Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Птушкі

Манцэвіч Наста

Шрифт:

А цяпер яму трыццаць сем, і ён ляжыць з мамай у адным ложку. Ляжыць і не можа заснуць, варочаецца, глядзіць на гадзіннік — ужо гадзіна, ужо дзве, ужо тры… А мама ціха ляжыць, яе не чуваць амаль што, толькі ўздыхае час ад часу, і ён ведае — не спіць. Гэтая цішыня давіць на вушы так, што немагчыма, хочацца ўстаць і заспяваць, сказаць — мама, глядзі як я ўмею, і станчыць што-небудзь, якую-небудзь польку. Толькі б не маўчаць, не ляжаць тут у гэтай страшэннай цішы. Шукаць паратунак. Мама, спі, мама, спі.

Ён чуе яе дыханне, прыслухоўваецца. Чуе, як яно становіцца цяжэйшым, як да яго прымешваюцца розныя гукі, спачатку ледзьве ўлоўныя, потым усё грамчэйшыя і грамчэйшыя. Мама заўсёды храпла, ён памятае, як закатваў з-за гэтага істэрыкі, як затыкаў вушы і плакаў, залазіў пад коўдру і нацягваў на галаву падушку. Тады яму было сем і ён не ведаў, што мамін храп азначае дзве рэчы — мама жывая і мама спіць.

Параноя

Калі

б ні гэтая дурацкая параноя, Вадзім застаўся б начаваць у сястры. Яна ўжо нават паслала яму на навюткай канапе, але раптам яму здалося, што ён пакінуў на пліце чайнік. І вось цяпер, замест таго, каб спаць пад цёплай коўдрай, ён ідзе па цёмных бязлюдных вуліцах, праклінаючы чайнік, быдлянскі раён і сваю параною. Але параноя толькі расце… Можа з-за таго, што ён баіцца сабе прызнацца ў тым, што баіцца. А можа — з-за таго, што паўгода таму якраз у гэтым завадскім раёне яго зажопілі два гопніцкага выгляду амбалы. І пачалі збіваць, так, як быццам бы ён быў штосьці ім вінны. І хаця ён нічога не быў ім вінны, аддаў амаль усё, што ў яго тады было — кашалёк, мабілку, пачак цыгарэт і гадзіннік.

Цяпер у яго быў ужо новы гадзіннік, які акурат у той момант, калі ён на яго паглядзеў, паказваў 00.52… І калі праз хвілін пяць няспыннага страху і трасення Вадзім ізноў глянуў на свой гадзіннік, на ім было 00.53. А да дома было яшчэ далёка, і самы страшны кавалак дарогі — мост над чыгункай — яшчэ наперадзе.

Спачатку ён думаў паслухаць плэер, каб скараціць дарогу, троху забыцца… Але тут жа зразумеў бязглуздасць і небяспечнасць сваёй ідэі. Ён ішоў ціха, прыслухоўваўся да ўсяго навокал, да кожнага свайго кроку. Ці толькі свае крокі ён чуе? Часам яму здавалася, што хтосьці ідзе побач, тады ён спыняўся, каб праверыць, ці сапраўды гэта ягоныя крокі, тыя, што ён чуе? І калі ён спыняўся, то пераставаў дыхаць. І чуў толькі, як сэрца стукае ў горле… І кожны такі раз ён разумеў, што гэта ўсяго толькі пакаціўся лісток па асфальце.

Раптам за спінай ён пачуў мужчынскія галасы. Вадзім тут жа адскочыў убок і ўціснуўся ў сцяну, галасы ўсё набліжаліся, а ягонае сэрца тухкала ўсё гучней і гучней, ён ледзь-ледзь вытрываў, каб не запішчэць: «Ратуйце!!!» Хаця хто яго мог тут пачуць? Гэта была сценка старога закінутага завода. І нікога наўкола… Праўда, калі паўгода таму ён крычаў «Ратуйце!!!», яго ніхто не пачуў, хаця гэта было ва ўласным яго пад’ездзе, але можа, ён слаба крычаў, хто цяпер разбярэцца…

Але людзі апынуліся ўсяго толькі людзьмі, яны прайшлі, не зважаючы на Вадзіма. Ён адліп ад сцяны і вырашыў, што так далей працягвацца не можа. І хоць такія паводзіны больш прыцягваюць да сябе ўвагу, ён вырашыў, што будзе бегчы. Перад тым як кінуцца з усіх ног, ён падабраў з зямлі камень, з разліку, што калі дабяжыць да жылога квартала, то зможа ў выніку чаго зашпульнуць ім у акно… Ён будзе бегчы так хутка, як толькі можа. А там глядзіш — і мост над чыгункай перабяжыць, за якім ужо пачынаюцца дамы. А дамы — гэта вокны, а ў вокнах — людзі…

Гэта, напэўна, быў самы доўгі і самы хуткі ў яго жыцці крос.

І вось ён падбягае да дома, з каменем у руцэ, сэрца б’ецца, як у таго сабакі, яшчэ троху, і ён думае, будзе дома, вось ён ужо бачыць свой пад’езд, ён азіраецца — ззаду нікога няма… І тут з іншага боку з’яўляецца сілуэт, ён набліжаецца да яго пад’езда, становіцца ўсё бліжэй і бліжэй, Вадзім бачыць, што гэта дзяўчына, у карычневым паліто ды без шапкі, чамусьці менавіта такія дробязі запамінаюцца ў такія моманты, ён нават не разумее, заўважыла яна яго ці не… ён думае, што калі паскорыцца, то можа быць, яна не паспее зайсці ў сваю кватэру… дзяўчына спыняецца каля дзвярэй, адчыняе… ён выкідвае камень з рукі, наўрад ці яшчэ ён спатрэбіцца, дзяўчына заходзіць у пад’езд, праз пару секундаў ён дабягае да дзвярэй, азіраецца, пасля таго як на яго напалі, ён ніколі не ўваходзіць у пад’езд, не праверыўшы ці не ідзе хто за ім, — здаецца, усё спакойна, ён зачыняе дзверы, двума шырокімі крокамі пера адольвае пралёт у 8 прыступак, прыціскае руку да яе рота і кажа: — Паспрабуй толькі піскнуць, шлюха.

Выпадак на здымачнай пляцоўцы

Сёння мой першы дзень на новай працы. Сумоўе я прайшоў досыць лёгка і цяпер прыглядаюся да людзей навокал. Часы, калі я хваляваўся на новым працоўным месцы, засталіся ў мінулым, за гэта дзякуй маім дваццаці месцам працы і тром гадам псіхатэрапіі. Мая новая пасада — памочнік кінарэжысёра. Гэта я так сябе называю, але фактычна я хлопчык на пабягушках — падношу каву акторам, сачу за рэквізітам… Цікавы досвед, цікавыя людзі. Ёсць, праўда, маленькая акалічнасць, якой я не тое што надаю вялікае значэнне, але пра

якую хачу папярэдзіць. Будучы фільм называецца «Рыцар вярхом на даме». Атмасфера тут творчая. Рэквізіт не багаты.

Усім акторкам з масоўкі я мушу раздаць гарсэты. Маю ўвагу прыцягвае адна дзяўчына, бачна, што яна ўдзельнічае ў гэткім упершыню. Яе завуць Юля, і яна мне сімпатычная, бо пазнаю ў ёй сябе год 12 таму… Юля спрабуе сябе на ролю ў масоўцы і хвалюецца так, нібыта гэта яе галоўная роля ў фільме Таранціны.

Канешне, гэта цяпер я — вялікі, спакойны і няголены. Мне ўсё па калена. І таму мне смешна і разам з тым прыемна назіраць за тым, як мітусіцца Юля, як не ведае, куды сябе падзець. Людзі — гэта ўвогуле тое, за чым я сюды прыйшоў, я люблю назіраць за людзьмі, і я ведаю, што калісьці здыму пра іх свой уласны фільм.

Пакуль я заварваю каву і раздаю гарсэты, паспяваю ахарактарызаваць для сябе ўсіх людзей на пляцоўцы. Галоўны тут — рэжысёр, пасля ідуць «зоркі» — такія крутышы, якія размаўляюць толькі з сабе падобнымі, задзіраюць насы, а пасля ў фільме будуць задзіраць свае дзюбкі… Дзюбкі ў іх доўгія і прыгожыя. Зрэшты, іншых сюды і не запрашаюць. Юля тут «новенькая».

Я назіраю за Юляй… Сюжэт фільма зусім просты. Нашмат цяжэй нацягнуць на сябе гэты дурацкі гарсэт. Юля ходзіць разгубленая, і нават яе прыгожыя грудзі ёй не дапамагаюць — бачна, як яна разгубілася побач з усімі гэтымі сталымі, дасведчанымі і вядомымі ў вузкіх колах акторамі. Яна мітусліва азіраецца па баках, сціскае ў руках свой гарсэт, кусае пазногці… Яе вочы — круглыя і вялікія.

Да пачатку здымак застаецца пяць хвілін.

Мы сустракаемся з Юляй позіркамі. Кажуць, у мяне добрыя вочы.

Чатыры хвіліны.

Тры.

Больш адцягваць — няма як. Яна падбягае да мяне, хапае за руку сваёй мокрай рукой, адводзіць у цёмную і сырую каморку, суе ў рукі гарсэт. І бледная, разгубленая дрыжачымі вуснамі ледзьве чутна шэпча:

— Дапамажы мне, калі ласка.

І распранаецца.

***

Шмат хто мне кажа, што калі б не было смерці, не было б сэнсу і жыць, што ўласна ў смерці і ёсць сэнс жыцця, што калі ведаеш, што гэта павінна скончыцца, яно не назаўсёды, — пачынаеш ца ніць больш і жывеш асэнсавана, а значыцца, на поўную; і я гатовы з усім гэтым пагадзіцца адразу, але я ведаю, што калі я п’ю сваю бутэльку піва каля тэлевізара і ведаю, што гэта мая адзіная на сёння бутэлька піва, і бачу, як з кожным глытком яго становіцца меней, калі я еду ў метро і ў навушніках грае мая ўлюбёная песня, і я дакладна ведаю колькі акордаў засталося да фінальнага яе акорда, а плэер ляжыць на самым дне заплечніка, і да яго ў такую гадзіну пік не дабярэшся, калі я сплю ў абдымку са сваёй каханай дзяўчынай і ведаю, што гэта ў апошні раз яна мяне абдымае, што гэта наша апошняя ноч, прычыны бываюць розныя, — усё гэта не дае мне магчымасці расслабіцца і атрымаць ад жыцця асалоду, і, як вынік, сказаць сябрам, што я шчаслівы; і вось калі я пра гэта думаю, то бываю вымушаны адзначыць, што людзі, якія так кажуць пра смерць, — дурні, і што апошні раз я быў шчаслівым у шэсць гадоў, калі з вакна дзіцячага пакоя падгледзеў, як хаваюць суседа-алкаголіка.

***
Вілейка. Дубаўка. Раніца. Ён сказаў у нудзе: «Сэ ля ві», і мы селі ля Віліі. Запалілі. Каменьчыкі ў рэчку кiдалі, глядзелі, як распаўзаюцца кругі ад іх па вадзе…
***
Галава-жбан Мая галава — як пусты жбан, там нічога няма, што б магло зацікавіць. Пустата — гэта нуль, бездажджовасць хмар, безнаяўны разлік без прысутнасці марак у кішэні. Што ж ты будзеш рабіць? Нарадзіўся такім, больш дакладна — мяне нарадзілі. Сам нічога гэтым жыцці не зрабіў, нарадзіцца не змог — нарадзілі, не падумаўшы. Галава — жбан, галава — бот, балюча галаве, бо галава навучылася марыць.
Поделиться с друзьями: