Прыгоды Віруса Шкодзі
Шрифт:
– Не хоча кароль абараняць нашы інтарэсы, тады навошта нам такі гаспадар.
– Правільна! – падхоплівалі сотні галасоў. – Хай застаецца на той далёкай планеце. Назаўсёды. А мы сабе новага караля прызначым.
– Як гэта ты прызначыш? – пярэчыў нехта спакайнейшы – Хто табе такое права даў? Мо сам кароль? То ты і нам пакажы той дакумент. Мы яго па камп’ютэрах усім сеціўцам накіруем.
– Ага, і хадзіць далёка не трэба. Камп’ютэры ж тут вось, у кучу звалены...
Жарты жартамі, а сітуацыя і сапраўды станавілася небяспечнай.
Высокія каралеўскія служкі насядалі
Але галоўны камп’ютэршчык не спяшаўся.
Плошча гула і віравала. Кожны выказваў сваё меркаванне, даваў свае парады, патрабаваў адказаў. Але хто мог ім адказаць, калі ніводзін з высокіх служкаў не асмеліўся выйсці з палаца.
Калі ж сітуацыя стала амаль што крытычнай, і неўзабаве нешта павінна было адбыцца, на плошчу прыбег задыханы хлапчук. Гэта быў сын аднаго з простых камп’ютэрных рамонтнікаў.
– Стойце! Пачакайце! – крычаў хлапчук. – Татка просіць, каб вы яшчэ раз прачыталі ўказ караля...
Засмяяліся сеціўцы, незадаваолена фыркнулі:
– А навошта нам перачытваць? Мы і так ведаем, што загадвае кароль. Толькі вось не можам зразумець, дзеля чаго...
Але сёй-той пачуў хлапчукову просьбу. Нехта дастаў з кучы свой камп’ютэр, уключыў яго. Манітор Дысплеевіч ахвотна паказаў каралеўскі ўказ.
Пачалося ледзь не харавое чытанне.
“Я, вышэйшай міжзорнай сілай падтрыманы ўладар Сусветнага Сеціва, ваш кароль і гаспадар законны, аддаю неаспрэчны загад і безапеляцыйна патрабую, каб да поўдня сённяшняга дня ўсе сеціўцы без выключэння аднеслі свае камп’ютэры на галоўную плошчу нашага каралеўства...”
І так далей, і так далей.
– Ды што тут чытаць – адно час марнаваць? Ведаем мы ўказ. Хай лепш хто-небудзь патлумачыць, што нам рабіць? Як жыць будзем без камп’ютэраў?
– А вы не спяшайцеся, - настойваў хлапчук. – Татка прасіў, каб вы да канца дачыталі ўказ.
– Калі твайму татку няма чаго рабіць, то хай ён і забаўляецца чытаннем бяссэнсоўных загадаў...
Аднак іншага выйсця не было, і сеціўцы працягвалі чытанне. Калі дайшлі да канца, усе запытальна перавялі позіркі на хлапчука. Той не спалохаўся колкіх вачэй і настойліва параіў:
– Татка прасіў дачытаць да самага канца.
– Мы і дачыталі, - запярэчыў адзін.
– У канцы стаіць прозвішча караля, - дадаў другі.
– Вось яго і прачытайце, - папрасіў хлапчук.
– А што тут чытаць? Кароль... кароль, - той, хто чытаў, заікнуўся. – Нешта невыразна імя караля чытаецца...
– Кароль Віндаўс Вялікі, - падказаў нехта з натоўпу.
– Не, тут штосьці іншае. Тут напісана: кароль Вірус Вялікі...
– Хто-хто? – прагучала адразу некалькі галасоў. – Хіба ты чытаць не ўмееш?
– Давайце ўключым яшчэ адзін камп’ютэр.
Пакуль шукалі каралеўскі сайт, з палаца на плошчу выйшаў галоўны камп’ютэршчык Камп Кампавіч.
– Цішэй! – прамовіў ён. – Прашу цішыні! Паслухайце, што я вам скажу...
І Камп Кампавіч паведаміў, што гэта не каралеўскі ўказ. Гэта фальсіфікат, падробка. Падман, адным словам. Вірус Шкодзя насваволіў. Ён прысвоіў сабе тытул караля, назваўся
Вялікім. А што да імя, то, відаць, разлічваў на даверлівасць сеціўцаў, меркаваў, мала хто зверне ўвагу – Віндаўс ці Вірус. Па звычцы прачытаюць тое, што трэба.Так і выйшла. Падмануліся сеціўцы. Прывыклі давяраць свайму каралю. І ледзь не паплаціліся за такую няўважлівасць. Ледзь не перахітрыў іх нахабны Вірус Шкодзя.
На што разлічваў? Напэўна, па ранейшаму намагаўся паквітацца з каралём Сусветнага Сеціва Віндаўсам Вялікім. Ды пільнасць сеціўскага рамонтніка і настойлівасць ягонага сына перашкодзілі яму.
– А дзе, дзе гэты шкоднік? – пачуліся незадаволеныя галасы.
Паспрабавалі знайсці адрас у камп’ютэры. Але нечакана з экрана пачаў знікаць тэкст каралеўскага ўказа. Неўзабаве ён зусім растварыўся недзе ў камп’ютэрных глыбінях.
А мо гэта Вірус Шкодзя, які сеў у міжсусветны зоркалёт і са з’едлівым смехам ўзяў кірунак на сваю планету Вірусанія, забраў яго з сабой? Каб падмануць некага іншага?
Таму ніколі не губляй пільнасці і ўважлівасці, мой юны сябар, калі працуеш на камп’ютэры.
КАМУ НАШКОДЗІЎ ВІРУС ШКОДЗЯ
Аднойчы вырашыў Вірус Шкодзя пабыць добранькім. Як быццам стаць добрым можна па загаду. Проста настрой такі з’явіўся ў яго, мо надакучыла шкодзіць. Але дзе ты той дабрыні возьмеш, калі ўвесь час толькі штукарствам ды свавольствам займаўся, з даверлівых людзей пацьвельваўся?
Аднак адступаць ад свайго Шкодзя не прывык. Лазіў-блукаў ён па камп’ютэрных лабірынтах – таемна, вядома, і нечакана натрапіў на звесткі, што ў аднаго багаценькага сеціўца шмат грошай захоўваецца на банкаўскім рахунку. Вырашыў Шкодзя падзяліцца чужым набыткам з кім-небудзь з менш багатых.
Узламаў ён ахоўны банкаўскі код і атрымаў доступ да рахунка. А тады ўзяў і напісаў аднаму хлапцу-сеціўцу – заядламу камп’ютэршчыку Юзеру - пісьмо, у якім павіншаваў яго з вялікім выйгрышам у міжзорнай латарэі. А да пісьма рахунак прыклаў на значную суму.
Думаў, во здзівіцца і парадуецца нечаканаму шчасцю юнак!
Пачаў назіраць за рэакцыяй шчасліўчыка.
Уключыў Юзер камп’ютэр, каб праверыць пошту, і сапраўды здзівіўся. Можна сказаць, нават спалохаўся. Але не ад радасці, а ад нечаканасці. Хто гэта яму такі шчодры падарунак зрабіў? Хто і адкуль прыслаў гэтулькі грошай?
Колькі ні думаў, нічога не мог прыдумаць. Розныя нядобрыя думкі лезлі ў галаву. Палічыў, што нехта проста здзекуецца з яго, падкупіць збіраецца, каб на якую-небудзь невядомую планету завезці.
Вірус жа хуценька вывеў на экран Манітора Дысплеевіча канцоўку свайго фальшывага пісьма. У ім было сказана, што Юзеру выпаў вялікі выйгрыш у міжзорнай латарэі. Шкодзя ўжо гатовы быў разам з атрымальнікам грошай задаволена засмяяцца – хлопец ад таго, што грошы вялікія, а Вірус, што так удала паспрыяў чалавеку.
Але замест смеху давялося Шкодзі сумна скрывіцца – юнак не толькі не ўзрадаваўся, ён проста абурыўся:
– Хто гэта так няўдала пажартаваў? Хто здзекуецца з мяне? Я ж ніякай латарэі не купляў, адкуль у мяне выйгрыш?..