Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пугачоўскі цырульнік

Шніп Віктар

Шрифт:

Дзень бібліятэк

15.09.2009. Сёння свята — Дзень бібліятэк. Насустракаўся з чытачамі, навыступаўся! Слухалі, дзякавалі. На апошняй сустрэчы да мяне падышоў мужчына пенсійнага ўзросту: «Я — доктар! Можна мне сказаць вам пару слоў?» Я насцярожыўся: «Зараз, відаць, скажа, што я невылечна хворы і мне засталося жыць пару дзён!» Доктар, паглядзеўшы мне ў вочы, сказаў: «Я пішу вершы!» — і пачаў чытаць урывак з паэмы пра выхаванне дзяцей…

Просьба

16.09.2009. Тэлефанавала Валянціна Коўтун. Пыталася пра выданне сваіх твораў. Потым між іншым паведаміла, што ёй нядаўна тэлефанаваў малады журналіст (прозвішча не назвала) з «дробнай газеты» з просьбай дапамагчы яму напісаць фельетон пра мяне і Людмілу Рублеўскую, бо мы часта друкуемся. Валянціна Міхайлаўна

ў дапамозе журналісту адмовіла…

Аўтографы Караткевіча

29.09.2009. Сёння а палове дванаццатай да мяне ў кабінет зайшла жонка вядомага кампазітара. Абмеркаваўшы магчымасць выдання кнігі пра яе мужа, яна дастала з папкі чатыры аркушы пажоўклай паперы з вершамі Уладзіміра Караткевіча, якія былі напісаны недзе ў 1964 годзе. І са словамі «я ўжо немаладая, каб іх захоўваць у сябе» перадала іх мне. Потым паведаміла, што Уладзімірам Караткевічам было напісана лібрэта, але яно не прайшло цэнзуру і цяпер захоўваецца (...). «Вы малады і вы, спадзяюся, не забудзецеся выцягнуць лібрэта ў гэты свет, калі прыйдзе спрыяльны для гэтага час»,— сказала жанчына. Пасля таго, як яна пайшла, я ўзяў першы том Збору твораў Уладзіміра Караткевіча і паглядзеў, ці друкаваліся перададзеныя мне вершы. Два друкаваліся цалкам, адзін без чатырох радкоў і адзін не друкаваўся зусім...

КАСТРЫЧНІК

Кампазітар

1.10.2009. Учора вечарам патэлефанаваў Яўген Рагін з газеты «Культура» і стаў прасіць да раніцы напісаць песню пра работнікаў культуры. Я доўга адмаўляўся, і ўсё ж ён мяне ўгаварыў. Давялося сабрацца з натхненнем і напісаць. Раніцай прадыктаваў па тэлефоне тэкст сябру, а праз паўгадзіны па мяне прыйшла машына, і мяне адвезлі ў кватэру да Ігара Лучанка. Гаспадар нас чакаў — была заварана гарбата і падрыхтавана печыва. Я спадзяваўся, што гасцяваць давядзецца хвілін дзесяць­пятнаццаць. Ды дзе там! Ігар Міхайлавіч пачаў з таго, што сказаў: «Я даўно памёр! І ніякіх песень болей не пішу!» Мой куратар, пачуўшы такую заяву, перавёў размову на надвор’е, на яблыкі, на грыбы. Пагаварылі пра гэта ўсё недзе з паўгадзіны, і толькі потым Лучанок узяў мой тэкст і пачытаў. «Відаць, што майстра зрабіў! Але ж я песень не пішу! Я памёр! Ідзіце да Зарыцкага. Ён напіша!» Зноў недзе з паўгадзіны пілі гарбату і слухалі Лучанка. Памаленьку дабраліся да раяля. Хвілін дзесяць слухалі песні Ігара Міхайлавіча, а потым ён тут жа пры нас падабраў музыку да майго тэксту. Просім, каб запісаў ноты. А ён: «Я песень не пішу! Я тут не жыву! Я памёр!» Яшчэ прайшло паўгадзіны, калі Ігар Міхайлавіч дазволіў нам пакінуць яго разам з маім тэкстам. Не паспеў я прыехаць дахаты, як патэлефанавалі мне і перадалі, што Ігар Лучанок напісаў музыку да майго тэксту і хоча са мной сустрэцца ў Саюзе кампазітараў. Я прыехаў праз паўгадзіны. Ігар Міхайлавіч з’явіўся пазней. Павёў у кабінет. За ім зайшло некалькі чалавек. Перад тым як сесці за стол, Ігар Міхайлавіч сказаў: «Зрабіў! Але апошні раз!» — і кінуў шапку аб падлогу. Дастаў з папкі ноты і, пасварыўшыся на прысутных, сыграў новую песню на мой тэкст…

Замежная мова

6.10.2009. Літінстытут. Верасень 1985 года. Дзелімся на групы вывучаць замежныя мовы. Выбар невялікі, але ёсць: англійская, нямецкая і для замежнікаў — руская. Я запісаўся на рускую мову. Потым раз на тыдзень хадзіў на лекцыі разам з палякамі, манголамі, татарамі і грузінамі, дзе нас вучылі пісаць і гаварыць па­руску. І цяпер у мяне ў дыпломе па замежнай мове стаіць пяцёрка…

Вандроўка

12.10.2009. У мінулую суботу быў у вандроўцы, якую арга­нізаваў прафкам нашага выдавецтва. Спачатку наведалі Будслаў. У касцёле нас сустрэў малады і высокі манах, з рукамі вялікімі і мускулістымі. Я адразу ўявіў яго воем, які з мячом бароніць родную зямлю. А праз нейкі час у манаху ўбачыў і ката, які адсякае галовы ерэтыкам. Пасля Будслава паехалі ў Глыбокае, дзе наведалі царкву, а потым касцёл. У царкве апускаліся ў скляпенне, нібыта ў старажытнасць, і ўзлазілі на званіцу, каб яскравей убачыць сучаснасць. Не абмінулі Мосар, дзе якраз у касцёле быў ксёндз Булька. Ён нас заклікаў, каб не пілі і болей маліліся Богу. Хадзілі на мясцовыя могілкі, на якіх вельмі чыста і бяздрэўна, нібыта яны знаходзяцца не ў Беларусі. Экскурсію вёў Яраш Малішэўскі, і ён для нас быў Асветнікам.

Вавілон

14.10.2009. (Прыснілася). Вавілон. Я адзін з яго будаўнікоў.

Сёння ў нас прафесійнае свята, і мы з самага ранку п’янствуем. Калі б учора не прадалі сто мяшкоў цэменту і сто тысяч цаглін патрыцыям на будаўніцтва бардэляў, то сёння б сумавалі на рыштаваннях, а так усім весела, і толькі Граждан злосны. Ён з самага ранку агітуе нас канчаць п’янку і распачынаць бестэрміновы страйк, бо яму ў трэсце не далі трынаццатай зарплаты. Мы цярпелі Граждана да абеду, а потым... а потым Вавілонская вежа абрынулася. Граждан атрымаў пенсію па інваліднасці, а нам далі па дзесяць гадоў за «разбазарванне будаўнічых матэрыялаў»…

Наталля Семяжон і Максім Танк

16.10.2009. Да мяне на працу прыходзіла дачка Язэпа Семяжона Наталля. Гадоў пяць не бачыліся, таму не адразу пазнаў яе. Амаль паўтары гадзіны расказвала пра бацьку і свайго дзядзьку Максіма Танка. Яўген Іванавіч за два тыдні да смерці паклікаў да сябе Наталлю і папрасіў, каб прасачыла, калі ён памрэ, каб не пахавалі на Маскоўскіх могілках. «Не хачу я там ляжаць побач з некаторымі жулікамі, а хачу быць з бацькамі ў роднай зямлі!» — казаў Максім Танк і, гледзячы ў акно, каб пляменніца не бачыла слёз, пытаўся: «Няўжо ўсё, што я напісаў і зрабіў, дарэмна і нікому не патрэбна?» — «Не дарэмна! Яно патрэбна нам, беларусам, і сёння, і заўтра, і праз сто гадоў спатрэбіцца!» — адказала Наталля.

* * *

17.10.2009. Учора ў Музеі Максіма Багдановіча адкрылася выстава карцін Алеся Квяткоўскага «Мая хата без сяброў — не хата», прысвечаная Анатолю Сысу. Весці імпрэзу спадар Алесь папрасіў мяне. Выступілі Таццяна Шэляговіч, Рыгор Сітніца, Сяржук Сыс, спявала песні на словы Анатоля Вікторыя Ільінская. Адкрыццём гэтай выставы распачаўся літаратурна­мастацкі марафон, прымеркаваны да 50­годдзя з дня нараджэння Анатоля Сыса. Людзей было нямала. Шмат было тых, каму паэт казаў: «Не хадзіце за мной!» — і не было тых літаратараў, якія і пры жыцці Сыса шарахаліся ад яго, як ад заразнага…

Лякарства

19.10.2009. Літінстытут. Хварэю. Адзін у пакоі. Ніхто не прыходзіць адведаць, і толькі вечарам у пятніцу пасля заняткаў зайшоў паляк Анжэй. Колькі хвілін пасядзеў моўчкі каля мяне, як каля паміраючага, і пайшоў. І не паспеў я пакрыўдзіцца на Анжэя, як у пакой з гітарай уварваўся нікарагуанец Карлас, а следам за ім тры казашкі і паляк. Праз хвілін пятнаццаць я спяваў рэвалюцыйныя песні і танчыў…

Карлас і Ваганькаўскія могілкі

21.10.2009. Нікарагуанец Карлас на летнія вакацыі не паехаў да сябе на Радзіму. Тры месяцы падпрацоўваў начным вартаўніком на Ваганькаўскіх могілках. Потым часта расказваў пра Ясеніна з Высоцкім, якія па выхадных хадзілі сярод магіл, курылі кубінскія сігары, пілі савецкае шампанскае і клікалі яго ў сваю кампанію.

Падарожжа па стагоддзях

22.10.2009. Учора хадзіў у Нацыянальны мастацкі музей Беларусі на адкрыццё выставы твораў жывапісу «Падарожжа па мінулым стагоддзі» Уладзіміра Тоўсціка. Падарожжа было светлым. Да ўсяго, змог скарыстацца магчымасцю паглядзець жывапіснае палатно вялікага італьянскага майстра Парыса Бардона (1500 — 1571) «Мадонна з дзіцем паміж святым Энрыка з Упсалы і святым Антоніа», якое было напісана ў 1550 годзе.

* * *

24.10.2009. На мінулым тыдні глядзеў па тэлевізары, як у нейкай краіне людзей на могілках хаваюць толькі на той час, за які могуць заплаціць сваякі. Заплацілі за год, за два, за тры, а мінуў гэты час, парэшткі чалавека дастаюць з труны і, пераклаўшы голымі рукамі ў мяшок, які вельмі падобны на нашыя мяшкі з­пад цукру, выносяць з тэрыторыі могілак, каб спаліць… Мінуў тыдзень, а мне і сёння жудасна…

Прыстойная манера

27.10.2009. Пад загалоўкам «Нацыянальны беларускі маньерызм — свой від сучаснае сатыры» у «Новым часе» надрукавалі артыкул, у якім ёсць радкі: «Родапачаткоўцам беларускага паэтычнага маньерызму, пасьля актыўнай літвучобы ў Маскве і, відавочна (наколькі можна меркаваць), выключнага кантактаваньня з імперскім куртуазным бамондам, стаўся Віктар Шніп, які апублікаваў незалежным чынам першае выданьне сатырычнага праэкту «Чырвоны ліхтар»... З гэтай пары адкрыта друкаваць і агучваць маньерызм сталася прыстойнай манерай ня толькі ў кулуарах, але і на іншых пляцоўках». А прыстойная манера пачалася ў сярэдзіне 90­х гадоў, калі першыя творы з «Чырвонага ліхтара» былі надрукаваны ў «НН»…

Поделиться с друзьями: