Сэрца на далоні
Шрифт:
Гестапавец ці, магчыма, паліцай паўтарыў пытанне па-расейску.
«У нас заўсёды зачынена фортка. Тату пагражаюць, што яго заб'юць за тое, што ён служыць у немцаў. Я казала яму: навошта яму служыць? Ён мог прымаць хворых дома, як доктар Грайпінер. У Грайпінера хутка будзе свая клініка. А тату сапраўды могуць забіць. Няшчасныя трусікі!.. Што скажа пан Грот?»
Яна іграла наіўную дурную дзяўчынку. Але гестапаўцам не было калі слухаць яе балбатню. Старэйшы закамандаваў:
«Пашукаць!»
Яны зайшлі ў дом. Сабакі не пайшлі, бо іх цікавілі больш трусы, а не мой след. Ды і ад следу, як я пасля даведаўся,
З пакояў першага паверха далятаў да мяне гул галасоў, але слоў нельга было разабраць. Потым я пачуў іх крокі на лесвіцы. І яе голас:
«Там жыве пан Грот. Але ён не пакідае ключа. Ён не верыць, што я магу ўпільнаваць дом. Вы можаце, безумоўна, паламаць дзверы. Вы падушылі яго трусікаў. Але што скажа пан Грот? Ведаеце, давайце лепш я пазваню яму, няхай ён прывязе ключы. Ён хутка, у яго свая машына. Тады вы самі растлумачыце яму, што гэта вашы сабакі падушылі яго трусоў. Каб ён не думаў, што я не ўпільнавала».
«Ну і знайшоў сабе трашчотку гэты Грот», — сказаў адзін гестапавец, націскаючы на ручку дзвярэй.
Другі, недзе ўнізе, засмяяўся:
«А так яна нічога. Маладзенькая. Ножкі стройныя».
Відаць, глядзеў, нахабнік, на яе ногі знізу. Крокі пачалі спускацца, аддаляцца. І ўсё звінеў яе галасок. Яна ўсё яшчэ нешта гаварыла пра свайго тату, пра пана Грота і пра трусоў. Я пачуў шум машыны. Потым падрабязны даклад аб пошуках нейкаму начальніку. Магчыма, што гэта быў сам Бругер. Выслухаўшы, ён рэзюмаваў:
«Ідыёты! Перавярнуць дагары ўвесь раён, але знайсці гэтую сволач! Вось яго фатаграфія».
Працавалі яны аператыўна, нічога не скажаш: менш як за гадзіну пасля здарэння была размножана мая фатаграфія.
Я чакаў: будуць яны «пераварочваць» дом Савіча ці не? Прызнаюся, у той міг мне не хацелася страляць у іх ні з пісталета, ні з аўтамата. Я разумеў, якую небяспеку наклікаў бы ўзброеным супраціўленнем на гэтую мілую «трашчотку». Пры ўсёй суровасці і бязлітаснасці таго дня мне да болю стала шкада яе. Ёй трэба жыць! Трэба жыць… каб прынесці камусьці многа радасці.
Нам пашанцавала: у дом яны больш не вярнуліся. Бругер верыў доктару Савічу. «Пераварочвалі» суседнія дамы.
Праз некаторы час яна зайшла да мяне. Ціхенька адчыніла дзверы, моўчкі прайшла да канапы, зморана села, выцерла далоняй лоб. Але вочы яе блішчалі радасна і ўзбуджана.
«Ух, здаецца, мінула. Як я баялася! Ох, каб вы ведалі, як я баялася. Цяпер я ведаю, што такое „душа ў пятках“. — Яна скінула басаножку і памацала сваю пятку; гэта было наіўна і смешна, і яна сама засмяялася: А хораша я вадзіла іх за нос. Вы чулі? З мяне магла б выйсці актрыса. Да вайны я хадзіла ў драмстудыю пры клубе чыгуначнікаў».
І яна ўздыхнула, успомніўшы той дарагі даваенны час.
Я спытаў, як яе імя.
«Софа… Мама звала — Соня, а тата і цётка — Зося. Мама мая на дваццаць гадоў маладзей за тату, і яе забралі ў армію, мама — хірург. У нашу армію, — з гонарам падкрэсліла дзяўчына і тут жа ўздыхнула. — А тата працуе ў немцаў. Парадокс. Праўда? Цёця Марына памерла два месяцы назад. Пасварылася з татам, а ў яе хворае сэрца. Тата вельмі перажывае цяпер. А што гэта я, тата, тата… А вы, можа, не ведаеце, хто мой тата… Гэта —
доктар Савіч. Вы гараджанін? У горадзе яго многія ведаюць».Я адказаў, што ведаю Сцяпана Андрэевіча, ён вучыў мяне.
Гэта яе проста ашаламіла. Яна падскочыла, наблізілася і пільна ўгледзелася ў мой твар.
«Божа мой! Цяпер я, здаецца, успамінаю. Вы прыходзілі да таты здаваць экзамены, калі яго аперыравалі з прычыны тромбафлебіту».
І раптам стала задумліва-сур'ёзнай. Спытала:
«Скажыце, вы ведалі, што тата працуе ў немцаў?»
«Ведаў».
«Ведалі і прыйшлі ў наш дом?»
«Ведаў і прыйшоў, бо ўпэўнены, што доктар Савіч не прадасць мяне».
Яна доўга глядзела мне ў вочы, а потым нахілілася і… пацалавала ў шчаку. Пацалавала не па-дзявочы, сарамліва ці гарэзліва, а па-даросламу, сур'ёзна, з удзячнасцю.
Мая першая падпольная клічка была «Віктар», і я чамусьці сказаў яе, а не сапраўднае імя, хоць пасля зразумеў, што гэта недарэчна, непатрэбна і няшчыра перад Зосяй.
«Дзякую вам, Віктар. Цяпер вы мне брат. І я вас схаваю, як брата. Так схаваю, што фрыцы за сто год не знойдуць. Хадземце. А то праз гадзіну прыйдзе Грот. Ён дакладны».
Тады я спытаў:
«Думаю, у доме, дзе жывуць два лекары, знойдзецца скальпель і пінцэт?»
«Скальпель? Навошта вам скальпель?»
«У бядры маім сядзіць асколак гранаты».
Вельмі магчыма, што толькі ў той міг яна адчула ўсю сур'ёзнасць барацьбы, свайго мімавольнага ўступлення ў гэтую барацьбу, небяспекі, якая цяпер пагражала ёй, бацьку. Трусы, фармалін, балбатня з гестапаўцамі — усё гэта, відаць, рабілася ў парыве, у захапленні незвычайнасцю, усё гэта была амаль гульня ў хованкі маладога здаровага хлопца. А тут яна зразумела. І разгубілася, спалохалася, замітусілася.
«Што ж рабіць? Хадземце ў бацькаў кабінет, там усё ёсць. Не, не… Нельга. Могуць прыйсці. Давайце сюды… на гару. Аўтамат паставім на месца… Вось так… Крыві не накапала?» — агледзела падлогу. Потым адчыніла невялічкія сцянныя дзверы, і мы апынуліся ў каморы, завешанай вопраткай. Дзесяткі паліто, касцюмаў, плаццяў. Нешта зашыта ў прасціны, мабыць, футры. Пахла нафталінам.
«Багата жыве доктар Савіч. Шкада дабра, таму і да немцаў падаўся», — падумаў я нядобразычліва.
Мы падлезлі пад вопратку і яшчэ праз меншыя дзверкі выйшлі на гарышча — вузкі тунель паміж сцяной мансарды і дахам. Аднекуль здалёк цадзілася святло, і было відаць, што тут сапраўды «чорт зламае нагу». Старыя крэслы, карціны, дываны, верстакі, рыбацкія сеткі, мяшкі, посуд — усё гэта было нагрувашчана абы-як. Мы ледзь прабраліся. Нават паўзлі праз нейкую шчыліну. Гэта быў праход пад выступам акна. Такім чынам мы перабраліся на другі бок, за глухую сцяну мансарды, дзе было больш прасторна і светла.
Тут на старым матрацы Зося зрабіла мне прытулак. Праз другі ход, праз люк у столі над кухняй, яна прынесла прасціну, падушку, коўдру, інструменты, бінты, вату, ёд.
І я зрабіў сабе аперацыю — дастаў асколак. З яе дапамогай. Перад гэтым мы паспрачаліся. Я лічыў сябе ўжо закончаным медыкам. Медтэхнікум, як тады называлі, курс інстытута… Ва ўсякім разе, даўно ўжо пазбавіўся фальшывай сарамлівасці, калі што тычылася хваробы. Але, ведаеш, перад гэтай дзяўчынкай мне стала сорамна агаляць сябе. Я папрасіў яе адысці. Яна запярэчыла.