Салярыс
Шрифт:
— Заходзь.
— А ты?
— Зайду пасля цябе. Мне трэба зачынiць люк.
Я не баяўся, што яна адгадае мой намер. Калi яна па трапе паднялася ў ракету, я адразу ж усунуў галаву ў люк i спытаўся, цi добра ёй там; пачуў глухое «ага», адступiўся i з усяе сiлы зачынiў века. Я дарэшты зацiснуў абедзве засаўкi i загадзя падрыхтаваным ключом пачаў закручваць пяць шрубаў, якiя замацоўвалi ў пазах века люка.
Металiчная сiгара стаяла вертыкальна i была гатова вось-вось узляцець. Я ведаў, той, якую я замкнуў, нiчога не пагражае — у ракеце дастаткова кiслароду, нават харчу крыху ёсць; зрэшты, я зусiм не збiраўся трымаць яе там да бясконцасцi.
Я iмкнуўся любой цаной здабыць хоць некалькi гадзiн свабоды, каб усё абдумаць, звязацца са Снаўтам i пагаварыць з iм ужо на
Калi я закручваў апошнюю шрубу, дык адчуў, што металiчныя мацаваннi, на якiх трымаецца ракета, устаноўленая толькi на выступах з трох бакоў, уздрыгваюць, але вырашыў, што гэта я сам з дапамогай вялiкага ключа неасцярожна расхiстаў стальную глыбу.
Я адышоўся на некалькi крокаў i ўбачыў тое, чаго не хацеў бы бачыць больш нiколi ў жыццi.
Ракета расхiсталася ад удараў знутры. Ды якiх удараў! Каб там быў стальны робат, а не чорнавалосая стройная дзяўчына, то i ён не здолеў бы гэтак трэсцi васьмiтонную ракету!
На палiраванай паверхнi снарада мiгцелi i пералiвалiся водблiскi агнёў касмадрома. Я не чуў нiякiх гукаў — унутры было цiха, толькi шырока расстаўленыя апоры стартавага стала, на якiх стаяла ракета, страцiлi дакладнасць абрысаў. Яны вiбравалi, як струны, — я нават спалохаўся, што ўсё можа развалiцца. Дрыготкiмi рукамi зацiснуў апошнюю шрубу, кiнуў ключ i саскочыў з трапа. Паволi адступаючы, я ўбачыў, як амартызатары, разлiчаныя толькi на пастаянны цiск, падскокваюць у сваiх гнёздах. Мне здалося, што стальная абшыўка мяняе свой колер. Як звар’яцел’ы, я падбег да пульта дыстанцыйнага кiравання, абедзвюма рукамi штурхануў угору рубiльнiк пуску рэактара i ўключэння сувязi; тады з рэпрадуктара, якi быў спалучаны з ракетай, пачуўся не то пiск, не то скавытанне, зусiм не падобнае на чалавечы голас, i ўсё-ткi я разабраў: «Крыс! Крыс! Крыс!!!»
Зрэшты, гучала гэта не вельмi выразна. Кроў лiлася з разбiтых костачак, так хаатычна i прымусова стараўся я запусцiць снарад. Блакiтны водблiск упаў на сцены стартавага стала; з адлюстравальнiка газаў павалiлi клубы дыму, якiя ператварылiся ў сноп асляпляльных iскраў; усе гукi накрыў высокi працяжны гул. Ракета ўзнялася на трох струменях полымя, якiя адразу ж злiлiся ў адзiн вогненны слуп, i, пакiдаючы за сабой дрыготкае марыва, вылецела праз шлюзавую адтулiну, якая адразу ж зачынiлася. Аўтаматычныя вентылятары пачалi падаваць свежае паветра ў залу, дзе яшчэ вiхурыўся едкi дым. Я на ўсё гэта не звяртаў увагi. Рукамi трымаўся за пульт, твар гарэў ад апёку, валасы абгарэлi ад цеплавога выпраменьвання; я сутаргава хапаў паветра, якое пахла гарэлым i азонам. Хоць пад час старту я iнстынктыўна заплюшчыў вочы, рэактыўны струмень асляпiў мяне. Даволi доўга перад вачыма стаялi чорныя, чырвоныя i залатыя кругi. Паступова яны растварылiся. Дым, пыл, туман знiкалi ў трубах вентылятараў, якiя цяжка стагналi. Перш за ўсё я ўбачыў зялёны экран радара. Я пачаў шукаць ракету з дапамогай радыёлакатара. Калi нарэшце злавiў, яна была ўжо за межамi атмасферы. Нiколi ў жыццi я не запускаў снарад так паспешна, усляпую, не ведаючы, якое паскарэнне яму надаць, куды наогул яго скiраваць. Я падумаў, што прасцей за ўсё вывесцi ракету на арбiту вакол Салярыс з радыусам каля тысячы кiламетраў. Тады я здолеў бы выключыць рухавiкi. Калi яны будуць працаваць, можа адбыцца катастрофа, вынiкi якой цяжка ўявiць. Тысячакiламетровая арбiта — як я пераканаўся з таблiцы — была стацыянарная. Але i яна, калi гаварыць праўду, нiчога не гарантавала. Проста я не мог прыдумаць нiчога iншага. У мяне не хапiла адвагi ўключыць радыёсувязь, якую я выключыў адразу пасля старту. Я зрабiў бы ўсё, абы толькi не чуць гэтага страшнага голасу, у якiм ужо не засталося нiчога чалавечага. Усе маскi былi сарваны — у гэтым можна прызнацца, — i пад выявай Хэры адкрылася iншая, сапраўдная выява, такая, што шаленства стала ўяўляцца сапраўдным збавеннем.
Была роўна гадзiна, калi я пайшоў з касмадрома.
«МАЛЫ АПОКРЫФ»
Скура на маiх руках i твары была абпаленая. Я ўспомнiў, што калi шукаў снатворнае для Хэры (калi б у мяне была сiла, я пасмяяўся б над сваёй наiўнасцю), то заўважыў у аптэчцы бутэлечку
з маззю ад апёкаў, i пайшоў да сябе. Адчынiў дзверы i ў чырвоным святле захаду ўбачыў, што ў крэсле, ля якога Хэры стаяла нядаўна на каленях, нехта сядзiць. На нейкую долю секунды мяне апанаваў страх, я запанiкаваў i адскочыў, гатовы ўцякаць. Той, хто сядзеў, падняў галаву. Гэта быў Снаўт. Заклаўшы нагу за нагу, спiнай да мяне (на iм былi тыя ж шарачковыя штаны з плямамi ад рэактываў), ён праглядаў нейкiя паперы. Яны ляжалi на столiку побач. Пасля адклаў паперы i пачаў змрочна разглядаць мяне з-пад апушчаных на кончык носа акуляраў.Не кажучы нi слова, я падышоў да рукамыйнiка, дастаў з аптэчкi мазь i пачаў мазаць ёю лоб i шчокi, там, дзе былi сама моцныя апёкi. На шчасце, я паспеў тады зажмурыцца, i вочы мае ацалелi. Некалькi вялiкiх пухiроў на вiсках i шчоках я прапароў стэрыльнай iголкай i шпрыцам высмактаў з iх вадкасць. Пасля наклеiў на твар дзве марлевыя накладкi з маззю. Снаўт па-ранейшаму назiраў за мной. Мне было ўсё адно. Твар мой гарэў усё мацней. Я закончыў свае працэдуры i сеў у другое крэсла, зняўшы з яго сукенку Хэры. Гэта была сама звычайная сукенка, толькi без усялякiх зашпiлек.
Снаўт, склаўшы рукi на касцiстым калене, крытычна сачыў за маiмi рухамi.
— Ну што, пагаворым? — прамовiў ён, калi я сеў.
Я прамаўчаў, прыцiскаючы марлю, якая спаўзала са шчакi.
— Былi госцi, праўда?
— Праўда, — адказаў я суха.
Я не меў нiякай ахвоты падладжвацца пад яго тон.
— I пазбавiўся ад iх? Ну, ну, iмпэтна ты за гэта ўзяўся.
Снаўт памацаў лоб, на якiм лушчылася скура. Праз яе свяцiлася маладая ружовая скурка. I тады я ўсё зразумеў. Чаму я вырашыў, што гэта загар? На Салярыс жа нiхто не загарае…
— Але пачаў ты вельмi сцiпла, — працягваў Снаўт, не звяртаючы ўвагi на маё хваляванне. — Магчымыя наркотыкi, яды, амерыканская барацьба, хiба не так?
— Што ты хочаш? Давай пагаворым сур’ёзна. Калi ты хочаш блазнаваць, лепей iдзi.
— Часам мiжволi даводзiцца блазнаваць, — адказаў ён i падняў на мяне прымружаныя вочы. — Ты ж не будзеш запэўнiваць, што не карыстаўся нi вяроўкай, нi малатком? А чарнiлiцу ты выпадкам не кiдаў, як Лютэр? Не? О, — скрывiўся ён, — тады ты проста малайчына! I рукамыйнiк цэлы, ты нават не спрабаваў расквасiць галаву, i ў пакоi ўсё цэлае. Ты проста раз, два, i гатова пасадзiў, запусцiў на арбiту, i квiты?!
Снаўт зiрнуў на гадзiннiк.
— Значыць, гадзiны дзве, а мо i тры ў нас ёсць, — закончыў ён, непрыемна ўсмiхаючыся. Пасля працягваў: — Так, значыць, ты лiчыш, што я свiння?
— Сапраўдная свiння, — сказаў я цвёрда.
— Ага, а ты паверыў бы, калi б я табе расказаў? Паверыў бы хоць аднаму майму слову?
Я не адказаў.
— Спачатку гэта адбылося з Гiбарыянам, — працягваў Снаўт з той жа непрыемнай усмешкай. — Ён замкнуўся ў сваёй кабiне i гаварыў з намi толькi праз дзверы. Ты ведаеш, што мы вырашылi?
Я ведаў, але прамаўчаў.
— Ну вядома. Мы думалi, што ён звар’яцеў. Ён расказаў нам трохi праз дзверы, але не ўсё. Магчыма, ты нават здагадваешся, чаму ён не сказаў, хто ў яго. Так, ты ўжо ведаеш: suum cuique [2] . Але Гiбарыян быў сапраўдны даследнiк. Ён запатрабаваў, каб мы далi яму шанц.
— Якi шанц?
— Ён спрабаваў усё класiфiкаваць, разабрацца, зразумець, працаваў ноччу. Ведаеш, што ён рабiў? Вядома, ведаеш!
— Разлiкi. У шуфлядзе. На радыёстанцыi. Гэта яго?
2
Suum cuiquе (лац.) — кожнаму сваё.
— Так. Але тады я пра гэта нiчога не ведаў.
— Колькi гэта працягвалася?
— Гасцяванне? Мо з тыдзень. Мы вялi размовы праз дзверы. Што там тварылася! Мы думалi, у яго галюцынацыi, псiхамоўнае ўзбуджэнне. Я даваў яму скапаламiн.
— Як гэта… яму?
— Так. Ён браў, але не сабе. Эксперыментаваў. Так гэта i працягвалася.
— А вы?..
— Мы? На трэцi дзень мы вырашылi трапiць да яго, узламаць дзверы, калi iнакш не атрымаецца. Думалi, што яго трэба лячыць.