Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Салавей

Бядуля Змітрок

Шрифт:

Надвор'е, падобнае да таго, у якое ён з Зоськай гуляў, — выклікае перад ім яе вобраз.

Самы малы намёк, ледзь прыкметнае падабенства вопратак, тканіны да тых, што бачыў у Зоські, — і яна з'яўлялася перад ім ва ўсёй прываблівай для яго красе.

Гэта яго вельмі мучыла. Колькі ён ні змагаўся сам з сабою — нічога не памагала. Бачыцца з ёю не было ніякай магчымасці.

Тэатральныя клопаты ў маёнтку павялічваліся.

Усе дваровыя былі вельмі ўзбуджаны і зацікаўлены. У вакольных маёнтках ужо рыхтаваліся да зімовага балю ў пана Вашамірскага, хаця пасля замарозкаў

выпаў толькі першы снег.

Снег быў яшчэ не глыбокі, але панскі парк пабялеў ужо. Лісці даўно абсыпаліся з дрэў, і праз сеткі галін відаць была даль, яркая, сіне-блакітная, нібы намаляваная на паперы.

Каменныя львы з гладкай плошчы тэрасы паглядалі ў абснежаныя бязбрэжжы мёртвымі задумёнымі вачыма.

9. Певень і курыца

Што гэта?

Лябяжы пух рассеяўся па зямлі?

Дзіва дзіўнае з бялюткай белі рассцілалася пярынамі па шырокаму полю?

Хвоі белыя цветам цвітуць?

Гэта снег — чысты, як белае воблака — апусціўся на нямыя абшары; спачывае, нібы вялізнае стада белых гусей.

Рэчка абцягнута плевай-лёдам, як застылым жывым срэбрам. Яна дрэмле паміж абрывістых стромкіх берагоў, нібы ў выгабляванай з сыру аправе. Бліскучая вада не адбівае ў сабе неба з хмаркамі і двух хатак, якія прытуліліся да самага берага. У рэчцы свет не люстрыцца, перавернуты галавой уніз.

Як дзве старыя гаспадыні ў белых хустках, стаяць адна супроць адной дзве хаткі; яны падобны адна на адну, як дзве сястры, як спарышы. Дзверы хатак, замурзаныя, пільна сочаць адна за адной. Можна падумаць, што тут толькі адна хатка, а супроць яе пастаўлена вялізнае люстэрка, у якім яе відаць усю ад шурпатай саламянай страхі да абтрушанай снегам прызбы.

Сонечны дзень.

— Кт-кт-кт-кт-кт! — чуваць з адной хаткі.

— Кдах-кдах-кдах-кдах! — адказвае нехта з суседняй хаткі.

Дзве рукі адчыняюць двое дзвярэй.

З адной хаткі выскаквае стройны певень.

З другой — высоўваецца плаўна, як пава, павольная і паважная курыца.

Як старыя знаёмыя яны вітаюцца і падыходзяць бліжэй да рэчкі.

Певень ганаровы, надзьмуты, як кароль, ірвануў уверх чырвона-крывавы грэбень, распусціў веерам залацісты хвост і сунуў уздоўж берага.

Курыца ідзе за ім следам з апушчанай галоўкай, нібы вінаватая, грэшная і сарамяжлівая.

Певень мае чым ганарыцца: пер'і адліваюцца ў розныя колеры — на крыллях агняцветныя кружалкі, на шыі і грудзях мігаціцца цёмна-сіні панцыр, сталёвая дзюба, моцная, як дзіда, ногі апранутыя ў залатыя нагавіцы, хвост — вязка брыльянцістых абручоў.

Курыца апранута па-простаму, па-хатняму — у пярэстую цнатлівую спадніцу ў белых гарошках.

— Кт-кт-кт-кт! — чуваць розныя ноткі гаспадара-пеўня.

— Кдах-кдах-кдах-кдах! — апраўдваецца курыца.

Пачынаецца інтымная гутарка-бяседа святочнай парачкі. Гутарка льецца на розныя лады і галасы. Ад гучнага гоману яна пераходзіць у кволы таемны шэпт.

Пераплятаюцца цвёрдыя з мяккімі слоўцамі, гнеўныя з запалоханымі ноткамі зліваюцца ў адно.

— Кт-кт-кт…

— Кдах-кдах-кдах…

Курыца садзіцца, млявая, на пульхны снег і змаўкае.

Певень круціцца вакол яе карагодам, апускае крыллі, нібы крадучыся, ідзе бліжэй да сваёй гаспадынькі і сыпле ва ўсе бакі салодкім дробным басавым квахтаннем…

Раптам вясёлы рогат раздаецца з адчыненых дзвярэй абедзвюх хатак, рогат-смех кідаецца адзін на адзін у шчырай гучнасці.

Паказваюцца два твары — адзін круглы, поўны, масянжовы, з маленькімі цёмна-сінімі зажмуранымі вачыма, з светла-русай рэдкай бародкай; другі — абросшы цёмна-сівай густой барадой да самых вачэй, якія блішчаць з цыганскай хітрыкай.

Гэта — два суседы, два рыбакі, Міхалка і Меер.

— Дзень добры!

— Дзень добры!

— Што скажаш, Міхалка, на маю курыцу?

— Што скажаш, Меер, на майго пеўня?

— Твой певень не на жарт прыстаў да маёй курыцы.

— Чаго добрага, яйкі трэфныя будуць, есці не захочаш.

— Ну, ну, не жартуй!

Міхалка і Меер — два рыбакі. Шмат гадоў яны тут жывуць разам. Міхалка ловіць рыбу, частку аддае ў двор, за што пан яго вызваляе ад прыгоннай работы, а частку бярэ ў яго Меер і прадае ў блізкім мястэчку. З гэтага яны жывуць. Адзінота зблізіла іх жыццё-быццё, нягледзячы на тое, што адзін «гой», а другі «жыд». Яны зблізіліся да таго, што часам самі забываюць, хто яны, не памятаюць, што ёсць і «гоі» і «жыды». Але як пачуюць, што між іх няма ніякай розніцы, што яны толькі «людзі», тады абодва палохаюцца…

Меер упадае ў задумёнасць і пачынае перабіраць пальцамі густую бараду.

Міхалка цярэбіць патыліцу і шчыра непакоіцца.

«Трэба, каб была між нас нейкая розніца», — думае Меер.

«Гэта ж я ледзь не забыў, што я хрысціянін, а ён нехрысць», — думае Міхалка.

Так мільгне ў іх думка ў часе будзённай працы, блісне на адзін міг і гасне, як лучына. Час, каб падумаць і падбаць аб гэтым, у іх толькі ў святочныя дні — у суботу і нядзелю. Гэтыя два дні яны прымушаны абодва святкаваць. У суботу Меер шабасуе, і Міхалка без яго як без рукі. У нядзелю Міхалка нядзеліцца, і Мееру няма чаго рабіць. Вось у гэтыя дні яны і пачынаюць паказваць адзін аднаму, хто чым пахне.

«Трасца Мееру ў бок! — думае Міхалка. — Ліха жыду гэтаму!» — і пачынае ў суботу перад самым акном Меера працаваць сякерай, майстраваць. Ці работа патрэбная, ці не — яму ўсё роўна: трэба толькі рабіць садом перад жыдоўскай хатай, каб паказаць розніцу між ім і Меерам, каб апаганіць яму шабас.

Меер моліцца Богу, адварочваецца да ўсходняй сцяны і затыкае вушы, каб не атрэфіць свой шабасовы слух стукатам-грукатам «паганага» Міхалкі, і ў душы радуецца той помсце, якая чакае заўтра «гоя»…

А Міхалка не адстае — стучыць сякерай і крычыць: — Меер! Я буду сякерай біць калоду, а ты пры кожным стуку крыкні «гэ-эх!». Гэта і ў шабас можна!

У нядзелю Меер «здзекуецца» над Міхалкай. Усю сваю хатнюю працу ён адкладае на гэты дзень. Ля самых дзвярэй Міхалкі капае нешта лапатай, калкі забівае і гручыць на ўсю ваколіцу.

— Міхалка! Кажы «гэ-эх»! — крычыць Меер і смяецца, чуючы зласлівыя лаянкі Міхалкі, які ляжыць на печы і «па-панску» ўпіраецца босымі нагамі ў закураную бэльку.

Поделиться с друзьями: