Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
– Я думаў i бачыў многа разоў, як iшлi на смерць, каб ратаваць таварыша. I я гэта разумеў. А вось такi данос на людзей, якiя ратавалi цябе, - гэтага я зразумець не магу.
– Ну, змаладушнiчаў! Я ж не хаваю. Я напiсаў пра гэта ў тлумачальнай запiсцы. Прызнаюся табе. Так, пабаяўся, што прыйдзецца займацца старой гiсторыяй, даказваць... Нiчога ж не змянiлася ў сорак пятым, ты ведаеш.
– Мы перамаглi фашызм, i нiчога не змянiлася?! Для цябе нiчога не змянiлася?
– Цяпер лёгка разважаць.
– Ну добра, тады ты пабаяўся. Дрыжаў за сваю скуру...
– Я прашу...
–
– Гэта што, допыт?
– Я не прасiў цябе. Ты прыйшоў сам, каб "раскрыць душу", параiцца.
– Я не думаў, што ты так настроены. Мы з табой разам разбiралi справы некаторых з тых, хто пiсаў даносы ў трыццаць сёмым. Мы былi аб'ектыўнымi.
– Мы разбiралi кожны канкрэтны выпадак. Хоць не скажу, што не праяўлялi часам лiбералiзму. Мiж iншым, некаторых з iх браў пад абарону ты. З пазiцый высокага гуманiзму. А Шыковiча хацеў выключыць за ўчынак сына.
– Падбiраеш факты?
– Не. Проста прыгадваю. Факта даволi аднаго. Якiя яшчэ патрэбны факты?
Зноў паўза. Чыркнула запалка. Патыхнула серай, пасля прыемна пахучым тытунём. Нервовыя цяжкiя крокi.
"Дзын-дзон, дзын-дзон", - дзiўны стук маятнiка ў гадзiннiка, здаецца, ён чапляецца за два розныя металы, якiя ад удару па-рознаму гучаць.
– Якое будзе рашэнне абкома? Як ты думаеш?
– Не ведаю. Як сябра бюро я магу сказаць толькi за сябе. Не хочацца мне пасля гэтага падаць табе руку. Тым больш - разам працаваць.
– Так нават?
– Уявi, што так. Дарэчы, ты запрашаў на Новы год у госцi. Не чакай, не прыйду.
– Ясна.
– Але, я люблю яснасць з пачатку да канца.
– Ну што ж, дзякую за шчырасць. Бывайце.
– Бывайце.
Тыя ж цяжкiя крокi, гулкiя на паркеце, мяккiя, з шоргатам, на дывановай дарожцы. Скрыпнулi дзверы. Ляпнулi другiя, з таго боку.
"Бывайце"?
– Гукан не помнiў, што сам першы сказаў так, але, спускаючыся па шырокай гаркомаўскай лесвiцы, успомнiў, што так адказаў Тарасаў - на "вы". Гэта яго чамусьцi ўразiла больш, чым уся размова. Ён спынiўся, падставiў успацелую лысiну пад струмень халоднага паветра, што цёк з адкрытай фортачкi.
Безумоўна, усё ўжо вырашана. Каму-каму, а яму вядома, як вырашаюцца такiя справы. На каго цi на што ён мог мець надзею?! Павiнен быў здагадацца яшчэ пазаўчора, калi пазванiў Шыковiчу i папрасiў сустрэцца. Як той, нахабнiк, адказаў!
"Калi ласка, Сямён Парфёнавiч! Заходзьце заўтра пасля дванаццацi ў рэдакцыю. Уваход свабодны. Сакратарак у мяне няма".
Здзекаваўся, пiсака няшчасны!
"Ох, распусцiлi вас. Спахопiцеся!" - Ён выходзiў i пагражаў тым, хто заставаўся: маўляў, я пагляджу яшчэ, куды завядуць вас такiя метады кiраўнiцтва.
На першым паверсе яму зрабiлася цяжка дыхаць, нiбы ён спускаўся не ўнiз, а падымаўся высока ўгору. Ён спынiўся каля мiлiцыянера,
патрымаўся за сэрца. Сказаў, як бы апраўдваючыся:– Гады.
Маладзенькi мiлiцыянер стукнуў абцасамi i бадзёра пацвердзiў:
– Так точна, таварыш Гукан!
Сямён Парфёнавiч выйшаў на вулiцу. Як нiколi, яна была людная. Няспынная рака людзей, бадзёрых, расчырванелых ад марозу. I кожны трэцi з мiнакоў нёс елку. Горад пахнуў лесам. Да Новага года заставалiся два днi.
Гукану заўсёды падабалася такая перадсвяточная мiтусня, вясёлая ўрачыстасць. Гэтыя турботы, напэўна, больш прыносяць людзям радасцi, чым само свята. Ён, гаспадар, любiў у такiя днi аб'ехаць горад, паглядзець на афармленне, на ўстаноўку елак на плошчах, у скверах, часам заглядваў у крамы: як iдзе гандаль? Але яму нiколi не хапала часу, ён заўсёды спяшаўся. Хутка хадзiў, а больш ездзiў на машыне. А тут раптам адчуў, што яму няма куды спяшацца. Гэта яго спачатку спалохала, а потым дзiўна супакоiла. Ён залажыў рукi за спiну, згорбiўся больш звычайнага i рушыў па ачышчаным ад снегу тратуары. Але ачышчаны ўчастак хутка скончыўся, i якраз там, дзе асаблiва было мнагалюдна, на падыходзе да ГУМа, пешаходы коўзалi па слiзкiм тратуары. Сямён Парфёнавiч вылаяў у думках трэст ачысткi. Вось зараз ён прачысцiць iм мазгi! I пайшоў сваёй звычайнай рабочай хадой. Але тут жа схамянуўся. Навошта? Хвалявацца з-за нейкага тратуара? Цяпер ён павiнен прывучыць сябе не хвалявацца i хадзiць толькi вось так - не спяшаючыся. Каб хада была адпачынкам.
Убачыўшы людзей з пакупкамi, ён успомнiў, як жонка сказала днi два назад нiбыта жартам, а магчыма, i з крыўдай:
"Даўно ты, Сеня, падарункаў мне нiякiх не рабiў. Падараваў бы што-небудзь да Новага года".
Сямёну Парфёнавiчу раптам захацелася быць добрым, i ён пайшоў ва ўнiвермаг.
Людзей - не прабiцца. Ён успомнiў, што паслаў ужо два пiсьмы ў Дзяржплан рэспублiкi з просьбай асiгнаваць сродкi на будаўнiцтва другой унiверсальнай крамы ў раёне новай забудовы. Горад расце.
"Пабачу, як вы пабудуеце без мяне, - зноў падумаў ён пра тых, хто заставаўся, але праз хвiлiну мусiў прызнаць: - Пабудуюць. Цяпер лёгка". Усё, што будзе рабiцца без яго, уяўлялася яму надзвычай лёгкiм.
Рост яго дазваляў заглядваць на палiцы праз галовы людзей. Што купiць? Чаго ў яе не хапае? Што ёй хочацца? Ён доўга хадзiў з аддзела ў аддзел. Вiдаць, нехта з работнiкаў пазнаў яго, перадаў дырэктару. Той выскачыў малады, рухавы, у модным касцюме. Гукан добра яго ведаў, зацвярджаў на выканкоме, але толькi цяпер прыкмецiў, што ўнiвермагам загадвае такi малады чалавек. Гэта яму чамусьцi не спадабалася.
Дырэктар скардзiўся:
– Мала тавараў, Сямён Парфёнавiч. Канец года. Фонды выбраны. Не ўмеем планаваць.
– Парайце, што купiць у падарунак жонцы.
– Сямён Парфёнавiч!
– з дакорам зазначыў дырэктар.
– Пазванiлi б. Што вам самiм хадзiць?
"Падхалiм", - падумаў Гукан i строга адказаў:
– Я гэтага не люблю.
Аднак не адмовiўся пайсцi ў кабiнет дырэктара.
– Што б вы хацелi?
– спытала таваравед, жанчына, ад погляду i ўсмешкi якой, здавалася, рабiлася святлей у змрочным кабiнеце.