Салавей
Шрифт:
Генеральная рэпетыцыя, — насілася на розныя тоны па ўсёй ваколіцы з вуснаў прыгонных.
У той жа час ляжала хворая пры смерці маці Марылькі.
Марылька, прыгажэйшая (як пан Вашамірскі сказаў) за статую грэцкай Венеры, грала ў «містэрыі» ксяндза Марцэвіча Матку Боску.
Больш паўгода маці Марылькі не бачыла яе, бо са студыі нікога не выпускалі.
Пры хворай сядзела старая шаптуха і «лячыла» яе замовамі і зёлкамі.
— Ты, кажаш, празябла? — звярнулася шаптуха да хворай.
— Няпраўда. Гэта енаральная парапіца пашкодзіла.
Хворая не магла гаварыць. Вочы яе былі заплюшчаны. Вусны белыя і сухія, а на худым твары гарэлі чырвоныя пляміны. Яна маўчала, а шаптуха, нібы замову, гаварыла ёй шэптам над вухам:
— Цэлымі тыднямі працуюць людзі ў дварэ для енаральнай парапіцы. Гэтая самая енаральная звядзе нас усіх са свету. Новыя чыншы на гаротных налажылі. Ой-ой-ой, як цяжка жыць.
Шаптуха пасунулася яшчэ бліжэй да хворай:
— Людзі кажуць, што енаральная парапіца паела шмат гавяды, кабаноў, птаства. Рыбаловам загадалі насіць рыбу ў двор для енаральнай парапіцы. Гэта парапіца нават людзей глытае, гавораць бабы. Іх душаць на панскай стайні. Шмат хто чуў адтуль страшныя ляманты. У судыі (студыі) іх там адкормліваюць як гусей, а потым рэжуць на прысмакі для енаральнай парапіцы. Ой-ой-ой, як цяжка жыць.
Хворая ўздрыганулася ўсім целам і ледзь прашаптала:
— Марылька яшчэ не прыйшла?
— Не, — сказала шаптуха. — Твой жа Каспар па яе пайшоў. Дык вось для страшнага цмока, які завецца такой паганай назвай «енаральная парапіца», пан Вашамірскі выпісаў з-за акіяна немцаў-чарнакніжнікаў. Яны сядзяць сабе ў панскім палацы і камандуюць, мая міленькая. Ой-ой-ой, як цяжка жыць. Птушкі чалавечай мовай гавораць пад камандай чарнакніжнікаў, аслы ў людзей перакідваюцца, людзі — у аслоў, коней і сабак. Ваўкалакі, мая міленькая, па начах выюць, людзей душаць. Ой-ой-ой, як цяжка жыць.
Самы меншы хлопчык, якому было каля чатырох год, заплакаў:
— Мама, есці хачу!
— Ціха ты! — крыкнула на яго шаптуха. — Маці памірае, а ты: «есці». Ой-ой-ой, як цяжка жыць.
Хлопчык яшчэ галасней заплакаў.
— Маўчы! — зазлавалася шаптуха. — А то прыйдзе енаральная парапіца і ў торбу цябе забярэ… Ой-ой-ой…
Хлопчык спалохаўся, змоўк і схаваўся пад матчыным ложкам.
А ў гэты самы час Каспар, бацька хлопчыка, пайшоў да пана Вашамірскага літасці прасіць:
— Яснавяльможны пане! Я з самага рання чакаю цябе. Ледзь дапусцілі.
Пан Вашамірскі злаваўся. Яго адарвалі ад генеральнай рэпетыцыі. Перад ім стаяў у пярэдні чалавек з ускалмачанай чорнай галавою. У вачах чалавека блішчэлі слёзы.
— Гавары хутчэй!
— Адпусці, паночку-лябедзіку, маю Марыльку на дзянёк. Маці пры смерці. Хоча дачку паглядзець.
— Не магу. Генеральная рэпетыцыя.
— Злітуйся, даражэнькі пане…
— Не магу!
Каспар кінуўся вобземлю да панскіх ног. Заплакаў.
— Маці памірае… дачку пабачыць хоча перад смерцю.
— Разумееш, галган, —
крыкнуў пан, — ге-не-раль-на-я рэ-пе-ты-цы-я!— Злітуйся…
— Ідзі, ідзі! Ты мне сапсуеш генеральную рэпетыцыю, Свенту Матку, якую грае Марылька. Маці няхай памірае без Марылькі. Разумееш, ёлап, мастацтва вышэй за жыццё і смерць…
Пан Вашамірскі яшчэ хацеў разгортваць сваю філасофію аб вялікім значэнні мастацтва, але ўгледзеў ля сваіх ног распластанага крыжам бруднага «хама»… «Перад кім гэта я перлы сыплю?» — падумаў ён і крыкнуў не сваім голасам:
— Во-о-о-о-н!
Каспар хутка ўскочыў з падлогі. Яго вочы высахлі. Сціснуліся кулакі. Нізенькі і шчупленькі Каспар падскочыў і зароў дзікім голасам:
— Згарыць няхай енаральная парапіца! Згарыць няхай твая Свента Матка! Згары сам разам з імі!
Да хаты Каспар ужо не вярнуўся. Каспарыха не дачакалася і пад гутарку шаптухі аб «енаральнай парапіцы» ціха сканала.
Пан перадаў Каспара ў рукі лютага войта.
Яго трэба было караць за тры злоўчынкі:
непашана да панскага тэатру,
знявага да Свентай Маткі
і бунт супроць самога пана Вашамірскага.
Генеральных рэпетыцый у грыме і вопратках пры дэкарацыях адбылося ажно тры ў вялізнай панскай залі, дзе была зроблена сцэна і ўсё было прыстасавана пад таэтр. Тры дні ішлі генеральныя рэпетыцыі.
На гэты раз студыйцаў не каралі фізічна: рэжысёр і балетмайстар не дазвалялі. Але карэктаванні ігры, розныя папраўкі, пераробкі, незвычайная нервознасць, заклапочанасць французскіх педагогаў перадаваліся кожнаму са студыйцаў. Ім на гэты раз мо лягчэй было б перанесці катаванні, чымся збянтэжаны выгляд і літасцівыя словы педагогаў, сталёвыя вочы пана і ламанне рук з шапатлівым «Езу-Марыя» ксяндза Марцэвіча.
Апрача таго, пан строга загадаў усёй чэлядзі ў палацы, каб ніхто са студыйцаў не ведаў, што сюды прыходзіў Каспар прасіць сваю дачку на развітанне з маткай перад смерцю. А то як Марыля даведаецца, дык не зможа граць і сапсуе ўсё тэатральнае прадстаўленне.
У часе такой суматохі на Салаўя ніхто ніякай увагі не зварочваў.
Была тады месячная ноч.
Сіняватыя водсветы месяца гралі па снежнай паляне змруднымі іскрамі.
Панскі парк цягнуўся аж да гэтай паляны. Высокія, аснежаныя стаялі дрэвы. У марознай цішыні дрэвы застылі і вершалінамі паказвалі на буйныя яскравыя зоркі, якія віселі ў цёмна-сінім бяздонні.
Мароз трашчэў.
Непрытульнасцю аддавала ад снежнай паляны. Яна слалася сіне-белым палатном да самага хвойніка.
Яшчэ ўдзень таўставусы войт пана Вашамірскага агледзеў гэтае месца.
— Тут і трэба пакараць Каспара, — сказаў ён гайдукам.
— А можа, што-небудзь лягчэйшае прыдумаеш? Каспар не вытрымае, — папрасіў адзін з гайдукоў.
— Вытрымае чорная костка! — сказаў аканом. — Пан Вашамірскі ледзь не панамі хоча зрабіць іхніх дзяцей у сваім тэатры, а яны яшчэ бунтуюцца! Мы ім пакажам!