Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)
Шрифт:

Зрэшты, укараняць i запазычваць трэба было нашмат болей i ня толькi з таго, што датычыла тактыкi. Як мы нi хвалiлiся (зразумела, у прапагандавых мэтах) якасьцю айчыннае зброi, нямецкая стралковая зброя спрэс аказвалася больш дасканалай i спрытнейшай, наш славуты ППШ зь вельмi нязручным для напаўненьня дыскавым магазiнам па ўсiх парамэтрах саступаў нямецкаму "шмайсэру". Няўклюдная, з даўжэзным штыхом вiнтоўка XIX стагодзьдзя канструкцыi Мосiна саступала нямецкаму карабiну. Увогуле някепскi сярэднi танк Т-34, манэўровы, з добрым рухавiком, меў слабую браню i пры кепскай 76-мiлiмэтровай гармаце рабiўся лёгкай здабычай нямецкай супрацьтанкавай зброi, найперш - цяжкага танка тыпу "тыгр". Перавага апошняга асаблiва праявiлася ў абароне, пры адбiваньнi наступу нашых "трыццацьчацьвёрак". Выдатная цэйсаўская оптыка i магутная гармата давалi "тыграм" магчымасьць з далёкай адлегласьцi распраўляцца з атакай дзясяткаў нашых танкаў. Нярэдка савецкiя танкiсты плакалi ад роспачы, калi наш танкавы батальён, толькi пачаўшы атаку (асаблiва на роўнядзi), трапляў пад агонь дзе-небудзь замаскаваных "тыграў" у той час, як самi "тыгры" заставалiся ў поўнай бясьпецы з прычыны далёкай да iх адлегласьцi. Здаралася, калi танкiсты, разумеючы, што наблiзiцца на адлегласьць прамога стрэлу не пасьпеюць, кiдалi машыны i пад агнём вярталiся на зыходны рубеж. Пакуль яны туды дабягалi, iхныя танкi ўжо гарэлi. Зразумеўшы нарэшце крамольную хiтрасьць танкiстаў, камандаваньне загадала аддаваць пад суд ваенных трыбуналаў

экiпажы, якiя выйшлi з-пад агню ў поўным складзе. Тады танкiсты ўжывалi новую хiтрасьць: сталi пад'яжджаць да "тыграў" блiжэй i пакiдаць машыны ўжо пад кулямётным агнём з танкаў. Хто-нiхто зь iх гiнуў, нехта быў паранены ў адкрытым полi, але камусьцi ўсё ж шанцавала дабрацца да схову. З падбiтай жа i падпаленай машыны шанцаў выбрацца жывым было нашмат меней.

Састарэлы, з вадзяным ахалоджаньнем кулямёт "максiм" прычыняў нямала клопату, асаблiва ўлетку ды на бязводным поўднi, а з тэкстыльнай стужкай усюды ў непагадзь. Ручны кулямёт Дзегцярова запомнiўся былым кулямётчыкам хiба што празьмернаю для гэтае зброi вагой. Калi на ўзбраеньнi нямецкай пяхоты паявiўся кампактны хуткастрэльны МГ-42, нашым батальёнам у атацы не засталося шанцу ацалець пад ягоным шквальным (да 1000 стрэлаў у хвiлiну) агнём. Адзiн такi кулямёт з удалай пазыцыi за лiчаныя хвiлiны вынiшчаў батальён. Тым, хто ваяваў у пяхоце, дужа помняцца нямецкiя мiнамёты, ад вэртыкальнага агню якiх не было паратунку нi ў полi, нi ў лесе, нi ў горадзе.

Нашыя страты ў наступленьнi былi жахлiвымi, найбольшая iх колькасьць, вядома, прыпадала на долю параненых. Лёгкапараненыя з бою выбiралiся самi, цяжкапараненыя нярэдка падоўгу ляжалi ў зоне агню, атрымлiваючы новыя раны, а то й памiраючы. Выносiць параненых у тыл не дазвалялася; спробы такога роду квалiфiкавалiся як уцёкi з бою. Ведама, дзяўчаты-санiнструктаркi завiхалiся, як маглi, але iх было па адной на роту, параненых жа на полi бою заўжды набiралася дзясяткi. Таму выносiць iх не пасьпявалi, параненыя падоўгу чакалi, сьцякаючы крывёй, памiраючы на полi цi па дарозе ў санбат.

Дагэтуль дакладна невядома, каму належыць "генiяльная" iдэя мабiлiзаваць на вайну жанчын. Здаецца, гэта чыста савецкае наватарства, у нямецкай армii нiчога падобнага не назiралася да канца вайны. Пры ўсёй агульнавядомай бездэфiцытнасьцi людзкога (мужчынскага) матэрыялу на вайне, якая патрэба была пасылаць пад агонь маладых, малапрыстасаваных да нягодаў баявога жыцьця дзяўчат? Якая з таго была карьсьць? Хiба каб аздобiць вольны час ды ўладкаваць халасьцяцкi быт старэйшых камандзiраў i палiтработнiкаў, якiя на час вайны засталiся бяз жонак i тылавых сябровак? Па дарозе на фронт шмат якiя зь дзяўчат атабарывалiся ў штабах, тылавых установах у якасьцi сакратарак, мэдсясьцёр, сувязiстак, якiя на салдацкай мове называлiся ППЖ. Тыя ж зь iх, што дабiралiся да палкоў i батальёнаў, не выклiкалi да сябе сур'ёзных адносiнаў - на чыста мужчынскай працы, якой зьяўляецца вайна, сярод мужчынскiх масаў яны адразу выяўлялi ўсю сваю бездапаможнасьць. Нават дзяўчаты такой катэгорыi, як снайпэры, што ў хвiлiны зацiшку памiж баямi павiнны былi выпаўзаць на пазыцыi блiжэй да працiўнiка. Прынята лiчыць, што кожны iх снайпэрскi стрэл - гэта забiты немец. На справе ўсё было iнакш. Праляжаць, страляючы пад носам у ворага, можна было лiчаныя хвiлiны, зноў жа кожны дзяўчачы стрэл - зусiм не абавязковае пападаньне ў цэль. Але калi на фронце панаваў спакой i нашыя не наступалi, дык снайпэрская актыўнасьць была адзiным паказчыкам баявой актыўнасьцi, i камандзiры не скупiлiся на лiчбы ў справаздачах.

На пэрыяды франтавога зацiшку прыпадала асаблiвая актыўнасьць палiторганаў. Менавiта тады ў акопах паяўлялiся малазнаёмыя, чыста паголеныя, у скрыпучых партупэях маёры i падпалкоўнiкi, якiя распачыналi з байцамi цёплыя, "душэўныя" гутаркi. "Ну, як справы? Як кормяць? Цi атрымлiваеце лiсты з дому?" Адказвалi iм суха i пахмурна - гэтых ветлiвых афiцэраў не паважалi й ня дужа баялiся (ня тое, што крыклiвых мацюгальшчыкаў, сваiх камандзiраў), моўчкi, без пытаньняў слухалi iх таропкi аповед пра мiжнароднае становiшча ды задачы, пастаўленыя ў апошнiм загадзе таварыша Сталiна. Пасьля на батарэi i ў роты прыходзiлi палiтработнiкi рангам нiжэйшыя, паклiкаўшы каго-небудзь у закуток, прапаноўвалi ўступiць у партыю. Адмаўляцца было не прынята, ды й навошта? Якая розьнiца байцу, як гiнуць - беспартыйным цi членам ВКП(б)? Сышоўшыся дзе-небудзь за пагоркам на чарговы партсход, адзiнадушна галасавалi i праз тыдзень-другi выдавалi кандыдацкую картку. Партыйнасьць, вядома, мала што мяняла ў становiшчы байца - калi заставаўся ў страi, прысвойвалi званьне малодшага сяржанта ды перад наступленьнем давалi заданьне крычаць у ланцугу "За Радзiму, за Сталiна!"

Насамрэч, можа, крычалi, а можа, i не. Легенда пра той баявы клiч мае больш прапагандавае паходжаньне i перавандравала, вядома ж, са старонак вайсковага друку. У няспынных грымотах бою, сярод выбухаў i кулямётна-аўтаматнай стралянiны цяжка было ўчуць уласны голас, ня тое што нейчы недарэчны, мала адпаведны абставiнам, мiтынговы крык. Не чуваць было нават звыклага для славянскага вуха "ўра", якое сапраўды крычалi ў адпаведныя моманты бою. Пасьля якой-небудзь няўдачы, калi пачынаўся "разбор палётаў" ды пошукi вiнаватых, палiтработнiкi звычайна дапытвалiся ў падначаленых: чаму не было заклiкаў? Iм звычайна адказвалi: "Крычалi, далiбог! Хiба ня чулi?" Мабыць, ня чулi, таму што ззаду ня надта чуваць. I далёка ня ўсё вiдаць.

Камандзiрская iерархiя на фронце мела выразную субардынацыйную пабудову ад фронту ў тыл. Чым далей ад фронту, тым вышэйшыя чыны, у якiх, як вядома, тым болей розуму i ўлады. За пятнаццаць-дваццаць кiлямэтраў ад перадавой усе тылавыя населеныя пункты, ляскi, раўчукi былi забiтыя вайсковымi штабамi, аддзеламi i ўстановамi зь дзясяткамi i сотнямi старэйшых афiцэраў, якiя штосьцi рабiлi - пiсалi, званiлi, раiлiся, узгаднялi, што патрабавала вялiзнае колькасьцi транспарту, сродкаў сувязi. У той жа час на перадавой пад агнём варушылася ў полi жменька змораных, галодных васямнаццацi- i дваццацiгадовых хлапцоў. Яны наступалi. Ад iх здольнасьцi, патрыятызму i самаадданасьцi залежаў посьпех наступленьня i ў канчатковым вынiку - вайсковая кар'ера тых, хто атабарыўся ў тыле. Асаблiва ў далёкiм тыле. Генэралы i старэйшыя афiцэры, як гэта й прынята ў кожнай армii, усё ж кiравалi ня войскам, а зноў жа генэраламi i афiцэрамi, што стаялi ад iх на прыступку нiжэй - так было зручней ва ўсiх адносiнах. Найбольш сумленныя i разумныя гэта рабiлi так, што, неяк задавальняючы вышэйшае камандаваньне, iмкнулiся ня надта прыгнятаць падначаленых, падтрымлiваючы тым рэпутацыю справядлiвых начальнiкаў. Але гэткая манера была хутчэй выключэньнем з правiла, правiлам былi поўная пакорлiвасьць перад начальствам i бязьлiтасная жорсткасьць у адносiнах да падначаленых. Менавiта такiм чынам у вайну зрабiлi кар'еру тысячы. Ступень патрабавальнасьцi - вось тое галоўнае, што вызначала палкаводчую кар'еру самых выдатных ваеначальнiкаў сталiнскай школы. Памятаю выпадак, калi пасьля вайны судзiлi афiцэра, надта заслужанага, на ўсе грудзi ўзнагароджанага палкоўнiка, камандзiра гвардзейскага стралковага палка. Гэты палкоўнiк ваяваў з чужым прозьвiшчам, з дакумэнтамi сапраўднага камандзiра палка, у якога служыў ардынарцам i якi загiнуў. На судзе яму задалi пытаньне: "Чаму вы, ня маючы вайсковай адукацыi, будучы толькi сяржантам, адважылiся на такую афэру, падпарадкавалi сабе сотнi людзей? Як вы iмi камандавалi?" "Вельмi проста, адказваў былы сяржант.
– Атрымаўшы зьверху загад, выклiкаю камандзiраў батальёнаў i так накручваю iм хвасты, што кiдаюцца

выконваць, бы ўгарэлыя". Мабыць, някепска "накручваў хвасты", калi атрымаў за вайну ў дадатак да двух незаконна прысвоеных яшчэ чатыры па праву заслужаныя ордэны. Сапраўды, гэты выдатна засвоiў сталiнскую навуку перамагаць.

Iснуе шырока распаўсюджаны мiф пра тое, што няўдачы першага пэрыяду вайны выклiканыя, апроч iншага, перадваеннымi рэпрэсiямi сярод вышэйшага камандаваньня Чырвонай Армii. Вядома, рэпрэсii заўжды зло ва ўсiх адносiнах, але цi так ужо яны адбiлiся на баяздольнасьцi армii? Рэпрэсавалi ж ня ўсiх, самыя знакамiтыя ацалелi i ўзначалiлi войска. Але як яны праявiлi сябе ў гэтай вайне? Ужо першыя месяцы паказалi поўную iх няздольнасьць кiраваць войскамi ва ўмовах фашысцкай агрэсii, супрацьстаяць высокатэхнiчнай эўрапейскай армii, якой зьяўляўся вэрмахт. Хутка на палкаводчыя пасады заканамерна вылучылiся iншыя камандзiры, якiя нядаўна яшчэ займалi невялiкiя цi сярэднiя пасады ў палках, брыгадах, дывiзiях. Менавiта яны хутчэй за сваiх знакамiтых начальнiкаў навучылiся ваяваць у новых умовах, i, як нi дзiўна, менавiта на iхным вопыце чаму-колечы навучыўся Сталiн. Можа быць, упершыню ў савецкай рэчаiснасьцi iдэалягiчныя ўстаноўкi былi адкiнутыя, i ў пэўных вайсковых пытаньнях перамагла голая лёгiка. Адным з самых лягiчных актаў было скасаваньне iнстытуту вайсковых камiсараў, гэтага абсалютна непатрэбнага камандзiрскага дубля ў армii. Зрабiць так вымусiлi Сталiна ня толькi пэўныя адносiны з саюзьнiкамi (лiквiдацыя Камiнтэрну), але й велiзарны дэфiцыт камандзiрскiх кадраў, што ўтварыўся пасьля катастрафiчных няўдач пачатковага пэрыяду вайны. Амаль пры ўсiх навучальных вайсковых установах была арганiзаваная тэрмiновая перападрыхтоўка палiтработнiкаў на страявых камандзiраў. Зрэшты, перакаваць усiх учарашнiх камiсараў на страевiкоў ня мог нават сам Сталiн, пэўная частка iх была пакiнутая ў войску ў якасьцi намесьнiкаў па палiтчасьцi - у баявых умовах абсалютна недарэчных, яшчэ неяк цярпiмых у пяхоце, але зусiм абсурдных у iншых, спэцыяльных родах войска, дзе, апроч правядзеньня палiтiнфармацыi ды выпуску "баявых лiсткоў", патрэбныя яшчэ й спэцыяльныя веды, пра якiя нампалiты мелi даволi цьмянае ўяўленьне. Уся iх дзейнасьць на фронце вычэрпвалася прымiтыўнай агiтацыяй ды дубляжом камандзiрскiх рашэньняў, што, аднак, не перашкодзiла iм пасьля вайны прыпiсаць сабе галоўную заслугу ў дасягненьнi перамогi над "зьлейшым i каварным ворагам".

На палавiне вайны ваяваць збольшага навучылiся; навучылiся таксама хiтраваць, вадзiць за нос начальства. Мабыць, без таго ды iншага пражыць на вайне было немагчыма. Запомнiўся выпадак пры наступленьнi, калi мой гарматны разьлiк апынуўся побач з варонкай, у якой сядзеў камандзiр батальёна капiтан Андрэеў. Гэты ня надта зухавы, штацкага выгляду камбат на вайне зорак зь неба не хапаў, хоць увогуле ваяваў ня горш за iншых. Седзячы ў варонцы з ардынарцамi i сувязiстамi, ён кiраваў боем за недалёкую вёску. Справа наступалi суседзi. Камандзiр палка няспынна патрабаваў па тэлефоне дакладаў, i Андрэеў, глытаючы нешта з пляшкi, бадзёра дакладваў: "Прасоўваюся пасьпяхова... Спрабую зачапiцца за паўночную ўскраiну... Ужо зачапiўся... Зьбiваю баявы заслон..." Ягоныя роты, мiж тым, спакойна ляжалi сабе наперадзе ў полi пад рэдкiм мiнамётным агнём зь сяла, i я думаў: як жа ён апраўдаецца, калi раптам сюды завiтае камандзiр палка? Але, мабыць, камбат лепей за мяне ведаў звычаi камандзiра палка i не баяўся ягонага хуткага вiзыту ў батальён. А надвячоркам недзе прасунулiся суседнiя батальёны, i немцы пакiнулi паўночную ўскраiну вёскi, якую спрытненька заняў батальён Андрэева. Як сьцямнелася, камбат сустракаў камандзiра палка i бадзёра дакладваў пра ўдалую атаку, якой не было. Але камандзiр палка, здаецца, быў задаволены. Напэўна, я так думаю, ён падобным чынам дакладваў вышэй, у дывiзiю, а адтуль дакладвалi ў корпус. Такi быў няпiсаны парадак, якi задавальняў усiх. А ўвогуле, гэта было больш сумленна i разумна, чым па безгаловай камандзе атакаваць моцнага працiўнiка, трупамi ўкладваючы поле. Ведама, у маральных адносiнах учынак камбата выглядаў не бездакорным, але ў вайсковых умовах, мабыць, было не да маралi. Заплянаваная ў вышэйшых штабах апэрацыя нярэдка прымяркоўвалася да канкрэтных тэрмiнаў (гадавiны Кастрычнiка, Дня Чырвонай Армii, дня нараджэньня таварыша Сталiна, iншых знамянальных датаў), i большую частку часу, адведзенага на яе падрыхтоўку, выдаткоўвалi тыя, хто яе распрацоўваў. Значна меншая частка заставалася для непасрэдных выканаўцаў. Батальёну Андрэева перапала апошняя ноч, ды й тая занятая перадысьлякацыяй, i толькi за гадзiну да атакi камбат атрымаў магчымасьць зiрнуць на поле бою, дзе яму належала перамагчы цi памерцi. Ды яшчэ без падтрымкi танкаў, з хлiпкiм артылерыйскiм забесьпячэньнем.

Ведама, такога роду авантуры не былi надта бясьпечныя. Хоць у баявых умовах шмат што можна было ўтаiць; тыя, каго трэба было баяцца, ня дужа iмкнулiся паяўляцца на перадавой. Але ў выпадку адводу ў тыл, у другi эшалён цi на перафармоўку, пра ўсё рабiлася вядома, утаiць што-колечы крамольнае практычна было немагчыма. Адразу ж у падразьдзяленьнях пачыналiся начныя кантакты з "кумам", упаўнаважаным асобага аддзелу (пасьля пераназванага ў контрразьведку "сьмерш"), у вынiку якiх камандаваньню рабiлася вядома пра ўсё, што адбывалася ў апошнiх баях, усе хiтраваньнi камандзiраў. Упаўнаважаныя "сьмерша" валодалi магутнай нябачнай уладай, ад iх прыхiльнасьцi залежалi лёс i службовая кар'ера камандзiраў. Тыя з камандзiраў, якiя ў свой час не асьцераглiся палону (хоць бы на колькi дзён) або акружэньня, зь якога вырвалiся са зброяй у руках, былi пад асаблiвым наглядам органаў. Звычайна яны вымушаныя былi паводзiць сябе нiжэй травы i цiшэй вады, ва ўсiм дагаджаючы ня толькi начальнiкам, але й сваiм падначаленым. Iначай была рэальная рызыка страцiць ня толькi пагоны, але й апынуцца ў штурмбаце, зь якога хiба што некаторыя выйшлi пасьля адбыцьця тэрмiну (адзiн месяц) цi пасьля раненьня. Другой катэгорыяй павышанай рызыкi былi афiцэры якраз iншага характару адкрытыя, сьмелыя ваякi, у вынiку чаго пры вольных размовах, асаблiва за чаркай, дазвалялi сабе нестандартныя выказваньнi пра даваеннае жыцьцё, нямецкую тактыку або пра НКВД. У хуткiм часе такi чалавек зьнiкаў назаўсёды.

Немалую шкоду афiцэрскаму саставу нанёс славуты загад Галоўнакамандуючага нумар 227, вядомы ў войску пад дэвiзам "Нi кроку назад". Улетку 1942 году, iмкнучыся пераканаць сябе ды ўласнае камандаваньне ў недапушчэньнi далейшага адступленьня на ўсход, Сталiн усю строгасьць выкананьня гэтага iмпэратыву пераклаў на франтавых камандзiраў сярэдняга й нiжэйшага зьвяна, якiя адступалi, хiба што страцiўшы магчымыя сродкi да абароны. Шмат хто зь iх паплацiўся за тое жыцьцём. Зь першых жа дзён аб'яўленьня загаду пачалося дзiкае паляваньне на тых, хто адступiў без загаду. Iмi аказалiся, напрыклад, нейкi камандзiр палка, якому спазьнiлiся перадаць загад абараняць пэўны рубеж; камандзiр батальёна, што не пасьпеў за кароткую летнюю ноч заняць прызначаныя яму пазыцыi, а ранiцай трапiў пад разгромны ўдар нямецкай авiяцыi; малодшы лейтэнант, якi камандаваў мiнамётнай ротай ды заблукаў у бязьлюдным стэпе. Трыбуналы тае пары працавалi з поўнай нагрузкай. Ад вышэйшых штабоў няспынна патрабавалi зьвестак аб колькасьцi расстраляных за суткi, за тыдзень i дэкаду, асобна па катэгорыях - старэйшых i малодшых афiцэраў, камунiстаў i беспартыйных, па сацпаходжаньнi i нацыянальным складзе. Такога роду паказчыкi зьяўлялiся, апроч iншага, i падставай для ўзнагароджаньня афiцэраў карных органаў, шмат якiя за гады вайны i былi шчодра ўзнагароджаныя. Цяпер тыя людзi - героi нароўнi зь iншымi, несумненнымi героямi, i мала хто здагадваецца, якiм чынам заслужаныя iхныя ўзнагароды. Асаблiва прыкрытыя распаўсюджанай цяпер мiфалягемай: прайшлi вайну "ад званка да званка". У "сьмершы" цi ў трыбунале можна было пасьпяхова прайсьцi не адну вайну...

Поделиться с друзьями: