Пошукi будучынi
Шрифт:
Не кажучы больш адзiн аднаму нi слова, яны, адзетыя, пасядзелi ўпоцемку, паслухалi, як гудзе на дварэ вецер, паглядзелi, як стаiць сярпок месяца, i выехалi з двара. У вышынi лесу гуло i трашчала, быццам над лесам цяглося што гулкае i неспакойнае. Ён адразу знайшоў патрэбнае дрэва. Яшчэ тады, удзень, ён вымеркаваў, у якi бок яно павiнна ўпасцi. I цяпер ён вобмацкам прыставiў пiлу. "Няхай сабе звiнiць, - думаў ён, - абы хутчэй". Але яна не вытрымала. Яна скiнула з сябе кажушок, i ён зразумеў яе трывогу. I ў яго душа ныла. Скiнуў ён i з сябе свiту. Калi кажушком i свiтай, згамтанымi разам, ён абкруцiў дрэва вышэй пiлы i перацягнуў сваёю папружкай, звон i сапраўды стаў глушэйшы. Як нi старалiся яны цягаць пiлу, прайшло даволi многа часу, пакуль дрэва лягло.
– Пачалi - дык трэба канчаць, - сказала яна, i ён з-за ветру ледзьве пачуў яе. Пакуль яны распiлавалi хвою на кавалкi,
– Садзiся хутчэй на воз i накiдайся паверх кажуха маею свiтай, - цвёрда скамандаваў ён.
– А я хуценька завязу цябе дадому, бо захалодзiшся.
– Тут жа недалёка, я шпарка пайду.
– Садзiся!
– крыкнуў ён, i яна паслушна села. Дома ён загадаў ёй класцiся спаць, а сам зноў пагнаў каня ў лес. Калi ён вярнуўся дадому, ужо спявалi пеўнi. Разгрузiўшы воз i паставiўшы каня, ён увайшоў у хату цiхенька, каб не пабудзiць яе, i ўбачыў, што яна не спiць, а стаiць цiха, прыпаўшы да аконнай шыбы. Узбуджана яна сказала, што з трывогай чакала яго i баялася якой-небудзь злой прыгоды.
– Не стой, а кладзiся i каб ты мне да ранiцы выспалася! А я пайду ставiць каня i прыхаваю ў пуньку бярвеннi.
З хаты ён выйшаў не раней як тады, калi яна лягла i сцiшылася. Ён доўга важдаўся на двары i ў пунi. Ужо цадзiцца пачынала кастрычнiцкае рассвiтанне; пеўнi галасiлi, здавалася, па ўсiм свеце. "Цi спiць яна, такая клапатлiвая?" Увайшоў у хату i прыслухаўся. Яна цяжка, не так, як заўсёды, дыхала. А ў яго балелi плечы, нылi ногi, цяжэла галава i хiлiла на кашаль. З вялiкай сiлай яго цягнула ў пасцель. Шпарка ён запалiў лучыну i падышоў да Волечкi. Ён здзiвiўся - такi чырвоны i неспакойны быў яе твар. Ён стаяў над ёю. Яна раскрыла вочы, i абыякавасць да ўсяго была вiдна ў iх. Гэта была небывалая нiколi раней рыса ў яе, i ён жахнуўся:
– Волечка, што з табою. Табе што-небудзь балiць?
– Нiчога, толькi ў грудзях.
– А больш?
– Больш не, толькi галава.
– А больш нiчога не балiць?
– Нiчога, толькi ў горле.
– Ну а яшчэ дзе балiць?
– Анi нiдзе.
– Дык ведаеш што? Ты ляжы сабе, а я цябе зараз гарачым напаю i памчуся па таго самага фельчара. Ён практык. Той немец вось якi хворы быў, а ён яго, як бачыш, падняў. А ты не бойся, хутка ўстанеш.
– А я не баюся.
– Бледная ўсмешка прайшла па яе губах. Ён лепш акрыў яе i пайшоў у рух. Перш за ўсё ён падпалiў у печы i зрабiў гарачае ёй выпiць. Пасля, надаваўшы ёй сотню наказаў - ляжаць i не ўставаць, грэцца i чакаць яго з фельчарам, ён зазiрнуў ёй у твар i жахнуўся. Няўжо яна так адразу заснула?! Абыякавая да ўсяго, яна зноў цяжка дыхала, твар яе яшчэ больш гарэў, i вочы заплюшчылiся.
– Я буду ляжаць i чакаць, - ледзьве вымавiла яна, i ён, увесь уздрыгануўшыся, выскачыў на двор, дрыжачымi рукамi ледзьве патрапляў перавязваць i перакрыжоўваць вяроўкi, вымошчваючы сядзенне ў возе, запрог свайго каня, свiснуў пугаю i рынуўся ў дарогу. Цяпер конь яго ўжо не быў той здарожанай, хоць i маладой, худзiзнай. Гэта быў ужо выгладжаны бягун, i iмчаўся ён на злом шыi, аднак жа яшчэ ўсё чуючы над вушыма свiст пугi. Кастусь даiмчаўся так да мастка над неглыбокаю рэчкай i раптам убачыў, што вада, пасля былых дажджоў, яшчэ ўсё стаяла даволi высока i сарваны ёю масток толькi палавiнай сваёй трымаецца пад той бераг, а блiжэйшая палавiна расплылася бярвеннямi. Ён павярнуў каня берагам паўз рэчку, выглядаючы броду. Паплаўны бераг замакрэў - пачыналася адлiга. Колы клалi след на вялiстай траве. Конь замакрэў, а ён усё гнаў яго. "Божа мой, спазнюся!" I вось ён убачыў пратву. Плыткая вада дробна бiлася ў пясчаны бераг. Ён нацягнуў ляйчыну i ўвагнаў каня ў ваду. Усё больш падаючыся ў рэчку, ён ужо стаў на ногi, пасля стаяў на сядзеннi, каб вышэй быць над вадою. А вада ўсё паднiмалася. Вада ўжо ў яго ў халявах i вышэй кален. Сэрца яго разрывала грудзi. Але як выбрацца з рэчкi? Той бераг вельмi круты. А Божа, як жа ён павязе так цераз ваду фельчара? Ён пачаў заварочваць каня назад i ледзь выехаў назад на плыткi бераг. Вада з яго лiлася цурком, а на лбе стаялi кроплi поту. Тузаючы лейцы i круцячы пугай, ён доўга гнаў каня берагам, выглядаючы новага броду. I такi ўбачыў: нават след чужых калёс вёў у ваду. Адным махам ён пераскочыў рэчку i аж да самага мястэчка не даў каню перадыхнуць. Ён жа i так колькi часу праваждаўся ў гэтай вадзе! Тады ў вадзе яму было горача ў галаву, цяпер ён дрыжэў з холаду. Здавалася, мокрая адзежа яго лубянее на ветры. Да фельчаравага дома ён даскочыў тады, калi ўжо на небе цяжка валаклiся хмары i збiвалiся ў адзiн на ўсё неба засцiл. Iмгла зацярусiлася густа. Фельчар, з раскудлычаным сiвым клiночкам
барады, выскачыў на двор насустрач мокрай фурманцы. Вельмi можа быць, што ён не ведаў, за што ўзяцца ў такi нудны дзень, i таму быў такi рухавы, калi ўбачыў праз акно, што нехта пад'ехаў. У яго пасярод двара стаяла карова i ела з кучы капуснiк. Певень хацеў умасцiцца на мокрую жэрдку i з крыкам саскочыў на зямлю. Божа, як непрытульна i нудна! Але ўсё гэта глупства, бо ёсць самае важнае: "А можа, там Волечцы яшчэ горш стала? Хутчэй трэба, хутчэй!" Мокры хлапец сам сябе падганяў. Як падстрэлены кiнуўся ён да фельчара:– Дзянь добры вам, я так iмчаўся па вас, што траха не астаўся ў рэчцы з канём...
– Праўда, масток сарвала, - разважлiва сказаў прывыклы да ўсяго фельчар i пагнаў у хлеў карову i, iдучы, запытаў:
– Сам адкуль? А што здарылася?
– З Волечкай вельмi дрэнна!
– З якой гэта Волечкай?
– Ну а з той, што вы прыязджалi да яе ў хату палоннага немца лячыць.
– А-а, дык ты з Сумлiч? Той самы выгнанскi сын? Ну, бачыш, як добра, што я параiў табе астацца там жыць. Хто б цяпер аб хворай Волечцы падбаў бы? Ну, iдзi ў хату сушыся. А то з цябе, пане-браце, вада, як з рукава, джгае.
– Няма калi сушыцца, трэба назад iмчацца, яна там ледзьве жыве.
– А што з ёю?
– Ляжыць без памяцi.
– Можа аб'елася чаго?
– Не, у яе балiць галава, горла i грудзi.
– Пастаў каня ў хлеў, а пасля паедзем, калi на небе расчысцiць.
– Не, родненькi мой, паедзем цяпер.
– Чаго ты гэтак спалохаўся? Вiдаць, што нiколi хворых не бачыў.
– Як гэта не бачыў! У мяне бацька на дарозе памёр!
Фельчар нiчога не адказаў i моўчкi стаў корпацца ў шафе. Кастусь так жа моўчкi чакаў. Нецярплiвасцi яго не было меры. Аднак жа ён вытрымаў i аж уздрыгануўся, калi фельчар сказаў, што можна ехаць. Ён сам сваiм вушам не верыў, ён баяўся, што фельчар не захоча ехаць. А тым часам на небе i сапраўды расчышчалася. Фельчар сказаў:
– Па паўднi зусiм распагодзiцца.
Кастусь пагнаў змучанага каня з усiх сiл. Дождж усё пабольшваўся. Цераз брод праскочылi ў момант. Фельчар сам пачаў пакрыкваць на каня. Кастусь бесперастанку тузаў лейцы. Як уехалi ў двор, фельчар не даў Кастусю апомнiцца, сагнаў яго з воза адразу i ўвапхнуў у хату.
– Ты ўвесь ссiнеў i калоцiшся, як святы на споведзi. Каб ты не смеў мне да самага вечара з печы злазiць! А то Волечцы прыйдзецца ехаць па мяне i ў бродзе плаваць. Ну а ты, малая, дзе ты там? Як маешся? А, вось ты якая. Ну, нiчога, пакажы шыю. Каб ты мне цэлы тыдзень вылежала, а тады ўставай сабе i рабi што табе трэба. Ляжы, Волечка, ляжы. Пакажы язык. А ты там на печы? Яшчэ ўсё дрыжыш? Не глядзi, што ты на печы, а на табе гэтую адзежыну, акрыйся i дыхай сабе ў жывот. Але ж i кажушок злубянелы! Чый гэта? Твой?
– Не, гэта Волеччын.
– Грэйся! З цябе павiнна выйсцi сем патоў, толькi тады маеш права з печы злезцi! Ты мне глядзi! Шэсць патоў сыдзе, а ты не злазь. Чакай сёмага.
– А як жа iх лiчыць тыя паты?
– ледзьве адцягнуў голас Кастусь.
– Выцiрай лоб i чакай, пакуль зноў замакрэе. I так да сёмага разу.
– Добра, толькi я раней пайду каня пастаўлю.
– Не смей! Нiчога каню не зробiцца, калi i пастаiць на свежым паветры. Каня кожны вецерынар можа вылечыць. А няхай паспрабуе цябе вылечыць! Толькi я цябе магу лячыць! А дзеля гэтага Волечцы прыйдзецца ў бродзе купацца. Чуеш?
– Чую, - прахрыпеў Кастусь, сцiшваючыся за халодным комiнам.
– А цяпер i я павiнен аптэчнага ўзяць, бо i я прамок i дрыжу, як нячысты пад крыжам.
– Ён дастаў з кiшэнi пляскатую бутэльку i напалам разлiў усё, што ў ёй было.
– Гэта мне, а гэта табе, хлопча. Пi, не бойся. Бачыш, я не атруцiўся. Гэта самы чысцейшы на свеце аптэчны спiрытус! А табе, малая, гэтыя пiлюлi, глытай па тры на дзень. На! Глынi першую. Так ляжыце i мяне чакайце. А я пайду. Тут у мяне iнтэрас ёсць на мястэчку. У Дарахвея Трыбуховiча парсюка пайду старгую. Ты не бойся, у брод больш не палезеш. Мяне сам Трыбуховiч заiмчыць назад. Разам з парсюком. Хэ-хэ! А, i ты, малая, усмiхаешся! Ну, дык я на тваiм вяселлi буду гуляць.
I фельчар выйшаў з хаты. Кастусь высадзiў галаву з-пад кажуха. Ад спiрытусу галава яго ўжо кружылася. Ён глянуў на Волечку. Гэта ж ён, гэты фельчар, выдумаў, што Волечка смяялася. Гэта быў адзiн з яго метадаў хутчэй паднiмаць хворых на ногi - найцудоўнейшае лякарства, якое, на вялiкi жаль, не ў пашане ў нашых вучоных медыкаў, лякарства, без якога мала памагаюць усялякiя уратрапiны i дзiурацiн з папаверынi, нават i тады, калi iх змяшаць разам, аблiць магнезiумам-сульфурыкумам i прысыпаць зверху лакрычным парашком.