Сэрца мармуровага анёла
Шрифт:
Мадам Касіо, утрымальніца пансіёна высакародных паненак горада Б*, раздражнёна адклала на ампірны столік газету. Нават у горадзе Н* стварылі Таварыства абароны жанчын! А тут — суцэльны патрыярхат, цямноцце.
Мадам Касіо карысталася павагай усяго горада Б*. Калі насустрач імкліва рухалася ейная танклявая высокая постаць у чорнай сукенцы з пышным карункавым каўняром і манжэтамі, увенчаная купалам сапраўднага парыжскага капелюша, нават самы смелы служачы сельскагаспадарчага банка — а пра служачых гэтага банка гаварылі, што любога з сарочкі выведуць, — намагаўся збочыць, зрабіцца непрыкметным, як павуцінка бабінага лета. Абы толькі не наставіла мадам Касіо на цябе свой страшны ларнет, абы не сустрэцца позіркам з яе светлымі, як ільдзінкі, вачыма… Ну а зусім гора, калі скіруе на цябе
— Пра вашыя манэры, малады чалавек, я буду размаўляць з вашым рара.
Таму ліст па збіранні сродкаў на стварэнне ў горадзе Б* Таварыства абароны жанчын падпісалі і сам губернатар, і паліцмайстар, і нават дырэктар сельскагаспадарчага банка Шкудровіч. Там, дзе металёвы голас і ларнет былі менш дзейсныя, у бяспройгрышную бойку ўступалі серабрысты галасок і сарамліва-прамяністыя пагляды маладзенькай мадэмуазель Нінэль, выкладчыцы музыкі і спеваў пансіёна мадам Касіо. Мадэмуазель Нінель, або ў сапраўднасці засцянковая шляхцянка Ніна Гаршкова, мініяцюрная сільфіда ў німбе штучных локанаў, пазірала на сумніўца справы абароны жанчын з такім натуральным жахам, з такім немым дакорам увасобленай жаноцкасці, што самае каменнае сэрца мусіла здрыгануцца, а рука — пацягнуцца падпісваць ліст.
Ніхто не ўстаяў перад двайным націскам актывістак прагрэсу. Ніхто… Акрамя Базыля Магарыша, уладальніка невялікага, але працвітаючага конезавода. Ах, якія коні былі ў Магарыша! Сытыя, гладкія, шыракаспінныя, нібыта створаныя вазіць рыцараў у поўным узбраенні. Праўда, набывалі іх для куды больш празаічных патрэб. Але коні прыносілі не малы даход. І не дзіва — Магарыш, палкоўнік- кавалергард у адстаўцы, свету не бачыў за сваімі грывастымі ўлюбёнцамі. Ні вясёлыя сябрукі, аматары халасцяцкіх уцех, ні прыўкрасныя паненкі горада Б* з пасагамі рознай велічыні не маглі звесці Магарыша з ягонага суровага мужчынскага шляху. Часам ён і сам нагадваў неаб'езджанага рысака — чорныя валасы грывай, бакенбарды і вусы неймавернай велічыні, ноздры раздзімаюцца, ногі ў кавалерыйскіх ботах нецярпліва пераступаюць, а на твары напісана адно: кажы, чалавеча, якая патрэба, ды збаў мяне ад сваёй прысутнасці.
Але Магарыш, як уладальнік буйнога (у межах горада Б*) капіталу, не мог быць прамінуты ў працэсе збору сродкаў на новае таварыства.
Як пунсавелі шчокі ў мадам Касіо, калі яна шпаркім крокам у суправаджэнні зарумзанай мадэмуазель Нінель выходзіла з дубовых варотаў Магарышавага дома! Напэўна, каб патрапіў у гэтае імгненне якісь небарака пад прыцэл лінзаў ейнага ларнета, спапяліўся б, як волас над свечкай.
Гэта была параза. Мадам Касіо збіралася друкаваць падпісны ліст за стварэнне Таварыства абароны жанчын у губернскай газеце разам з усімі сабранымі подпісамі… І сярод іх не будзе подпісу палкоўніка ў адстаўцы Магарыша! Палкоўнік славіўся не толькі дзікім норавам, але й тым, што мог шчодрай рукой адваліць грошай на карысную дабрачынную справу. Напрыклад, на палеанталагічны музей ці атлетычны гурток. Хадзілі чуткі пра незвычайныя акалічнасці ранняй адстаўкі палкоўніка. Нібыта быў ён западозраны ў сімпатыях да дзівакоў, што не надта любілі магутную імперыю, якая літасціва ўзяла пад сваё крыло тутэйшы край… Ды яшчэ меў палкоўнік дрэнны звычай згадваць былыя шляхецкія вольнасці гэтага краю ды сваіх ваяўнічых продкаў, што змагаліся пад іншым, забытым цяпер, штандарам… І ці то Магарыш адмовіўся аддаць загад у некага страляць, ці то сам пацэліў не ў таго…
«А з-за жанчыны, пэўна, гісторыя была, таму й не любіць жанчын», — адмахваліся скептыкі. Але і яны пачціва кланяліся ды таемна зайздросцілі, калі Магарыш пралятаў па вуліцы горада Б* на сваім улюбёным чорным жарабцы.
Але за пятнаццаць гадоў існавання пансіёну ніхто не наважыўся спрачацца з ягонай дырэктаркай.
Горад Б* з цікавасцю чакаў сыходу двубою.
Ніякія спробы расчуліць сэрца конезаводчыка не ўдаліся. Ён не баяўся гарадскіх улад, не заляцаўся да кабет, не напіваўся, што выключала наяўнасць сардэчных сябрукоў, і не меў сваячак з цвёрдым характарам.
Заснавальніцы Таварыства аховы жанчын сабраліся ў класным пакоі пансіёна высакародных паненак. Між кавай і мігдалавым печывам пагаварылі пра дзіцячыя
яслі для немаўлятак працоўных кабет, між гарачым шакаладам і безэ пасварыліся наконт рэпертуару дабрачыннага хору. Калі прынеслі садавіну, усплыла непрыемнай плямай на вясёлкавы настрой прысутных праблема — ненавіснік жанчын Магарыш. Па горадзе Б* лётала ўжо некалькі ягоных з'едлівых выказванняў наконт «бабскай самадзейнасці».— Мужчына — істота прымітыўная, — цвёрда сказала мадам Касіо. — Варта толькі добра падумаць і знайсці яго слабае месца. Згадайма, што наша таварыства клапоціцца не толькі аб жанчынах, але і аб дзетках. Калі гэтая асоба раўнадушная да становішча кабет, ці гэтак жа паставіцца да слёз нявіннага дзіцяці?
Нявіннае дзіця, якое належала ўключыць у чарговую дэлегацыю, знайшлося, — гадавалы малеча настаўніка прыродазнаўчых навук. Хлапчук быў слаўны, шчакасты. Ягоная маці падабалася мадам Касіо куды менш — мітуслівая кабета, якая ў нанятую мадам Касіо пралётку прыцягнула яшчэ й гэткую ж мітуслівую пудзеліху з мяшчанскай мянушкай Жужу.
Магарыш хаваўся ў сваім летнім доміку побач з канюшняй у прадмесці горад Б*, там, дзе ўвесну разлівалася мора яблыневай квецені. Мадам Касіо, быццам чорны карабель, праплыла па засыпанай жоўтым пяском сцежцы, рассякаючы духмяныя бела-ружовыя хвалі. У фарватэры за мадам, нібыта за флагманскім караблём, палахліва рухаліся мадэмуазель Нінель, выкладчыкава жонка са сваім нашчадкам, прыбраным у карункавы каптурык неймавернай велічыні, і пудзеліха Жужу. Ля дзвярэй у логавішча жанчынаненавісніка караван прыпыніўся. Прыслужнік, былы панскі дзяншчык, нізавошта не хацеў упускаць у дом спешчаную сабачку: маўляў, у пана жывуць здаровыя ганчакі. А ўладальніца пудзеліхі нізавошта не хацела пакідаць сваю ненаглядную Жужу адну на чужым двары ў падазронным асяроддзі. Мадэмуазель Нінель ахвяравала сабой і засталася сцерагчы знерваваную жывёлінку.
Мадам Касіо для баявітага настрою ўспомніла апошні выпуск сваіх пансіянерак, зацягнула разбэрсаныя пачуцці ў сталёвы гарсэт грамадзянскага доўгу і рушыла ў наступ:
— Недзеля фанабэрыі і славы, а дзеля дзяцінства! Яно глядзіць вам у вочы, яно патрабуе вашай дабрадатнасці! Вы адмаўляеце ў ласцы бязвінным дзеткам, якіх Хрыстос загадаў шанаваць найперш, бо ім належыць Царства Божае! — Мадам тыцкала пальцам, абцягнутым чорнай пальчаткай, у бязвіннае дзіця, якое зацята спрабавала сцягнуць з сябе карункавы каптурык. Але бессаромны конезаводчык толькі іранічна хмыкаў ды паўтараў:
— Мадам, мая спецыяльнасць — коні. Я не разбіраюся ў жаночых клубах… Хіба што з націскам на другі склад.
Ад падобных удараў касы аб камень высякаліся іскры. Няшчасная выкладчыкава жонка туліла да сябе немаўля, нібыта хаваючыся за яго ад маланак, якімі шпурляліся багі-алімпійцы. І тут на двары адчайна завішчэла сабака, і адразу ейны віск падхапіў магутны сабачы хор.
— Стой, сабачка, стой! — лямантавала дзесьці мадэмуазель Нінель.
— О, мая небарака Жужу! Я іду да цябе! — усклікнула пудзеліхіна гаспадыня, з мілабожным «О, мадам!..» сунула свайго дзіцёнка на рукі дырэктарцы пансіёна і выскачыла за дзверы.
У пакоі запанавала цішыня. Крыкі і сабачы брэх расталі ў далечыні. Мадам трымала дзіцёнка перад сабой, нібыта амфару з рэдкім віном. Няёмка прызнацца, але твар мадам Касіо чамусьці не выказваў замілавання. Магарыш таксама паглядаў на мілае дзіцятка, якое паспела сцягнуць набакір свой накрухмалены каптурык і агаліць круглую макаўку, прыкрашаную адзіным завітым чубком, з нейкім складаным пачуццём.
— У-а-а-а-а-у!
Дырэктарка ледзь не выраніла дзіцёнка. Палкоўнік у адстаўцы спрытна падтрымаў крыклівага госця на яе руках. А немаўля гарлала так адчайна, з такой крыўдай на гэты недасканалы свет!
— Супакойце яго, мадам, — раздражнёна буркнуў Магарыш. — Вы ж самі казалі, што бавіцца з такімі недараслямі — ваш грамадзянскі доўг.
— Я — дырэктар пансіёна для дзявіц, — цвёрда прамовіла мадам, робячы націск на апошнім слове. — Я не маю досведу ў выхаванні немаўлятак.
— Эк гарлапаніць, — дасадліва сказаў Магарыш і паклікаў дзеншчыка. Але той, відаць, таксама збег па сабачых справах, якія нагадвалі пра сябе аддаленым брэхам і жаночым віскам.
Мадам нязграбна гушкала падкідыша.