Сабака з залатым зубам
Шрифт:
Дзед Язэп. Была гісторыя?
Кацярына Карпаўна. О, яшчэ якая!.. Гэта ж як толькі пераехалі, жылі на ўскраіне, у сынавай хібарцы. Аднойчы сын і кажа: «Матка, я паеду ў камандзіроўку, а ты сходзіш у гарсавет і атрымаеш ордэр на новую кватэру». Сказаў так і паехаў. А я збіраюся ў гарсавет і думаю, што ж гэта за ордэр, што ж гэта за штука? Відаць, каштоўная, што з-за яго кватэру даюць. Узяла спачатку сумку, а потым перадумала: можа, не ўлезе ў сумку. Самы вялікі чамадан захапіла.
Дзед Язэп. Запас бяды не чыніць.
Кацярына Карпаўна.
Дзед Язэп. Бач ты?!
Кацярына Карпаўна. Прынесла я гэтую паперку дахаты і не ведаю, дзе яе схаваць. Куды ні пакладу, усё здаецца, што дрэнна. І ўрэшце засунула пад настольнік. Вечарам дзеці са школы прыбеглі: «Бабка, пакажы ордэр!» Я цап пад настольнік, а там яго нямашака. Перавярнула, перакруціла — нідзе. Як карова языком злізала. І тут мяне цюкнула: гэта ж я настольнік вытрасала і рознымі паперкамі, якія пападалі з яго, грубку падцепліла. Стаю, як варам аблітая. Гэта ж спаліла кватэру новую. Хацела адразу пятлю на шыю накінуць. Не ведаю, як ноч перажыла. А раніцою хутчэй у гарсавет. Кінулася да старшыні ў ногі: «Чалавечак ты мой родны, залаты, ратуй! А то рукі на сябе налажу». Усадзіў ён мяне сілком у крэсла, выслухаў, пасмяяўся і выпісаў другую такую паперку. А ў мяне з той пары і рукі дрыжаць, і сэрца змітрэнжылася…
Дзед Язэп. Ого, колькі нам з-за гэтых паперак крыві папсавалі. Помніш, як Антосін Піліп згубіў квіток, што «шараварку» адбыў. «А, ты — скрыты вораг народа!» Заграблі мужыка. Толькі і бачылі. Як у ваду кануў.
Кацярына Карпаўна. Як яна там, Антося, зараз?
Дзед Язэп. А нічога. Сноўдаецца па доме. І парсюку замяшае, і карову падоіць.
Кацярына Карпаўна. Даўно я кароўку не даіла. І, відаць, не давядзецца ўжо… (Уздыхае.) Ды што гэта я пра сябе. Як ты? Усё ў вартаўніках ходзіш?
Дзед Язэп. Чапаю. Але, відаць, давядзецца кінуць.
Кацярына Карпаўна. Немач?
Дзед Язэп. Па немачы яшчэ б цягаўся… Сабачка ў мяне быў. Ды такі рахманы: злодзея за вярсту чуў. Хоць тэлевізар глядзі, хоць спі, а ён аб'яўку дасць у патрэбны момант. А ўжо як учэпіцца ў каго — не адарвеш! Гэта ж Хведзька, ну, бабыль з горада, ты ж павінна ведаць, бычка хацеў украсці. Дык ён за калашыну гэтаму бандзюгу ўпіўся, і што той ні рабіў — і біў, і нагой дрыгаў, і цягнуў за сабой — не адпусціў. Зуб пярэдні ён, бядак, выламаў, а не адпусціў.
Кацярына Карпаўна. Во гэта сабачка!
Дзед Язэп. Ого, быў як у Бога за пазухай. І вот жа, як на ліха якое, прапаў. Як у ваду кануў. У каго ні пытаюся — нічога не чулі пра яго. Прыйшоў вот да сына твайго, Караната. Ён жа ў міліцыі.
Кацярына Карпаўна. Ушыўся ў
сабаччу скуру.Дзед Язэп. Вось я і гавару: мо дапаможа.
Кацярына Карпаўна. Ён не па сабаках, ён па гэтых, як іх — анкаголіках.
Дзед Язэп. А можа, і пра сабачку прапытае.
Кацярына Карпаўна. Спытае. Во сёння раніцою да нас сабачку прыносілі. Надта падобную да тваёй.
Дзед Язэп (ажыўляецца). А каб глянуць на яе?
Кацярына Карпаўна. Цяпер нямашака. На выгулку павялі ці яшчэ куды. (Кранае вузел.) Ты ўжо без мяне паглядзіш.
Дзед Язэп. А ў якія госці, Карпаўна, ты лыжы навастрыла?
Кацярына Карпаўна. А гэта я… у санаторыю!..
Дзед Язэп. У санаторыю — добра. Там і дактары, і дагляд, і клімат.
Кацярына Карпаўна. Я ж не хацела. Дык сын: едзь, матка, ды едзь.
Дзед Язэп. Правільна. У санаторыю гэту я б на пузе папоўз, ды які сабака мне пуцёўку дасць? А ў цябе, Карпаўна, сын харошы. Чалавек. Не тое, што дзеці ў Марылі.
Кацярына Карпаўна. А што ў Марылі?
Дзед Язэп. А ты што, не чула?
Кацярына Карпаўна. Не.
Дзед Язэп. Гэта ж сыны і дочкі пакінулі яе адну. Забрала дзяржава яе ў гэты дом… Вот памяць… Ну, дзе такім, як мы, век дажываць.
Кацярына Карпаўна. Дом састарэлых?
Дзед Язэп. Во, ён самы. А там Марыля хутка і Богу душу аддала. Пахавалі яе там жа, на могілках, ля дома таго, бо ніхто з дзяцей не з'явіўся, хоць і тэлеграмку далі. А па часе дзецям супраць людзей сорамна стала. Сабраліся, зрабілі матцы помнік і павязуць жа ставіць на тыя могілкі. Прывозяць, а помніка ставіць няма дзе.
Кацярына Карпаўна. Божачка, як жа гэта?
Дзед Язэп. А там што… падшыванцы гэта нейкія павырывалі крыжы і спалілі. І цяпер невядома, дзе чыя магіла. Брацкія могілкі…
Маўчанне. Кацярына Карпаўна неўпрыкметкі змахвае хусцінкай слязу. Дзед Язэп устае.
Пайду. А то затравіў цябе, Карпаўна, сваімі анекдотамі.
Дзед Язэп зачыняе за сабой дзверы. Кацярына Карпаўна ў бяссіллі апускаецца на вузел і плача.
Кацярына Карпаўна (да залы). Людзі, у вас прашу паратунку. Зжальцеся нада мной. Дапамажыце сэрцайку майму вытрываць. Скажыце мне, за якія такія грахі на схіле гадоў мне паслана такое мучэнне? Ці я жыццё сваё гультайкай пражыла?.. Ці я дзетак сваіх недагледзела, пакрыўдзіла?.. Людзі, адгукніцеся!..
З-за дзвярэй даносіцца голас маёра Козлікава:
Смело, товарищи, в ногу, Духом окрепнем в борьбе…