Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Актор быў, падла.

Адна акалічнасць бянтэжыла мяне: ні разу я не ўбачыў, каб Лотке шпіёніў за мной у нерабочы час. Ён вось так нечакана з'яўляўся ў дзяжурцы, на вышцы, хадзіў па пятах у часе пажараў. Але ні разу не вынырнуў на нашай ускраіне, дзе я кватараваў, не трапіў на вочы ў другім месцы. У мяне нават часам узнікала думка: а ці не перабольшаны мае падазрэнні?

Аднак на сустрэчу з Паўлам у той вечар я не пайшоў. Па дарозе дадому заглянуў каля Сеннага рынку да вядомай спекулянткі самагонам і… «напіўся». Выпіў адну шклянку, а ішоў далей і… мераў вуліцу, заводзіў гутаркі з хлапчукамі. Гаспадыня мая, добрая і ціхая мяшчанка, з тых, што ўсё жыццё жывуць з гароду. Ёй тады было год сорак, ужо сын служыў у арміі… Але жанчына ёсць жанчына… Яна кахала мяне, і ёй вельмі хацелася прыручыць назаўсёды такога хлопца. Хто я

ў сапраўднасці, яна, безумоўна, не ведала, але гатова была за мяне каму хочаш выдрапаць вочы. Даглядала і асцерагала, як малога. Гэта была адзіная жанчына, з якой я жыў да таго, як ажаніўся. Можаш паверыць?

Яраш звярнуўся з пытаннем, і Шыковіч парушыў сваё абяцанне маўчаць, адказаў з уласцівай яму жартаўлівай лёгкасцю:

— Ты ў гэтым перада мною не апраўдвайся. Перад Галяй апраўдвайся.

— Перад Галяй, — задумліва паўтарыў Яраш і змоўк.

Яму зноў зрабілася балюча і прыкра. Прыгадалася недарэчная сцэна рэўнасці. І, бадай, ніколі ён яшчэ не думаў пра сваю жонку так жорстка і непачціва, як падумаў у тую хвіліну. Вось яна спіць, заспакоеная і задаволеная. А ён не можа заснуць.

Пакуль ён расказваў, а Шыковіч моўчкі слухаў, яны прайшлі колькі разоў па сцежцы да ручая, а потым пайшлі ўздоўж ручая пад дубы. Дубоў тут была вузкая дзялянка, далей пачынаўся бор. І вось тут на мяжы гаю і бору было ў іх абжытае месца, дзе яны амаль штовечар палілі касцёр. Яны любілі агонь. Усе любілі — дзеці, жонкі. Часам пяклі бульбу ў прысаку і сала на ражне. Яраш, гаспадарлівы чалавек, нават змайстраваў тут лавачку.

Яны даўно ўжо стаялі каля свайго старога вогнішча. На зямлі чарнела куча сухога галля. Было такое правіла: удзень дзеці збіралі дровы, увечары палілі. Але ў мінулы вечар, відаць, касцёр не палілі: не было «бога агню» — Яраша.

У часе паўзы Антон сеў на сваю лавачку, а Шыковіч апусціўся на калені, чыркнуў запалку. Весела затрашчала сухое галлё. Водбліскі ўпалі на дрэвы, пазалацілі сосны і пасерабрылі дубы. На зямлю ляглі няроўныя цені. А за мяжой святла яшчэ больш згусцілася цемра.

Не ўпершыню начны агонь заварожваў Яраша. Хацелася глядзець, як гуляе, пераліваецца полымя, і маўчаць. Цяпер жаданне памаўчаць зрабілася асабліва моцнае. Ён падумаў, што дарэмна паклікаў Кірылу. Трэба было прыйсці сюды аднаму і запаліць гэты цудадзейны агонь. І, напэўна, да раніцы ўсё прыйшло б у норму.

Шыковіч адсунуўся ад агню і лёг на вытаптанай зямлі. Інтуітыўна ён адчуваў настрой сябра і, верны слову, цярпліва чакаў.

— Ты ведаеш, гэтая жанчына жыве і цяпер. Усё там жа на Падгорнай, у сваім доме. Калі пасля вызвалення я прыйшоў да яе, яна ўжо ведала, хто я. І ў яе не было ніякіх прэтэнзій, толькі павага і… збянтэжанасць. Вярнуўся яе сын, інвалід, без рукі. Яна жыла радасцю, што сын жывы. Знаёмячы нас, яна сказала, што я вядомы кіраўнік падполля і што яна таксама аказвала маленькую дапамогу падпольшчыкам. І вельмі была рада, калі я пацвердзіў гэта. Ёй хацелася, каб сын, франтавік, быў найлепшай думкі пра сваю маці… Я расказаў Галі пра гэтую жанчыну яшчэ да таго, як мы пажаніліся. Тады яна змаўчала і сказала, што ўсё разумее… А цяпер упікае.

Шыковіч зразумеў, што ў Антона адбылася сур'ёзная сутычка з жонкай. Але няўжо дзеля таго, каб выказаць гэты свой боль і крыўду, ён рабіў такі доўгі ўступ і экскурс у далёкае мінулае? Не. Безумоўна, ён мае расказаць нешта большае. Шыковіч сказаў жартам:

— Здаецца, ты робіш лірычнае адступленне ад сюжэтнай лініі.

— Але, — адразу згадзіўся Яраш і на момант задумаўся, мабыць, успамінаючы, дзе ён адхіліўся. — Лізавета Пятроўна, жанчына гэта, гаспадыня мая… яна, мабыць, адчувала нешта і баялася за мяне… А таму любіла, калі я прыходзіў, як пажарнік, як служачы сур'ёзнай і патрэбнай установы, падвыпіўшы. Але я ніколі яшчэ не прыходзіў вось так — «у дым». Яна смяялася, раздзяваючы мяне, ласкава лаяла… Напаіла квасам. Памыла ногі… Я гэта добра помню… Мне было няёмка і сорамна. Але я іграў ролю п'янага. Трэба было апраўдаць, чаму я не пайшоў на імяніны. Трэба было праверыць гаспадыню. Жыло ў мяне нейкае інтуітыўнае, падказанае бог ведае якім пачуццём адчуванне, што менавіта ў гэты вечар я выкрыю Лотке, даведаюся, хто мой «прыліпала». Упершыню ў той дзень з'явілася падазрэнне, што памочнікам Лотке з'яўляецца гаспадыня… Я «захроп» на ўвесь дом, а сам уважліва слухаў. І хутка пачуў:

«Можна да вас?»

«Калі ласка».

«Кватарант

дома?»

«Дома».

«Дзе?»

«Спіць».

«Спіць? Так рана спіць? Ай-яй…»

«Выпіў чалавек».

«Выпіў? Няўжо выпіў? Ай-яй… Так выпіў, што зваліўся з ног? Такі дуб. Ай-яй».

«Гэтая зараза любога зваліць з ног».

«Можа, можа».

І, мабыць, не паверыўшы гаспадыні, што я дома, чалавек з тоненькім, далікатным галаском заглянуў у мой пакой.

«Ай-яй, храпе на ўсе застаўкі».

Я не верыў сваім вушам. З месяц назад пасяліўся гэты пажылы ўжо, гадоў пад пяцьдзесят, чалавек у доме насупраць, цераз вуліцу. Назар Авяр'янавіч Дымар. Яго шмат хто ведаў. Закройшчык, працаваў да вайны ў цэнтральным атэлье. А ў акупацыі трымаў маленькую майстэрню тыпу «амерыканкі»: «Рамонт верхняй вопраткі. Хутка. Танна». У яго быў свой дом у раёне таварнай станцыі. Але згарэў, калі нашы самалёты бамбілі скапленне ваенных эшалонаў. Пры бамбёжцы загінула жонка. Так ён расказваў мне і ўсім на вуліцы. Мы з ім амаль штодзённа сустракаліся. Сядзелі на лавачцы каля яго кватэры. Да гэтага пажару ён не паліў. А цяпер пачаў. Прызнаваўся, што і да чаркі цягне. Расказваў пра жонку — плакаў. Але нашых не вінаваціў. Уздыхаў: «Вайна. Што зробіш. На вайне няма вінаватых». Гэтай філасофіі ён прытрымліваўся ў разважаннях на многія тэмы, звязаныя з вайной, з дзейнасцю гітлераўцаў. Я разумеў яго: асцярожнасць. А я — чалавек, блізкі да паліцыі. Мне нават здалося, што ён сувязны нейкай падпольнай групы; для гэтай мэты і майстэрня арганізавана. І вось гэты чалавек з'явіўся ў такі вечар, каб праверыць, дзе я. Заглядвае ў пакой. Раней ён ніколі не заходзіў да мяне вось так, папросту. Куды знікла яго далікатнасць. Гаспадыня запытала, навошта я яму.

«Табачку хацеў пазычыць, цэлы дзень не паліў. Ажно вушы напухлі».

Няўжо ён? Ці гэта выпадковасць? Стары чалавек. Акуратны. Спакойны. Я ляжаў і ўспамінаў, аналізаваў усе сустрэчы і размовы з ім. Прыгадалася, што разы два я сустракаў яго нечакана на далёкіх ускраінных вуліцах. Але ці мала спраў магло быць у краўца, які паўжыцця працаваў тут і ведаў паўгорада людзей… Праз гадзіну ён з'явіўся зноў.

«Спіць усё яшчэ?»

«Спіць».

«Ай-яй… А я думаў, прачнуўся. У мяне сотачка спірту ёсць. Пахмяліцца пасля такога перабору — найлепшае лякарства. Асабліва чысты спірт. Адразу здымае боль галавы».

І зноў заглянуў у мой пакой.

Цяпер, бадай што, можна было не сумнявацца. Шпіён нерваваўся: я збіў яго з панталыку. Ён яўна не выконваў нейкага вельмі пэўнага задання. Ох і ўзлаваўся я на яго, на гэтага старога здрадніка! Рукі свярбелі — устаць і прыдушыць, як паганага шчанюка. Няма нічога больш агіднага за здрадніка і шпіёна. Але мая злосць была падвоеная: як магло здарыцца, што я з першага дня раскусіў мацёрага агента СД Лотке і больш за месяц вадзіў за сабой такога нікчэмнага «прыліпалу»? Але самае дзіўнае, ведаеш што? Гаспадыня мая, расказаўшы раніцай, як двойчы прыходзіў Назар Авяр'янавіч, нечакана заключыла: «Не падабаецца мне, Кузя, гэты чалавек».

З Паўлам я сустрэўся на другі дзень, у нядзелю. Не вельмі ўпэўнены, што Лотке не ведаў, ад каго я атрымаў запрашэнне на імяніны, я не пайшоў да яго на кватэру, хоць належным чынам і застрахаваў сябе і ад краўца і ад любых другіх «хвастоў». Я пайшоў на Балотную да цёткі Любы, каб гэтая «пранырлівая гандлярка» схадзіла на Каштанавую да Паўла і звяла нас. І там сустрэў Паўла. Ён прыйшоў туды з тым жа намерам — выклікаць мяне.

Як заўсёды, ён быў інтэлігентна апрануты — у капелюшы, у добрым касцюме, у гальштуку. Паліў цыгарэты. Як належала работніку ўправы. У любых абставінах ён трымаўся надзвычай спакойна і ўпэўнена і не надта асцярожна. Часам нават парушаў тыя правілы канспірацыі, якія сам устанаўліваў. Неяк на зборы нашай пяцёркі мы сказалі яму пра гэта. Ён адказаў, што ў падпольнай рабоце нельга вынайсці правілаў, прыгодных на ўсе выпадкі, што часам людзей выдае звышасцярожнасць.

Павел спытаў, чаму я не прыйшоў учора. Я расказаў пра «велікадушнасць» Лотке. Павел усміхнуўся, здалося мне, крыху зняважліва.

«Асцярожны ты хлопец. Доўга жыць будзеш…»

Закрануты, я ўспыхнуў, пачаў апраўдвацца:

«Ты сам вучыў нас… Не думай, што я спалохаўся».

Ён ласкава абняў мяне за плечы. Мы стаялі ў зацянёным пакоі, акно якога выходзіла ў сад. Вялікі куст бэзу, яшчэ зялёны і густы, засланяў гэтае акно. Помню, што дзень быў хмурны і ветраны. Наступала восень.

Поделиться с друзьями: