Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Салавей

Бядуля Змітрок

Шрифт:

Ксёндз тлумачыў, што ён, духоўнік, таксама вальнадумец, але люду патрэбна рэлігія, як цуглі гарачаму каню.

З гэтым пан Вашамірскі згадзіўся, але цяпер гэты самы ксёндз псуе яму нервы; ласым вокам на ўсіх балерын паглядае.

Пану жыва ўявілася агідная фігура езуіта.

Высокі, трохі сутулы. Светла-шэрыя, хітрыя вочы яго пастаянна ўсміхаюцца. Заўсёды вочы як бы кпяць з цябе, пранізваюць наскрозь. З табою ён ва ўсім згодзен, але відаць, што ні з чым не згаджаецца. А ў выпадку патрэбы, калі толькі ён можа мець ад гэтага карысць, на агонь цябе ўзвядзе або нож у бок суне.

«Езу-Марыя» з вуснаў ксяндза не сыходзіць.

«Небяспечны

чалавек, — падумаў пан, — прывязаўся да маіх дзяўчат і да маіх грошай. Ніяк цяпер не адвяжашся ад гэтага д'ябла ў чорнай сутане».

Раптам пачуўся лёгкі стук у дзверы.

— Хто там? — крыкнуў пан.

— Яснавяльможны пане! — адклікнуўся ўслужлівы голас. — Прывялі хлопа.

Пан выйшаў у пярэдні пакой.

Перад ім стаялі тры ўспацелыя гайдукі, яны трымалі Сымона з звязанымі вяроўкамі рукамі за плечы.

Сымон быў без шапкі са скалмачанымі валасамі, у падранай вопратцы, з акрываўленым, апухлым тварам. Дзіка таропіў вочы ў пана, як зацкаваны звер.

Не лепш выглядалі і панскія гайдукі.

Нялёгка ўдалося ім злавіць і прывесці сюды Сымона.

Ад ранейшай панскай вальнадумнасці і кволасці і сляда не засталося. Вочы наліліся вялікім гневам, падбародак завастрыўся, высунуўся наперад.

— Ну? — казаў пан.

Сымон маўчаў.

— Цо? — крыкнуў пан.

Сымон не варухнуўся.

— Закатаваць галгана да паўсмерці і адправіць у салдаты!

Губы ў пана Вашамірскага дрыжэлі.

Сымон пабляднеў. Яго постаць яшчэ больш выпрасталася ад захаванага гневу.

— Слухаю, яснавяльможны пане! — сказаў аканом.

Пан павярнуў было да дзвярэй пакоя, а гайдукі штурхнулі Сымона, каб вывесці на двор, але раптам пан крута адвярнуўся назад, як бы нешта ўспомніў.

— Пачакайце, пачакайце! — сказаў ён змененым тонам.

— Ану, хаме, — звярнуўся пан яшчэ больш мяккім голасам, — пакажы, як ты спудзіў каня цівуна?

Сымон здзіўлена зірнуў на пана. Ён не ведаў, — ці пан жартуе, ці ўсур'ёз гэтым зацікавіўся.

— Прэндзай, прэндзай!

Пан быў вельмі зацікаўлены.

Нягледзячы на тое, што чакала Сымона на панскай стайні, — у яго сэрцы загаварыў артыст.

— Няхай яснавельможны пан загадае развязаць мне рукі, а то не магу, — папрасіў ён.

— Развязаць! — загадаў пан.

Сымону развязалі рукі.

Ён выпрастаўся, прыставіў далоні да губ, схіліўся напалову і пачаў.

Выццё ішло ціхае, ціхае, як бы з далёкага лесу.

Потым яно расло — жудаснае, сумнае, запоўніла лямантам увесь вялікі пакой, перакідвалася самотнымі зыкамі ад акна да акна, кацілася дрыжыкамі па шыбінах. Здавалася, не адзін воўк вые, а іх тут цэлая гання галодных, худых звяроў. Выццё пераліваецца на розныя лады. Па скуры драпаюць нейчыя вострыя кіпцюры. Драпежніцкая звярыная смага студзіць кроў.

Пан зажмурыў вочы ад нейкай дзікай прыемнасці.

Абразок дзіцячых гадоў ажыў-уваскрос перад ім:

Вечар марозлівы, калядны. На сіняваты снег падае водсвет месяца. На гурбах абапал дарогі мігацяць іскры. Ён — малы яшчэ хлопчык. Едзе з нябожчыкам бацькам да маёнтка. Тройка мчыцца. Бразгулькі звіняць. Па небе соваецца наперад круглы чырвоны месяц. Раптам коні пачалі храпці, стрыгчы вушамі — здалёк, з лясной далі, якая вызначалася ярка-сіняватай палоскаю на снежнай паляне, пачулася выццё ваўкоў… Яму, маленькаму хлопчыку, зрабілася так страшна, што зуб аб зуб заляпаў. Бацька меў стрэльбу пры сабе. Выстраліў у бок лесу, у

выццё, у сіне-снежную ноч…

Коні шыбка паімчалі. Снег закурэў вакол і белым пухам пыліў у вочы. Здавалася тады яму, маленькаму хлопчыку, што ў паветры носіцца.

Сьшон скончыў выццё і выпрастаўся.

Пан Вашамірскі ачнуўся, спрыяюча зірнуў на Сымона.

— Лоўка! А што яшчэ ўмееш?

— Усё ўмею, яснавяльможны пане…

— Ён умее свістаць салаўём, гэты блазан, яснавяльможны пане! — дадаў аканом.

— Папрабуй!

Сымон засвістаў…

Пяшчотныя, зычныя трэлі салаўя запоўнілі пакой. Пан разявіў рот і глытаў гэтыя трэлі, як пітво.

Спачатку гукі былі рэдкія, нясмелыя, потым пачалі гусцець, перасыпаліся срэбрам, журчэлі непрытомна, горача, ажна кроў зайграла ў пана.

Ён успомніў адну вясну… Яму было ўсяго шаснаццаць гадоў. Ён любіў. На балі ў іх маёнтку была яна, панна Ядзя. Падобна да Джаконды на малюнку Леанарда да Вінчы.

Спяваў тады салоўка. Густы парк. Белая, як анёл, панна Ядзя мігацела між дрэвамі, па роснай пахучай траве. Ён у жарт гнаўся за ёю. Яна ўцякала. Потым…

Сымон змоўк.

— Брава, брава! — запляскаў пан у далоні, як у парыжскім тэатры — біс!

Слова «біс» ні для каго не было зразумелым.

— А як жа, яснавяльможны пане, акурат бес! — уставіў слова аканом.

— Маўчы, галган! — крыкнуў пан.

— Ану, што яшчэ ўмееш? — пытаўся пан з захапленнем ды ласкай у вачах.

— Усё ўмею, яснавяльможны пане, — спакойна адказаў Сымон. — Умею быць панам.

— Ён вельмі лоўка падрабляе галасы, яснавяльможны пане, — замармытаў аканом, — акурат бес!

— Ану, падрабі мой голас! — казаў пан з усмешкай. — Пакажы, як ты ўмееш быць панам!

Сымон скоса зірнуў на свайго заядлага ворага гайдука Макара, крыкнуў панскім голасам, зрабіў панскі гэст і паказаў на Макара:

— Усыпаць таму галгану дваццаць бізуноў, але гарачых, каб аж іскры ляцелі!

— Го-го-го! — зарагатаў пан. — Го-го-го! — і браўся за бокі.

Рогат — нервовы, істэрычны трос яго, да слёз мучыў.

— Го-го-го! — сыпаў ён шчырым смехам ва ўсе бакі.

— Го-го-го! — паўтаралі за ім услужлівы аканом і гайдукі.

Толькі Макару было не да смеху. Ён маўчаў як вады ў рот набраўшы.

— Пане аканоме, — урачыста сказаў пан Вашамірскі, — зараз жа няхай Сымон памыецца, выдаць яму вопратку і адправіць у студыю! А тэму галгану (пан паказаў рукой на Макара) усыпаць дваццаць бізуноў.

— Слухаюся, яснавяльможны пане, — сказаў аканом і нізка пакланіўся.

8. Мастацтва чыстае, як неба

Надышла восень.

Поле зрабілася шэрае, нуднае. Паветра глушылі вароны. Панскі парк азалаціўся. Каменныя львы на тэрасе сфінксамі глядзелі ў неба. Хмары розных колераў, розных выглядаў шпарка плылі, нібы хтосьці сцёбаў іх пугай. Некаторыя з іх былі падобны да сівых асілкаў, калматых, доўгабародых, якія ішлі вялікай працэсіяй у вандроўку. Іншыя напаміналі стада аграмадных белых сланоў з адрэзанымі хобатамі. А месцамі яны выглядалі выраем нязнаных велічэзных птахаў. Пад імі на розныя галасы выў вецер. Насіўся, як вар'ят, па парку. Выскачыць на волю ў чыстае поле, схваціць з парка цэлую кучу жоўтых лісцяў, падкіне іх уверх, рассыпле іх па баках дажджом залатых дукатаў, зноў збярэ ў кучу, яшчэ вышэй падкіне, пакруціць на адным месцы, нібы густую саранчу, і панясе далей — у лес…

Поделиться с друзьями: