Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пугачоўскі цырульнік

Шніп Віктар

Шрифт:
* * * Агонь патухне і ссівее неба, Бы шэранню ахопіцца вада, І стане непатрэбным, што нам трэба Было нядаўна, і ўзрасце жуда Між камянёў забытай брукаванкі, Дзе шчэ нядаўна грукалі вазы, І скрыгаталі ўзімку сані й санкі Па камянях, дзе з кроплямі расы Перамяшаны кроў былі і слёзы, Якімі
быў затушаны агонь,
Які не грэў ні ў спёку, ні ў марозы, А ўсё знішчаў, склікаючы варон На свята смерці, дзе сівела неба, Бо ў ім за зоры зачапляўся дым, Якому нашая зямля не трэба Была ні ў гэтым свеце і не ў тым, Куды вядуць амаль усе дарогі, Бо гэты свет часовы, як вада, Што сёння нашыя цалуе ногі, А заўтра ўжо вады і не відаць З пяску, як з вечнасці, што нас чакае, І будзе нас на могілках чакаць, Дзе ўсё жывое, як вада, знікае, Каб, знікшы раптам, болей не знікаць… 31.08.2012
* * * Мог я нарадзіцца у Парыжы, Толькі нарадзіўся ў Пугачах, Дзе з лясоў асенні вецер рыжы Рассыпае лісце па шляхах, Па якіх вяртацца мне дахаты, Дзе ёсць хата, толькі ў ёй няма І не будзе болей мамы й таты І чакаць іх і гукаць дарма. І па лісці я іду асеннім, Быццам па пражытых мной гадах, І гатоў паўзці я на каленях, Каб вярнуцца ў час, дзе ў Пугачах Мы жывём усе, і нам далёка, Быццам да Парыжа, да кладоў, Над якімі сонца і аблокі, Як самота наша і любоў. І калі бацькі ўжо не чакаюць, Нас чакаюць восень і клады, Дзе вятры лісцё перабіраюць, Як памерлых райскія сляды… 20.10.2012
* * * Бацька ўжо не вернецца дадому, Як з пажару не вяртаюцца, каб быць, Ні рудыя мышы, ні салома, Бо згарэлі, як усё гарыць У агні, які жыццём завецца, І ў якім нам радасць ёсць адна — Разрываць сабе душу і сэрца, Выпіўшы, як вечнасці, віна. Бацька ўжо не вернецца дадому, Бо і ён ужо стаміўся жыць І паліць душу, нібы салому, У якой усё ў труне ляжыць… 23.10.2012
* * * Зноў
бацька ў бальніцы, нібы на вакзале,
На лаўцы сядзіць, быццам бы на труне, Што лаўкай для бацькі гаротнага стала, Магчыма, на месяц, магчыма, і не.
І скардзіцца бацька, што кормяць тут дрэнна, І піць так даюць, бы шкадуюць вады, І хочацца мне белай фарбай на сценах Пісаць: «Не трапляйце ніколі сюды!» І бацька ўсміхаецца, быццам бы знае Усё, што патрэбна яму заўтра знаць. Ізноўку мяне ён на лаўцы чакае, Забыўшыся дзень свой апошні чакаць… 24.10.2012
* * * …Снегам усё замяцецца, Нібы азораным тлом. Мама ад ветру прачнецца, Выйдзе на двор з ліхтаром, І не пабачыць нічога, Толькі бязмежнасць снягоў Белай дарогай да Бога Будзе прад мамай ізноў Так, як і ўчора, заўчора, Цэлую вечнасць назад… Траваў зялёнае мора З рыфамі дрэваў і хат Бачыцца мне — гэта сніцца — І я спяшаю дамоў, І мне ніяк не пазбыцца Гэтага сну, дзе ізноў Снегам усё замяцецца, Нібы азораным тлом. Мама ад ветру прачнецца, Выйдзе ў бязмеж з ліхтаром… 31.10.2012
* * * Яшчэ будуць харошыя светлыя дні І праскача па ўзгорках на белым кані Маладая жанчына ў чырвоным плашчы, Быццам бы мой анёлак, які Пугачы Для мяне беражэ, каб журботны не быў І каб з комінаў хат дым асенняй журбы У нябёсы да мамы няспешліва плыў І знікаў у вачах маёй мамы сівой, Што заўсёды цяпер будзе жыць нада мной Родным небам, дзе зараз аблокі й дажджы, Родным полем, дзе зараз балота й глыжы, Па якіх я іду, як выгнаннік, якому Аніколі цяпер не прыйсці ўжо дадому, Бо нікога ўжо дома няма і не будзе, Але ўсё ж вы мне верце, журботныя людзі, Яшчэ будуць харошыя светлыя дні, І праскача па ўзгорках на белым кані Маладая жанчына, як мама мая, Хоць яе ўсё ж адзін буду бачыць тут я… 8.11.2012
Поделиться с друзьями: