў на яго пiсталет, ён пачаў выганяць Палiводскага з хаты. Палiводскi зноў наставiў пiсталет i выстралiў, але прамахнуўся, бо калацiўся ад злосцi i гневу. I зноў пачаў цэлiцца ў Ракуцьку. Тым часам Ракуцька, бачачы, што справа дрэнь, хапiў замашны кiй i пагнаўся за Палiводскiм, якi бег i страляў не цэлячыся. Перапалоханы Ракуцька бег за iм i крычаў:

Поделиться с друзьями: