Сланы Ганібала
Шрифт:
У выніку Францішак Скарына зьехаў у тым самым годзе назад у Вільню. А герцаг Альбрэхт неўзабаве так засумаваў па адукаваным палачаніну, што адчыніў усё ж у Кёнігсбэргу ўнівэрсытэт, студэнт якога Мажвідас, натхніўшыся перакладам Скарыны, выдаў першую літоўскую друкаваную кнігу «Простыя словы катэхізму» — роўна праз трыццаць гадоў пасьля нашага «Псалтыру».
«Сабор Канта»
Колькі разоў, блукаючы сярод выдмаў у блаславёных ваколіцах Ніды, ты ўглядаўся ў асмужаную далеч Куршаўскае касы і зьбіраўся калі-небудзь праехаць рэшту гэтага стокілямэтровага пасу пяску і лесу, каб убачыць недзе на даляглядзе ўзьведзены ў 1332 годзе гатычны катэдральны сабор, дзе хавалі ордэнскіх грасмайстраў, а пазьней — герцагаў. Сабор, дзе маліўся і знайшоў апошні зямны прыстанак чалавек, розум якога
Ты ўрэшце дасягнуў сабору іншым маршрутам — не праз прасоленыя ветрам і густа заселеныя зьверыною выдмы і пералескі, а праз гарады Знаменск і Гвардзейск. Верагодна, таму сабор здаецца табе храмам, збудаваным іншаплянэтнікамі на ўскраіне калгаснага поля.
На другім баку поля тубыльцы паставілі больш звыклы для іхнай архітэктурнай традыцыі кароўнік. Але, маючы перад вачыма сабор, будаўнікі кароўніка таксама імкнуліся ў неба і зрабілі сваю спаруду 20-павярховай, назваўшы яе Домам саветаў. Праўда, ні саветы, ні каровы ўлазінаў за дваццаць прамінулых гадоў так і ня справілі, бо насамрэч сабор узводзілі якраз тубыльцы, а вось кароўнік — жыхары плянэты з абсалютна іншай культурай. На іх гістарычнай радзіме гэткія будынкі зазвычай ставіліся на месцы старажытных замкаў. А тут якраз ад ХІІ стагодзьдзя ацалеў замак — толькі бяры і ўзрывай... Узарваць узарвалі, а вось закласьці дынаміт у падмуркі паленаваліся (а можа, проста «скамунізьдзілі»), за што тыя не прамінулі аддзячыць, пусьціўшы праз увесь дваццаціпавярховік шырокую расколіну.
Ты падыходзіш да магілы Імануіла Канта, рухаючыся так, каб незаселены кароўнік заўсёды заставаўся за сьпінай.
Портык з дванаццацьцю калёнамі з чырвонага туфу. Шаравата-ружовы граніт надмагільля. 1724—1804. Табе хочацца засяродзіцца на Вечнасьці, але думаецца ўсё адно пра кароўнік.
Дзясятую частку жыцьця, падчас Сямігадовай вайны, калі Кёнігсбэрг акупавалі царскія войскі, Кант быў расейскім падданым. Прычым, зусім не намінальна.
Канту мроілася прафэсарская катэдра Кёнігсбэрскага ўнівэрсытэту, і ён пісаў вернападданіцкія лісты царыцы Лізавеце Пятроўне, мянуючы яе «найвыдатнейшаю з усіх жанчынаў». Зрэшты, у жанчынах аўтар «Крытыкі чыстага розуму» і «Мэтафізыкі нораваў» разьбіраўся відавочна горш, чым у катэгарычных імпэратывах. Кажуць, гадоў да сарака філёзаф наагул не дакранаўся да жанчыны (калі не лічыць мамкінай цыцы), а калі вучні наладзілі яму ініцыяцыю, назваў любоўны акт «безьліччу мітусьлівых, вартых жалю рухаў». (Не, нездарма Освальд Шпэнглер заўважыў, што цяжка знайсьці іншае, апрача тэорыі Канта вучэньне, настолькі пазбаўленае сонечнага сьвятла.)
Згаданы момант Кантавай біяграфіі ты наважваесься ўдакладніць у экскурсаводкі разьмешчанага ў саборы музэю. Дзяўчына малюе на твары зьбянтэжанасьць, і ты суцяшаеш яе: каб яна нарадзілася сучасьніцаю філёзафа, шанцаў заседзецца да пятага дзясятку ў цнатліўцах той проста ня меў бы.
Стэнд за плечыкамі ў экскурсаводкі паведамляе, што тут, у Кёнігсбэрскай бібліятэцы, захоўваўся перададзены згодна з тастамэнтам Багуслава Радзівіла славуты Радзівілаўскі летапіс, ці не адзіная ўсходнеславянская хроніка, якая дайшла да нас у аўтэнтычным выглядзе. Але грымнула Сямігадовая вайна, і Радзівілаўскі летапіс «был возвращен в Россию».
Настрою гэтая канстатацыя табе не дадае, і ты сувора пытаесься ў музэйнай фэі, няўжо яна сапраўды згодная з Кантам наконт безьлічы мітусьлівых рухаў. «Мужчина, — адказвае апранутая ў цёплыя калготкі фэя, — если вам нечего делать, то можете оставить свой отзыв». Ува ўсім пачутым табе падабаецца адно першае слова. «Спасибо, женщина», — адгукаесься ты і чытаеш у кнізе водгукаў апошні запіс: «Посетив собор Канта, у нас остались приятные воспоминания. Вера Б. Света Б.».
Ты задуменна пазіраеш на прысутнага ў залі калегу Бартосіка, які ажно сьвеціцца, даведаўшыся з экспазыцыі, што ў Калінінградзкай вобласьці знаходзіцца 80 (цікава, чаму, да прыкладу, не 180) адсоткаў сусьветных запасаў бурштыну. Народжаны ў далёкім і таямнічым расейскім горадзе Рыбінску, калега відавочна перажывае нацыянальны гонар за гэткія няслабыя запасы.
Цябе раптам падхоплівае гарачая хваля братніх інтэграцыйных пачуцьцяў, і вось ужо Вера Б. і Сьвета Б. не самотныя, бо побач зь імі ў кнізе водгукаў зьяўляюцца Дзіма і Вова — таксама з аднолькавым прозьвішчам Б.
«Каралявец»
Так
называецца калінінградзкае Таварыства беларускай культуры, якое даўно ўжо адышло б у гісторыю, каб не старшыня Ігар Шаховіч ды не ягоная жонка Натальля.Ігаравы продкі паходзяць з старажытнай полацкай вёскі Кушлікі, паблізу якой у 1661 годзе беларускі аддзел Жыромскага разьбіў царскага ваяводу Хаванскага, узяўшы трафэямі 130 баявых варожых сьцягоў. За стагодзьдзе да таго, у час Інфлянцкае вайны, наш аддзел на чале зь Бірулем, продкам знакамітага мастака, разграміў у тых мясьцінах чатыры сотні маскоўскіх стральцоў і захапіў 120 цяжкіх стрэльбаў-гакаўніц. А яшчэ раней у Кушлікі прыяжджаў на вакацыях палавіць на смажаную жабу самоў ды папіць дабрэннай тамтэйшай самагонкі студэнт Скарына.
У сьвятле гэтых неабвержных фактаў цалкам лягічна выглядаюць і «Пагоня» на харугве «Караляўца», і тое, што Ігар з Натальляй гандлююць не майткамі ці пракладкамі «Always», а трымаюць у горадзе кнігарню.
Публіка на вечарыну «Караляўца» зьбіраецца стракатая, але збольшага прыемная, хоць і далекаватая ад клопату, якім жыве прэзэнтаваная табою і Дзімам Б. шматпакутная Бацькаўшчына.
Вы знаёміцеся зь дзяўчаткамі-цымбалісткамі, якія не гавораць па-беларуску, затое могуць урэзаць «Лявоніху», а потым яшчэ й «Сем сорак», што так любіў твой полацкі сусед дзядзя Грыша Цымэрман, а цяпер любіць ягоны сын, а твой сябар дзяцінства Вова. На Каляды ён, зрынуты нечалавечай тугою, на хвіліну пакінуў у спакоі палестынскіх тэрарыстаў, каб патэлефанаваць табе й распавесьці пра тое, што ў яго там рэзка пахаладала да +26, і ён падхапіў катар. З гэтым ты яго душэўна павіншаваў, бо ведаеш, што катар — ня самае горшае з таго, што можа падхапіць Вова пры тэмпэратуры +26.
Былы марскі капітан татарын Адам Якубоўскі родам з твайго Прыдзьвіньня на выдатнай беларускай мове апавядае, як аднойчы ў Кейптаўне сустрэўся зь мільянэрам на прозьвішча Шапіра і пасьля першага ж кілішку запытаўся ў суразмоўцы, ці ўмее той па-беларуску. Слугі-зулюсы зноў і зноў падавалі на тэрасу віскі зь лёдам, а белыя паны размаўлялі на незразумелай мове, у якой часта сустракалася дзіўнае слова «Шаркоўшчына», і гаспадар чамусьці плакаў, аднак загаду атруціць або зарэзаць госьця так і ня даў.
Дачка казанскіх татараў Эльміра бязь лішніх цырымоніяў уручае табе свой рэклямны праспэкт, адкуль вынікае, што, апрача опэрных арыяў і мурынскіх сьпірычуэлс, шчодра адораная Алагам гадаванка Казанскае кансэрваторыі гатовая да плённага супрацоўніцтва па дваццаці іншых пунктах, сярод якіх і загадкавы: «развлекательная и популярная программа».
Яшчэ адзін марак у адстаўцы пры канцы сустрэчы сардэчна дзякуе вам, выказваючы перакананьне, што такія маладыя й высокаадукаваныя маладзыя людзі, як ты і Дзіма Б., дапамогуць у сьціслыя тэрміны збудаваць «саюзную дзяржаву».
Супрацоўнік абласной адміністрацыі, ледзь пасьпеўшы набыць тваю кнігу «Адкуль наш род», ужо выказвае першую прэтэнзію: чаму эсэ пра «нехарошага» Язафата Кунцэвіча ёсьць, а вось аб праваслаўным Афанасію Філіповічу — ні слова? Ці не таму, што апошні супрацоўнічаў з маскавітамі і заклікаў цара распачаць вайну з Рэччу Паспалітай? Менавіта таму, адказваеш ты. Супрацоўнік, як выяўляецца, мае гістарычную адукацыю і лічыць недаравальным трымаць свае багатыя веды пры сабе.
Ты мусіш вытрымаць шквал сьвежых ідэяў і фактаў. У прыватнасьці, дазнаесься, што існуе агульнаруская прастора. Што яе ўтвараюць тры галіны адзінага рускага этнасу: велькаросы, маларосы і беларусы. Што ня ўсё так «чыста» з Тадэвушам Касьцюшкам. Што беларусы ня раз «устраивали массовую взаимную резню на религиозной почве». Што зусім няблага, што ў Расеі, адрозна ад Беларусі, не было эпохі Рэнэсансу, якая запаліла тысячы страшных вогнішчаў. Што ў Расеі ўлада пакарала сьмерцю толькі чатырох царкоўных раскольнікаў, а безьліч іншых загінулі, даведзеныя да масавых самаспаленьняў заходнімі эмісарамі.
Наастачу калега вырашае прасьвяціць цябе ў тым сэнсе, што сапраўднае прозьвішча Геркуса Мантаса — Манто, а летувісы самачынна, відаць, не параіўшыся з таварышамі з агульнарускай прасторы, дадалі свой канчатак. Ясна, што тут, як і з Касьцюшкам, ня ўсё чыста.
Ты не дыскутуеш, табе проста пацешна ўяўляць, што адказаў бы гэтаму зацятаму служку Кліё адзін вядомы ўсім уладальнік дыплёму пра гістарычную адукацыю.
Супрацоўнік нэрвуецца: «Вы хотите сказать, что Ваша Беларусь была в Европе, а потом пришла российская орда?» Ты пагаджаесься: «арда» — дакладнае слова.