Сланы Ганібала
Шрифт:
На аўтобусе цi аўтамабiлi дарога ад Вiльнi да Коўна займае нейкую гадзiну. Аднак за гэты час вы заўважыце, што разам зь ляндшафтам неўпрыкмет зьмянiлася й сама аўра навакольля. Вы адчуеце халаднаватае, але моцнае і ўпэўненае дыханьне iншага мэнталiтэту, iншае, ужо не славянскае краiны.
Адрозна ад Вiльнi, у Коўне вашую беларускую мову нiхто не зразумее, аднак, калi пасьля кароткага экспэрымэнту вы пяройдзеце на расейскую, дык не пачуеце анiякае насьцярожанасьцi, як, зрэшты, i анiякае прыязнасьцi.
Усьлед за дзяжурнай ветлiвай усьмешкаю вы атрымаеце падрабязнае тлумачэньне, як знайсьцi рэкамэндаваны вам гатэль «Lietuva». Высьветлiцца, што гатэль зусiм блiзка ад Лайсвэс алеi, або, у перакладзе, алеi Свабоды, на якой вы ў гэты момант
Ваш гатэль знойдзецца на бакавой вулачцы за сотню крокаў ад Лайсвэс алеi, i на ягоным фасадзе вы ўбачыце, вiдаць, адзiнае ацалелае на ковенскіх шыльдах расейскае слова «Гостиница». Ад яго, як i ад велiзарнага прыцемнага фае, высознае столi i лесьвiцы з бардовай дарожкаю густа павее шасьцiдзясятымi гадамi мiнулага стагодзьдзя, але ваш нумар будзе ўтульным i цёплым, а тэлевiзар прапануе дзясяткi два праграмаў з поўнай гарантыяй адпачынку ад сэлектарных тэлебiтваў за ўраджай.
Праўда, сядзець у нумары няма рахубы, бо амаль побач Музэй Чурлёнiса й Мастацкая галерэя, падараваная гораду адным з суайчыньнiкаў-эмiгрантаў. Дзесяць гадоў таму вы бачылi ў галерэi вялiкае палатно Марка Шагала. Карцiну ня ўкралi i не адправiлi на выставу. Проста выявiлася, што эмiгранту-мiльянэру нейкi спрытнюга збыў за пару сотняў тысяч «зялёных» не арыгiнал, а майстравiтую перамалёўку.
Вашае расчараваньне кампэнсуе выстава твораў амэрыканскiх фотамайстроў, дзе цэнтральнае месца будзе займаць сэрыя мiнэтаў, увекавечаных у вялiкiм памеры й шыкоўным колеры. Вы знойдзеце тут кампазыцыi на любы густ: юнак з старой, стары з амаль дзяўчынкаю, аднаполыя пары ды разнаполыя трыё. Дамiнантаю гэтага хваласьпеву мiнэтам будзе акрабатычны аўтамiнэт у выкананьнi смуглявага апалёну з Тэхасу або Калiфорнii.
Зноў апынуўшыся на Лайсвэс алеi, па дарозе да Ратушнага пляцу вы захочаце запiць мастацкiя ўражаньнi глытком чырвонага вiна. У гаспадара кавярнi, падобнага да сiвога барадатага Гэмiнгўэя з папулярнага здымку, чамусьцi ўзьнiкне да вас нечаканая, зрэшты, цалкам бяскрыўдная сымпатыя. Ён падсядзе да вашага столiка з кілiшкам 50-градуснага «сукцiнісу» i пасьпее расказаць пра высокую кватэрную плату ды пра тутэйшых бандытаў, што сёньня апоўднi проста на вулiцы эксклюзіўна прыватызавалi ягоны мабiльны тэлефон.
Вашая сустрэча з бандытамi адбудзецца не каля заснаванага ў ХIV стагодзьдзі сабору сьвятога Вiтаўта, i не каля чысьцюткай готыкi дому Пяркунаса. Яна адбудзецца ў самай дэмакратычнай ковенскай рэстарацыi «Эльф». Там штовечар гарыць вялiкi камiн i грае джаз. Там на велiзарных талерках прыносяць гэткiя ж велiзарныя карбанады. Там зьбiраюцца студэнты, і, палахлiва азiраючыся, смокчуць пiва старшаклясьнiцы. Там зусiм бясьпечна, бо байцы вядомай на крымiнальным фронце «Ковенскае брыгады» ў гэтых сьценах проста адпачываюць.
Побач з брыгаднымi шарагоўцамi й камандзiрамi мужчынскае вока зьмецiць зь дзясятак тых, каго Аляксандар Купрын калiсьцi назваў «ахвярамi грамадзкага тэмпэрамэнту». Праўда, гэтых упэўненых, бадзёрых і гаваркiх наведнiцаў «Эльфу» ахвярамi можна будзе назваць хiба што мэтафiзычна. Вы адчуеце, што значна большыя шанцы стаць ахвяраю маюць iхнія клiенты, а таму, падсеўшы да камiну, будзеце мэлянхалiчна ўгамоўваць
свой грамадзкi тэмпэрамэнт фiрмовай лiтоўскай настойкаю «Паланга».Пасьля чацьвертага цi пятага кiлiшку вы зь невыказна цёплым пачуцьцём падумаеце пра жанчын сваёй сiнявокай Беларусi ды адчуеце з гэтае прычыны ейнае неадольнае прыцягненьне.
Вось толькi вяртацца ў Менск — дзеля спакою душы й чысьцiнi ўражаньняў — вам захочацца ў аб’езд Вiльнi.
Сакавiк, 2001
Сланы Ганібала
Гэтая гісторыя пачалася тады, калі на тваёй полацкай вуліцы быў усяго адзін тэлевізар, глядзець які да Цымэрманаў увечары набівалася чалавек па трыццаць. Але табе болей падабалася хадзіць у раённую дзіцячую бібліятэку. На яе паліцах ты і знайшоў аднойчы кніжку пад загадкава-вабнай назваю — «Сланы Ганібала».
Праўда, з твару гэты намаляваны на вокладцы Ганібал быў падазрона падобны да дзядзькі Грышы Цымэрмана, які рамантаваў на рынку абутак. Але хутка выявілася, што падабенства мела цалкам выпадковы характар. Ганібалавага бацьку клікалі не Абрамам, а Гамількарам.Тэлевізара ў Ганібала не было, затое ён камандаваў войскам старажытнага Картагену, ваяваў супроць Рыму і разам з сваімі баявымі сланамі зьдзейсьніў бліскучы паход празь Пірэнэі і Альпы.
У тое лета вы колькі разоў гулялі на ўтравелых полацкіх вуліцах у вайну Картагену з Рымам. У вайсковых дзеяньнях на баку картагенцаў бралі ўзел і баявыя сланы. Сланом згаджаўся быць твой сябар Вова Цымэрман, дужы габрэйскі хлопчык, які зь пятае клясы займаўся ня шахматамі, а вольнай барацьбой і вазіў цябе на плячах лёгка, як ката.
Ад таго часу праміне цэлае жыцьцё, у якім Картаген ніколі ня будзе тваёй запаветнаю марай. Ты нават ня будзеш ведаць, якую візу трэба атрымліваць, каб патрапіць у родны горад двайніка дзядзькі Грышы Цымэрмана.
Аднак пакручастаму сюжэту твайго жыцьця будзе заўгодна, каб першым кутком Афрыкі, куды цябе закіне, стаў Туніс, дзе ты ўсьцешана даведаесься, што валадар грозных сланоў рос і сталеў зусім побач з цэнтральным пляцам аднайменнай сталіцы краіны.
Сярод безьлічы партрэтаў бацькі нацыі Бэн Алі, які па шматлікіх просьбах працоўных арабаў і бэрбэраў рулюе дзяржавай ужо, здаецца, чацьвертую пяцігодку, ты і адшукаеш абвестку з запрашэньнем наведаць Картаген, а, пералічыўшы свае дынары, у профілі Ганібала на адной з купюраў з радасным зьдзіўленьнем пазнаеш сэміцкія рысы дзядзькі Цымэрмана.
Праз паўгадзіны ў абладзе салодкіх згадак маленства ты ўжо будзеш ісьці па ўтульных картагенскіх прысадах, густоўна аздобленых маленькімі саркафагамі з прахам ахвяраваных богу Ваалу немаўляткаў. На пунійскіх калёнах партрэтаў Бэн Алі пакуль што ня будзе. Адпачываючы ад рызыкоўных палітычных аналёгіяў, ты навядзеш фотаапарат на архітэктурны краявід і ледзьве пасьпееш пстрыкнуць, як з-за разгалістага кактуса імгненна падымецца няўсьмешлівы двухмэтровы чалавек у цывільным, што без тлумачэньняў засьвеціць табе стужку. Толькі пасьля ты заўважыш замаскаваныя балотнаю мярэжаю бэтээры з аўтаматчыкамі ў зялёных касках і стамлёна падумаеш, якія гэтыя ўладары аднолькавыя і як фатальна іх цягне да Вечнасьці: адзін здае на вечнае захаваньне сваю канстытуцыю з аўтографам, другі будуе палац побач з старажытным сьвяцілішчам Тафэль.
Ты разьвернесься да рэзыдэнцыі тунісійца №1 сьпінай і тым месцам, адкуль яна расьце, і на сапфіравай асноведзі мора зьнячэўку ўбачыш юную бляндынку з валасамі колеру плятыны і амаль свойскім імем Аўшра, што па-літоўску азначае Заранка.
Мова, на якой вы будзеце размаўляць, у гэтых мясьцінах не падасца табе чужою. Аўшра будзе вывучаць гісторыю і ведаць, што картагенская культура мела тую дзіўную асаблівасьць, што не стварыла прыгожага пісьменства. Ты адзначыш, што Аўшра прыкметна вышэйшая за цябе, але гэтая трывожная акалічнасьць не перашкодзіць твайму натхнёнаму ўяўленьню, што буйна закаласіцца самымі сьмелымі мроямі.