Сіняя-сіняя...
Шрифт:
Ган-Аджэн быў толькі звычайны член свайго племя, але нюхаў ён лепш за сабаку, хоць увесь нос, рот і ніжняя частка твару былі ў яго вечна завешаныя.
Гэтыя не выпусцяць. Ён ведаў.
Як здарылася, што ён стаў ворагам таргві? Вельмі проста: з'явіліся ўзброеныя французы.
Чорт пабяры! Ён ведаў і любіў французаў і ненавідзеў іх цяпер за разбой.
Ён любіў таргві - і цяпер біўся супроць іх.
Ён ведаў высакародства людзей - і вечна змагаўся і на радзіме і тут.
Лёс?
У таргві ў дзяцінстве, пакуль не паспее абпаліць сонца, таксама белая скура.
Таму што белыя прыходзілі, і гвалцілі, і стралялі, як ашалелыя. Таргві бедны народ. Шацёр, ды вярблюды, ды антылопы ў пясках, ды трохі посуду.
А пры сабе шчыт, ды дзіда з чатырма зазубінамі на лязе, ды шабля, ды пара дроцікаў. І яшчэ пістонная стрэльба і дзве маленькія торбачкі са скуры. У адной - зброя, у другой - мука з рознага збожжа, жменя фінікаў ды жавальны тытунь.
І бурдзюк з вадою, і душа, і замест буды ў дарозе - толькі зоры над галавой. Бедны народ! І на іхнія пяскі таксама знайшлася лапа.
Харошы яны народ! Непарушна сумленны, рыцарскі, верны слову. Яны не ведаюць, што такое хлусня, крадзеж.
Але і ў іх рабства. Не ўнутры племя, не. Проста яны робяць набегі на поўдні Сахары, а потым вядуць палонных у Біскру. Джамілю, хутчэй за ўсё, чакае гэткі самы лёс. І таму ён, Пятрок, страляе, замест таго каб даць забіць сябе, бо жыццё даўно стала непатрэбным цяжарам і, што датычыць гэтай ягонай паношанай скуры, яму ўсё роўна.
– Адхаліб, дай вады.
– Трошкі патрывай... ясачка, - шорхлым голасам сказаў ён.
– Вазьмі во гэты сухі яблык. Ён аддзяляе слінку. Пажуй, лягчэй стане.
Дзяўчынка ўзяла і з цяжкасцю пачала жаваць. Спачатку як не сваім ротам, а потым усё смачней і смачней. Адхаліб казаў праўду. Яна толькі не ведала, што і сушаных яблыкаў у яго больш не было.
Туарэгаў не трэба было вінаваціць. Яны прыглядаліся да розных рэлігій. Спачатку да ранніх хрысціян - і навучыліся інкруставаць зброю крыжамі, потым да юдаістаў - і зведалі, што чужыя багі няўмольныя, потым да магаметан - і навучыліся гандляваць рабамі. І ўсё ж яны вераць у неба - Аджэн, у вольнае неба, а не ў вар'ята бога.
Яны вольны народ, а іх гоняць у ярмо, каб былі як негры ў Старой Біскры, як апатычныя і вялыя маўры Сеціфа і Туніса, якіх столькі ганялі, што ім ужо ўсё адно.
«Як людзям на маёй радзіме...»
Ах, як тады ззяў Дняпро, калі яго, амаль непрытомнага, выносілі з кола ворагаў, адпушчаныя камандзірам палонныя. Звычайныя хлопцы аднекуль... А, ды не ўсё хіба адно - адкуль... Выратавалі аднаго з ворагаў у адказ на высакароднасць.
Усё адно, такая смага... Застрэліцца б... Нельга... Побач гэты камячок...
Адзін дзень трэба пратрымацца. А раптам здарыцца дзіва?
Спёка рабілася нясцерпная. Пустыня маўчала ў барвяным зарыве. Ён фізічна адчуваў, як гэта зарыва піло з яго ваду.
Паспрабаваў плюнуць - не было сліны.
– Адхаліб, глыні вадзічкі.
– Бадай, трэба глынуць.
Ён прыклаў рыльца пляшкі да вуснаў, прапаласкаў рот і... вада нібы выпарылася ў роце. Больш было нельга. І ён страшэнным намаганнем волі аддзёр ад вуснаў гарачае рыльца.
Пятрок ляжаў, схіліўшы галаву, прыпаўшы шчакою
да прыклада, а перад невідушчымі вачыма ўставалі, плылі, мяняліся дзіўныя праявы.Вось стаяць яны на ўзлессі. За спіною вільготны шолах лістоты, а наперадзе гарматы, што вывяргаюць смерць. Вось пагоня, і ён уцякае берагам чорнай балотнай ручаіны... А вось плошча ў Санта-Крус. Вось пасля бою пеўняў птушак нясуць за галовы з арэны, мёртвых. І металічныя шпоры на іхніх нагах драпаюць зямлю. А хлопчык змывае кроў з арэны вядром вады... А потым маўрытанскія мячэці ў Танжэры, і ваданосы з казлінымі бурдзюкамі праходзяць паўз іх і звоняць у свае званочкі. Колькі б ні піў - плаціш адну ачаву.
Жабрак не плаціць нічога.
...І негрыцянкі, што гандлююць малаком у порыстых збанах. Малако заўсёды ледзяное, бо малочніцы паліваюць збаны ледзяной вадой.
...Пад сонцам, што нясе жыццё і смерць, варушыцца стракаты кірмаш. Фігі, камякі вострых прыпраў, масла, фарбаванае ў аранжавы колер, мяккі саф'ян, кошыкі валоскіх арэхаў... Негр мые ногі ў жолабе фантана... А калі ў Дагамеі прыносяць ахвяру сонцу, чалавек радасна скача з высокай скалы ў мора, у абдымкі цудоўнага, сіняга, прахалоднага, іскрыстага бога.
Не, вяртання не будзе. Вялікая Афрыка забрала яго ў палон. У шэрым цараванні смерці, між пірамідаў, між вялікім Хеопсам і вялікім Хефрэнам ён падумаў аднойчы аб радзіме і аб яе лёсе - і гэта быў пачатак канца.
Маленькая краіна, уся пісаная гісторыя якой налічвала восемсот год, з якіх трыста сама не ведала, хто яна такая. Вартыя жалю спробы нешта зрабіць, некуды кінуцца. Спробы дзеяння, падобныя на валтузню верабейкі ў веніках. Лухта і марнасць марнасцей!
Ну і што? Ну, нават каб і адолелі чыгунную сілу? Каб адступіўся цар? Усё адно людзі гінуць і народы гінуць, і працэс гэты няўхільны, а на зямлі не застаецца нічога, акрамя магіл. І мізэрная, нязначная думка чалавека побач са сфінксам, побач з ноччу і цішынёй, побач з вялікім цараваннем магіл.
Калісьці, вычытаўшы ў старадаўняй кнізе пра Ўсяслава: «Шастакрыльцы! Сыны Белабога! Наперад!» - ён разрыдаўся ў скураную вокладку.
Ну і што? Многія тысячагоддзі стаяў сфінкс, пакуль не крыкнуў гэтыя словы бязведамны князь бязведамнай краіны. І вось ужо няма князя, няма ягонага сэрца і думак, а сфінкс стаіць. І вакол - труны.
Усяслаў памёр, і хлопцы памерлі, і край, і сам ён, Пятрок, вось-вось памрэ. А сфінкс будзе глядзець і глядзець у ноч сляпымі вачыма з чырвонага граніту. Ягоныя вочы пацямнелі ад дыму войнаў, ад начнога змроку, ад відовішча мільёнаў мёртвых. Царствы і рэспублікі працякалі па твары зямным, і нічога не змянілася.
Ён, Пятрок, сядзеў тады пад сфінксам і радаваўся, што рана ў грудзях прывяла яго ў пустыню, дзе чыстае паветра, да сфінкса, у Афрыку, дзе ён цяпер і застанецца.
А тады месяц усплыў над пяскамі, і аблічча сфінкса стала зялёнае, як малахіт, а вусны расцягнуліся далёка ў бакі, нібы стварэнне знарок пакінула іх у сумнай і памяркоўнай да зла зямнога ўсмешцы.
Калі, што было яму да таго, што ён, Пятрок, разам з сябрамі біўся і сплываў крывёю, што многіх павесілі? Ён столькі бачыў такога.