Сэрца на далоні
Шрифт:
Сядаючы на табурэт, ён падумаў, што ў большасці такіх цяжкахворых жанчын прыгожыя валасы. Ад кантрастнасці, відаць. У гэтай вунь таксама якія цудоўныя — светла-залацістая пышная карона. Каб не сустракацца позіркам з хворай, Яраш разглядаў свае вялікія, адбеленыя спіртамі і эфірамі пальцы і слухаў даклад лекара. У яго ўжо выпрацавалася прафесійная звычка: чуць і фіксаваць у памяці толькі тое, што патрэбна яму як кансультанту. Усё іншае, у тым ліку прозвішча і імя, ён выясняў пасля, калі сам пачынаў аглядаць хворага. Але паведамленне лекара аб тым, што хворая перанесла першую атаку рэўматызму ў нямецкім
«Вось яна, вайна. Збудаваны гарады. А сэрцы людзей… Сэрцы ранены». Ён падумаў пра сэрцы не наогул. Не. Як лекар, уявіў канкрэтнае маленькае сэрца, у якім развіўся парок. Лекар расказвала, у якім стане хворая паступіла ў бальніцу:
— Ацёчнасць ніжніх канечнасцей… Рэзка павялічана пячонка…
— Калі паступіла? — спытаў Яраш.
— Два тыдні назад. — Лекар збянтэжылася, забылася, на чым яе перапынілі.
— Гаварыце, гаварыце. — І зноў збоку здавалася, што кансультанта цікавяць толькі ўласныя рукі.
— Быў праведзены курс лячэння…
І раптам у аднатонны даклад, перасыпаны лацінскімі словамі, уварваўся шэпт:
— Кузьма…
Яраш нават спачатку не звярнуў увагі.
— Антон Кузьміч, — гучна паправіў Майзіс, які стаяў за спіной у Яраша.
Тады Яраш рэзка падняў галаву, паглядзеў на хворую. Яна ўсміхнулася вінавата і зноў нясмела прашаптала ўжо другое імя:
— Віктар…
Яраш адчуў, што праз рукі яго быццам прапусцілі электрычны ток, закалола ў кончыкі пальцаў: ён пачуў свае падпольныя клічкі.
У яго былі надзвычай чуткія пальцы, паталагічна чуткія, нават уласныя эмоцыі ён перш за ўсё адчуваў пальцамі. Вось так заколе — значыцца, злосць, радасць, здзіўленне.
Ён пазнаў гэтую жанчыну. Але не верыў вачам.
Хіба ўваскрасаюць мёртвыя? Колькі прайшло год! Дзе яна была дагэтуль?
Ён павольна падняўся з табурэта.
Лекар са страхам глядзела на сваю пацыентку: што тая трызніць?
Майзіс лёгка свіснуў: ён быў рамантык, любіў прыгодніцкія кнігі, фільмы, нечаканыя сустрэчы людзей.
Хворая супакоіла свайго лекара простым і ясным запытаннем:
— Не пазнаяце, Антон Кузьміч?
Яраш умеў стрымліваць свае пачуцці ў любых абставінах. Але тут не стрымаўся.
— Зося? — прашаптаў ён так, што ўздрыгнула лекар, прыўзняліся на локцях хворыя, а Майзіс у захапленні пацёр рукі.
— Зося! — паўтарыў ён гучней і, высокі, мажны, схіліўся над ложкам, як бы хочучы загарадзіць яе ад чужых вачэй, ад хвароб, ад усіх навал. Узяў тонкія, схудалыя рукі ў свае мяккія шырокія далоні, асцярожна сціснуў. — Адкуль вы з'явіліся, Зося?
А ў дзверы ўжо заглядвалі сёстры, хворыя, і ўсё аддзяленне загудзела, як разварушаны вулей.
5
На супынцы таксі каля вакзала адзін з шафёраў ветліва запрасіў Яраша:
— Калі ласка, доктар, у маю машыну.
— У Дзятлаўскае лясніцтва. Ведаеце?
— Ведаю. Наш брат усё мусіць ведаць.
«Волга» рванула з месца, Яраш па інерцыі адкінуўся на спінку і гэтак застыў. Мільгалі вулічныя ліхтары, вітрыны, сігналы сустрэчных машын. Ён заплюшчыў вочы, але не адчуў асалоды адпачынку. Дзень скончаны. Незвычайны дзень. Яраш
жыў уражаннямі ад сустрэчы з чалавекам, якога васемнаццаць год лічыў мёртвым. «Вось сюжэт для Кірылы». Ён хацеў надаць думкам іншы кірунак, абстрагавацца і супакоіцца. Але дарэмна. Супакоіцца не так проста.Зося папрасіла, каб ён аперыраваў яе. І не сказала, як многія іншыя: «Лепш памерці, чым так пакутаваць». Не. Яна верыць, што ён здолее ўратаваць яе.
Калі тая аперацыя! Праз месяц… І ці можна яе ўвогуле аперыраваць? Гэта яшчэ пакажуць даследаванні. А ён ужо хвалюецца. Хвалюецца, бадай, мацней, чым перад сваёй першай самастойнай аперацыяй. Уяўляе яе сэрца, бачыць, як на макеце, звужэнне левай перадсардэчна-страўнікавай шчыліны… Недастатковасць клапана… Мозг пачынае напружана працаваць. Ідзе аперацыя. Ён уважліва і прыдзірліва прасочвае ўвесь ход яе, ад падрыхтоўкі хворай да…
Раскрывае грудзі… Бярэ сэрца… Вось яно…
Машына рэзка спынілася. Яраш расплюшчыў вочы. Стаялі перад закрытым шлагбаўмам каля чыгуначнага пераезду на ўскраіне горада.
«Усяго праехалі?» — здзівіўся ён.
Прайшло некалькі хвілін, а ён траха не скончыў такую аперацыю, на якую патрэбны гадзіны.
— Задрамалі, Антон Кузьміч? — спытаў шафёр.
Дзесьці збоку пыхкаў паравоз. Затрубіў у ражок стрэлачнік.
Яраш заглянуў шафёру ў твар, асветлены слабым водбліскам прыбораў і чырвоным ліхтаром шлагбаўма. Не, гэтага чалавека ён не лячыў, памяць у яго на твары добрая. Шафёр, зразумеўшы, што доктар хоча пазнаць яго, растлумачыў:
— Вы ўратавалі майго сына, Антон Кузьміч. На ўсё жыццё вам удзячны. Маці штодня ўспамінае. Хаця б ты, кажа, павазіў доктара. Скажыце, і я кожны дзень буду вазіць вас.
— Хабар? — усміхнуўся Яраш.
— Які хабар, доктар? — пакрыўдзіўся шафёр. — Хабар даюць за цёмныя дзялы. А тут — жыццё сына…
Прайшоў нядоўгі таварны састаў. Старэнькі паравоз сыпануў у начное неба жменю іскраў. Але яны не сталі зоркамі — упалі назад на зямлю і патухлі.
Павольна падымаўся шлагбаўм. У нейкі міг замест чырвонага ліхтара загарэўся зялёны. Яраша заўсёды здзіўляла гэтая няхітрая механіка.
Машына кінула на пераезд сноп кароткага святла. Заблішчалі рэйкі. Вартаўнік пагразіў пальцам. За пераездам фары выхапілі з ночы больш доўгі кавалак чорнай шашы.
Яраш глянуў убок і ўбачыў зоркі. Іх было мала, і яны плылі над чорным лесам, які заўсёды ўначы чамусьці здаваўся горнай градой — з вяршынямі, доламі, цяснінамі. А ўдзень гэта была зусім роўная сцяна лесу за кіламетр ад дарогі. Там, наперадзе, лес падступіць да самай шашы, і тады знікне гэтая ілюзія. Антон Кузьміч ніяк не мог растлумачыць прычыны такога зрокавага падману.
Усё гэта — супынка, размова з шафёрам, зоркі, лес — адцягнула думкі ад Зосі. Праўда, ненадоўга. Хутка ён пачаў зноў думаць пра яе, але ўжо інакш. Прыгадаў, як зноў, другі раз за дзень, сутыкнуўся з Тамарай. Яна раптам запярэчыла супраць пераводу Зосі ў тую клініку, дзе пастаянна працаваў Яраш. Калі ён пайшоў, каб растлумачыць ёй, што мае сам аперыраваць хворую і таму зручней, каб яна была пад яго штодзённым наглядам, Тамара са здзекам спытала:
— Гэта тваё падпольнае каханне?
Антон не вытрываў і вылаяўся груба і злосна. Гаецкая спалохалася, адразу аформіла перавод.