Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Салавей

Бядуля Змітрок

Шрифт:

— Здужаем пана! Усе яго прыгонныя вёскі нам дапамогуць! Нас многа!

Салавей быў на яго баку. Аднак былі і такія, што не згаджаліся з атаманам.

— Самі прападзём, цэлыя вёскі прападуць, а нічым не дапаможам. Акаянныя паны такімі і застануцца. Яшчэ горш лютымі стануць. Царскае войска ім дапаможа.

Так плылі дні, месяцы. Ісці далей, каб дзе-небудзь у чужой краіне застацца, цімакі не рашаліся: сваіх не хацелі пакідаць, і расправіцца з панам Вашамірскім не пробавалі: зноў жа сваіх вяскоўцаў шкадавалі, каб іх не знішчыла

войска.

Шумела пушча.

Часам сярод белага дня рабілася цёмна, як уночы. Неба было атулена чорна-сінімі кажухамі хмар. Грымоты будзілі пушчу ад сну. А маланкі рэзалі яе хваёвыя грудзі агнёвымі нажамі, а дажджы мылі яе, лупцавалі вадзянымі доўгімі, ад неба да зямлі, вяроўкамі.

Страшна было тады ў пушчы, непрытульна. У часе такой навальніцы цімакі хаваліся ў зямлянцы. Адзін толькі атаман, чорнабароды Язэп, не хаваўся ад навальніцы. Ён заставаўся на невялікай паляне і любаваўся навальніцай. Заўсёды, з маладых год, ён любіў такую пагоду.

І ён думаў:

«Вось каб людзі адважыліся такую навальніцу-мяцеж пусціць па панскіх маёнтках; з агнём, са злосцю, з дзікім шумам, з вострымі нажамі, з сякерамі…»

Заўсёды навальніца выклікала ў яго думках вобраз страшнага мяцяжу супроць агідных паноў.

Пасля такой навальніцы ў пушчы атаман заўсёды сам раскладваў агонь, сушыў вопратку і доўга думаў. Грозныя былі тады вочы ў чорнабародага Язэпа, губы сцяты, і ніхто да яго тады не падыходзіў з гутаркамі.

Аднаго разу прывалокся сюды, у пушчу, музыка Антон. Яму ўдалося захапіць з сабою скрыпку.

— Без скрыпкі я сюды не ўцёк бы, — гаварыў ён цімакам.

На гэта атаман зморшчыў лоб і грозным голасам сказаў:

— А як нам трэба будзе ісці ў госці ў маёнтак пана Вашамірскага, скрыпку ў зямлянцы пакінеш і возьмеш сякеру. Толькі раней добра яе навострыш. Пакуль што раскажы, што там робіцца.

Антон расказаў.

Тады атаман сціснуў кулакі і працадзіў праз зубы:

— Хутка пойдзем у госці да пана Вашамірскага!

— Сягоння ж пойдзем!

— Зараз пойдзем!

— Хадзем!

Так гаварылі цімакі.

— Ціха! — крыкнуў атаман, — калі не хочаце мяне слухаць, дык выбірайце сабе другога атамана. Буду яго слухацца.

Цімакі змоўклі.

— Ты, Антоська, пакуль што грай! — звярнуўся атаман да скрыпача. — Грай так, як табе самому хочацца. А мы ўсе будзем слухаць. Добра, што ты да нас прыйшоў…

Сеў Антон на паваленым пні і давай настрайваць скрыпку.

Цімакі селі ў кружок, моўчкі, сур'ёзна, нібы чакалі ад скрыпача нечага такога, ад чаго залежыла іх жыццё і смерць.

Здавалася, што грозныя стагоднія хвоі з нецярплівасцю чакалі. Здавалася, што вершаліны шумець перасталі.

Антон зайграў.

У першы раз пушча чула такія гукі. У першы раз прыгонныя чулі такую музыку.

Антон зусім забыўся, што вакол яго сядзяць людзі. Ён граў для «сябе». У адзін і той самы час чуваць былі розныя галасы: адна струна заходзілася ад плачу,

другая дзіка рагатала, а трэцяя струна кудысьці клікала-звала грозным крыкам. Не было на гэты раз той кволасці ў яго ігры, што чуваць была ў панскім палацы.

Антон адчуваў, што яму горача: гарыць лоб, вочы, а ў грудзях страшнае пажарышча. Каб рукі не былі заняты ігрою, ён бы сціснуў далоні ў цвёрдыя кулакі, сякеру ўзяў бы…

Чамусьці ў гэты час усе цімакі ўспомнілі адно і тое самае:

Свісты бізуноў па акрываўленых плячах прыгонных, жудасны плач сялян і рогат, дзікі нястрыманы рогат лютага войта і азвярэлых панскіх гайдукоў.

— Біць! Рэзаць! Паліць! — крыкнуў адзін з цімакоў ды ўскочыў з свайго месца.

— Хадзем! Маёнтак падпалім! — крыкнуў другі.

— Усю свалату перарэжам! — залямантаваў трэці.

Кожны па-свойму выказваў сваю злосць.

Адзін толькі атаман маўчаў. Толькі жылы на яго лбе выступілі, і над самым носам углыбіліся дзве змаршчыны.

Над палянай вісела гарачае рыжае сонца. Пахла смалою і травамі.

Антон спыніў ігру.

— Лоўка граеш! — пахваліў яго атаман.

— Перад мужыкамі лепш грае, чымся перад панамі, аж за сэрца бярэ, — заўважыў адзін з былых панскіх актораў.

— Што гэта? — усхапіўся раптам ад дзіва атаман. — Хто тут плача?

Воддаль пад хвояй корчыўся ад плачу Салавей.

— Чаго хнычыш? — злосна крыкнуў атаман. — Мяккае ў цябе сэрца, як бачу. Не салаўём трэба быць, а злосным каршуном! Нашаму брату плакаць не выпадае. Ідзі сабе да пана, салаўём паплачаш перад ім. Можа, ён і злітуецца…

Салавей засаромеўся, змоўк.

— Далей чакаць нельга! Пойдзем! — пачуліся галасы цімакоў.

Пасля згоды атамана людзі пачалі збірацца ў дарогу.

— А ты, можа, тут застанешся па-салаўінаму спяваць і слёзы ліць? — звярнуўся атаман да Салаўя.

Салавей пакрыўдзіўся, апусціў галаву і маўчаў.

— Ведаеш што, — сказаў яму атаман больш мяккім голасам. — Мы каля маёнтка ў гушчары пачакаем, а ты крыху пажартуй з пана Вашамірскага. Наладзь яму генеральную рэпетыцыю. Пасля гэтага мы прыйдзем табе на дапамогу. Так яно, можа, нават і лепш будзе.

Абрадаваўся Салавей.

— Грым, вопратка і конь будзе для мяне? — запытаўся Салавей.

— Усё дадзім, — сказаў атаман.

Свяціла сонца над палямі. Ціха і патаемна гулі вершаліны стагодняй пушчы.

Цімакі парашылі назаўтра ісці ў дарогу.

10. Пан Скшымбжыцкі

Слава аб стаенніках пана Вашамірскага разляцелася па ўсіх вакольных і нават далёкіх маёнтках. Разносіў гэту славу на крыллях свайго красамоўства шляхціц Вольскі. Яму вельмі да сэрца былі новыя ўчынкі пана Вашамірскага. Апрача таго, што вялікая частка панскіх грошай, якія прызначаліся на куплю коней, заставалася ў Вольскага, ён меў яшчэ добрую награду ад пана і натурай: дзвюх балерын.

Поделиться с друзьями: