Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Салавей

Бядуля Змітрок

Шрифт:

Прыбеглі чатыры чалавекі з былых панскіх актораў. Павалаклі яго ўніз. Пана пры гэтым пацяшаў Салавей голасам і словамі ксяндза Марцэвіча:

— Пакуты цела — гаенне для духа…

Свечка засталася гарэць на стале. З адчыненага акна дзьмуў вецер. Аганёк свечкі круціўся ва ўсе бакі, нібы агнёвае джала змяі. Вось-вось, здаецца, патухае. Сцены пакоя заплывалі змрочным ценем. Але раптоўна зноў успыхне святло і бледным водсветам абалье сцены і столь пакоя. Асвятлілася на хвіліну французская гравюра, на якой красаваўся стэп, дзікія коні ў першабытным харастве скакалі

па стэпе.

Ажыўлялася на хвіліну гравюра і зноў нікла ў ценях. Пасярод пакоя стаяла адчыненая кованая скрыня і пара круглых тумбачак, абабітых дарагім аксамітам, ляжалі бокам на падлозе. Блішчэлі чышчанай меддзю маленькія калёсікі, прышрубаваныя да тумбачак знізу.

Унізе, у драўляным будынку, на скотным дварэ пан угледзеў на падлозе звязаных усіх сваіх адданых людзей — дзікіх гайдукоў, лютага войта і нават ксяндза Марцэвіча.

Салавей паглядзеў ксяндзу глыбока ў вочы, пахлопаў яго па спіне і сказаў у другі раз:

— Пакуты цела — гаенне для духа. Святыя вашыя словы, ойча вялебны…

Ксёндз Марцэвіч маўчаў. Ён, можа, нешта сказаў бы, але і рот духоўніка быў запханы анучаю.

— Глядзі, чорнабароды, — звярнуўся Салавей да атамана, — ксёндз не згаджаецца з тым, што пакуты цела гаенне для духа!

Пры гэтым Салавей паказаў рукою на твар ксяндза Марцэвіча.

Вочы ксяндза на лоб вылазілі ад натугі. Яны злосна блішчэлі. Вось зараз праколіць імі і Салаўя, і чорнабародага Язэпа, і ўвесь свет.

— Так, — адказаў лагодна чорнабароды Язэп, — ксёндз супроць сваіх уласных святых слоў. Гэта вельмі кепска. Сягоння, як паедзе на той свет разам з панам Вашамірскім ды з усімі панскімі гіцлямі, дык Пан Бог яго за такі грэх у рай не пусціць…

Заварушыліся ўсе звязаныя і давай тарашчыць ва ўсе бакі спалоханыя вочы.

— Што? І вы не згодны, што пакуты цела гаенне для духа? — са злосцю запытаўся чорнабароды Язэп. — Тады і ваша месца ў раі іншыя зоймуць…

Праз некалькі хвілін пасвятлела на дзядзінцы. З усіх будынкаў маёнтка шугала полымя. У падпале прымалі ўдзел усе прыгонныя пана. Прыбеглі людзі з блізкіх вёсак.

Вецер рос. Галавешкі, цэлыя снапы агню перакідваліся ў паветры з даху на дах, ляцелі агнёвымі птушкамі.

Будынкі панскага маёнтка трашчалі. З вокнаў высоўваліся чырвоныя языкі полымя.

Светла стала ў маёнтку, як сярод белага дня. Воддаль цямнеў парк. Па дзядзінцы насіліся галопам дзесяткі панскіх стаеннікаў, якія былі падобны цяпер да французскай гравюры ў панскім пакоі.

Людзі выганялі з хлявоў кароў, быкоў, авечак, свіней, курэй, гусей.

Жывёліны былі вельмі папалоханыя. Дзікімі галасамі равелі, мычалі, візгаталі і крычалі. Стаяў страшэнны садом.

Над кожным будынкам палыхаў агонь. Высачэзныя слупы іскраў і дыму шугалі ў неба да хмар.

Каменныя львы на парадным ганку панскага палаца ружавелі ад водсвету пажару і здаваліся жывымі.

Да будынкаў, што стаялі воддаль ад пажару, людзі падносілі пукі саломы і падпальвалі.

Усё гэта рабілася з жудасным супакоем, акуратна, не спяшаючыся, нібы прыгонныя працавалі на панскім полі. Толькі пры гэтай рабоце незвычайная радасць свяцілася

ў сялянскіх вачах, нібы радасць хмельнага гадовага свята…

Раптам уздрыганулася зямля. Пачуліся выбухі гарматнай страляніны.

— Што гэта? — спалохаліся людзі.

— Не бойцеся, — сказаў чорнабароды Язэп, — гэта бровар гарыць, бочкі са спірытусам бухаюць…

— Ай-ай-ай… Навошта падпаліў так раптоўна? — пашкадавалі людзі. — Мы б выпілі на гэткім панскім балі.

— Няможна сягоння піць! — крыкнуў чорнабароды Язэп.

А бровар трашчаў. Мора сіняга агню пырскала фантанам, страшнай навальніцай. Пахла спірытусам.

Шыпела, гуло, бухала, грымела. Трэснуў цагляны бровар ад выбуху, і на вялікім абшары разлілося возера сіняга полымя.

Пасля выбуху спірытус пачаў гарэць роўным спакойным агнём.

Тым часам загарэўся і парк. Корчыліся лісці, вугліліся вершаліны дрэў. Сотні залатых кудзерцаў мільгаліся па дрэвах, пераскаквалі маланкавымі дугамі-вясёлкамі адразу намнога сажняў угару, потым вуглёвымі лапамі шорхаліся па зямлі, паўзлі прыгінаючыся.

— Генеральная рэпетыцыя, — смяяўся Каспар, пакалечаны мінулай зімою на лютым марозе па загаду пана.

— Так. Генеральная рэпетыцыя, — сказаў чорнабароды Язэп і зірнуў удаль спакойнымі задумёнымі вачыма. — Можа, некалі ўсе маёнткі лютых паноў засвецяцца.

— Дай, Божанька! — пачуўся старэчы, дрыжачы голас.

— Дай, Божанька, волю для нашых братоў! — Гэта сказаў стагодні дзед Марцін, які таксама прывалокся на пажар.

А жудаснае вока пажару наскрозь прасвідравала ноч. Свяціла на вялікую адлегласць вакол яркай зарніцаю.

Пэўна, дзесьці па далёкіх вёсках, угледзеўшы зарніцу, думалі, што сонца ўзыходзіць.

Пэўна, знекуль здалёк ведалі, што гэта зарніца пажару.

Пэўна, з іншых маёнткаў панскія падлізы беглі сюды ратаваць маёнтак пана Вашамірскага.

У той жа час на пагорку, за выганам вёскі Вашаміршчыны, стаяла шалёная дачка Каспара.

Пажар быў перад ёю як на далоні. Галавешкі ляцелі птушкамі аж да яе.

Марылька была ў адной кашулі.

— Сціхні, пажар, сціхні! Я, матка боская, табе кажу…

Раптам яна пачала церці вочы кулакамі, нібы толькі што ад сну прабудзілася.

— Гэта ж гарыць маёнтак пана Вашамірскага! — прашаптала яна.

Шчаслівая ўсмешка мільганула па яе твары. Прытомнымі вачыма яна зірнула вакол. Стаяла на гэтым месцы і любавалася на пажар аж да самай раніцы, калі на ўсходзе неба пачало бляднець.

Пачаў накрапліваць дожджык.

— Ой, чаго я тут стаю ў адной кашулі? — усхапілася Марылька. — Людзі ўгледзяць. Сорамна…

Яна пабегла дахаты.

13. Салаўіны курган

Вось такую гісторыю чуў я ў саўгасе, у былым маёнтку пана Вашамірскага, ад старога дзеда, былога панскага лёкая.

Мы сядзелі з ім на мяжы некалькі гадзін. Я ўвесь час моўчкі слухаў, а дзед апавядаў. Пры гэтым ён час ад часу рабіў спынкі і дыміў «казіныя ножкі» з махоркі. Ён задумёна пазіраў у бок лесу. Вочы яго сядзелі глыбока пад сівымі кустамі брывей.

Поделиться с друзьями: