Сэрца на далоні
Шрифт:
Зося выявіла шчырую радасць, збянтэжанасці ў яе не было ні кроплі. Яна сказала надзвычай проста:
— Якія вы добрыя, што не забываеце нас. Хоць зрэдку заглядваеце на аганёк. Распранайцеся. У нас ёсць чай.
Але праз адчыненыя дзверы Яраш убачыў у пакоі Тараса. Хлопец сядзеў за нізкім сталом, застаўленым чайным посудам, услухоўваўся ў галасы і крыху дзіўна ўсміхаўся. Хоць Яраш ведаў, чаму ён тут, і ў душы ўхваляў яго выбар — абы толькі сур'ёзна, але нечаканая сустрэча з сынам тут, у Зосі, збянтэжыла яго, магчыма, нават больш, чым Машу. Ён адчуў сябе як бы ў нечым вінаватым. Што сказаць Тарасу, калі зойдзе ў пакой? Як будзе
Ад гэтай думкі зрабілася да балючасці непрыемна. Тое, што ён вымушаны рабіць з гэтага бязвіннага наведвання тайну, уніжала і абражала. А ўніжэнне для яго, гордага і незалежнага, было самай страшнай карай.
Яраш пашкадаваў, што прыйшоў сюды.
30
Грукат крана над галавой быў для Славіка цяпер як нечаканы гром для забабоннага грэшніка. Ён уціскаў галаву ў плечы, палахліва азіраўся і, калі плыла цяжкая дэталь, адступаў, а то і зусім хаваўся за высокія станіны. Ён баяўся падняць вочы вышэй крука — да шкляной будкі, у якой сядзела кранаўшчыца, «дзятлік» з востранькім носікам і вострым чубком, бо сваю чырвоную касыначку Нінка заўсёды чамусьці абпінала «домікам», ад чаго твар яе яшчэ больш завострываўся. Славік баяўся сустрэчы з ёй.
Кран панёс да ўпаковачнай гатовы станок. Яго ўрачыста суправаджалі кіраўнікі цэха і амаль уся Тарасава брыгада. Акрамя Славіка. І Генрыха. Яны былі заняты другім станком: прыладжвалі зманціраваны электрыкамі праграмны вузел. Гэтую тонкую складаную і марудную работу заўсёды браў на сябе будучы інжынер. А ў Славіка гэта была апошняя стадыя вучнёўства, набліжаўся экзамен на разрад, і трэба было, хоць збольшага, ведаць зборку ўсіх вузлоў.
Усунуўшы галовы ў люкі тумбы, яны падганялі счапленне электраматора з перадачай аўтаматычнага з'ёмшчыка дэталей.
Разгружаны кран вяртаўся з лёгкім гулам. Ён ляцеў па доўгім пралёце цэха з хуткасцю цягніка. Звінелі шыбы і дрынчалі незамацаваныя дэталі і ключы на станку.
І раптам усё сціхла: кран спыніўся, замёр. Славік упусціў гайкі, якія падаваў Генрыху. Спіной сваёй, што вытыркала з-пад станка, ён адчуў, што цяжкі крук павіс якраз над ім. Больш таго, ён адчуў позірк Ніны, яна высунулася са сваёй шкляной будкі і глядзіць… глядзіць на яго.
Славік уціснуўся глыбей пад станіну. Хацелася ўсяму залезці ў вузкі люк, схавацца, ператварыцца ў электравузел, каб рухаць станок, а самому нікога не бачыць, нічога не адчуваць.
Не раз за сваё нядоўгае жыццё ён чыніў шкоду. Здаралася, што колькі дзён жыў з бояззю кары. Але ніколі яшчэ ў яго не было такога страху. Агіднае і цяжкае пачуццё! Яно скавала ўсю яго істоту. Яно — як невылечная хвароба, як рак, пра які чалавек ведае і нічога не можа зрабіць для свайго ўратавання, толькі слухае, чакае, калі, як ён праявіць сябе і нанясе апошні ўдар.
Станок уздрыгнуў, як жывая істота, — кран паволі рушыў далей.
Славік стоена ўздыхнуў. Генрых сказаў:
— Пасвяці сюды.
Славік падняў вышэй «пераноску», ад яркага святла якой слязіліся вочы.
Генрых кінуў на яго кароткі позірк і рухамі штукара пачаў мацаваць маленькія гаечкі. Недасведчанаму чалавеку, які бачыць станок толькі звонку, можа здацца, што такая аграмадзіна складзена з адных вялікіх і цяжкіх дэталей. Так упачатку здавалася і Славіку. А тут ёсць дэталькі не большыя за гадзіннікавыя, асабліва
ў электраабсталяванні. Між іншым, гэтая складанасць і прываблівала няўрымслівага хлопца. Каб усё было проста і аднастайна, як яму ўяўлялася па школьнаму знаёмству з заводамі, адно і тое з хвіліны ў хвіліну, з дня ў дзень, то, напэўна, даўно ўсё абрыдла б. А на зборцы заўсёды нешта новае.— Што ў цябе з Нінай? — спытаў Генрых, працягнуўшы руку па гайкі і пракладкі.
Рабро станіны здушыла Славіку грудзі. Пракладкі прыліплі да потнай далоні.
— А-а… нічога. Ходзім у кіно…
— Ты ж не любіш яе.
— А хіба нельга так?
— Як «так»?
— Ну… разам працуем, разам гуляем.
— Я сам, стары, раней глядзеў на дзяўчат несур'ёзна. Нібы яны для адных танцулек створаны. З Нінкай нельга так, май на ўвазе. Яна не такая, як тыя… У яе ўсё сур'ёзна. І планы яе сур'ёзныя і простыя: выйсці замуж, нараджаць дзяцей… Некаторыя моднікі фыркаюць: мяшчанства. Ёлупы! Схіліце галовы! Гэта жыццё ў яго натуральным выглядзе. Самі вы мяшчане!
«Чаму ён гаворыць гэта мне? Няўжо ведае? У вочы, у вочы б яму глянуць».
Але «зайчыкі» ад яго прафесарскіх акуляраў сляпілі. І Славік — што той трусік перад кобрай. Толькі вушкамі варушыў. Куды знікла дасціпнасць, кідкасць: ты мне слова — я табе дзесяць. Ён, акулярысты чорт, здаецца, працуе, а зіркае, усё бачыць. Разбіць пераноску, ці што? Быццам незнарок.
Нарэшце Славік скінуў чары. Выскаліўся:
— Думаў, хоць адзін чалавек як чалавек. А ты — як Ходас і Тарас. Маралісты! — і завыў у вантробе станка: — Сумна жыць, Генрых!
Ён неаднойчы хіліў Варэніка на свой бок вось такімі жартамі. У яго і Косці найлепшае пачуццё гумару.
— Думаеш, калі сапсуеш камусь жыццё, табе стане весялей?
— А каму я псую? Пайшлі вы ўсе…
Хвілін праз колькі Тарас накіраваў яго ў склад па дэталі. Славік напусціў на сябе такую бестурботнасць і весялосць, каб нікому і ў галаву не ўлезла, што ў яго штось нядобрае на душы.
Ён ішоў паміж станкамі, як па лесе. Насвістваў. І раптам з-за станка — яна, Нінка. Носік — чырвоны, вочы — злыя.
— Славік!
Ён спалохана азірнуўся.
— Такая цана тваім словам? Дзе твае вочы бессаромныя? Цяпер табе нічога не трэба? Ведай жа: або на сябе рукі налажу, або цябе станінай прыдушу. Цяпер мне ўсё адно не жыць. — Яна ўсхліпнула.
А побач, за станком, — галасы. Здаецца, начальнік цэха.
Славік схапіў яе за руку.
— Чаго ты? Дурная, дурная… У мяне проста часу няма. Я на падрыхтоўчыя курсы ў політэхнічны паступіў. Кожны вечар… Ну добра. Сёння, сёння…
Ішоў знаёмы рабочы, і Славік, узрадаваны, пакінуў дзяўчыну і закрочыў побач з ім. Расказваў новы анекдот. Хацеў смяяцца. Выціскаў з сябе смех, бо ўсё скаваў страх, новы, невядомы. О, жорсткае жыццё! Ніякай радасці і гэтулькі пакут! Ён праклінаў той час і міг, калі яму прыйшла ў галаву гэтая дзіўная думка — пазабаўляцца з ёй, адпомсціць за свой спалох у першы дзень.
Месяц ён вадзіў яе ў кіно, у тэатр і гаварыў, гаварыў, гаварыў. Пра ўсё на свеце ён ведаў. Заходзіў проста ў інтэрнат, пакідаючы ў строгай каменданткі свой заводскі пропуск. Сяброўкам яе па пакоі падабаўся: вясёлы. Адны, праўда, папярэджвалі: «Ой, глядзі, Нінка, загаворыць ён цябе». Другія падбадзёрвалі: «Хапай, Нінка, на ляту. Закруці яму галаву. Чаго на свеце не бывае! Вунь Лідка за інжынера выскачыла. Цяпер вітацца, зараза, не хоча».