Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)
Шрифт:
Чым болей часу мiнае з памятнага траўня 1945 году, тым болей пытаньняў ставiць мiнулая вайна. Абясцэньваюцца шмат якiя зь нядаўных каштоўнасьцяў, узьнiкаюць новыя. Маладым пакаленьням здаецца, што для iх настаў час, не зьвязаны з праклятым мiнулым, якое стала заслужаным лёсам iхных бацькоў i дзядоў. Але пачакаем з высновамi. Усё ж шмат што ў сьвеце зьвязанае моцнай вяроўчынай, не разблытаўшы тугiя вузлы якой, ня надта пасунесься ў Iнчасьлiвую будучыню. Хоць гiсторыя, як вядома, нiчому ня вучыць, але й вучыцца ў сябе нiкому не забараняе. Таму, вядома, хто хоча, чаму-небудзь навучыцца. Для iншых яна - непатрэбная рэч. У тым лiку i гiсторыя мiнулай i крывавай вайны.
ПАКАХАЙ МЯНЕ, САЛДАЦIК
Аповесьць
Вайна шпарка кацiлася пад адхон, днямi быў узяты Бэрлiн, а мы ўперлiся ў нямецкi
З-за асьнежаных хрыбцiнаў гор выбавiлася ў неба ранiшняе сонца, сьляпучымi промнямi нечакана ўдарыла з-за павароткi ля рога шырокага, паўразьбiтага выбухам дому. На момант дарога пахiснулася, кола незнарок валюхнула ўбок, i я з добрага разгону грымнуўся на асфальт. Яшчэ аж праехаў колькi крокаў бокам. Перамагаючы боль у калене, падняў галаву i тады ўбачыў людзей. Блiзка прыткнуты да ўцалелай сьцяны дамка, стаяў камандзiрскi "вiлiс", зь iм побач трафэйны "хорх", i застыла купка афiцэраў, якiя зьдзiўлена ўтаропiлiся ў мяне. Вядома, то было начальства. ("I калi iх прынесла сюды?" - няўцямна падумаў я.) Цiха мацюкнуўшыся на iх i на сябе таксама, пачаў нязграбна ўставаць. Надта сьпяшацца ўжо ня мела сэнсу, я выразна адчуваў, што ўлiп, i рыхтаваўся па магчымасьцi перажыць малапрыемную сустрэчу.
– Паглядзiце на яго!
– прагучала тонам, якi не абяцаў нiчога добрага. Мабыць, для яго вайна ўжо скончылася! Ён ужо гатовы зламаць сабе галаву на дарозе!..
На маю бяду, то быў сам камандзiр нашай супрацьтанкавай брыгады камлюкаваты, з бычынай шыяй палкоўнiк, адмысловы крыкун i мацюгальшчык. У брыгадзе яго i любiлi, i баялiся. Болей, аднак, баялiся, бо, сустрэўшыся зь iм адзiн раз, сустракацца другi ня надта хацелася. Iншыя ля машын маўчалi. Паставiўшы нагу на бампэр "вiлiса", углядаўся ў разасланую на капоце карту знаёмы падпалкоўнiк са штабу брыгады, ля яго стаяў нейкi маёр у фуражцы колеру хакi. Гэты, апошнi, з паблажлiвай, староньняй ухмылкай назiраў за маёй нявыкруткай.
– Вiнават, - прамычэў я, моршчачыся ад болю ў пабiтым калене. Рукаў гiмнасьцёркi быў здорава разадраны на локцi, i я трохi павярнуў ровар, каб стаць да iх бокам.
– Дзе тваё падразьдзяленьне, лейтэнант?
– вызьверыўся камбрыг.
– Вунь гарматы, - нечакана тонкiм голасам сказаў я, кiўнуўшы на свой гарматны разьлiк, што тулiўся праз сотню крокаў ля рэчкi. I тады зьнiякавеў яшчэ болей: мае салдаты, выцягнуўшы шыi, як адзiн, зь цiкавасьцю ўзiралiся ў свайго небараку-ўзводнага, якi нечакана трапiў у пераплёт.
– Чый ровар? Крадзены?
– Нiяк не. Трафэйны.
– Якi трафэйны? Ты што, яго ў баi ўзяў?
– разьюшыўся камбрыг. Яго з гатоўнасьцю падтрымаў падпалкоўнiк:
– Тыповы прыклад грабяжу транспартных сродкаў. Ёсьць жа пастанова ваеннага савету, якую належыць строга выконваць.
– Мне грабежнiкi непатрэбныя!
– адрэзаў камбрыг.
– Зараз жа вярнуць ровар. Туды, дзе ўзялi!
– Ёсьць!
– паныла вымавiў я, аднак, з палёгкай ад таго, што размова, здаецца, сканчалася. Кульгаючы, з роварам у руках я пабрыў уздоўж дашчатай агароджы лесапiльнi да агнявой пазыцыi майго ўзвода.
Дзе ўзялi гэты ровар, я ведаў.
Учора наш батарэйны санiнструктар Пятрушын, калi салдаты акопвалi гарматы, пабегаў па навакольлi, як гэта ён заўсёды рабiў на новым месцы, i з блiжняга катэджа за рэчкай прывалок гэты ровар. Сам паезьдзiў нядоўга, мабыць, вучыўся, некалькi разоў упаў i страцiў да ровара цiкавасьць. Учора на iм нядоўга пакаталiся хлопцы з гарматнага разьлiку, а ранiцай узяў я.З роварам у руках я датэпаў да недалёкай агнявой пазыцыi. На станiне 76-мiлiмэтровай гарматы сядзеў наводчык Сьцяпанаў, дымiў вялiзнаю цыгаркаю з махоркi. Iншыя два сядзелi на броўцы побач. Камандзiр гармат сяржант Мядзьведзеў спаў пад палаткай за бруствэрам. Правiльны Кананок, самотна пазiраючы ў тыл, жаваў кавалак хлеба. Яны чакалi сьняданак, якi прыносiлi з батарэйнай кухнi. Яшчэ на сьвiтаньнi туды пайшлi два з кацялкамi, ды штось не вярталiся: мусiць, якая няўпраўка ў старшыны. Было цiха, наперадзе ў гарадку пакуль не стралялi, мабыць, немцы таксама сьнедалi. Батарэя ўжо каторы дзень стаяла ззаду за пяхотай, агню не вяла, чакала прарыву нямецкiх танкаў. Але, мабыць, цяпер, напрыканцы вайны, немцам было не да прарыву - хоць бы як стрымаць нашыя прарывы. Начальства, вядома, разумела тое, але ўсё роўна рабiла, як патрабавала вайсковая навука - вядома, дзеля перасьцярогi, каб чаго ня выйшла. Але ўжо пэўна нiчога ня выйдзе - немцы ўжо ня тыя, што ў ранейшыя гады, i нават у ранейшыя месяцы. Як чатыры месяцы таму пад Балатонам, калi яны задалi нам клопату. Прарвалi фронт i гналi аж да Дунаю. Тады наш полк страцiў усе гарматы i мноства людзей. Рэшта даваёўвае ў пяхоце.
– Кананок, - паклiкаў я маладога салдата.
– Адвядзi ровар. Вунь у той дом.
Кананок, як заўжды, сьпярша нiякавата заўсьмiхаўся, зiрнуў на ладны катэдж пад гарой, за бурлiваю горнай рачулкай.
– Нiшто сабе дамок! Палац.
Ну, не палац, канечне, але катэдж сапраўды быў спраўны, - каменны, двухпавярховы, з абведзенымi белаю фарбай высокiмi вокнамi. Каля ўваходу расьлi дзьве старыя елкi, а па гранiтнай сьцяне распаўзлася густая крапанка плюшчу, якi спазьнела зелянеў першай дробнай лiстотай. Уздоўж рачнога берагу вiдаць была невысокая драцяная агароджа. Ззаду мiж дамоўкай i стромкай скалой высiлiся старыя дрэвы, з куп'я якiх выглядваў чырвоны дах, завершаны невялiчкаю, пад зялёным каўпаком, вежаю. Мусiць, гаспадарыў там ня бедны аўстрыец.
Я прысеў на снарадную скрынку мiж станiн, а Кананок цераз вузкi драўляны масток над рачулкай пакацiў ровар. За рэчкай ён прыпынiўся каля, мусiць, зачыненай брамкi, нешта гукнуў. I тады зь дзьвярэй паказалася постаць нейкае дробненькай жанчынкi ў вузкiх штонiках, яна рухава наблiзiлася да брамкi i ўзялася адмыкаць дзьверцы. Кананок, вiдаць было, загаманiў штось, i яна, падобна, адказала. Хвiлiну яны там быццам перагаворвалiся, але адсюль не было чутна, пра што. Хаця пра што мог гаварыць Кананок, якi наўрад цi ведаў хоць бы дзясятак словаў па-нямецку.
– Ты глядзi!
– зайздросна вымавiў ззаду Сьцяпанаў.
– Наш Кананок ужо немачку палюе. Ужо дамаўляецца...
– Ня немачку - мабыць, аўстрыйку. Але праўда, спрытная дзяўчына, высунуўся з раўка чарнавусы тэлефанiст Муха.
Мабыць, i праўда. Нават здаля дзяўчына выглядала зграбнай - асаблiва сваёй хлапчуковай постацяй, рухавай i невялiчкай, i ўжо тым захапiла салдацкую ўвагу артылерыстаў. Яна пераняла ў Кананка ровар, лёгенька крутнуўшы галавой, адкiнула назад пасму коратка пастрыжаных валасоў i павярнулася да дзьвярэй у катэдж. Кананок, аднак, усё гукаў да яе нешта, i яна, прыпыняючыся, адказвала, пакуль ня зьнiкла за елкамi. Салдат трохi пастаяў яшчэ, а пасьля, усё азiраючыся, пайшоў цераз масток да агнявой пазыцыi.
Я зiрнуў назад, на дарогу, - "вiлiс" усё стаяў пад сьцяной разьбiтага дому. Афiцэры схiлiлiся над ягоным капотам, над разасланай картай; мабыць, яны ўжо страцiлi да мяне ўвагу. Ды ня ўсе. Адзiн з-за сьпiнаў iншых усё ж разы два зiрнуў у наш бок - цi ня той лагодны маёр, падумалася мне. Але ў той час у раўку зазумерыў тэлефон, i тэлефанiст Муха паклiкаў:
– Камбат, таварыш лейтэнант!
Я скочыў у равок, узяў трубку. Камбат пытаўся, колькi ў мяне снарадаў асобна бранябойных, асобна асколачных. Я сказаў, што трэба падлiчыць, тады далажу. Нiбы мiж iншым камбат папярэдзiў: