Сэрца на далоні
Шрифт:
— Што ж гэта ты, друг сітны, сказаўшы «а», не сказаў «бэ». Не хапіла духу? Ці замялі?
У Шыковіча замерла сэрца ад прадчування нечага незвычайнага.
— Што вы маеце на ўвазе?
— Што, што… Сам ты добра ведаеш што. Чаму не раскрыў, хто такі Сажань? Спалохаўся? Ну, канешне, куды табе! Думаў паласкатаць нервы чытачоў, нагнаць таямнічасці. Ды выйшла прамашка. — Ён хмыкнуў, прыстукнуў кулаком па стале, нібы паставіў пячатку, голас яго зрабіўся скрыпуча-злосным. — Цяпер я скажу «бэ»!
Здалося, што чалавек гэты пырснуў жоўцю. Шыковіч не любіў такіх: маўчаць, чакаюць выпадку, калі хто пачне першы, тады і яны вырываюцца і б'юць з-за вугла.
—
— Не меў такога факта. Казаў другія. Не даказаў. Далі па мордзе. Ён жа, твой Сажань…
Кірыла падняўся:
— Слухайце, я не ведаю, хто такі Сажань.
— Не ведаеш? — з яўным здзекам перапытаў чалавек. — Не ведаеш, што гэта паважаны Сямён Парфёныч Гукан?..
— Гукан?!
«Гукан! Гукан!» — загудзела, загукала, зашумела ў Шыковіча ў галаве, быццам запрацавала там магутная электронна-вылічальная машына: яна ў адзін міг выцягнула з глыбінь памяці ўсе факты, якія ён сабраў, па-новаму выстраіла іх зусім у іншым парадку. Недзе на пабочных маленькіх клавішах нехта выстукваў:
— Мы калі яшчэ ў рабфаку разам вучыліся, то далі яму гэтую мянушку… У партызанах, калі хадзілі на сувязь у горад, ён хацеў аднойчы выпісаць пашпарт на Сажаня… Не хто другі, я адгаварыў яго. З тваім ростам, кажу, выкліча падазронасць… Ён мне аддзякаваў пасля за ўсё…
— Як ваша прозвішча?
— Ведаеш ты маё прозвішча. Пісаў… распісваў з яго слоў… — Чалавек зноў як бы паставіў пячатку.
Шыковіч напружваў памяць, але ўспомніць не мог: у кнізе дзесяткі прозвішчаў людзей, якіх ён ніколі не бачыў у вочы.
Па сутнасці справы, яму трэба было ўзрадавацца, выказаць гэтаму чалавеку сваю думку пра Гукана, факт з яго пісьмом у органы дзяржбяспекі наконт Зосі Савіч, запрасіць у сведкі, у памочнікі па выяўленню поўнай ісціны. Але нешта стрымлівала. Што? Злосць гэтага чалавека, яго жаданне па-свойму расквітацца з Гуканам. Для яго цяпер галоўнае не ісціна, а помста. А Шыковіч ненавідзеў людзей помслівых. Таму сведка, якога ён падсвядома чакаў, стаў яму непрыемны. Кірылу не хацелася заключаць з такім чалавекам які б ні было саюз.
— Але, падрэзаў ты корань свайму дружбаку. — Наведвальніку яўна прыносіла задавальненне пакатаваць, як ён, пэўна, лічыў, неасцярожнага журналіста, нават голас яго палагаднеў.
— Што вы хочаце рабіць?
Ён адразу натапырыўся і таксама падняўся.
— А гэта мая справа, што я буду рабіць. Карціць даведацца? А? Не, цяпер вам з Гуканам не абяззброіць мяне!
— Што датычыць мяне, то я асабіста нікога не абяззбройваў. І не збіраўся гэта рабіць. Усё, што я раблю, я раблю дзеля таго, каб сказаць праўду пра людзей, якія змагаліся… Сумленна…
— Калі сказаць шчыра, то я і прыйшоў, каб сказаць вам за гэта дзякуй.
— Не для вас я гэта рабіў!
— Што-нішто зрабіў і для мяне. Даробяць другія. Усяго добрага.
Кірыла не стаў яго затрымліваць: «Чорт з табой. Прозвішча я тваё ўспомню. А не ўспомню — сам адгукнешся, відаць па ўсім. З мяне даволі таго, што ты паведаміў. Гукан! Няўжо Гукан?»
Ён колькі хвілін усхвалявана хадзіў па прасторным кабінеце, паціраючы лысіну, шчокі. Не ад радасці. Не, якая там, да д'ябла, можа быць радасць, калі пухне галава! Як, чаму чалавек, які шчыра ваяваў супраць ворага і, нягледзячы на ўсе свае недахопы і слабасці, напэўна, мае шчырую веру ў нашы гуманныя ідэі, мог зрабіць вось так? Зося ж хадзіла каля яго, як каля хворага. Хавалі, ратавалі. Бацька ахвяраваў жыццём. Каму ж ён верыў,
калі пасля ўсяго гэтага не паверыў у сумленнасць такіх людзей? Усеагульная падазронасць? Ці подласць?Кірыла выскачыў у калідор, узбег па крутой лесвіцы на гарышча. Там, у падстрэшшы, хаваліся рэдакцыйныя архівы і была абсталявана фоталабараторыя. Загрукаў у дзверы лабараторыі. Адгукнуўся флегматычны голас:
— Хто там?
— Я, Шыковіч. Адчыні. Тэрміновая справа.
— Пачакай.
Нарэшце вядомы на ўвесь горад фотакарэспандэнт Пеця Чарнавус, душа-хлопец, флегматык у працы і віхор у гульні, адчыніў дзверы сваёй «святой келлі».
— Пеця! Дружа! Выручай! Перавярні ўвесь свой архіў. Знайдзі здымкі, на якіх ёсць Гукан. Усе. Ад сорак пятага да нашых дзён.
— Навошта яны табе?
— Трэба. Вось так трэба!
— Ён што, юбіляр?
— Юбіляр, ліха на яго!
— Працуеш без асечак. А што буду я мець за гэта? Кватэру ён мне заменіць?
— Кватэру не гарантую. А дзве бутэлькі каньяку з мяне. Сёння ж, увечары.
— Хлусіш.
— Я цябе падвёў калі?
— Згода. Праз гадзіну будзеш мець усё, што трэба. Падаць у альбоме ці ў папцы?
— У папцы.
Зося, адчыніўшы дзверы і ўбачыўшы Шыковіча, спалохалася. Ніколі ён яшчэ не прыходзіў адзін і ў такі час — пасярод дня. І выгляду ў яго такога дзелавіта-нецярплівага ніколі не было. Дзіўна, але яна чамусьці з чыста жаночай трывогай падумала пра Антона Кузьміча: можа, з ім што? З-за тактоўнасці не спытала, што здарылася. Ветліва запрасіла:
— Калі ласка, Кірыла Васільевіч. Распранайцеся. Вы зусім забыліся на мяне. Антон Кузьміч учора заглядваў. А вы… Я і не помню ўжо, калі вы былі апошні раз.
«Антон заходзіць адзін? Без мяне? — у думках здзівіўся Кірыла. — Ну і ну! Даведаецца Галя — бедная твая галава будзе, Антоша. Не хопіць у мяне, міратворца, імпэту памірыць вас».
— Дзякую, Зося Сцяпанаўна. Я на хвіліначку. Можа, і распранацца не буду. Ну, добра, добра… Але ні чаю, ні кавы не трэба. Я ж на працы. І да вас я па справе.
Ён скінуў у калідоры кароткую футравую куртку і з шалікам на шыі і ў кашлатай андатравай шапцы ўвайшоў у надзвычай утульны пакойчык, у якім усё было прыбрана руплівымі рукамі і ўсё ззяла ад снежнага святла, што лілося праз шырокае акно. Таполі ў квецені інею глядзелі ў гэтае акно. А за таполямі віднелася заснежаная рака з чорнымі кропкамі — «падлёднікамі», што выседжвалі над палонкамі гадзінамі.
Падаў лёгкі-лёгкі сняжок.
Апанаваны віхурнымі думкамі, Кірыла, калі ішоў сюды, не бачыў хараства зімовага дня. А тут, у гэтым дзявочым пакоі, раптам убачыў. І спыніўся, сціх каля дзвярай, узіраючыся ў акно. На нейкі міг, на адну хвіліначку, настала тая расслабленасць, тая лірычная дабрата, калі раптам хочацца забыцца на ўсе справы, зліцца з прыродай, акунуцца ў яе. Але не такая ў яго справа, каб можна было забыць на яе!
Не сядаючы, ён развязаў шнуркі папкі, у якую Чарнавус палажыў дзесяткі два фатаграфій розных гадоў.
— Зося Сцяпанаўна, я хачу паказаць вам некалькі фатаграфій. Можа, вы пазнаеце каго-небудзь. Гэта мае значэнне для маёй работы.
Ён дастаў самы ранні здымак, сорак шостага года, калектыўны — мітынг у дзень пахавання партызан і падпольшчыкаў у адной брацкай магіле ў гарадскім скверы. Гукан выступае з невысокай трыбуны. Ці то здымак выцвіў ад часу, ці ў той дзень не хапала святла, але быў ён цьмяны, невыразны, твары другіх людзей расплыліся. Але прамоўца выйшаў лепш за ўсіх.