Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

— Вы ведаеце, Антон Кузьміч, мяне зноў выручылі трусікі пана Грота. Помніце? Я засунула аднаго за ватнік і палезла ў суседскі сад. Абышла паўз паркан і знайшла дошку, якую можна было адсунуць без шуму. Выйшла гаспадыня, не тая, якая жыла да вайны, жонка нейкага белагвардзейца-эмігранта, які вярнуўся з Германіі і займаўся камерцыяй. Я растлумачыла ёй, што ўцёк трусік. «Я баялася, каб ён не папсаваў вашы дрэвы». Старая дурніца пацалавала трусіка, якога я паказала ёй.

«Якая мілая мордачка!»

Гроту я таксама сказала, вярнуўшыся ў свой двор, што ўцёк трус.

Ён узяў яго спрытна і бязлітасна, мяне заўсёды і палохала

і абурала, як ён браў гэтых няшчасных жывёлінак. Вось так, двума пальцамі, за скуру.

«О, ты хочаш уцячы? — сказаў ён трусу. — Заўтра я цябе пакараю за гэта. Мне шкада цябе. Але чаго не зробіш у імя навукі».

Як толькі сцямнела і Грот падняўся да сябе, бацька сказаў:

«Выводзь, дачка. Шчасліва вам. На Клімаўскай сустрэне Вася. Калі ж не сустрэне…»

Ён даў адрас на Элеватарнай, нумара ўжо не помню, здаецца, дзевятнаццаць, мне пасля прыйшлося запамінаць многа розных нумароў, і нейкі мудры пароль, які я таксама забылася, нейкая прымаўка з рэлігійным сэнсам, здаецца.

Яшчэ бацька сказаў: «Назад, дачка, гэтым шляхам не вяртайся. Выходзь на Пушкінскую. У цябе ёсць пропуск. І зайдзі да Цішчанкаў. Старая занемагла і вельмі прасіла, каб ты зайшла. Зайдзі абавязкова. Так трэба».

Бургамістарша сама мне званіла дні тры назад. Але мне было агідна ісці да гэтай звар'яцелай ад страху бабы, якая дзень і ноч малілася. Але калі бацька сказаў, што так трэба — для канспірацыі, так мне здалося тады, я гатова была пайсці хоць да самога д'ябла. Толькі пазней… вельмі позна я здагадалася, што мой добры, разумны і наіўны тата хацеў такім чынам уратаваць сваё адзінае дзіця…

Увесь час яна расказвала роўна, ціха, без інтанацый, без асаблівых жэстаў і мімікі, калі не лічыць вінаватых усмешак. А тут вусны яе па-дзіцячы скрывіліся і задрыжалі.

— Два нашы афіцэры, якія дапытвалі мяне ў сорак шостым, здзекаваліся, калі я шчыра расказала ім усё. Смяяліся, маргалі адзін аднаму. «Сіла дзеўка! Значыцца, правёўшы падпольшчыка, вы адразу ж пайшлі суцяшаць жонку гарадскога галавы? Хітрая казачка, але пакіньце яе для дурняў. Мы чулі казкі не такія!»

Няшчасны мой бацька! А я… дурная якая была! Паверыла яму нават тады, калі ён пазваніў на кватэру Цішчанкам, пагаварыў спачатку з Алімпіядай Паўлаўнай, а пасля папрасіў, каб я паначавала там. «У горадзе неспакойна. Недалёка ад нашага дома толькі што стралялі. Заначуй, дзіця маё. Цалую цябе, Зосечка».

Гэта былі яго апошнія словы. Ён не любіў залішніх пяшчот, сюсюкання, цалавання па тэлефоне. А тут вось так — як маленькай. І я, дурная, усё адно ні пра што не здагадалася. Я магла быць побач з ім! Магчыма, ён адстрэльваўся, калі яны ўварваліся. І апошнюю кулю… Тата хаваў пісталет, хаваў нават ад мяне, але я ведала, што ён ёсць. Слухайце, можа, яго застрэліў Грот? Немца не было на пахаванні. Усе знаёмыя былі. З гестапа былі, адусюль. Аднаго яго не было.

— А што Сажань, Соф'я Сцяпанаўна? Правялі вы яго? — спытаў Шыковіч, каб вярнуць яе да паслядоўнасці.

— А як жа! Мы выйшлі на Вішнёвы. Цёмна было. Ні агеньчыка. Замаскіравана ўсё. Я пачула, што за намі нехта ідзе. Мы пабеглі. На Клімаўскай нас сустрэў Вася. З'явіўся як з-пад зямлі. Я сказала яму, што нехта ідзе. Ён адказаў, што гэта свае. З-пад палы бліснуў ліхтарыкам у адзін бок вуліцы, потым у другі. Яму адказалі адтуль і адтуль. Вунь яны як ахоўвалі таго чалавека! Вася сказаў: «Ты, Зоська, герой!» —

і пацалаваў мяне ў шчаку. Мне стала сорамна: яшчэ Сажань падумае што! А я таго Васю, можа, якіх пяць разоў бачыла ўсяго. Мне тады — зноў! — вельмі захацелася, каб на развітанне ён падзякаваў мне. Смешна! Ён не сказаў звычайнага дзякуй. Ён сціснуў маю руку і сказаў:

«Усяго добрага табе, Зося. Скончыцца вайна — сустрэнемся».

Разбудзіла мяне бургамістарша рыданнем. Упала на калені перад маім ложкам:

«Мужайся, дзетачка. Бог міласэрны, ён усё бачыць. Партызаны забілі твайго бацьку».

Я не закрычала. Здаецца, нават не заплакала. У адзін міг я ўсё зразумела. У той міг я пасталела, можа, на дваццаць гадоў. Шаптала сабе: мужнасць, толькі мужнасць. Прасіла Бога, у якога не верыла, каб ён даў мне яе, гэтую мужнасць, каб я здолела ўсё перажыць. І маўчаць. Маўчаць, маўчаць!

Ашалелая ад жаху баба ўгаворвала мяне ў тую ж хвіліну ўцячы з ёй на край свету, у манастыр, яна ведае такі манастыр. «А то яны ўсіх нас заб'юць». Я маўчала.

Два агенты гестапа везлі мяне на рамізніку па горадзе. Выказвалі спачуванне. Я маўчала. Дадому мяне не павезлі. Бацька ляжаў ужо ў вестыбюлі гарадской управы. Калі толькі яны паспелі перавезці і ўбраць яго? Ён ляжаў у сваім вячэрнім гарнітуры, у сарочцы, якую я за дзень да таго памыла. Толькі гальштук чужы, бабачка, тата ніколі не насіў бабачкі. Да вайны гэта было нямодна, і мама, напэўна, першая пасмяялася б. На твары яго застыў спакой, не было ні пячаці страху, ні пячаці пакут. Відаць, ён памёр адразу. Толькі чамусьці пасінела левая скроня. Я спытала ў начальніка паліцыі Магнатава, куды трапіла куля. Ён паціснуў плячамі.

«У сэрца. У самае сэрца, — адказаў адзін з тых, што не адыходзілі ад мяне ні на крок. — Бандыты стралялі ва ўпор».

Да мяне падыходзіла ўся здрадніцкая сволач, выказвала спачуванне. Раней яны здаваліся мне смешнымі і дурнымі, гэтыя людзі. У той дзень я адчула, што такое нянавісць. О, як я іх ненавідзела! Мне хацелася пляваць на іх, біць па мордах. Але я маўчала. Я мусіла маўчаць.

Калі з'явіўся фельдкамендант, пстрыкалі фотаапараты. Ён не падышоў да мяне. Спачуванне паднёс перакладчык. Мне запомніўся позірк афіцэра-гестапаўца. Ён доўга сачыў за мной, і я адчула гэты позірк. Глянула на яго. Якія ў яго былі вочы! Ён усё ведаў і смяяўся, злосна, нахабна, пераможна. Вочы яго смяяліся.

Скажыце, навошта ім спатрэбілася гэтая камедыя з пахаваннем?

Зося змоўкла і чакала адказу ад Шыковіча: на яго глядзела. Адказаў Яраш:

— Правакацыі былі розныя. У залежнасці ад фантазіі таго, хто іх арганізоўваў. Бругер быў з фантазіяй, я ведаю.

— У маі сорак трэцяга Бругера ўжо не было, — удакладніў Шыковіч. — Начальнікам гестапа быў Гільберт, штурмбанфюрэр.

— Вы таксама былі ў падполлі? — здзівілася Зося.

— Не. Я пішу кнігу, а таму мне трэба дакладна ўсё ведаць.

Маша, выкарыстаўшы паўзу, прапанавала:

— Я вам падам каву.

— Але, але, — падтрымала Зося.

— Стамілася? — ласкава спытаў Яраш. — Дай руку.

Можа, ад таго, што ён нечакана сказаў ёй «ты», яна зардзелася, засаромелася.

— Не, не.

Антон Кузьміч падняўся з крэсла, палічыў пульс. Шыковіч убачыў, што доктар застаўся давольны яе пульсам. А Зося, як бы імкнучыся даказаць, што ёй гэта няцяжка, пачала расказваць далей, не зважаючы на тое, што Маша хадзіла, звінела шклянкамі.

Поделиться с друзьями: