Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Яна думала пра гэта і, аднак, не рабіла спробы вырвацца. Яна раптам пачула яго сэрца і стаілася, слухала яго ўсё часцейшыя і гучнейшыя ўдары. Ён узыходзіў лёгка і хутка. Яна адкінула галаву і ўбачыла, што верхавіны сосен кружацца. І воблачка кружыць на адным месцы. Можа, гэта закружылася ў яе галава?

Доктар Яраш ведаў усе таямніцы чалавечага цела, ды і душы таксама. Яму здавалася, што для яго ўжо няма ніякіх тайн і загадак. Ён узяў Зосю, як санітар бярэ хворую. Як лекар, ён клапаціўся пра яе сэрца, якое бачыў, трымаў на сваёй далоні. Яму было абсалютна ўсё адно — мужчына гэта ці жанчына. Але нечакана і ў яго з'явілася загадкавае пачуццё, незнаёмае, невыразнае, дзіўнае. Нешта як бы ўсхвалявала яго.

І сэрца забілася не так, як, ён ведаў, павінна было біцца пры такім пад'ёме, з такім цяжарам. Выдатны спартсмен, ён вельмі добра ведаў сваё сэрца, дакладна ўмеў разлічыць нагрузку яго. Што ж гэта яно выходзіць з-пад улады — пачынае грукаць не так, як яму належыць? «Старэю», — падумаў ён і асцярожна апусціў Зосю на зямлю.

Каля дачы стаяла санітарная машына. Яраш з трывогай падумаў: «Няўжо ў бальніцы што здарылася?» Закрочыў шпарчэй. Але хутка ўбачыў, што на лавачцы сядзяць Шыковіч, Гаецкая і незнаёмая жанчына. Пачуў вясёлы смех Гаецкай і спахмурнеў: не хапала яшчэ яе тут! Зося адчула, як нечакана змяніўся яго настрой, зразумела, што яму не спадабаліся гэтыя нечаканыя госці. Спытала:

— Хто гэта?

— Галоўны лекар трэцяй бальніцы. У якой ты ляжала.

Яна помніла гэтую прыгожую поўную жанчыну, якая часам абыходзіла палаты і рабіла разнос сёстрам і санітаркам. Настрой Яраша як бы перадаваўся ёй: Зося адчула сябе няёмка, быццам у нечым была вінаватая.

Яраш сказаў:

— Дурная баба. І подлая.

Гэта яшчэ больш збянтэжыла Зосю, быццам ёй даверылі тайну, ведаць якую зусім не трэба, нават небяспечна. Угледзеўшы Яраша і Зосю, Тамара Аляксандраўна паднялася, пайшла насустрач, прыветліва махаючы касынкай.

— З уловам, Антон Кузьміч, — праспявала яна. — Я не ведаю, як кажуць… Шыковіч! Як віншуюць грыбавікоў? Са зборам? З падборам? З уловам?

Смяяліся яе сакавітыя вусны, выпешчаныя шчокі — то з'яўляліся, то знікалі сімпатычныя ямачкі на іх. А вочы… вочы, халодныя і злосныя, разглядалі Зосю. Ды так нахабна, бесцырымонна, што Зосі здалося — раздзяюць. І яна, зусім разгубленая, спалоханая і абураная, не пазнаёміўшыся, не прывітаўшыся, амаль уподбег кінулася да Машы, якая сядзела на ганку і перабірала грыбы.

— Глядзі, колькі я знайшла баравікоў! А ты? О, з табой ні ў чым нельга зраўняцца!

Твая пацыентка? — спытала Гаецкая ў Яраша.

Гэта можна спытаць па-чалавечаму, прафесійна, як лекар у лекара. Яна хацела зрабіць выгляд, што пытае іменна так. Але Яраш бачыў, як яна працягвае глядзець у спіну Зосі, і адчуў, што пачынае закіпаць. Ён сам баяўся свайго гневу, бо ведаў, што «сарвацца» яму, ды яшчэ перад жанчынамі, нельга, непрыстойна.

Гаецкая працягнула яму руку, падвяла да лавачкі, пазнаёміла са сваёй сяброўкай. Гаварылі нейкія пустыя словы. Смяяліся.

— Гаспадары, запрашайце ў хату. Трэба ж абмыць вашы новыя вуглы, — сказала Тамара Аляксандраўна.

Шыковіч сумеўся, паглядзеў на свайго хмурага сябра — можа, ён што прапануе? — і з жалем уздыхнуў:

— Калі я працую, у мяне — «сухі закон». І каб быць далей ад спакусы…

Гаецкая зразумела.

— А мы ў лес ездзім са сваім віном.

— О, тады іншая размова! Калі ласка! Прашу, — галантна пакланіўся Кірыла, паказваючы на сваю палавіну дачы.

Яраш падумаў, што Зося не сядзе за адзін стол з гэтай жанчынай. Ды і не жадае, каб яны сядзелі разам. Ды і ўвогуле: не хапала яму яшчэ піць віно з Гаецкай у лесе, на дачы! Ён сказаў, як адсек:

— Мяне чакаюць дома.

— У Антона Кузьміча раўнівая жонка, — як бы ў жарт, сказала Тамара Аляксандраўна, але знарок так, каб пачулі Зося і Маша.

Нічога не адказаўшы і не развітаўшыся, Яраш рушыў да «Масквіча». Завёў, рыўком пад'ехаў пад самы ганак, узняўшы пыл, быццам стварыўшы дымавую заслону. Зося першая хуценька ўскочыла

на задняе сядзенне.

З ветлівасці Яраш махнуў доктаркам рукой, спытаў у Кірылы:

— Што перадаць тваім?

— Прывязі заўтра масла і хлеба.

Гаецкая, закусіўшы губу, злосна прыжмурыўшыся, доўга глядзела ўслед сіняму «Масквічу».

Яе сяброўка спытала:

— Ён заўсёды такі… нелюдзімы?

— Бывае горшы, — нядобразычліва адказаў Шыковіч. Цяпер і ён узлаваўся на няпрошаных гасцей. Чорт іх прынёс! Каб не яны, яму, напэўна, удалося б угаварыць Антона пасядзець гадзінку. Маша засмажыла б грыбы, і яны разам павячэралі б і хораша пагутарылі б. Ён прачытаў бы ім раздзел — расказ Зосі. Што-нішто трэба ўдакладніць. А сядзець з гэтымі чужымі бабамі — мала цікавасці і ніякай карысці для яго працы.

Тамара Аляксандраўна спачатку збянтэжылася, калі яе «ўсемагутная разведка» ўстанавіла, хто тая жанчна, якую яна сустрэла з Ярашам каля дачы. Але, разважыўшы, узрадавалася: гэта яшчэ лепш, бо, акрамя ўсяго іншага, на галаву чалавека, які зрабіўся цяпер ёй ненавісны, падае яшчэ адзін цяжкі грэх — парушэнне лекарскай этыкі.

Больш за дваццаць год яна песціла надзею, што ўрэшце ўсё-такі ачаруе гэтага ўпартага асілка. Уласна кажучы, у апошнія гады ёй не столькі хацелася ачараваць яго, закахаць, колькі проста пераможна ўзяць — націскам, прыступам. Гэта быў ужо своеасаблівы спартыўны азарт. Цяпер усё рушылася, надзея знікла назаўсёды. Жанчына шалела ад злосці. Чакай, доктар Яраш, ты доўга будзеш помніць мяне!

Забыты былі справы, хворыя, грыбы. Сама галоўны лекар і ўсё яе даволі значнае акружэнне лёталі па горадзе ў пошуках звестак пра Зосю і Яраша. І вельмі хутка было выяснена ўсё: і тое, што яны, Яраш і дачка здрадніка Савіча, знаёмы яшчэ з часоў акупацыі, і тое, як Шыковіч і Яраш дамагаліся для гэтай жанчыны асобнай кватэры, як яны самі (вядомы хірург і пісьменнік) куплялі для яе мэблю і нават якую суму кожны з іх зняў з ашчаднай кніжкі, і, нарэшце, тое, што яны збіраліся на кватэры ў Зосі ўчацвярых. О, гэта ўжо не проста сувязь аднаго жанатага мужчыны з незамужняй жанчынай! Тут значна большае — групавое маральнае разлажэнне!

І паляцела плётка з касмічнай хуткасцю. Каб Яраш і Шыковіч былі людзі звычайныя, вядомыя толькі ў сваіх калектывах, безумоўна, што ўсё гэта не выклікала б сенсацыі. Але абодвух у горадзе добра ведалі, а таму ўсе праяўлялі да такой навіны незвычайную цікавасць: адны злараднічалі, другія, галоўным чынам замужнія жанчыны, абураліся, трэція ўпотай зайздросцілі.

26

Галіна Адамаўна глянула на ручны гадзіннік і ўзрадавалася — да канца рабочага дня заставаліся хвіліны. Яна сапраўды не любіла сваёй работы. Ёй больш падабаліся хатнія абавязкі — гатаваць смачныя абеды, кроіць і шыць, яна была добрая гаспадыня, ласкавая маці і жонка. Думкі яе ляцелі дадому: што згатаваць сёння, каб страва аднолькава падабалася і Антону, і Віцю, і Наташы, густы якіх даволі розныя.

— Дзве гадзіны нічога не ешце, — сказала яна пацыенту, які паласкаў рот содавым растворам.

У яе самой ніколі не балелі зубы, можа, таму яна ставілася да сваіх пацыентаў з іроніяй, не верыла іх стогнам і пакутам; яна двойчы раджала і ні разу не войкнула, а тут другі так енчыць, што брыдка слухаць. І да крывавых пляўкоў яна не магла прывыкнуць за ўсе пятнаццаць год сваёй работы. Жыла ў чысціні, і ёй быў агідны ўсялякі гной і бруд, фізічны і маральны, нават праяўленне звычайнай неакуратнасці. Сястра глянула за дзверы, таксама не без радасці паведаміла, што нікога больш няма, і пачала праціраць інструмент. Галіна Адамаўна падышла да ўмывальніка, закасала рукавы халата, узброілася шчоткай… У гэты момант шырока расчыніліся дзверы і ўвайшла яна — Тамара Аляксандраўна.

Поделиться с друзьями: