Сэрца на далоні
Шрифт:
— Не, Слава, я таксама баюся, — адказала сыну Валянціна Андрэеўна, — баюся, можа, больш, чым усе. Але я веру ў чалавечы розум…
І тут Маша не стрымалася:
— Людзі не збіраюцца сябе хаваць. Людзі жывуць. І будуць жыць!
Проста, амаль наіўна. Але тыя націскі, якія яна зрабіла на «жывуць» і «будуць», надалі яе словам надзвычайную пераканальнасць. Нават Славік хутка ўзняў галаву, паглядзеў на дзяўчыну, усміхнуўся не скептычна — прасветлена, нібы ўбачыў выйсце.
Магчыма, што спрэчка ўсё адно яшчэ працягвалася б. Але выйшаў Шыковіч. Рушыў да іх.
Славік прыўзняўся з-за стала, адсалютаваў:
—
Бацька не адказаў. Валянціна Андрэеўна адчула, што ён кіпіць, і спалохалася; яна была пераканана, што любая грубасць у адносінах да сына пасля ўсяго, што ён перажыў і перадумаў, недаравальна, антыпедагагічна. Іра таксама насцярожылася. Але, відаць, прысутнасць Машы стрымала Шыковіча. Ён спытаў з сарказмам:
— Ну як, герой… нашага часу?
Славік засунуў рукі ў кішэні вузенькіх штаноў, бадзёра абышоў стол, наблізіўся да бацькі, як бы дэманструючы, што ён нічога не баіцца і што ўвогуле з бацькам у яго адносіны вось такія — панібрацкія.
— Ты ведаеш, творца, чартоўскі цікава. Для цябе асабліва. Каб ты пабачыў, якія там тыпы, то памёр бы ад смеху. А пасля папрасіў бы туды творчую камандзіроўку.
Засмяялася Іра. Усміхнулася Валянціна Андрэеўна. Шыковіч адказаў лагодна:
— Балбатун няшчасны. — І да жонкі: — У каго ён, такі чорт, удаўся?
— У цябе, бацька, — адказаў Славік. — Калі ў мяне будзе такая лысіна і такі жывоцік, я буду выліты Шыковіч-старэйшы.
— Калі з цябе выб'юць дурноту?
— Выб'юць!
Шыковіч нахмурыўся.
Маша падумала: як бы яна гаварыла са сваім бацькам? Ёй зрабілася сумна, і яна непрыкметна адышла за дубы, спусцілася да ручая…
Праз хвіліну Славік паклікаў яе:
— Маша!
10
Сябры Тараса — сябры яго брыгады — хоць і адчувалі сябе няёмка ў прысутнасці пісьменніка, дактароў, іх жонак, але, узбуджаныя ракой, лугам, купаннем і гульнёй, на пачатку абеду былі шумныя і вясёлыя. Бурна рэагавалі на тосты Шыковіча, на шчырыя дзіцячыя каментарыі Наташы, нават на недарэчныя жарты Славіка.
А калі выпілі і закусілі, то сціхлі, абмяклі. Дзіўная з'ява! Здарылася гэта таму, што хлопцы пілі вельмі стрымана — толькі віно і не асушвалі чаркі да дна. Было ў іх такое правіла. Не запісвалі яго ні ў якія абавязацельствы, але дамовіліся паміж сабой: аскетамі не будзем, аднак у любых абставінах, у любой кампаніі, на любым вяселлі кожны павінен помніць пра сваё высокае званне.
Славіку ўдалося глытнуць каньяку з бутэлькі яшчэ да таго, як селі за стол. Мабыць, бацька і маці здагадаліся пра гэта і цяпер пільна сачылі за ім. Хлопец увесь час адчуваў калючы, насцярожаны, папераджальны і пагрозлівы бацькаў позірк. «Стары конь», як ён у кампаніі сяброў часам называў бацьку, сядзеў як на старшыньскім месцы і добра бачыў увесь стол. Бутэлька з гарэлкай абмінула Славіка першы раз і другі. Сусед злева, доўгі, сутулы слесар-зборшчык, смешны на выгляд і са смешным спалучэннем імя і прозвішча — Генрых Варэнік, наліў яму яблычнага віна, якое хлопцы прывезлі з сабой. Славік выпіў, паморшчыўся, быццам воцату каўтнуў:
— Дрэнь. — І папрасіў Машу, якая сядзела побач з другога боку, каб падала бутэльку з гарэлкай. — Давай, сусед, лепш вось той божай слязы…
Маша пацягнулася за бутэлькай, але яе перахапіла Іра і перадала Тарасу — далей ад брата. Славік зразумеў, што супраць
яго змова. Жэстамі паказаў Тарасу: дай нам з Генрыхам.Але гэты «сагнуты Варэнік» запярэчыў:
— Не трэба. Я не п'ю.
Славік узлаваўся. Зашыпеў яму на вуха:
— Не п'еш?
— Не.
— Хлусіш. Я ж бачу, як ты каўтаеш сліну.
Генрых збянтэжыўся, пачырванеў, як дзяўчына. Яго выручыў сябра — бялявы, прыгожы, памяркоўны з выгляду Іван Ходас. Ён пачуў, што сказаў Славік, нахіліўся да яго за спіной Генрыха і пагрозліва прашаптаў:
— Мы такіх разумнікаў бачылі. І ведаем, чаго варта твая «шчырасць».
— Чаго? — натапырыўся Славік.
— Я асабіста сапсутай гайкі за яе не дам.
— А я плюю на вашу крытыку.
— Ты дзе вырас такі? На Брадвеі? Мне шкада цябе.
— Пашкадуй сваю маму.
— Хлопцы! Хлопцы! — прасіў Генрых.
— Вось такія на родную маму гатовы плюнуць.
А маці ўжо тут. Валянціна Андрэеўна непрыкметна падышла ззаду, паклала адну руку на плячо сыну, другой дакранулася Івана.
— Што ў вас, хлопчыкі? Можа, чаго не хапае?
— Не. Дзякуем, Валянціна Андрэеўна. Гэта мы з-за футбола паспрачаліся. Якая каманда сёння выйграе.
«Здзекуецца, гад», — ажно перасмыкнула Славіка. Ён наліў сабе таго ж паганага віна і дэманстратыўна, на злосць усім, выплеснуў у рот.
Маша, якая чула ўсю іх размову, ціха сказала:
— Ты задзірысты певень.
— А ты рыжая курыца.
Яна бяскрыўдна засмяялася. А ў Славіка ўжо залез чорцік: хлопцу хацелася ўсіх крыўдзіць і каб да яго таксама чапляліся. Тое, што Маша не пакрыўдзілася за «рыжую курыцу», трохі абяззброіла яго. Ён надзьмуўся, прыслухаўся да застольнай гаманы.
— Мы можам выхоўваць чалавека ў сваёй брыгадзе. А выхоўваць начальніка змены, інжынера — нам, рабочым!.. Яго інстытут не выхаваў, — даводзіў Тарасу яго сусед, самы старэйшы з іх брыгады, мужчына з тварам баксёра (нават нос сплюснуты) — Васіль Лапацін. Ён прыехаў з жонкай. Славік заўважыў, што дзябёлая, здаецца, цяжарная жанчына сама ела мала, сарамліва, а мужу падкладвала смачнейшыя і большыя кавалкі і ўвесь час непрыкметна падлівала віна. Ён выпіваў цішком, як ваду. Славіка гэта развесяліла.
«Вунь вашы праведнікі як дзейнічаюць», — хацелася яму сказаць Генрыху. Але той шаптаўся з Іванам.
— Талстоўская філасофія ў цябе. Часам трэба і па мордзе даць.
«Пра мяне, гады. Паспрабуй даць».
— Я Волгу пераплываў…
— Дзе? Каля вытоку?
Самыя малодшыя, сярод іх і Віктар, жартуюць на другім канцы стала, у іх свая тэма: спорт, рэкорды, галубы.
«Нецікава. Я вырас з гэтых штаноў».
— Наташка, наелася? Бяжы гуляй.
— Што ты, тата? Я ж люблю гасцей. Ты хіба не ведаеш?
— Гасцінная натура!
— Аднойчы на імяніны яна запрасіла два класы — свой і паралельны. Помніш, Антон?
— У нас Славік быў такі.
«Быў… Быццам мяне пахавалі».
— Хлопчыкі, ешце. Усё, што на стале, павінна быць з'едзена. Кірыла, прапануй тост.
— Праўда, ён цікавы, Косця? Як цыган. Глядзі, якія вочы. Як вуглі. А зубы якія!
«Наіўна, але правільна, сястра. Хвалі другіх, каб адвесці ад таго, з каго сама не спускаеш вачэй».
Славіку рабілася нудна, і ён пачаў шукаць, чым бы пазабаўляцца. Падсунуўся бліжэй да Машы, дакрануўся нагой да яе нагі. Яна строга глянула на яго і адсунулася да Іры.