Сланы Ганібала
Шрифт:
Бабуля Аўгіньня сустрэлася зь дзедам Максімам на небе за два гады да таго, як дзяржава рабочых і сялянаў ашчасьлівіла нас гэтым блянкавым сьведчаньнем свае гуманнасьці ды некалькімі рублямі, якія маці зь цёткаю адмовіліся атрымліваць.
Імя даносчыка, што загубіў дзевяць душ, пакінуўшы бязбацькавічамі без малога тры тузіны дзяцей, хутка адкрылася. Гэта быў самы недалужны капысіцкі гаспадар камбедавец Цыбулька.
— Наша горніца з Богам ня спорніца! — з дурным гонарам вясёла казаў ён пра сваю хаціну-развалюху, дзе адно на печы маглі сагрэцца ягоныя вечна галодныя дзеці.
Мамін брат дзядзька Язэп шмат разоў, выпіўшы дзеля сьмеласьці гарэлкі, браў уначы паляўнічую стрэльбу ды ішоў
— Усё адно заб’ю! — крычаў ён.
— Няхай, сынок, яго Бог уваб’е, — хрысьцячыся, казала бабуля Аўгіньня.
Бог не сьпяшаўся, і Цыбулька пераваліў за дзевяць дзясяткаў. Аднойчы, калі я зь вясковаю блазнотаю тоўкся каля крамы, дзе вечна выпівалі й пра штосьці спрачаліся капысіцкія мужчыны, сівенькі падпіты дзядок з чырвонымі сьлязьлівымі вачыма паклікаў мяне пальцам, завёў у краму і купіў грамаў трыста зьліплых у суцэльны камяк ірысак. Зьмеціўшы такі манэўр, адзін з падкрамных апівудаў сурова сказаў мне:
— Выкінь цукеркі! Ён твайго дзеда прадаў!
У тым вяку «прадаць дзеда» значыла прыкладна тое самае, што й «прадаць мяне» — малодшая сястра штодня рабіла гэта, паведамляючы бабулі пра кожны мой вылаз у суседчыны вішні або трускаўкі. Адбегшыся ад крамы, я з смакам зьеў падораныя ірыскі, ня чуючы да сівога дзядка анічога, апрача ўдзячнасьці. Падумаеш, прадаў нейкага там ніколі ня бачанага дзеда!..
Трое капысічанаў, што, не паслухаўшыся дзеда Максіма, схаваліся ад роднае ўлады ў лесе, памарозіліся, але засталіся жывыя. Адзін потым не вярнуўся з вайны, другі ўжо даўно перасяліўся на пагост пад старыя бярэзіны, а з трэцім у апошнія пагасьціны на мамінай радзіме мы выпілі пляшку гарэлкі.
— Не паслухаўся нас, Воўка, твой дзед, — казаў ён, — а то б цяпер з намі чарачку ўзяць мог. Здаровы быў Дзянісавіч, як гэты, каб яго халера, рускі багатыр Ільля Мурамец. Неяк на станцыі рэйку да грудзей падняў...
Ад маці бабы Аўгіньні — маёй прабабкі Пёклы — засталося толькі гэтае імя, амаль зраўнаваны зь зямлёю грудок на кладах і згадка пра тое, што прабабка страшэнна не любіла жоўтых кветак. Затое, хоць і страціўшы ўжо сваё імя, трывала ўвайшла ў няпісаныя дагэтуль аналы нашага роду ейная маці — мая бабка зь дзьвюма прыстаўкамі «пра».
Паводле маіх падлікаў, тое лета, у якое пры лесе каля капысіцкіх могілак стаяў цыганскі табар, было яшчэ за першым, царскім, прыгонам.
Цыганяты займаліся экспрапрыяцыяй садавіны і яек. Цыганкі хадзілі па хатах, варажылі па руцэ і на картах, паказвалі розныя штукі: напрыклад, налівалі ў шклянку вады, перакульвалі яе на далонь, і вада ня толькі не вылівалася, але хутка пачынала кіпець — за гэта гледачы мусілі разьлічыцца кавалкам сала. Бывалі выпадкі, калі заварожаныя гаспадары выносілі смуглявым гасьцям цэлыя кублы, шасткі з кілбасамі або рэшаты яек. Цыганы ж мужчыны, удзень ня грэбуючы штукарствам, дачакаўшыся свайго цыганскага сонца, чынна скарачалі ў навакольлі конскае пагалоўе. Адзін зь іх сярод гэтых клопатаў і атрымаў ад прапрабабкі нешта больш істотнае, чым рэшата яек.
Кажуць, у такіх выпадках гены наймацней праяўляюцца празь некалькі пакаленьняў. Баюся, што гэта праўда. Калі сустракаю цыганоў, душа мая трывожна і ўадначас соладка сьціскаецца, і я нібыта чую ў ёй звон крышталёвых келіхаў. Раз-пораз кроў майго безыменнага чарнявага продка ўладна змушае мяне забыцца пра найпільнейшыя турботы і зьехаць на колькі дзён проста ў сьвет — начаваць у гатэлях і на вакзалах, ці, прынамсі, ад’ехацца на спадарожнай
машыне на паўсотні кілямэтраў ад гораду і, закінуўшы рукі за галаву, да ночы ляжаць недзе пад стогам, сочачы аблокі.У мяне нядобрае вока: варта мне пільна паглядзець на чалавека, як ён — асабліва, калі гэта жанчына, — спатыкаецца. Цыганкі ніколі не бяруць зь мяне грошай за варажбу. Што да іхніх прароцтваў, дык, апрача ўсяго іншага, яны, нібы змовіўшыся, абяцаюць мне нейкую «наглую» сьмерць.
Цыганкаю была й тая юная, кучаравая і ўмелая істота, якая зрабіла мяне мужчынам.
Калі я бачу сучасны табар: пасьцеленыя паміж вакзальных лавак коўдры, мурзатых дзяцей, маладзёнаў, што проста ў прыцемным кутку могуць адважна маркітавацца, мяне часам перасмыквае, але насуперак усяму вусны ўсё адно шэпчуць немаведама калі і як запалыя ў памяць словы «Лачо дывэс тумэн, гэ ромалэ! — Шчасьлівай дарогі вам, цыганы!..»
На цыганскім сучку абломваецца жаночая галіна мамінага радаводу і застаецца апошняя мая надзея й паратунак — маміны продкі па мячы.
Прадзед Дзяніс, бацька дзеда Максіма, не вярнуўся з апошняе расейска-турэцкае вайны. Калі ў менскім храме Аляксандра Неўскага, што на Вайсковых могілках, я перачытваю імёны беларускіх ваяроў 30-й артылерыйскай брыгады і 119-га Каломенскага палка, палеглых 18 ліпеня 1877 году пад Плеўнаю — «Канониры Іосіф Вайшвіло, Іаков Чирка... Рядовые Іоанн Гунька, Франц Тваска, Стефан Комар, Григорий Мурашка, Стефан Сыс...» — зазвычай на імені «Іосіф Войнич» ува мне пачынае зьвінець струна загадкавага хваляваньня. Якая сувязь існуе паміж мною й гэтым Войнічам? Магчыма, ён ваяваў разам зь дзедам, спаў зь ім побач на баўгарскіх камянях, а магчыма...
Хто скажа, шт'o пераважыць на вагах гонару: сьмерць за свабоду іншага народу ці жыцьцё, аддадзенае за вызваленьне свае зямлі? I ўсё ж невыказна горка ад таго, што ўжо два стагодзьдзі, як на першую з гэтых шаляў — за свабоду нашых далёкіх і блізкіх суседзяў — пакладзена беларускіх жыцьцяў нязьмерна больш, чым за свабоду ўласную.
Мой прапрадзед Баўтрамей, народжаны (паводле запісу на некалькіх, дзівам ацалелых старонках царкоўнае кнігі) у 1830 годзе, меў ва ўзросьце Хрыста магчымасьць абраць другі з гэтых шляхоў.
Якраз у тых мясьцінах Прыдняпроўя дзейнічаў атрад Ігната Будзіловіча, пазьней расстралянага царскімі карнікамі ў Воршы. Звабліва думаць, што Баўтрамей валіў тэлеграфныя слупы, вазіў па вёсках паўстанцкі маніфэст «чырвоных» і з адчаем асуджанага на сьмерць біўся з казакамі 26 красавіка 1863 году ў няроўным баі пад Пагосьцішчамі.
Але верагоднасьць гэтага досыць малая. Архіўныя дакумэнты сьведчаць, што сярод прыдняпроўскіх беларусаў непараўнана болей было ня тых, хто пайшоў пад штандары Касы-Будзіловіча і Тапара — паўстанцкага начальніка Магілеўскага ваяводзтва Людвіка Зьвяждоўскага, а тых падманутых, што дапамагалі лавіць і забіваць інсургентаў, атрымліваючы ад улады пяць рублёў за жывога і тры за мёртвага.
Мяркуючы па імёнах, якія захаваліся ў матчынай праваслаўнай Капысіцы дасёньня, — Баўтрамей, Домна, Якуб, Базыль, Цыпрыян — мае продкі па кудзелі былі, бясспрэчна, вуніятамі, або, дакладней, грэка-каталікамі ці каталікамі ўсходняга абраду. Як падлічыў адзін наш паважаны гісторык, напрыканцы XVIII стагодзьдзя да Вуніі належала болей за тры чвэрткі жыхароў Беларусі, у праваслаўі ж заставалася толькі каля шасьці працэнтаў. Такім чынам, мае суродзічы слухалі казані, сьпявалі й гаманілі ў храме зь сьвятаром па-беларуску. Яны ані не здагадваліся пра антынародную сутнасьць вуніяцтва, што пагражала беларусам зьнікненьнем, ад якога іх выратаваў, вядома ж, цар-бацюхна з памагатымі, у 1839 годзе перагнаўшы цэлы народ у расейскае праваслаўе, што вельмі хутка не пакінула ў храмах анічога беларускага.