Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Многа і другіх думак роілася ў галаве, пакуль Антон Кузьміч, ужо адзін, ішоў ад аўтобуса да свайго дома па ціхай вуліцы, дзе снег не ачышчаўся з пачатку зімы.

Жонка сустрэла з большай прыветлівасцю, чым праводзіла раніцай.

— Вось добра, што ты так рана сёння. А я як ведала, у мяне ўжо гатовы абед.

Яшчэ адзін крок. Ну што ж, так лепей: спакой для яго працы ў клініцы і дома, над дысертацыяй, — самае дарагое. Трэба і яму зрабіць нейкі крок насустрач.

Ён распрануўся і, памыўшы ў ваннай рукі, заглянуў на кухню, весела і смешна пацягнуў носам паветра.

— Адгадаць?

Гэта яго даўні жартаўлівы занятак — па пахах адгадаць, што гатуецца

на абед. Жонка шчасліва засмяялася:

— Не адгадаеш.

І раптам тэлефонны званок. Ён рушыў у калідор, дзе стаяў тэлефон, узяў слухаўку.

Пачуўся яго ўстрывожаны голас:

— Што здарылася? Што з ёй? Кіньце жарты! Не да жартаў? Добра. Еду.

Галіна Адамаўна з няяснай трывогай у душы, з бояззю выйшла з кухні. Муж спешліва апрануў паліто. Яна спытала асцярожна:

— У аддзяленні што-небудзь?

— Не. Званіла Маша. Просіць зараз жа прыехаць. Відаць, нешта з Савіч. — Ён зашпільваў гузікі, рукі яго дрыжалі.

«Як ён хвалюецца», — пабляднела Галіна і памкнулася да яго.

— Можна, я з табой?

— Навошта? — спытаў ён з суровым здзіўленнем. Яна адступіла, сцялася, быццам Антон Кузьміч замахнуўся на яе.

Дзверы за ім са стукам зачыніліся, калыхнуўшы паветра. А яна працягвала стаяць як анямелая.

Ён вярнуўся неспадзявана для яе хутка, можа, праз гадзіну, якая, аднак, з'явілася бадай што самай пакутлівай у яе жыцці.

Галіна пачула яго цяжкія крокі на лесвіцы. Вельмі цяжкія. Так ён ідзе, калі бывае страшэнна змораны. Гэта яе спалохала яшчэ больш, яна чакала яго там жа, у калідоры, быццам і не саступала з месца. Ён не пазваніў. Ён адчыняў дзверы сваім ключом, адчыняў доўга, шкрабаючы, быццам не мог прасунуць ключ у шчыліну. Яна не кінулася, каб адчыніць хутчэй. Ёй страшна было зрушыць з месца.

Антон увайшоў нарэшце, глянуў на жонку і пачаў павольна распранацца. Зняў сваю баярку. Паклаў яе акуратна на палічку вешалкі. Паволі расшпіліў гузікі, раскручваў чырвоны шалік. І ўсё гэта моўчкі. Галіна баялася спытаць: што там? Што здарылася? Зразумець, здагадацца яна не магла. Каб Савіч было кепска, ён не вярнуўся б так хутка, пакуль бы завёз у клініку, уладзіў, памог… Каб памерла, не так ён паводзіў бы сябе, не, не так. Ён неяк дзіўна, сапраўды зморана заспакоены.

Распрануўся, заглянуў у люстра, правёў далонямі па твары, прыгладзіў валасы. Пайшоў у пакой. Праходзячы міма, ударыў пальцам па клавішы піяніна, бас глуха загудзеў. Пастаяў каля акна. Павярнуўся, убачыў, што Галіна стаіць на парозе і глядзіць на яго, спалоханая, з нямым запытаннем, і адразу стаў звычайным, толькі ўсміхнуўся так, быццам за нешта неўзлюбіў у першую чаргу самога сябе. Ён сказаў проста, спакойна, без злосці, без эфектаў:

— Ты можаш радавацца. Твая дурная рэўнаць выгнала чалавека ў свет… Хворага. Пасля такой аперацыі!..

— Каго?

— Каго! Соф'ю Савіч.

— Я выгнала?! Куды?

— Каб я ведаў куды. У тым і бяда, што не ведае ні Маша, ніхто… Пакуль мы ратавалі маладога Шыковіча, яна з'ехала. Куды? У яе нікога няма з блізкіх. На дварэ — вунь якая лютая зіма…

«Проста так, без прычыны, не знікаюць», — хацела была жорстка кінуць Галіна Адамаўна, бо ў яе ўзнікла падазронасць: ці не хітрасць гэта? Але яна стрымалася. Занадта ўжо незвычайным — ніколі такім не быў! — здаваўся муж. Спытала прыцішаным голасам, мякка, асцярожна:

— Адкуль табе вядома, што яна з'ехала з-за маёй рэўнасці?

Антон Кузьміч моўчкі дастаў з кішэні пінжака сіні канверт, палажыў на стол.

Спакой здрадзіў жанчыне: яна амаль скочыла да стала, схапіла таямнічы канверт, дрыжачымі рукамі выхапіла з яго, як з агню, пісьмо. Спачатку акінула ўвесь тэкст адным ліхаманкавым позіркам, потым, забыўшыся, што муж сочыць за ёй, прачытала скорагаворкай напаўголасу:

«Антон

Кузьміч! Як мне звярнуцца да Вас? Дарагі мой таварыш, дарагі чалавек, друг і брат! Вы вярнулі мне жыццё. Якое дзякуй трэба сказаць за адно гэта! Але Вы вярнулі не толькі жыццё. Вы вярнулі мне веру ў людзей, у іх дабрату. У мяне няма слоў, каб выказаць усё тое, што я адчуваю да Вас. Ды і не варта гэта рабіць. Я магла б сказаць, што люблю Вас, а гэта не ўсе могуць зразумець правільна. Дзякуй Вам за ўсё, за ўсё — вось словы, што выходзяць з глыбіні майго сэрца, якое Вы трымалі на далоні. Дзякуй Вам, дарагі Антон Кузьміч!

Нядаўна я даведалася, што з-за мяне ў Вас непрыемнасці ў сям'і. Божа мой! Каб з-за мяне Вы перажывалі, трацілі спакой і цвёрдасць рукі, якая ратуе людзей. Ды лепш я памру! Не, не бойцеся. Я не памру. Цяпер я не памру. Цяпер мне вельмі хочацца жыць, калі я паверыла, убачыла, што навокал многа добрых, сардэчных людзей і свет такі прыгожы. Не турбуйцеся. Не шукайце мяне. Я буду далёка. Можа, пазней я прышлю вестачку. Супакойце Машу. Каб Вы ведалі, як мне цяжка пакідаць усіх вас.

Перадайце прывет Кірылу Васільевічу…

Дзякуй яму за тое, што ён зрабіў для мяне і асабліва для памяці бацькі майго.

Бывайце, добры чалавек. Дазвольце ў думках абняць і пацалаваць Вас.

С. Савіч».

Галіна Адамаўна глытала словы. Яна задыхалася. Спачатку захлынулася шчасцем. Потым у сэрца ўдарыла хваля ўдзячнасці жанчыне, якую, дарэчы, так і не пабачыла. Цяпер яна разумела Зосю і… палюбіла ў адзін міг, як сястру. Безумоўна, тая кахала яе мужа і адчувала, што гэта можа прывесці да няшчасця… А яна сама зведала няшчасце на поўную меру, таму і зрабіла так высакародна. Але, гэта высакароднасць! Сапраўдная. Без фальшу, без позы. Самаахвярная. Так магла зрабіць толькі жанчына, якая кахае гэтак жа моцна, як і яна, Галіна Адамаўна. Але цяпер у яе няма ні рэўнасці, ні злосці. Цяпер яна ўдзячна той, другой, і па-жаночы шкадуе яе.

«Сапраўды, куды яна магла паехаць у такі час?» — Галіна Адамаўна глянула на акно, на шыбах якога мароз выткаў дзівосныя ўзоры. Адчула холад. Яна не ўбачыла, як Антон сеў каля стала. Пачула яго словы:

— Сорам! Які сорам! — Ён цёр далоняй свой лоб.

Цяпер Галіна Адамаўна і мужа цудоўна разумела і таксама пашкадавала. Падышла нячутна, ціха палажыла рукі на дужыя плечы. Памаўчала. Ён таксама нібы стаіўся, нібы чакаў, што ж будзе далей.

— Табе цяжка?

— Мне сорамна.

— Ты кахаў яе?

Ён перасмыкнуў плячамі, нібы хацеў скінуць яе рукі.

— Зноў ты са сваім глупствам. Ды зразумей ты нарэшце, што гэта недарэчна… — Словы такія, што іх трэба было крычаць, а ён казаў ціха, стомленым абыякавым голасам. У яго бракавала сілы абурыцца. Ды і навошта?

Яна прыціснулася шчакой да яго галавы, удыхнула знаёмы родны пах валасоў, і твар яе заззяў ад шчасця.

— Каб ты ведаў, як я люблю цябе, ты не называў бы гэтага глупствам, ты разумеў бы…

— Я ведаю, як ты любіш мяне. Але пара ўжо, каб твая любоў рабілася разумная.

— Любоў ніколі не бывае разумнай, — адказала яна старой кніжнай ісцінай. А яму гэтая сцёртая ісціна чамусьці здалася амаль адкрыццём. Ён падумаў:

«А праўда, ёсць яна ў каго, разумная любоў?»

Антону Кузьмічу не зрабілася непрыемна ад таго, што жонка лашчыцца. Наадварот, яму раптам чамусьці захацелася ласкі. Ён узяў яе руку і прыціснуў да сваёй шчакі. Галіна Адамаўна ледзь стрымалася, каб не зарыдаць. Вось яна, яе перамога, яе шчасце. Ад такога раптоўнага шчасця бывае, што разрываецца сэрца. Яна баялася паварухнуцца, нібы яно магло выпырхнуць, шчасце, ці выплеснуцца з сэрца. А яна даражыла кожнай кропляй яго.

Поделиться с друзьями: