Сэрца мармуровага анёла
Шрифт:
Праўда, сваяк губернатара, які пабываў у Парыжы, казаў, што Ганька, хаця і жыве як нейкі шалапут і нават адгадаваў бараду і доўгія патлы, нешта такі малюе і нават ягоныя карціны купляюць. Хаця адны дурні іх купляюць — бо зразумець, што менавіта на тых карцінах намалявана, — немагчыма, адны пісягі. Сваяк нават парыжскую газетку прывозіў, дзе маленькімі літарамі ў адным абзацы было набрана нешта пра Ганькавы карціны. Відаць, не самае ўхвальнае. Але, як ні кажы, трапіць у парыжскую газету…
Панна Зоф'я выйшла замуж за ўладальніка піваварні горада Б*, самавітага маладога чалавека, які знешне нагадваў збеглага Ганьку, асабліва целаскладам.
Пан Рамуальд па-ранейшаму выкладаў у жаночай гімназіі маляванне і піў мікстуру «Сад маёй бабулі».
Але ніколі больш не браў прыватных заказаў.
Геракл
Аднойчы Геракл спыніўся ў свайго сябра, цара Адмета, у якога нядаўна памерла жонка Алкесціда, выкупіўшы сваім жыццём жыццё мужа. Даведаўшыся пра такую акалічнасць, Геракл, расчулены гасціннасцю Адмета, спусціўся ў падземнае царства і прымусіў Таната, бога смерці, вярнуць Алкесціду ў царства жывых.
Наўрад ці ведалі ў багатых дамах-камяніцах горада Б* Мамоньку-шлопака.
Дый такога слова — «шлопак» — няма ў вучоных кнігах.
Але ў прадмесцях горада Б*, у маленькіх дамках пад засенню ліп і яблынь прыходу шлопака радаваліся ўсе. Таму што цэлы вечар у хаце будзе пераказ навін — што цікавага адбылося ў суседніх мястэчках, што і пачым прадаецца на кірмашах, куды лепш ісці, каб купіць новыя калёсы ці парсючка, дзе ў свеце пачалася вайна ці прайшоў землятрус… Карацей, кожны просты жыхар горада Б*, які з прычыны непісьменнасці ці ў мэтах эканоміі не выпісваў газет — а такіх было сярод мешчукоў прадмесцяў пераважная большасць мог атрымаць ад шлопака ўсе цікавыя яму звесткі. А шлопак ніколі нічога не прасіў — пакормяць дык пакормяць, пусцяць пераначаваць — дык пусцяць. Але прытулак і частунак меў заўсёды.
Адкуль быў родам Мамонька — ніхто не ведаў, здавалася, ён вечна хадзіў па навакольных вёсках і мястэчках. Нават узросту ягонага нельга было вызначыць — гэткі празрысты, без расліннасці на твары, дробны чалавечак. «Божы чалавек», — гаварылі пра Мамоньку некаторыя, але іншыя ім пярэчылі: «Хіба Божы чалавек швэндаецца па базарах?» Божы чалавек пяе псалмы і прадае кіпарысавыя крыжыкі ды цудадзейныя абразкі. А Мамонька і выпіць не адмовіцца, калі паднясеш. Але, што праўда, у торбачцы Мамонькі заўсёды ляжала Святое Пісанне — таннае выданне для простага люду, у шэрай папяровай вокладцы, з жыццяпісам Аляксея, Чалавека Божага, і малітоўнікам у дадатак. Калі побач не было сведак, шлопак даставаў запаветны томік і ўслых, па складах, чытаў, задумваючыся над непадсільнымі простаму розуму фразамі.
Але безумоўна, што пры поглядзе ў светлыя-светлыя, дабрэнныя вочы шлопака, даверлівыя да дурасці, а можа — да святасці, кожны мімаволі траціў насцярогу. Мамонька заўсёды выконваў мноства дробных даручэнняў — перадаваў з вёскі ў вёску, з мястэчка ў мястэчка чужыя пазыкі, невялікія гасцінцы і лісты. Пры Мамоньку не саромеліся абмяркоўваць свае хатнія праблемы, не баяліся даручыць яму пакалыхаць дзіця падчас чарговага начлегу.
Не адзін раз спыняўся шлопак у хаце Пётры Памідорчыка, слесара горада Б*. Не сказаць, каб багатай хаце, хаця Памідорчык меў залатыя рукі — мог адрамантаваць любую гаспадарчую прыладу, любы самы тонкі механізм — ад музычнай машыны да залатога швейцарскага гадзінніка. Але свае заробкі спускаў Пётра хутка і бязбольна. А чаго даражыцца тымі грашамі, пакамечанымі смярдзючымі паперкамі ды металёвымі абцерханымі круглячкамі, калі няма нічога даражэй за добры настрой, вясёлую песню ды куфель густога піва, а месца ў царстве нябесным, як вядома, ані золатам, ані срэбрам не купляецца, а толькі праведным жыццём.
І хаця праведнае жыццё Памідорчык прызнаваў за каштоўнасць, жонка ягоная, круглатварая Наста па мянушцы Клёцка, аніяк мужавай філасофіяй не магла задавальняцца. Бо якое ж праведнае жыццё ў карчомцы? Адно марнатраўства. Не для таго яна замуж выходзіла, каб з гліняных талерак есці. Весялун Пётра падміргне сярдзітай жоначцы: «Эгэ, даражэнькая, хоць і з золата з'ясі, усё ў адно месца выкінеш». Плюне бедная Наста, перахрысціцца, а мужык ужо за шапку — у карчомцы музыка зайграла.
Ды не сказаць, каб былі Пятро з Настай найгоршай у свеце парай. Прынамсі, шлопак Мамонька любіў у іх спыняцца. Гаспадыня заўсёды частавала, пакідала начаваць. Гаспадар жа бясконца распытваўся пра ўсё на свеце, прычым найбольш любіў слухаць не пра кошты на базарах, а пра дзівосы — певень знёс яйка, а з таго вылупіўся маленькі чорны цмок, на кірмашы ў суседнім павеце паказвалі васковых людзей — рыхтык жывыя, і нават варушацца
і круцяць вачыма.Але на гэты раз Мамоньку не сустрэла ў Памідорчыкавай хаце ветлая гаспадыня. Усе дзверы парасчыненыя, куры забягаюць у сенцы і апасліва зазіраюць у пакоі, у шыбы б'юцца, як п'яныя валацугі, тлустыя зялёныя мухі, а на лаўцы пад абразамі сядзіць Пётра Памідорчык, і ягоны чырвоны твар ажно зморшчыўся ад пакут.
— А ці ў пана гаспадара зубы баляць? — спачувальны тонкі галасок Мамонькі падзейнічаў на засмучонага Памідорчыка як гарчычная прыпарка.
— А братка ж ты мой, а галованька ж мая прапашчая! Грэшны, грэшны быў, вось і пакараў Божанька!
Памідорчык павіс на танклявым шлопаку з усёй сілай свайго гора, так што Мамонька захістаўся, не столькі ад цяжару, колькі ад моцнага перагарнага паху. Душа ў шлопака была чуллівая і даверлівая і хутка гэтаксама разрывалася ад раздзеленага з гаспадаром хаты гора.
Два тыдні таму ў дом паважанай удавы Крысі прыйшлі незвычайныя госці: шэсць жанчын, пераважна сталага ўзросту, у цёмных доўгіх сукенках і белых хустках, шчыльна абвязаных вакол галавы, адзін кульгавы старэча і высокі барадач у белай хламідзе з таўсценнай кнігай, якую ён пяшчотна прыціскаў абедзвюма рукамі да грудзей. Дзіўная кампанія цэлы дзень не паказвалася на вуліцы, толькі з вокнаў цёткі Крысі даносіліся працяглыя, але меладычныя песняспевы, упрыгожаныя магутным басам — відаць, мажнога барадача. Суседзі ад цікаўнасці млелі. Але хутка змаглі цалкам задаволіць сваю цікаўнасць — барадач запрасіў усіх жадаючых на духоўную бяседу. Гэта сапраўды аказаўся нешараговы чалавек. Можа быць, нават прарок. Прынамсі, сам сябе ён так і называў. І прапаведваў ён рэчы цалкам зразумелыя, хаця і складаныя для ўвасаблення: каб патрапіць у царства нябеснае, трэба тут, на зямлі, прыпадобніцца Госпаду нашаму і Ягоным апосталам, а для гэтага неакладна распрадаць усю сваю маёмасць, выручку аддаць яму, барадачу, які ўдастоіўся спасцігнуць нябесную мудрасць, і рушыць па грэшнай зямлі з пропаведзямі згаданай мудрасці. Прыхільніцы ў белых хусцінках слухалі свайго прарока з такім замілаваннем і адданасцю, што здавалася, вакол таго сапраўды распаўсюджваецца незямное святло. Прарок шчодра цытаваў выказванні са сваёй тоўстай кнігі наконт канца свету, і слухачы (у асноўным, праўда, слухачкі) заліваліся слязьмі ад усведамлення грахоўнасці і немінучай пагібелі.
Праўда, паплакаўшы і ахвяраваўшы святому чалавеку пэўную колькасць сямейных грошай, жыхаркі горада Б* пакорліва вярталіся ў сямейнае ярмо.
Усе, акрамя цёткі Насты.
Мусіць, кантраст між развясёлым п'яненькім Памідорчыкам і ўзнёслым суровым прарокам быў надта ўражлівы для ейнае жаноцкае натуры.
Памідорчык вярнуўся з карчмы і пабачыў на стале пусты куфэрак, дзе Наста захоўвала рэшткі пасагу — жменьку срэбных рублёў, два залатыя пярсцёнкі і залатыя маністы. Пры кароткім аглядзе высветлілася, што зніклі і прыхаваныя ў скарбонцы грошы. На спалоханы роў Памідорчыка прыйшла суседка і паведаміла, што Наста-Клёцка падалася ў святыя сёстры да барадатага прарока. Усе памкненні Пётры вярнуць жонку да сямейнага агменю ці хаця б перагаварыць з ёю разбіваюцца аб жалезную сцяну духоўнай еднасці барадача, кульгавага і белых хустак.
— Слухай, дружа, капейку дам, схадзі ў той пракляты дом, прывядзі ты маю дурную кабету з грашыма назад!
Праз паўгадзіны шлопак Мамонька з Памідорчыкавай яшчэ не заробленай капейкай у кішэні стаяў перад дыхтоўным домам пані Крысі, шаноўнай ветэрынарскай удавы. Праз зачыненыя вокны чулася алілуя. Шлопак ветліва пастукаў у шыбу. Алілуя не сціхла, але рыпнулі дзверы, і Мамонька пабачыў барадатага мага, які ў мінулым годзе на кірмашы наймаў яго сядзець у васковай фігуры і тузаць за нітачкі, каб фігура магла варушыцца. Маг плаціў Мамоньку пяць капеек у дзень і строга наказаў захоўваць таямніцу жывой фігуры. А шлопаку што? Раз сказана — ён так і зробіць.
— Добры дзень, пан Маг! — ад шчырай Мамонькавай усмешкі барадача ажно перасмыкнула. — А я вось даручэнне маю…
У хаце цёткі Крысі гарэлі свечкі. Восем кабет, сярод якіх гаспадыня са строга падцятымі вуснамі і мажная Памідорчыкава Наста, сядзелі на лавах уздоўж сцяны і свідравалі вачыма шлопака. Шчыльна навязаныя белыя хусткі нагадвалі не столькі пра кляштар, колькі пра бальніцу. Старэча пагрозна расхаджваў за спінай госця, і яго кульгавая нага надавала крокам рытм пахавальнага маршу. Барадаты прарок, вядомы Мамоньку пад імем Мага, узвышаўся перад шчуплай постаццю шлопака як Самсон перад філісцімлянамі.