Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Маша ўсміхнулася проста і цёпла, здавалася, што ўсміхнуўся не толькі яе твар, вусны, а ўся постаць — ад залатых валасоў да бронзавых ад загару стройных ног.

— Цяжка расказаць больш, чым вы заслугоўваеце, Антон Кузьміч.

— Не будзем гаварыць адно аднаму кампліментаў, Маша. Нам не патрэбна псіхічная падрыхтоўка.

Жарт гэты збянтэжыў дзяўчыну.

Дні праз два Маша зайшла да яго ў кабінет у той час, калі ён адпачываў паміж дзвюма складанымі аперацыямі. Яна не магла не ведаць, што хвіліны такога адпачынку былі свяшчэннымі. Як добры актор настройвае сябе на інакшае псіхалагічнае гучанне ў другой дзеі, так ён настройваў сябе на другую аперацыю. Сядзеў у мяккім крэсле, скінуўшы чаравікі, паклаўшы ногі

на другое крэсла, і паліў. І вельмі не любіў, калі хто-небудзь заходзіў, перашкаджаў адпачынку. Пра гэта ў аддзяленні ведалі.

На стук у дзверы адказаў незадаволена:

— Хто там? — і скамячыў цыгарэту.

— Я.

Ён здзівіўся, убачыўшы Машу. Яна ўвайшла, нясмелая і надзіва збянтэжаная. Куды падзеліся яе разлічаныя, да ненатуральнасці артыстычныя рухі! Спынілася каля дзвярэй, трымалася за ручку, як бы рыхтуючыся ўцякаць. Выраз твару быў вінаваты.

Яраш хутка сунуў ногі ў чаравікі.

— Што здарылася, Маша?

— Я дрэнная сядзелка, Антон Кузьміч, — сказала яна так, як магла б сказаць тады, калі ён выказваў сваю просьбу, каб мела намер адмовіцца. — Мы не разумеем адна адну. Яна, Савіч, адносіцца да мяне з дзіўнай падазронасцю…

— З падазронасцю? — перапытаў Яраш.

— Можа, не тое слова я сказала. Але… дзіўная яна. Пра такіх у нас кажуць: нелюдзімая.

— Нелюдзімая? — з суровым дакорам перапытаў ён і гэтай суровасцю зусім збянтэжыў дзяўчыну. Але тут жа мякка прапанаваў: — Сядайце, Маша, — і паказаў на тое мяккае крэсла, у якім толькі што сядзеў сам.

Яна нясмела села. Як тая вясковая дзяўчынка, што ўпершыню трапіла да суровага і бязлітаснага прафесара. Яраш не пазнаваў сваю маўклівую, але надзвычай упэўненую, спакойную, гордую аперацыйную сястру.

— Яна нічога не расказала вам пра сваё жыццё?

— Не, нічога.

— Вы чулі што-небудзь пра доктара Савіча?

Маша паківала галавой — не.

Цяпер Яраш зразумеў, чаму яна прыйшла вось так і такая: хацела, каб ён расказаў ёй пра хворую, тады толькі яна можа выканаць яго просьбу. Ён узлёг на стол сваім магутным целам і такім чынам даверліва наблізіўся да яе.

— Скажыце, Маша, а вы да каго-небудзь адносіліся з падазронасцю?

— Я? Калі бачыла, што перада мной хлус, няшчыры чалавек… Але гэта не тая падазронасць! — Тут яна застыла ў сваёй звыклай паставе — не зразумела яго.

— Скажыце, а вы ніколі не баяліся людзей, Маша?

Яна ўсміхнулася, але ўсмешка не растапіла халоднага неразумення і не зварухнула застылыя рысы твару.

— У школе я баялася нашага гісторыка. Мне дрэнна давалася гісторыя.

Ярашу здалося, што пра гісторыю яна выдумала знарок, надаўшы словам хітры і тонкі сэнс. Ён не здзівіўся, бо заўсёды лічыў яе разумнай і дасціпнай. Закрыўшы далонямі вочы, задумаўся: як расказаць ёй пра Зосю?

У часе гэтай паўзы Маша спытала ва ўпор:

— Хто яна вам, гэтая Савіч?

Антон Кузьміч хутка адняў ад твару рукі.

— Вы маглі б, Маша, спытаць пра гэта адразу. Я сказаў бы вам. Зося Савіч ратавала мяне ў падполлі ад смерці.

— Вас? — Маша здзівілася, устрапянулася і адразу стала звычайная: сур'ёзная, але чуткая, як сейсмограф. Магчыма, нейкі момант яна не давала веры, што тая худзенькая, маленькая, спакутаваная — скура ды косці — нелюдзімая жанчынка ратавала такога асілка.

Яраш, зразумеўшы гэта, сказаў:

— Яна мужная дзяўчына. І ў яе цяжкі лёс. Смерць бацькі, загадкавая смерць. Нямецкі канцлагер. Сібір… Хвароба. — Ён падняўся, вялікі, крыху ўсхваляваны, выйшаў з-за стала. — Я хацеў, Маша, каб вы растапілі лёд у яе душы.

Пільна назіраючы за ім, Маша нейкі час яшчэ сядзела. А потым падхапілася, збянтэжаная: ніколі яна не садзілася, калі доктар Яраш стаяў. Цяпер ёй было сорамна і за тое, што яна не здолела нават шчыра пагаварыць з Савіч, і за тое, што вось так настойліва дамагалася тлумачэння ад Антона Кузьміча.

Што ён можа падумаць? Але яна не стала прасіць прабачэння і не стала запэўняць, што цяпер пастараецца ўсё зрабіць, каб хворая не адчувала адзіноту. А зусім нечакана папрасіла пра другое:

— Антон Кузьміч, раскажыце пра гэта на нашым камсамольскім сходзе.

— Пра што?

— Пра сваю работу ў падполлі. Пра тых людзей… Пра Савіч…

Яраша трохі здзівіў такі нечаканы паварот. Ён пільна ўгледзеўся ў яе вочы-азёры з залатымі берагамі: сур'ёзна яна ці зноў з іроніяй, помсцячы, што ён нічога не расказаў адразу? Не, сястра прасіла сур'ёзна. І яго хораша кранула такая яе сур'ёзнасць.

Калі яна выйшла, Антон Кузьміч зноў сеў у крэсла, зноў запаліў (другую цыгарэту!) і доўга думаў. Пра лёс Зосі. Пра пакаленне, якое не ведае падазронасці і нічога не баіцца… Але што ён, Яраш, ведае пра гэтае пакаленне? Належаць да яго Тарас і Маша… Але ёсць і Славік Шыковіч… Як і чым жыве Маша? Тарас? Што хвалюе Славіка? Як далёка ён, нядаўні камсамолец Яраш, адышоў ад гэтага пакалення! Калі быў апошні раз на камсамольскім сходзе? Год дзесяць ужо, не менш, публічна не расказваў пра падполле. Чаму? А раней, калі часам выступаў, ці расказаў хоць раз пра Зосю Савіч? Не, так, між іншым, зрэдку ўспамінаў дзяўчыну, якая памагла ўратавацца. Цяпер яму стала сорамна і агідна. Няўжо і ён баяўся? У падполлі не баяўся сто разоў ісці на смерць, а тут…

Адразу пасля вайны адчуваў маральны абавязак перад памяццю таварышаў, якія загінулі, напісаць пра іх барацьбу. Не напісаў. Пісаў дысертацыі. Кандыдацкую, пасля доктарскую (якую збіраецца абараняць). Гэтым апраўдваўся перад сваім сумленнем. А потым увогуле падполле пачало здавацца далёкай гісторыяй, да таго ж вельмі заблытанай людзьмі і часам. Ён не зразумеў нават адразу жадання Шыковіча вярнуцца да гэтай гісторыі, ператрусіць яе, перагледзець. Яму здавалася, каму гэта патрэбна цяпер? І вось уваскрэсла з мёртвых Зося Савіч… Ужо тады, у тую ноч, калі расказваў пра яе Шыковічу, ён, Яраш, зразумеў, што гэта патрэбна людзям, патрэбна новаму пакаленню — Тарасу, Славіку, Віцю, Наташы. Пасля размовы з Машай, пасля яе нечаканай просьбы расказаць пра ўсё на камсамольскім сходзе ён пераканаўся ў гэтым цвёрда і непарушна.

Асноўныя работы ў аперацыйнай былі закончаны. Апошнія дні поркаліся з тэлевізійнай апаратурай. Яраша доўга не задавальняла яркасць адбітка на экране, і ён выгнаў з інжынера, з рабочых і з самога сябе сем патоў, пакуль дамогся, каб дарагая навінка гэтая давала належны эфект і карысць.

Калі тэхнікі пайшлі «замочваць» добрую справу за яго прэміяльныя, Яраш застаўся адзін. Ён яшчэ раз агледзеў сваю гаспадарку, якой употай ганарыўся. Усюды — нікеляваная сталь: безліч бліскучых інструментаў у шкляных шафах, дэталі апаратаў. Сталь, якая ў разумных руках хірурга прыносіць людзям ратунак, жыццё. О, ён ведаў вартасць сталі!

Але не дзеля таго, каб лішні раз агледзець аперацыйную, ён застаўся. Хацелася самому, без спецыялістаў, праверыць тэлеапаратуру. Быў у яго непахісны закон — усё ўмець рабіць самому.

Ён палажыў на аперацыйны стол разгорнуты падручнік па анатоміі, навёў на старонку тэлевізійную пушку, якая была ўманціравана ў бясценевую лямпу. Націснуў кнопкі. Засвяціўся экран, задрыжалі на момант звілістыя ніткі кадраў. А потым застыў павялічаны адбітак каленнага сустава. Ён гартаў старонкі і бачыў на экране свае рукі. Чалавеку старонняму магло б здацца, што ён забаўляецца, як дзіця, цешыцца новай цацкай, назначэнне якой у аперацыйнай не кожнаму лёгка зразумець. На экране з'явілася сэрца. Яраш перастаў гартаць старонкі падручніка, выпрастаўся і ўважліва пачаў разглядаць адбітак, быццам убачыў гэтае дзіва першы раз у жыцці. У той міг ён падумаў пра Зосю. І яго ўласнае сэрца дало пачуць сябе. Такія нечаканыя штуршкі ён адчуваў ужо некалькі разоў. Няўжо гэта боязь будучай аперацыі?

Поделиться с друзьями: