Руны Перуновы
Шрифт:
* * *
Няўжо не ўрымсцяцца беззаконнікі,
якія народ мой ядуць, быццам хлеб?
Прыхадні разяваюць галодны рот, Раскашуецца распуста й песта. Як жытні хлеб, Усе ядуць мой народ, А ў дзяжы падыходзіць Вясёлае цеста. І з цеста пячэцца трывалы хлеб, Якому на абрусах вельмавацца. Снапы малоціць чужацкі цэп. Хлеб спажывае халодная праца. Ды чужакоў аднойчы змяце Вецер цярпення маўклівы, Бо дужы. І ўзыдзе Наш каравай на куце, Асвеціць сасмяглыя нашыя душы.* * *
Бо ў смерці няма пра Цябе
памятання:
у магіле хто
Цябе славіць будзе?
Слаўлю Цябе І жыву я Табой, Госпад, А смерці гэта няміла. Толькі не можа Вечны спакой Даць мне сырая магіла. Твой неспакой Не пакіне мяне, Ён у душы не загіне. Твой неспакой Цішыню прыхіне, Жыціме ў мёртвай даліне. І дамавіны глухая турма Страхам душу не стрымае. Будзе душа мая Славіць сама Госпада, Нават нямая.* * *
Высахла ад маркоты вока маё,
пастарэла яно праз маіх ворагаў.
Бачыць далей маладое вока, Вока старое глядзіць глыбей. Ранняя вестка, як тая сарока, З лесу хутчэй ляціць да дзвярэй. Позняя вестка, як тая варона, Глуха чарнее на голым суку. Поўніцца вока старое бяссонна Смуткам, Як поўня на скразняку. Высахнуць цяжка воку, Як мору. Толькі калі высыхае яно, Здасца прадонным Галоднаму гору, Ціхаму небу пакажацца дно.* * *
Вычарпалася ў скрусе жыццё маё,
і леты мае ў стагнотах...
Прыгоршчамі маладзіка й веташка І даланёю поўні Вычэрпвае дні мае скрухі рука, Дапаўшы да апошняе схоўні. Вычэрпвае, Як з чаўна ваду, Вычэрпвае й дно выскрабае. Я следам за ценямі дзён іду. Вярнуць іх надзея слабая. Спяшаюцца цені, Знікаюць яны, Не ведаючы ляноты. І застаюцца са мною адны Скруха мая ды стагноты.* * *
Дзень дню перадае слова, і ноч
ночы адкрывае веды.
Ноч з галавы, А дзень жыве з вачэй. Ноч грэшна бавіць час, А дзень пацешна. Ноч думае, А дзень сабе хутчэй Стараецца ўсё выгаварыць Спешна. Дзень перадаць Наступніку свайму Спяшае недамоўленае слова. Сэнс грэецца ля зорак І таму На долы абніжаецца часова. Як ні шапчы, Як крычма ні крычы, – Сэнс рэдка адгукаецца на словы. І веды ноч перадае начы, А ў ведаў зірк Прыхмарана суровы. Як не сляпы, Той зірк убачыш ты. Калі й сляпы, Адчуеш зірк душою. Відушчым зробішся ад віднаты, І станецца сваім табе чужое.* * *
Ненавіджу шаноўцаў
марных ідалаў…
Шаноўцы марных ідалаў, Яны Шануюць больш сябе Ды свой дастатак. І гневу халастыя перуны Абрынуць любяць На астатні статак. На тых, Што не паспелі дапаўзці, Каб з ідалавых жалабоў Напіцца. У масць лыч да лыча, Поўсць да паўсці. Хвалу ўздаюць Лявіца ды правіца. Растануць ідалы, Як тая мга, І зменяць хваласпеў на момант Плачы. І ўжо да новых ідалаў чарга Цягнуцца будзе, Быццам хвост сабачы.* * *
Не схавай ад мяне аблічча
Свайго...
Бачу вочы Твае, Хоць Цябе я не бачыў ніколі. Чую голас Твой вышні, Хоць ніколі не чуў я Цябе. Гэтак вязень сляпы Бачыць вочы забытае волі, Гэтак чуецца голас знядзелены Немай мальбе. А Табою малюся, А Табою смялею й баюся, А Табою дазволены жыць, Паміраю й жыву, А Табой паддаюся, А не паддаюся спакусе, А са страхам і верай На плаху Тваю Я кладу галаву. Чуць ды бачыць Цябе – І зашмат, і замала. Гэта ласка нябесная – Слухаць Тваю цішыню. Ты задумаў мяне Мудра а дасканала. Я пахібіў Твой плён, І сябе я за гэта віню.* * *
Калі я пайду далінай
смяротнага ценю...
Са мной паміраціме Цень мой жывы. І цень мой Нябожчыкам стане таксама. Зачыніцца глуха нябесная брама, Не ўбачу ў даліне Ні хмар, ні травы. Паселіцца вечная ноч уваччу. Сваё адхвалююся, Адлетуценю. У змрочнай даліне Смяротнага ценю Я з ценем сваім развітацца хачу. Бо цень быў Напарнікам мне і віжом, Сачыў, віжаваў, Дзе б ні жыў пры святле я. У зябкай даліне І цень мой скалее, Не выпырхне ні вераб’ём, Ні стрыжом. На сцежцы стаптанай І на ярыне Кунежна слядам І нястрымна трымценню. І покуль жывы, давяраюся ценю, Бо ценіцца цень І дрыжыць за мяне.* * *
Яліны – пад жытло буслам...
Яліны – Зялёныя скініі, Прыстанак прысталых крокаў. Нябёсы на стрэхі ім скінулі Буслоў, Як акраўкі аблокаў. Сціхa адхінаюцца клёкатам І цішаю клямчацца дзверы. Зямным і нябесным клопатам Буслы У ялін у даверы. І позірку ўроіцца смелае: Прыняўшы дасвецця палоны, Стаіць, Ад чакання здранцвелая, Яліна, Як бусел зялёны...* * *
З улоння дзянніцы падобнае
да расы Тваё нараджэнне.
І за расу, і за слязу нічога Чысцейшага няма. Раса сама Нагорнецца на вока Пана Бога, Не разбурыўшы воблік абраза. І на зямлі, далёкая ад бруду, Раса зайздросціць Зерню на сяўбе. Падлеглая паўторанаму цуду, Расінка Сонца носіць у сабе. Раса й краса З нічога не ўзнікае. Лёс крочыць пеша. Воз сябе вязе. І радасць, Як рачулка гаваркая, Смяецца і ў расінцы, І ў слязе. Вераадступніка чакае згуба. Самапрысуд – Як брытва ў два лязы. Пяшчоціцца ў расінцы Сонцу люба, І ўтульна роспачы На дне слязы.* * *
Пастаў над імі бязбожнага,
і д’ябал хай стане праваруч яго.
Над тымі, Што назваліся людзямі І рохкаюць галодна ля карыта, Пастаў бязбожнага, Няхай яны Плывуць ракою забыцця ладдзямі, Няхай спяшаюцца парнакапыта Падставіць хілы хіб пад бізуны. І праваруч ад самаўладца-хама Самога д’ябла ў чорным ахінале Пастаў, Няхай пасведчыць чарадзе І светласць хама І сваю таксама. Каб дзякуй і за кратамі казалі Бязбожніку, Што ў шчасце іх вядзе. А тое шчасце – Мешанка густая І рэдкая. А тое шчасце ў спрыце, У звадах за харчы перамагчы, Абы не хутка ўбачыць Дно ў карыце. А дасць мароз, Як адарваць лычы?Поделиться с друзьями: